разне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. разнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. разнясі; зак., каго-што.
1. Носячы, даставіць кожны прадмет у пэўнае месца, пэўнай асобе. А цяпер, брат, паштар у нас, з сумкай, кожную хату абыдзе, да паперачкі ўсё разнясе.Ермаловіч.Ніхто за .. [Андрэя] .. [коням] ні сена не разнясе, ні гной з-пад ног на двор да паветкі не выкіне.Пташнікаў.// Ходзячы, вандруючы, распаўсюдзіць што‑н. сярод каго‑н., дзе‑н. Разнесці заразу.// і без дап.Разм. Паведаміць многім, зрабіць вядомым усюды. Не дай бог трапіць .. [дзецям] на вока, разнясуць на ўсю вёску.С. Александровіч.На другі ўжо дзень газеты і радыё на ўвесь свет разнеслі звестку аб ашчасліўленым латарэяй чалавеку.Быкаў.
2. Размеркаваць, запісаўшы ў розных месцах; распісаць. Разнесці па графах.
3.Разм. Расцягнуць па частках, раскрасці. Зладзеі маглі б разнесці сад за два дні.Корбан.
4. Рассеяць, развеяць; разагнаць. Вецер ужо абарваў з дрэў пажоўклае лісце, разнёс яго па лесе.Ляўданскі.Вецер выдзьмуў з нечай цыгаркі зыркія іскрынкі, падхапіў іх і разнёс.М. Стральцоў.
5.Разм. Разбурыць, разбіць, разламаць. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі.Быкаў.Спрытныя суседчыны рукі ўмомант разнеслі старую арфу на трэскі.Васілевіч./убезас.ужыв.— Разнясе станок, — усё яшчэ з разгубленым здзіўленнем на твары сказаў Піліп.Кулакоўскі.// Забіць, разарваўшы на кавалкі. Нейкія людзі, у парыве сыноўскай удзячнасці, кінулі дзве бомбы ў цара-вызваліцеля і разнеслі яго ў шматкі.Караткевіч./убезас.ужыв.Па інструкцыі, калі міна «на батарэйку» не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі.Карпюк.// Перакуліць, выкінуць (пра коней). Іншага двухгодка сам чорт у аглоблях не ўтрымае, разаб’е, разнясе ўсё, а Нямко возьме яго за повад, і адразу дзікая жывёліна становіцца рахманым кацянём.Кулакоўскі.
6.перан.Разм. Моцна аблаяць, падвергнуць знішчальнай крытыцы. Не думаў .. [Шаройка], што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці.Шамякін.
7.безас.Разм. Пра ўтварэнне апухласці на чым‑н. Занылі ў вавёркі зубы. Даводзіць боль яе да згубы, Шчаку разнесла як падушку.Валасевіч.// Пра чыю‑н. празмерную паўнату. [Матруна:] — І прападзеш, калі піць не кінеш! Вунь цябе ўжо як разнесла...Зуб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НА́РЫС,
эпічны жанр, які сінтэзуе заканамернасці навук. і маст. пазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць у Н. як цэлае двухадзінства публіцыст. зместу і формы. Спецыфіка Н. выяўляецца ў аператыўнасці асвятлення надзённых праблем сучаснасці, выразнасці грамадскай пазіцыі аўтара. Для Н. характэрны свабода жанрава-кампазіцыйнай будовы, жанравая разнастайнасць (Н. падарожны, партрэт, эсэ, аналітычны і інш.).
Пачаткам Н. лічаць «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л.Стэрна (Лондан, 1768). Рускі Н. развіваецца з 2-й пал. 18 ст. (А.Радзішчаў, М.Карамзін). У гэтым жанры выступалі У.Даль, Дз.Грыгаровіч, А.Пушкін, М Гогаль, М.Някрасаў, І.Тургенеў, М Салтыкоў-Шчадрын. М.Мамін-Сібірак, Л.Талстой, М.Ляскоў, У.Караленка, А.Чэхаў, В.Верасаеў, М.Памялоўскі, В.Сляпцоў, Ф.Рашэтнікаў, М.Лявітаў, Г.Успенскі, У.Гіляроўскі і інш.Вял. роля ў развіцці Н. ў сав. л-ры належыць М.Горкаму, А.Серафімовічу, Дз.Фурманаву, Л.Рэйснер, М.Шагінян, М.Кальцову, В.Авечкіну, Б.Агапаву, Я.Дорашу, Г.Радаву, Г.Траяпольскаму, Ю.Казакову, В.Пяскову, М.Міхайлаву і інш.
