ПЕНТЛАНДЫ́Т (ад імя ірл. натураліста Дж.Б.Пентленда, які ўпершыню знайшоў гэты мінерал),
жалеза-нікелевы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза і нікелю, (Fe, Ni)9S8. Мае 34 ± 10% нікелю, ізаморфныя прымесі кобальту (0,4—3%), медзі (да 6,5%) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае дробныя зерні, радзей буйнакрышт. ўкрапаннікі ў агрэгаце сульфідаў жалеза і медзі. Колер бронзава-жоўты. Цв. 3—4. Шчыльн. 4,5—5,2 г/см³. Бляск металічны. Крохкі. Трапляецца ў асн. вывергнутых пародах. Гал. мінерал нікелевых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎСКІ́Т (названы ў гонар рас.дзярж. дзеяча, калекцыянера мінералаў графа Л.А.Пяроўскага),
мінерал падкласа складаных аксідаў, тытанат кальцыю, CaTiO3. Часта мае прымесі ніобію і рэдкіх зямель. Крышталізуецца ў рамбічнай (некаторыя разнавіднасці ў тэтраганальнай) сінганіі. Утварае крышталі, друзы, зярністыя агрэгаты. Колер буравата-чорны. Цв. 5.5. Шчыльнасць 4—4,3 г/м³. Бляск алмазны да паўметалічнага. Крохкі. Трапляецца ў магматычных ультраасн. і шчолачных пародах, скарнах, карбанатытах, намнажаецца ў россыпах. П. — крыніца тытану, ніобію і торыю. Гл.Тытанавыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),
1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл.Сіметрыя.
2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛЬЦЫ́М (ад грэч. analkis слабы),
пародаўтваральны мінерал падкласа каркасных сілікатаў (група цэалітаў), Na2[AlSi2O6]2∙2H2O. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя масы, друзы, жэоды і інш. Бясколерны ці белы, шэры, зеленаваты, ружовы. Празрысты да амаль непразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6; крохкі. Шчыльн. 2,2—2,3 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, радзей магматычны, таксама аўтыгенны мінерал у азёрных адкладах, гліністых сланцах, пясчаніках. На Беларусі выяўлены ў значнай колькасці (да 20—30%) у пародах верхняга пратэразою, як акцэсорны мінерал — у адкладах дэвону, карбону і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІДРЫ́Т (ад ан... + грэч. hydōr вада),
1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.
2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫПІГМЕ́НТ [ад лац. aurum (auri) золата + пігмент(ы)],
мінерал класа сульфідаў As2S3. Мае 60,9% мыш’яку і 39,1% серы.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе ліставатых, слупкаватых або валакністых масіўных агрэгатаў. Колер ад лімонна- і залаціста-жоўтага да аранжава-жоўтага. Паўпразрысты. Бляск тлусты да алмазнага. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Тыповы мінерал сярэдне- і нізкатэмпературных мыш’яковых і сурмяна-ртутных радовішчаў, а таксама ў адкладах гарачых мінер. крыніц. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і гарбарнай прам-сці, як мыш’яковая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁМІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.Бёма),
мінерал падкласа гідраксідаў алюмінію, V-AlOOH; адна з гал. складаючых частак баксітаў. Часта мае прымесі жалеза, галію, скандыю. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, лінзападобныя. Агрэгаты аалітавыя, зямлістыя. Бясколерны ці белы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Крохкі. Шчыльн. 3 г/см³. Пераважна асадкавы мінерал, утвараецца таксама ў кары выветрывання. На тэр. Беларусі як пародаўтваральны мінерал трапляецца ў высокагліназёмных пародах кам.-вуг. адкладаў Прыпяцкага прагіну. Асноўная крыніца алюмінію. Значныя радовішчы ў Венгрыі, Германіі, Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУЗА́ (ад перс. фірузе),
мінерал класа фасфатаў, водны гідраксілфасфат медзі і алюмінію, CuAl6[PO4]4(OH)8∙5H2O. Мае прымесі жалеза, кальцыю, цынку і інш.
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае масіўныя, шчыльныя або скрытакрышталічныя да буйназярністых агрэгаты. Колер ад блакітнага да зялёнага. Бляск матавы, васковы. Цв. 5—6. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Другасны мінерал, утвараецца ў арыдных абласцях пры ўздзеянні паверхневых водаў на гліназёмныя пароды. Паўкаштоўны камень. Зялёныя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як ювелірна-вырабныя камяні. Радовішчы ў Іране, Таджыкістане, Узбекістане, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛІНІ́Т,
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілсілікат алюмінію, Al4[Si4O10](OH)8. Мае гліназёму Al3O3 41,2%, крэменязёму SiO2 48% і 10,8% H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Зямлістыя масы рыхлыя, лускаватыя або шчыльныя тонказярністыя агрэгаты, радзей — тонкія пласцінкі, канкрэцыі, ааліты, жаўлакі. Бляск перламутравы да зямлістага. Паўпразрысты. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,5—2,7 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Утвараецца пры выветрыванні вывергнутых і метамарфічных парод, радзей — ва ўмовах нізкатэмпературных гідратэрмальных працэсаў. Выкарыстоўваецца ў керамічнай, буд., папяровай, гумавай прам-сці і інш.Гл. таксама Каалін.