КІМА́КІ,

цюркскае племя, асн. ядро якога жыло ў 8—10 ст. у Зах. Сібіры, па сярэднім цячэнні р. Іртыш. Качэўі К. на ПдЗ дасягалі нізоўяў Сырдар’і. На чале К. стаяў каган (ямал-пейгу), у якога было 11 спадчынных зборшчыкаў падаткаў. Асн. занятак — качавая жывёлагадоўля, паляванне. З 11 ст. назва К. знікае. Зах. галіна К. вядома як кіпчакі (полаўцы).

Літ.:

Кумеков Б.Е. Государство кимаков IX—XI вв. по арабским источникам. Алма-Ата, 1972.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́МСКАЯ НІЗІ́НА,

на ПнУ Сібіры, пераважна ў ніжнім цячэнні р. Калыма, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Распасціраецца на 750 км паміж Алазейскім і Юкагірскім пласкагор’ямі. Выш. да 100 м за рэдкімі масівамі сопак выш. 200—300 м. Складзена з азёрна-рачных суглінкаў і супескаў. Пашыраны шматгадовая мерзлата і мярзлотна-тэрмакарставыя формы рэльефу. Клімат субарктычны. Шмат азёр і балот. Забалочаныя лістоўнічныя рэдкалессі змяняюцца на Пн хмызнячкова-травяністай, а потым арктычнай тундрай. Пашы аленяў.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСМАН (Эрык) (Кірыл) Густавіч (7.8.1737, г. Саванліна, Фінляндыя — 16.1.1796),

натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1770). Вучыўся ва ун-це г. Турку (Аба) у Фінляндыі. З 1762 у Расіі. Праводзіў даследаванні ў галіне мінералогіі, біялогіі, хіміі. Падарожнічаў па Алтаі і Усх. Сібіры. Прапанаваў новую тэхналогію шкларобства, спосаб атрымання кухоннай соды, апублікаваў даследаванні па тэхналогіі салетры, соды, галыну. Адкрыў новыя мінералы (байкаліт, вілюіт), знайшоў радовішчы лазурыту, цыркону і інш., сабраў багатыя калекцыі мінералаў, насякомых, гербарыі.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НДА,

рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр.пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая ўключана ў занальную расліннасць, аднак не складае самаст. зоны. Змяняецца ў шыротным і даўготным напрамках. У адрозненне ад азанальнай расліннасці цесна звязана з пэўнымі зонамі, напр., расліннасць саланцоў і саланчакоў у стэпавай і пустыннай зонах, сфагнавыя балоты ў лясной і тундравай зонах. Звычайна займае ў адпаведнай зоне невял. плошчы. Месцамі І.р. пераважае над занальнай, напр., хваёвыя лясы Палесся ў падзоне шыракалістых лясоў, балоты Зах. Сібіры ў падзоне тайгі.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Длужык-Каменскі) Адам Рыгор, бел. пісьменнік-мемуарыст 17 ст. З аршанскай шляхты. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 ваяваў пад харугвай кароннага гетмана С.​Чарнецкага. У час бітвы на р. Бася 20.10.1660 трапіў у маск. палон. У Сібірскім прыказе залічаны ў «казакі літоўскага спісу», з 1662 служыў у Якуцкім астрозе турэмным наглядчыкам. Пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 адпушчаны ў Маскву, у 1669 ці 1670 — на радзіму. У «Дыярыушы» (выяўлены і апубл. на польск. мове ў 1874) апісаў гарады і народы, што сустракаў, а таксама экспедыцыі рус. землепраходцаў В.​Паяркава на Амур і М.​Стадухіна на Поўнач, пра якія сабраў звесткі ў Якуцку. «Дыярыуш» К. — каштоўны помнік мемуарнай л-ры Беларусі, у якім яскрава адлюстраваны пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры і Д. Усходу.

Тв.:

Бел. пер. — Дыяруш маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн., 1974. Вып. 2.

Літ.:

Коршунаў А. Нататкі з падарожжа па Сібіры ў XVII ст. («Дыярыуш» Адама Каменскага) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1973. № 1;

Ласкоў І. Нашчадкі таямнічае Літвы // Полымя. 1991. № 8;

Ефремов К. Польские ссыльные о якутах // Национальные отношения в регионах страны. Якутск, 1992. Ч. 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКІ́ЗСКАЯ КУЛЬТУРА,

археалагічная культура сярэдневяковых хакасаў (10—17 ст.), якія насялялі значную тэр. Пд Сібіры. Назва ад могільнікаў у даліне р. Аскіз у Хакасіі. Межы Аскізскай культуры супадаюць з межамі стараж.-хакаскай дзяржавы 10—12 ст. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло ў гарадах (вядома 5) і селішчах, будавала горныя каменныя крэпасці-сховішчы. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У 10 — пач. 11 ст. каля курганоў узводзіліся каменныя стэлы з эпітафіямі. Аскізская культура вызначаецца вял. колькасцю якасных вырабаў з жалеза.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛДА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

ва Усх. Сібіры, у міжрэччы Алёкмы і Учура, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Пераважаюць плоскія міжрэччы, шырокія катлавіны (выш. да 1000 м), над якімі ўзнімаюцца хрыбты Зах. Янгі, Сунагын, Кет-Кап (выш. 2306 м). Складзена з моцна змятых дакембрыйскіх гнейсаў і крышт. сланцаў, перарваных інтрузіямі гранітаў і ультраасноўных парод, перакрытых вапнякамі і пясчанікамі. Радовішчы жал. і медных рудаў, вугалю (Паўд.-Якуцкі басейн), золата, слюды. На схілах да выш. 110—1300 м тайга з даурскай лістоўніцы, вышэй — камяністая тундра.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,

сялянска-работніцкая газета, орган бел. нац. меншасці ў Латвіі, арганізаванай у 1921 у т-ве «Бацькаўшчына». Выдавалася штотыднёва ў 1925—30 у Рызе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.​Б.​Езавітаў. Мела на мэце абуджаць нац. свядомасць і аб’ядноўваць беларусаў у Латвіі, абараняць іх інтарэсы, развіваць культуру. Пісала пра дзейнасць суполак, т-ваў, інфармавала пра стан асветы, школьнай справы, жыццё беларусаў у БССР, Літве, Чэхаславакіі, Сібіры. Перадрукоўвала матэрыялы з газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і інш.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮГА́Н,

рака на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, левы прыток Обі. Даўж. 1082 км, пл. бас. 61,8 тыс. км². Пачынаецца з балот Васюгання, цячэ па Васюганскай раўніне. Упадае некалькімі рукавамі (за вусце прыняты рукаў за 11 км ніжэй ад пас. Каргасок). Асн. прыток — Чыжапка (справа). Ледастаў з ліст. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Наўнак 345 м³/с. У бас. Васюгана больш за 49 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 886 км ад вусця.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)