Вытокі бел. Н. — у палемічнай л-ры 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча і інш.). Зараджэнне Н. як жанру ў бел. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. (краязнаўчыя нататкі П.Шпілеўскага, У.Сыракомлі). Фрагменты Н. ёсць у этнагр. працах П.Шэйна, Е.Раманава, М.Нікіфароўскага (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). Зрух у развіцці Н. абумоўлены ўзнікненнем першых легальных нац. выданняў (газ. «Наша доля», «Наша ніва», 1906). Пачынальнікі Н. — першапраходцы новай бел. л-ры: Ядвігін Ш. («Лісты з дарогі», 1910), Я.Купала («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910), Цётка («З дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», абодва 1914), М.Багдановіч («З летніх уражанняў», 1916), Я.Колас («З румынскага фронту», 1917), М.Гарэцкі («На імперыялістычнай вайне», 1914—19, апубл. 1926). Паскоранае развіццё Н. адбывалася ў 1920-я — пач. 1930-х г. На старонках перыяд. і асобных выданняў (каля 30 кніг) адлюстраваны рэв. пераўтварэнні ў жыцці вёскі і горада: «1200 вёрст па Беларусі» М.Чарота (1924), «Падарожжа на новую зямлю» М.Зарэцкага (1929), «Па сонечным шляху» В.Сташэўскага (1930), «Наступ на горны» Ц.Гартнага (1932), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.Галавача (1934) і інш. З Н. выступалі Я.Колас, К.Чорны, Я.Скрыган, М.Лынькоў, З.Бядуля, Э.Самуйлёнак, П.Броўка, П.Глебка, Х.Шынклер, С.Баранавых, У.Мяжэвіч, Ю.Лявонны і інш. У Вял.Айч. вайну публіцыстыка цэнтр. і армейскага друку (творы К.Чорнага, К.Крапівы, Я.Купалы, Я.Коласа, Лынькова) адлюстроўвала характэрнае ў жыцці фронту, тылу, акупіраванай тэр. Беларусі. У пасляваен. час апублікаваны цыкл Н. «Шляхамі вайны» Лынькова (1945), «У родных лясах» Г.Шчарбатава (1946), «Пульс жыцця» (1949) і «Дзённік сувязіста» (1957) Шынклера і інш. Набыткі Н. 1950—60-х г., пераважна «вясковага», вызначаны арыентацыяй на праўдзівы паказ жыцця; «Светлы шлях» (1958) і «Зямныя вузлы» (1965) І.Дуброўскага, «Ключы ад Сезама» (1964) і «Дзівасіл» (1968) В.Палтаран. Урбаністычная тэма прадстаўлена ў У.Дадзіёмава, А.Кулакоўскага, В.Мысліўца, Э.Ялугіна і інш. Н. пашырыў свае геагр. абсягі: «Вачыма друга: Польскі дзённік» (1956) і «На другім баку планеты» (1960) Я.Брыля, «Ліпень у дарозе» І.Мележа (1956), «За акіянам» Лынькова (1962), «Казкі янтарнай краіны» У.Караткевіча (1963), «Два месяцы ў Нью-Йорку» І.Шамякіна (1964), «Эль Махрыб» В.Вольскага (1965) і інш. Атрымала развіццё тэндэнцыя паглыблення гістарызму ў Н.: «Зямля маіх продкаў» Б.Сачанкі (1964), «Акно, расчыненае ў зіму» (1969) і «Па зялёную маланку» (1970) Я.Сіпакова, «Зямля пад белымі крыламі» Караткевіча, «Астравеччына, край дарагі» А.Мальдзіса (абодва 1977) і інш. Аналітычны Н. 1970—80-х г. адзначыў непаўторнасць творчай індывідуальнасці публіцыстаў: «Гамоніць Палессе» (1977) і «Час сеяць і час жаць» (1982) Дуброўскага, «Дыханне» (1977), «Далёка наперадзе» (1981) і «На маёй далоні — лінія ракі» (1987) А.Казловіча, «Час гаспадароў» М.Герчыка (1983), «Чорны хлеб» В.Праскурава (1984), «Дайсці да ладу» (1985) і «Вясковыя дыспуты» (1987) В.Якавенкі, «Хлеб і мужнасць» Л.Левановіча (1987) і інш. Ідэйна-тэматычны змест Н. 1990-х г. вызначаны працэсамі сац.-эканам. і псіхал. перабудовы, творчай пераарыентацыяй і адпаведна наяўнасцю альтэрнатыўных пазіцый, поглядаў, пераважна па праблемах дзярж. будаўніцтва, нац. адраджэння — далейшага развіцця бел. мовы і культуры.
Тэма першага плана ў Н. — экалогія і дэмаграфія Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы: «Сталі воды горкімі» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), «Калі б ды каб жа» Казловіча (1994), «Чарнобыль. Дзесяць гадоў пасля» Якавенкі (1996), «Вяртанне ў радыяцыю» Левановіча (1997), зб. «Лісты да жывых. Дайджэст газеты «Набат» (1999) і інш. Тэма аховы духоўных скарбаў спадчыны, уздыму культуры, маральнага аздараўлення сучаснага грамадства ў кн. нарысаў «Крыж на зямлі і поўня ў небе» В.Карамазава (1991), «Расплата: Сямейная хроніка» У.Глушакова (1993), «Зерне да зерня» (1996), «Хто мы, адкуль мы...» (кн. 1—2, 1996—98) А.Марціновіча, «Гаснуць вулканы» Дуброўскага (1997), «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (1998), у дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995) і Н. «Падранкі» (1999) У.Ліпскага і інш. На матэрыяле мінулага ў Н. розных форм і памераў асэнсоўваюцца надзённыя праблемы дэмакратызацыі і гуманізацыі жыцця: «Памяць» (1988) і «Народжаны перамагаць» (1998) С.Паўлава, «Без эпітафіі» Ялугіна (1989), «Такія сінія снягі» (1988) і «Зона маўчання» (1990) С.Грахоўскага і інш.
