буйныя, дастаткова аднародныя ў кліматычных адносінах вобласці зямнога шара, якія маюць характар шыротных або субшыротных суцэльных ці перарывістых палос. Іх вылучэнне заснавана на заканамернасцях узрастання радыяцыйнага балансу і т-ры паветра ад полюсаў да экватара, на асаблівасцях увільгатнення ў розных шыротах і перавазе шыротнага і субшыротнага перамяшчэння паветраных мас у сістэме агульнай цыркуляцыі атмасферы. Вылучаюць экватарыяльны, субэкватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы; у высокіх шыротах — субарктычны (субантарктычны) і арктычны (антарктычны) К.п.(з.) У генет. класіфікацыі кліматаў рас. кліматолага Б.П.Алісава паясы разглядаюцца як найбольшыя адзінкі кліматычнага раянавання. Шыротныя паясы часам наз. кліматычнымі зонамі, кліматычныя паясы звязваюць са зменамі клімату па вертыкалі ў горных краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́.
У Карыбскім м., усх. і паўд. часткі архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключаюць: Віргінскія а-вы, Наветраныя і Падветраныя а-вы, в-аў Барбадас. Агульная пл. каля 14 тыс.км². Нас. каля 3,4 млн.чал. (1990). Для астравоў знешняга ланцуга (частка Віргінскіх а-воў, Антыгуа, Барбуда і інш.), якія абмывае Атлантычны ак., характэрны нізкія вапняковыя плато. Астравы ўнутр. ланцуга, якія акаймоўваюць з У Карыбскае м., складзены пераважна з вулканічных парод (вулканічныя конусы ўздымаюцца да выш. 1467 м; дзеючы вулкан Суфрыер на в-ве Гвадэлупа). Частка астравоў мацерыковага паходжання. Горныя трапічныя лясы, другасныя саванны; на паўд. астравах — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Адкрыты Х.Калумбам у канцы 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,
змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).
Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),
род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.
Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),
у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч.Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 мтрапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Caroline Islands, ісп. Carolinas Islas),
архіпелаг у зах.ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Уваходзяць у склад дзярж. утварэнняў: Федэратыўныя штаты Мікранезіі (Цэнтр. і Усх. Караліны: а-вы Косрае, Панпеі, Трук, Яп) і Рэспубліка Палау (зах. К.а., падапечная тэр. ЗША). Усяго 936 асобных або сабраных у групы астравоў агульнай пл. каля 1320 км². Нас. каля 105 тыс.чал. (1988). Буйнейшыя а-вы: Бабелтуап, Понапе, Кусаіе, Яп, Трук — вулканічныя (выш. да 791 м), абкружаны больш нізкімі каралавымі рыфамі. Астравы зах. групы адносяцца да сістэмы астраўных дуг, для якіх характэрна ўстойлівае павольнае падняцце. Астравы ўсх. групы сфарміраваны на акіянічным ложы. Радовішчы фасфарытаў. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Вечназялёныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства. Адкрыты ў 1528 ісп. мараплаўцам А. дэ Сааведра. Названы ў гонар ісп. караля Карла II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я ВЕ́РХНЯЯ,
прыродная вобласць Зах. Афрыкі, уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., паміж 10 — 12°паўн. ш. на Пн і 9—10°усх. д. на У. Большую ч.тэр. займае Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, пераважныя выш. 500—1000 м, найб. — да 1948 м (г. Бінтымані). Уздоўж акіяна цягнецца нізінная раўніна шыр. 50—200 км. Клімат экватарыяльны і экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячная т-ра 21 — 29 °C, ападкаў ад 1000—1500 мм на Пн да 3000—4000 мм на прыморскай нізіне. Шматлікія мнагаводныя рэкі, самыя вялікія — Нігер, Вольта. Ва ўнутр. раёнах Гвінеі Верхняй высакатраўныя саванны на чырвоных фералітных глебах, па далінах рэк галерэйныя лясы. Вільготныя трапічныя і лістападныя лясы прыбярэжнай раўніны значна зведзены; на забалочаных узбярэжжах мангравыя лясы і хмызнякі. У межах Гвінеі Верхняй поўнасцю або часткова размешчаны Гвінея-Бісау, Гвінея, Сьера-Леоне, Ліберыя, Кот-д’Івуар, Гана, Тога, Бенін, Нігерыя.
самыя вялікія шыротна-занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі. Характарызуюцца асаблівасцямі рэжыму цяпла і вільгаці, цыркуляцыі паветраных мас [гл.Кліматычныя паясы (зоны)], рытмікай біягеахім. і геамарфал. працэсаў, вегетацыі расліннасці, складам глеб, расл. покрыва, жывёльнага свету і інш. Кліматычныя фактары ў межах пояса могуць рэзка адрознівацца, што дазваляе вылучаць унутры кожнага пояса зоны геаграфічныя і падзоны. На канфігурацыю П.г., іх памеры ўплываюць аддаленасць ад акіянаў (вылучаюцца сектары: прыакіянічны, унутрымацерыковы і пераходны паміж імі), рэльеф (вышынная пояснасць), марскія цячэнні. На сушы вылучаюць экватарыяльны пояс, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы, субтрапічныя паясы, умераныя паясы; у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я размяшчаюцца субарктычны пояс і арктычны пояс, у Паўд. паўшар’і — адпаведна субантарктычны пояс і антарктычны пояс. П.г. існуюць і ў Сусветным ак., дзе ім уласціва большая аднароднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́М,
буйнейшы штат на ПнУ Індыі, каля падножжа Усх. Гімалаяў, амаль цалкам аддзелены ад Індыі краінай Бангладэш. Пл. 78,5 тыс.км². Нас. 22,4 млн.ч. (1991), гарадскога 8,4%. Адм. цэнтр — г. Дыспур. Найб. гарады Гувахаты, Дыбругарх, Тынсукія, Дыгбой. Займае акаймаваныя падножжам Усх. Гімалаяў плато Шылонг і Асама-Бірманскімі гарамі даліну р. Брахмапутра, на якой знаходзіцца буйнейшы ў свеце рачны в-аў Маджулі — цэнтр рэлігійнага паломніцтва.
Клімат трапічны, мусонны, з вельмі вільготным летам. Ападкаў больш за 2000 мм за год (у Асамскіх гарах больш за 10 000 мм за год). Трапічныя вечназялёныя і мяшаныя лясы займаюць больш за ⅓ плошчы Асама. Вядучыя галіны гаспадаркі — вытворчасць чаю і джуту, а таксама рысу, бавоўны, алейных культур. Нафтаздабыча (амаль 50% сырой нафты Індыі) і нафтаперапрацоўка; прадпрыемствы па вытв-сці фанеры, паперы, тары, запалак, мінер. угнаенняў. На ўсх. беразе р. Брахмапутра — нац. парк Казіранга.