Публ.:
Беларускі савецкі нарыс. Т. 1—2. Мн., 1977.
Літ.:
Журбина Е. Искусство очерка. М., 1957;
Шкраба Р. Цэлы свет // Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;
Юрэвіч У. Нарыс — гэта даследаванне // Юрэвіч У. Абрысы. Мн.. 1976;
Стральцоў Б. Публ шыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;
Лысенка А.Ф. Нарыс // Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971;
Яе ж. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;
Яе ж. З трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гг.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пара́дак, ‑дку, м.
1. Правільная, наладжаная сістэма размяшчэння чаго‑н.; належны стан чаго‑н. Прывесці ў парадак кватэру. □ Ля хаты Кліма Мінчонка поўны парадак, тут не ўбачыш нічога лішняга, непатрэбнага.Кавалёў.[Вера і Канькоў] абышлі кашару, агледзелі бітоны, вёдры, саламарэзку. Усюды чысціня, парадак.Асіпенка.//узнач.вык.Разм. Правільна, добра; як належыць. Першае звяно эскадрыллі Мохарта праверыла работу матораў. Парадак!Алешка.
2. Устаноўлены лад, план, сістэма кіравання. Знішчэнне капіталізму, увядзенне асноў камуністычнага парадку стала асноўным зместам сацыяльнага прагрэсу.«Звязда».
3. Расклад, распарадак; спосаб. Шмат.. суседзяў .. [Пніцкага] таксама, як і ён, уцягваліся ў новы парадак жыцця, адрываючыся ад старога.Чорны.// Звычай. Маладая сама хадзіла да суседзяў — такі ўжо вядзецца здаўна ў беларускіх вёсках парадак, — запрашала да сябе на вяселле.Васілевіч.Насуперак заведзенаму парадку, прыгнечаны Максім Сцяпанавіч не паехаў адразу на дачу, а папрасіў Федзю збочыць спачатку дамоў.Карпаў.// Правілы паводзін, якія склаліся дзе‑н., закон. А за сталом маўчком сядзелі. Там хлопцы гыркацца не смелі, Бо там парадак вельмі строгі, Там падпілуюць табе рогі, Калі парушыш дысцыпліну.Колас.
4. Пэўная паслядоўнасць, устаноўлены ход чаго‑н., чарговасць. Алфавітны парадак. □ На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталяў на лінію.Шыцік.Віктар Сяргеевіч падышоў да хлопцаў і расказаў ім аб парадку работы: першая група спачатку пойдзе церабіць кусты і ачышчаць рабочую пляцоўку, другая, услед за ёй, будзе знімаць верхні здзірванелы пласт, трэцяя — глыбей урывацца ў грунт.Якімовіч.
5. Спосаб, метад, правілы ажыццяўлення чаго‑н. Парадак аплаты працы. □ [Важатая], расказала аб парадку прыёму ў піянеры і, урэшце, прадыктавала тэкст урачыстага абяцання.Якімовіч.
6.звычайнаўР. Разнавіднасць, род, тып чаго‑н. Пытанні агульнага парадку.
7. Вайсковае пастраенне, строй. І танк наляцеў на парадкі пяхоты; крычалі ад жаху зялёныя роты.Вялюгін.Асобныя групы, калі маглі, прасочваліся праз баявыя парадкі карнікаў, і наносілі ім удары з тылу.Няхай.
8. Група блізкароднасных сямей у сістэматыцы жывёл і раслін.
•••
Парадак дня — пералік пытанняў, якія разглядаюцца ў пэўнай чарговасці на пасяджэнні, сходзе і пад.
Для парадку — а) для падтрымання, навядзення парадку; б) для захавання прынятых правіл, фармальнасцей.
Навесці (свае) парадкігл. навесці.
Сваім парадкам — так, як заўсёды, як звычайна.
Такім парадкам — гэтак, так; такім чынам.
У адміністрацыйным парадку — паводле распараджэння органаў выканаўчай улады.
У рабочым парадку — у працэсе работы.
Усё ў парадку — а) у добрым стане, у спраўным выглядзе. [Механік:] — Не заводзіцца [машына]. Праверылі яе, здаецца, усё ў парадку, а вось капрызіць.Мяжэвіч; б) добра. — Ну як, Пятровіч, справы? — звярнуўся ён з парога яшчэ. — Ды ўсё ў парадку, Сцяпан Іванавіч.Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў Вялікую Айчынную вайну,
узброеная барацьба нар. мас супраць ням. фашыстаў на часова акупіраванай імі тэрыторыі.
Падрыхтоўка да партыз. барацьбы на выпадак нападу фаш. Германіі пачалася ў 1930-я г. Яна ўключала стварэнне заканспіраванай сеткі дыверсійных груп, дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на З ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыю і падрыхтоўку манеўраных партыз. атрадаў і груп, забеспячэнне іх сродкамі сувязі і інш. матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцця ва ўмовах варожага тылу. На Беларусі падрыхтоўкай да партыз. дзеянняў займаліся парт. органы і камандуючы войскамі БВА Е.П.Убарэвіч. Былі створаны Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Мінскі, Полацкі, Слуцкі партыз. атрады (300—500 чал. кожны) з людзей, якія прайшлі спец. навучанне ў закрытых школах. На чале кожнага атрада быў штаб з вопытных кіраўнікоў (камандзіры К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, С.А.Макарэвіч, А.М.Рабцэвіч, А.К.Спрогіс). Для кожнага атрада ў лясах былі закладзены базы зброі, боепрыпасаў, амуніцыі, харчавання, у т. л. 50 тыс. вінтовак, 150 ручных кулямётаў. У гарадах і на буйных чыг. вузлах былі створаны падп. дыверсійныя групы. Аднак у выніку неабгрунтаваных рэпрэсій у 1937—38 многія падрыхтаваныя партыз. камандзіры і ваен. спецыялісты былі знішчаны (уцалелі тыя, хто на той час знаходзіўся на вайне ў Іспаніі), атрады расфарміраваны, ліквідаваны ўсе базы зброі і боепрыпасаў. Гэтыя страты для абараназдольнасці краіны выявіліся ў пач.Вял.Айч. вайны.
У пач. вайны асн. работа па арганізацыі падп. і партыз. барацьбы вялася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму пры адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту барацьбы, што вылілася напачатку ў вял. страты сярод патрыётаў. Асн. задачы партыз. барацьбы былі выкладзены ў дырэктыве СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 29.6.1941 аб стварэнні ў захопленых ворагам раёнах партыз. а радаў і дыверсійных груп, разгортванні партыз. вайны, у т. л. падрыву мастоў, дарог, парушэння тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпальвання складоў і інш.ЦККП(б)Б у дырэктыве ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага» даў канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, сродках сувязі і мерах канспірацыі, стварэнні невыносных умоў для захопнікаў, зрыве ўсіх іх мерапрыемстваў. Для арганізацыі падполля і партыз. руху ЦК і абкомы КЛ(б)Б пакінулі на месцах 1250 камуністаў, стваралі абл. і раённыя парт. к-ты, цэнтры, тройкі і інш.; усяго накіравалі ў 1941 на акупіраваную тэр. Беларусі каля 8 тыс. камуністаў. Асн. арганізацыйнай і баявой адзінкай партыз. сіл быў партызанскі атрад. Ужо 6.8.1941 камандзірам партыз. атрадаў Ц.П.Бумажкову і Ф.І.Паўлоўскаму першым з сав. партызан было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У перыяд станаўлення партыз. рух перажыў значныя цяжкасці, асабліва зімой 1941—42: не хапала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. У 1942 ЦККП(б)Б накіраваў на тэр. акупіраванай Беларусі 14 партыз. атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 чал.), падрыхтаваныя на спец. курсах (гл.Асобы беларускі збор). Кадры для партыз. руху і падполля рыхтавалі таксама ў спец. школах падрыўнікоў, радыстаў, сувязных, разведчыкаў. У 1942 імі падрыхтавана і накіравана ў тыл ворага 175 дыверсійных груп (2077 чал.). Разгортванне партыз. руху выклікала ўтварэнне розных партызанскіх фарміраванняў. У студз. 1942 створаны першы партызанскі гарнізон Паўлоўскага ў Акцябрскім р-не, у крас. 1942 — першыя партыз. брыгады, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл. карту). Амаль усе брыгады падтрымлівалі радыёсувязь з ЦККП(б)Б, Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР) і іх аператыўнымі групамі пры ваен. саветах франтоў. У маі 1942 для цэнтралізацыі кіраўніцтва баявымі партыз. сіламі створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання на чале з П.К.Панамарэнкам. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічалі рэсп. і абл. штабы у т. л.БШПР З мэтай паляпшэння аператыўнага кіраўніцтва баявымі дзеяннямі партыз. фарміраванняў, каардынацыі іх дзеянняў з сав. войскамі былі створаны і прыкамандзіраваны да ваен. саветаў 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў аператыўныя групы БШПР. Гэта дазволіла скіраваць барацьбу партызан на максімальную дапамогу Чырв. Арміі, узмацніць удары па тылах ворага, асабліва па чыг. магістралях. У маі 1942 ЦККП(б)Б зацвердзіў адзіны тэкст Прысягі беларускага партызана. З восені 1942 партыз. рух набыў маштабны характар. Далейшыя задачы барацьбы ў варожым тыле вызначылі: нарада кіраўнікоў парт. падполля, камандзіраў і камісараў партыз. атрадаў і злучэнняў, скліканая ЦКВКП(б) у Маскве (канец жн. — пач.вер. 1942); загад наркома абароны «Аб задачах партызанскага руху» (5.9.1942); 5-ы пленум ЦККП(б)Б (26—28.2.1943) з удзелам сакратароў падп. абкомаў і райкомаў КП(б)Б, камандзіраў і камісараў партыз. брыгад і атрадаў. Пленум намеціў праграму дзеянняў партызан, разгледзеў формы арганізацыі партыз. руху. У чэрв. 1943 ЦК КЛ(б)Б прыняў пастанову «Аб мерапрыемствах па далейшым разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі» і накіраваў у парт. арг-цыі пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». З мэтай выканання гэтых задач з усх. абласцей у зах. накіроўваліся вопытныя парт. работнікі і арганізатары партыз. руху, партыз. атрады і брыгады. БШПР правёў раянаванне партыз. сіл — размеркаванне атрадаў і брыгад па абласцях і раёнах. Гэта прадугледжвала перабазіраванне шэрагу брыгад у менш насычаныя партыз. сіламі раёны. Барацьба партызан вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела манеўраны і наступальны характар, узгаднялася з дзеяннямі Чырв. Арміі. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у час «рэйкавай вайны». Сярод партызан былі такія майстры падрыўной справы, як Ф.А.Бачыла, М.В.Гойшык, Б.М.Дзмітрыеў, П.І.Кавалёў, П.І.Кажушка, А.Ф.Колесава, Ф.П.Котчанка, Ф.Я.Кухараў, Э.В.Лаўрыновіч, А.С.Лукашэвіч, Ф.А.Малышаў, У.А.Парахневіч, Р.А.Такуеў, М.Тапівалдыеў. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, сарвалі спробы акупац. улад выкарыстаць для ваен. перавозу рэкі Бярэзіну, Дняпро, Зах. Дзвіну, Прыпяць, Сож, вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал (гл.Дняпроўска-Бугская аперацыя 1943). Важнейшым відам барацьбы партызан быў разгром варожых гарнізонаў. На канец 1943 60% акупіраванай тэр. Беларусі ўтрымлівалі і кантралявалі партызаны (гл.Партызанскія зоны). Вял. значэнне ў баявой дзейнасці партызан адыгрывала партыз. разведка. Для забеспячэння перавозак і сувязі з сав. тылам дзейнічалі 41 партыз. аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму парашутыстаў і грузаў. За час акупацыі сав. лётчыкі зрабілі 5945 вылетаў і даставілі ў тыл ворага 2403,4 т розных грузаў, 2626 чал., вывезлі ў сав. тыл каля 9 тыс.чал., у т. л. дзяцей і цяжкапараненых. Важную ролю ў мабілізацыі партызан і насельніцтва на барацьбу з ворагам, актывізацыю баявых дзеянняў адыгрывалі масава-паліт. работа, друкаваныя выданні (гл.Друк падпольны), партызанская мастацкая самадзейнасць, канцэрты бел. артыстаў Л.П.Александроўскай, Р.В.Млодак, Дз.А.Арлова, П.С.Малчанава, І.М.Балоціна, Бел. ансамбля песні і танца і інш., якія трансліравала з сав.тылу радыёстанцыя «Савецкая Беларусь». З набліжэннем Чырв. Арміі партызаны вызвалялі асобныя нас. пункты, праводзілі баявыя аперацыі на чыг. магістралях, узаемадзейнічалі з партызанамі суседніх рэспублік (гл. ў арт.Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей савецка-польскай баявой садружнасці). У партыз. руху Беларусі прымалі ўдзел антыфашысты з краін Зах. Еўропы: балгары, венгры, немцы, славакі, французы, чэхі і інш. З найб. сілай разгарнуліся баявыя дзеянні партызан у час Беларускай аперацыі 1944, у ходзе якой яны знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон каля 17 тыс. варожых салдат і афіцэраў. Напярэдадні наступлення Чырв. Арміі ў ноч на 20.6.1944 партызаны падарвалі больш за 40 тыс.чыг. рэек, 29 чэрв. яшчэ 20 тыс., што парушыла работу аператыўнага тылу ворага, 144 партыз. брыгады і 80 асобных атрадаў перашкаджалі адступленню варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу Чырв. Арміі зручныя пазіцыі, пераправы, плацдармы, вызвалілі райцэнтры Капыль, Старобін, Узда, Рудзенск, Куранец, Астравец, Ілья, Відзы, Свір, Івянец, Карэлічы, Любча, чыг. станцыі Будслаў, Княгінін, Гудагай і інш., з часцямі Чырв. Арміі — Слуцк, Барысаў, Вілейку, Мінск, Пінск, Асіповічы, Клічаў, Любань, Докшыцы, Лагойск, Смалявічы, Стоўбцы, Чэрвень, Нясвіж, Маладзечна, Навагрудак, Ліду, Лунінец, Плешчаніцы, Капаткевічы, Івацэвічы і інш.; удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных сіл праціўніка, дапамагалі Чырв. Арміі разведданымі. За час вайны ў партыз. руху прымала ўдзел больш за 374 тыс.чал., больш за 400 тыс.чал. складаў скрыты партыз. рэзерв. Свае дасягненні партызаны спалучалі з дзейнасцю патрыятычнага падполля ў нас. пунктах. Па падліках БШПР за 3 гады барацьбы партызаны падарвалі і пусцілі пад адхон варожыя 11 128 эшалонаў, 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі каля 19 тыс. аўтамашын, больш за 5,5 тыс. мастоў, разбурылі больш за 7 тыс.км тэлефонна-тэлеграфных ліній, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 ваен. складоў, забілі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых; захапілі 85 гармат, 278 мінамётаў, 1874 кулямёты, 20 917 вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал.Партыз. рух падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, прымушаў весці барацьбу на 2 франты. З мэтай ліквідацыі партыз. руху і пагрозы сваім войскам у тыле акупанты правялі больш за 140 карных аперацый. Зімой 1943 — вясной 1944 гітлераўскае камандаванне кінула супраць партызан да 11 дывізій вермахта, у 1-й пал. 1944—18 дывізій, у т. л. каля 8 ахоўных. Пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Мінску адбыўся партызанскі парад 1944. Больш за 180 тыс.бел. партызан уліліся ў Чырв. Армію, з іх 13 чал. сталі Героямі Сав. Саюза, 14 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Па маштабах, паліт. і ваен. выніках партыз. рух на Беларусі набыў значэнне важнага ваенна-паліт. фактара. Самаадданая барацьба партызан і падпольшчыкаў атрымала ўсенар. прызнанне. Каля 130 тыс. з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 87 прысвоена званне Героя Сав. Саюза.
СПІС ДА КАРТЫ
Дыслакацыя партызанскіх злучэнняў, брыгад і асобных атрадаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (чэрвень 1941 г. — ліпень 1944 г.)
Партызанскія брыгады
Баранавіцкая вобл. 1. 1-я Баранавіцкая, 2. 1-я Беларуская кавалерыйская, 3. 18-я імя Фрунзе, 4. 19-я імя Молатава, 5. 20-я імя Грызадубавай, 6. «25 год БССР», 7. «За Савецкую Беларусь», 8. імя Аляксандра Неўскага, 9. імя Варашылава, 10. імя Дзяржынскага, 11. імя Жукава. 12. імя Кірава, 13. імя Ленінскага камсамола, 14. імя Панамарэнкі, 15. імя Ракасоўскага, 16. імя Сталіна, 17. імя Суворава, 18. імя Чапаева, 19. імя Чкалава, 20. імя Шчорса, 21. «Камсамолец», 22. Ленінская, 23. «Няўлоўныя», 24. «Перамога», 25. «Першамайская», 26. «Уперад».
Беластоцкая вобл. 27. імя Аляксандра Неўскага, 28. імя Кастуся Каліноўскага, 9. імя Панамарэнкі, 30. імя Чапаева, 31. «У імя Радзімы».
Брэсцкая вобл. 32. 8-я, 33. 99-я імя Гуляева, 34. 150-я імя Языковіча, 35. «За Радзіму» імя Флегантава, 36. імя Дзяржынскага, 37. імя Леніна, 38. імя Панамарэнкі, 39. імя Свярдлова, 40. імя Сталіна, 41. імя Чапаева, 42. «Савецкая Беларусь».
Вілейская вобл. 43. 1-я імя Суворава, 44. 2-я імя Суворава, 45. 4-я Беларуская, 46. «За Радзіму», 47. 4-я «За Савецкую Беларусь», 48. імя Будзённага, 49. імя Варашылава, 50. імя Гастэлы, 51. імя Даватара, 52. імя Жукава, 53. імя Калініна, 54. імя Кутузава, 55. імя Леніна, 56. імя Ракасоўскага, 57. імя Фрунзе, 58. імя ЦККП(б)Б, 59. «Кастрычнік», 60. «Спартак».
Віцебская вобл. 61. 1-я Беларуская, 62. 1-я Беларуская (2-га складу), 63. 1-я Віцебская, 64. 1-я Віцебская (2-га складу), 65. 1-я Дрысенская, 66. 1-я імя Заслонава, 67. 1-я Смаленская, 68. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, 69. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), 70. 2-я Дрысенская, 71. 2-я імя Заслонава, 72. 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, 73. 3-я Беларуская, 74. 16-я Смаленская, 75. Асвейская імя Фрунзе, 76. Багушэўская, 77. Багушэўская (2-га складу), 78. «Граза», 79. Гудкова, 80. «За Савецкую Беларусь», 81. імя Варашылава, 82. імя ВЛКСМ, 83. імя Данукалава, 84. імя Кароткіна, 85. імя Кутузава, 86. імя Леніна, 87. імя Чапаева, 88. імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 89. Крыўскага, 90. Лепельская імя Сталіна, 91. Лёзненская, 92. Расонская імя Сталіна, 93. Сенненская, 94. Чашніцкая «Дубава», 95. полк Смаленскі.
Гомельская вобл. 96. 1-я Буда-Кашалёўская, 97. 1-я Гомельская, 98. 8-я Рагачоўская, 99. 10-я Журавіцкая, 100. «Бальшавік», 101. Добрушская імя Сталіна, 102. «Жалязняк», 103. імя Панамарэнкі, 104. імя Чапаева, 105. імя Шчорса, 106. Лоеўская «За Радзіму», 107. «Мсцівец», 108. Рэчыцкая імя Варашылава, 109. «Уперад», 110. полк 225-ы.
Магілёўская вобл. 111. 1-я, 112. 1-я Асіповіцкая, 113. 1-я Бабруйская, 114. 1-я Клічаўская, 115. 2-я Клічаўская, 116. 3-я, 117. 3-я Бярэзінская, 118. 4-я Клічаўская, 119. 5-я, 120. 5-я Клічаўская, 121. 5-я Клятнянская, 122. 6-я Магілёўская, 123. 8-я Круглянская, 124. 9-я імя Кірава, 125. 9-я Кіраўская, 126. 11-я Быхаўская, 127. 13-я Касцюковіцкая, 128. 14-я Цемналеская, 129. 17-я, 130. 435-я, 131. 47-я «Перамога», 132. 61-я, 133. 115-я Горацкая, 134. 120-я, 135. 130-я «Помста», 136. 760-я імя Беразоўскага, 137. «Звязда», 138. «Чэкіст», 139. полк 15-ы, 140. полк 113-ы, 141. полк 121-ы імя Касаева, 142. полк 122-і «За Радзіму», 143. полк 152-і, 144. полк 277-ы, 145. полк 425-ы, 146. полк 537-ы, 147. полк 600-ы, 148. полк 810-ы, 149. полк «Трынаццаць».
Мінская вобл. 150. 1-я Антыфашысцкая, 151. 1-я Мінская, 152. 2-я Мінская, 153. 3-я Мінская імя Будзённага, 154. 12-я кавалерыйская імя Сталіна, 155. 25-я імя Панамарэнкі, 156. 27-я імя Чапаева, 157. 32-я імя Калініна, 158. 37-я імя Пархоменкі, 159. 64-я імя Чкалава, 160. 95-я імя Фрунзе, 161. 100-я імя Кірава, 162. 101-я імя Аляксандра Неўскага, 163. 121-я імя Брагіна, 164. 161-я імя Катоўскага, 165. 200-я імя Ракасоўскага, 166. 225-я імя Суворава, 167. 258-я імя Куйбышава, 168. 300-я імя Варашылава, 169. «Беларусь», 170. «Буравеснік», 171. «Дзядзькі Колі», 172. «Жалязняк», 173. «За Савецкую Беларусь», 174. імя Варашылава, 175. імя газеты «Правда», 176. імя Калініна, 177. імя Калініна, 178. імя Кірава, 179. імя Кірава, 180. імя Панамарэнкі, 181. імя Шчорса, 182. Лагойская «Бальшавік», 183. «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага, 184. Нікіціна, 185. «Полымя», 186. «Разгром», 187. «Смерць фашызму, 188. «Стары», 189. «Чырвоны сцяг», 190. «Штурмавая».
Палеская вобл. 191. 2-я Калінкавіцкая, 192. 27-я Нараўлянская, 193. 37-я Ельская, 194. 50-я Жыткавіцкая, 195. 99-я Калінкавіцкая, 196. 100-я Глуская, 197. 101-я Даманавіцкая, 198. 123-я імя 25-годдзя БССР, 199. 125-я Капаткевіцкая, 200. 130-я Петрыкаўская, 201. 210-я Капаткевіцкая, 202. 225-я, 203. Васілевіцкая імя Панамарэнкі, 204. Лельчыцкая, 205. Мазырская імя Аляксандра Неўскага.
Пінская вобл. 206. імя Будзённага, 207. імя Кірава, 208. імя Куйбышава, 209. імя Леніна, 210. імя Молатава, 211. Пінская, 212. «Савецкая Беларусь», 213. полк 208-ы імя Сталіна.
Партызанскія атрады
Баранавіцкая вобл. 214. 21-ы, 215. 125-ы імя Сталіна, 216. 200-ы, 217. 620-ы Дука, 218. 620-ы імя Чапаева, 219. Алыбіна, 220. «Гвардыя», 221. «Громава», 222. Дзенісенкі, 223. імя Жданава, 224. імя Калініна, 225. імя Кірава, 226. імя Кутузава, 227. імя Ленінскага камсамола, 228. Картухіна, 229. «Наватары», 230. Свентаржыцкага, 231. Семянцова, 232. «Слаўны», 233. Сухарукага, 234. Шчарбіны.
Беластоцкая вобл. 235. 550-ы, 236. «Баявы» імя Дунаева, 237. «Вест», 238. «За Радзіму», 239. імя Багдана Хмяльніцкага, 240. імя Будзённага, 241. імя Дзяржынскага, 242. імя Жукава, 243. імя Калініна.
Брэсцкая вобл. 244. 113-ы, 245. 345-ы, 246. 347-ы. 247 Глазінава, 248. «За Радзіму», 249. імя Будзённага, 250. імя Бярэнчыка, 251. імя Валькова, 252. імя Варашылава, 253. імя Варашылава, 254. імя Катоўскага, 255. імя Катоўскага (2-га складу), 256. імя Кірава, 257. імя Кутузава, 258. імя Сталіна, 259. імя Тэльмана, 260. імя Тэльмана, 261. імя Фрунзе, 262. імя Чапаева, 263. імя Чарнака, 264. імя Шчорса, 265. Казлова, 266. Кірылы Іванавіча, 267. Маларыцкі, 268. Манахава, 269. «Паддубнага», 270. «Старшыны», 271. «Сцяг», 272. Топкіна, 273. «Хадакі», 274. «Чэкіст».
Вілейская вобл. 275. Агітацыйны імя Горкага, 276. «Баец», 277. «Баявы», 278. імя Катоўскага, 279. імя Панамарэнкі, 280. імя Сталіна, 282. «Спартак», 282. Суслава, 283. «Трэція».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
з (перад некаторымі спалучэннямі зычных — са), прыназ.
I.зР.
1.Ужыв. пры абазначэнні напрамку дзеяння адкуль-н., крыніцы, месца, адкуль выходзіць што-н.
Выйсці з хаты.
Прывесці з вёскі.
Выпіска з пастановы.
Стральба з гармат.
2.Ужыв. пры абазначэнні месца, прадмета, ад якога аддзяляецца, адыходзіць што-н.
Зваліцца са страхі.
Зняць з паліцы.
Скінуць з плячэй.
Пайсці з працы.
3.Ужыв. пры абазначэнні месца, сферы дзеяння, адкуль зыходзіць што-н., адкуль прыходзіць хто-н.
Шум з вуліцы.
Вярнуцца з вакзала.
Уваход з завулка.
4.Ужыв. пры абазначэнні асобы ці прадмета паводле іх паходжання, прабывання дзе-н.
Пісьмо з бацькаўшчыны.
Рабочы з ліцейнага завода.
5.Ужыв. пры абазначэнні месцазнаходжання прадмета ці асобы, што ўтвараюць дзеянне.
Страляць з гары.
Удар з тылу.
Зайсці з другога боку вёскі.
6.Ужыв. пры абазначэнні прадмета, з’явы, часу, асобы і пад., ад якіх пачынаецца, узнікае што-н.
Акінуць поглядам з галавы да ног.
З маленства.
Пачнём з вас.
Заняты з раніцы.
7.Ужыв. пры абазначэнні прадмета, які падвяргаецца чаму-н. або які служыць адзінкай адліку.
Пошліна з тавару.
З яго ўзялі тры рублі.
Сабраць па пяцьдзясят цэнтнераў пшаніцы з гектара.
8.Ужыв. для абазначэння прадмета, які служыць узорам, арыгіналам, крыніцай чаго-н.
Пісаць партрэт з каго-н. Копія з карціны.
Пераклад з беларускай мовы.
9.Ужыв. пры ўказанні на дастатковасць чаго-н. для каго-н.
Хопіць з вас гэтага.
10. Абазначае выдзяленне часткі якога-н. цэлага.
Адно з двух.
11.Ужыв. пры абазначэнні з’яў, прадметаў і пад., пры дапамозе якіх што-н. робіцца.
Стараецца з усіх сіл.
Дапамагаць з апошняга.
12. Абазначае ўласцівасць чаго-н. па саставе, матэрыяле.
Дом з цэглы.
Абед з трох страў.
13. Абазначае змяненне, ператварэнне чаго-н. у што-н.
З пасёлка ўзнік горад.
14. На аснове чаго-н.
З дазволу.
З чыйго-н. адабрэння.
15. З прычыны, у выніку чаго-н.
Заспяваць з радасці.
Заплакаць з гора.
Сказаць са злосці.
16. Пры дапамозе чаго-н., якім-н. чынам.
Узяць з бою.
Карміць з лыжачкі.
II.з В. Прыблізна, амаль.
Пражыць з паўгода.
Рыбіна важыла з кілаграм.
Ростам з мяне.
III.зТ.
1. Указвае на сумеснасць, удзел у адным і тым жа дзеянні або стане дзвюх ці больш асоб, прадметаў, а таксама на суправаджэнне адной асобы ці прадмета іншымі пры ажыццяўленні якога-н. дзеяння, пры якім-н. стане.
Я з табой.
Мы з ім.
Брат з сястрой.
Узяць з сабой.
Раіцца з сябрамі.
Згадзіцца з кім-н. Пазнаёміць з прыяцелем.
2. Указвае на злучэнне, змацаванне аднаго і другога, а таксама на сумежнасць, блізкасць.
Межавацца з Літвой.
Звязаць адзін пакунак з другім.
Злучыць падстанцыю з гарадской тэлефоннай сеткай.
3. Указвае на наяўнасць чаго-н. у чым-н., валоданне чым-н.
Пірог з грыбамі.
Хлеб з малаком.
Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі.
Дзяўчына з кнігай у руках.
4.Ужыв. пры абазначэнні з’явы або стану, якім суправаджаецца якое-н. дзеянне.
Слухаць з усмешкай.
Чакаць з нецярпеннем.
Пабегла з крыкам.
Знайсці з цяжкасцю.
Вайсковыя часці адыходзілі з боем.
5.Ужыв. пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне.
Адправіць пакет з пасыльным.
Змагацца са зброяй у руках.
6. Указвае на асобу ці прадмет, на якія распаўсюджваецца дзеянне, стан.
Справіцца з цяжкасцямі.
Сабрацца з сіламі.
Няўважліва абысціся з наведвальнікам.
З ім здарылася бяда.
Марудзіць з адказам.
Як справы з дысертацыяй? У яе дрэнна з сэрцам.
7.Ужыв. пры наступленні чаго-н.
З часам усё наладзіцца.
З надыходам вясны прырода ажывае.
З гадамі густы мяняюцца.
Усё перайначылася з яго прыездам.
8.Ужыв. пры абазначэнні мэты дзеяння.
Звярнуцца з просьбай.
Прыйсці з рапартам.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г.М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,
абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.
У 1810-я г.франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.
Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх.ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.
У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус.зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс.чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс.чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс.чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс.чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.
21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл.Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл.Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.
Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.
У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл.Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл.Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл.Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл.Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.
Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.
Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс.чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс.чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.
Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс.чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.
Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс.чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс.чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.
Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).
Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн.руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.
У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.
Літ.:
Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;
Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992.
В.В.Антонаў.
Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.І.Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав.тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.