СІНКАНСЕ́Н,

сістэма хуткасных чыг. магістралей у Японіі (Токіо—Кагосіма—Аомары—Сіманасекі). Мае двухкалейныя чыг. лініі даўж. 7 тыс. км. Макс. скорасць руху 250 км/гадз.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНЫ РУХ,

рух матэрыяльнага пункта (цела) адносна сістэмы адліку, якая сама рухаецца адносна інш. сістэмы адліку, што ўмоўна прымаецца за нерухомую. Звычайна нерухомая сістэма адліку (K) лічыцца інерцыйнай сістэмай адліку; рухомая сістэма (K′) можа быць інерцыяльнай і неінерцыяльнай. Скорасць і паскарэнне цела адносна сістэмы K′ наз. адноснымі (V→ад, a→ад), адносна сістэмы K — абсалютнымі (V→аб, a→аб), скорасць і паскарэнне сістэмы K′ адносна K — пераноснымі (V→пер, a→пер). У кінематыцы паміж гэтымі велічынямі ўстаноўлена залежнасць: V→аб = V→ад + V→пер ; a→аб = a→ад + a→пер + a→кар , дзе a→кар — Карыяліса паскарэнне.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЗ (ад франц. brise лёгкі вецер),

мясцовы вецер на ўзбярэжжы мораў, вял. азёр, вадасховішчаў і рэк. Двойчы на працягу сутак мяняе напрамак: дзённы брыз дзьме з воднай паверхні на нагрэтую сушу, начны — наадварот. Абумоўлены нераўнамерным награваннем паветра над паверхняй вадаёма і сушы. Скорасць 2—5 м/с. Найб. бывае летам пры ўстойлівых антыцыклонах, ахоплівае слой паветра да 1 км, пашыраецца на 10—50 км ад берагавой лініі. Найчасцей назіраецца ў тропіках. На Беларусі адзначаецца на вял. вадаёмах, скорасць каля 2 м/с.

Да арт. Брыз. Схема цыркуляцыі паветра ў дзённым і начным брызе.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКАЗІ́МЕТР (ад віскоза + ...метр),

прылада для вымярэння вязкасці вадкасцей і газаў. Бываюць капілярныя (найб. пашыраныя; вызначаецца час працякання зададзенага аб’ёму вадкасці праз капіляр), ратацыйныя (вымяраецца вярчальны момант або вуглавая скорасць аднаго з сувосевых цел, паміж якімі знаходзіцца даследаваная вадкасць або газ), шарыкавыя (вымяраецца час падзення шарыка паміж 2 меткамі) і ультрагукавыя (вымяраецца скорасць затухання ваганняў у даследаванай вадкасці). Выкарыстоўваецца для вымярэння вязкасці пры розных т-рах металаў, буд. матэрыялаў, хім. і харч. прадуктаў і інш. Гл. таксама Вісказіметрыя.

Вісказіметры: 1 — капілярны; 2 — шарыкавы; 3 — ратацыйны; а і б — меткі; α — вугал закручвання.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЁР (франц. planeur ад planer лятаць),

безматорны кіравальны лятальны апарат, цяжэйшы за паветра. Здольны планіраваць у паветры, ляцець гарызантальна, лунаць і набіраць вышыню. Можа пераадольваць адлегласці больш за 1000 км, дасягаць вышыні 14 км; скорасць палёту — да 250 км/гадз. П. падымаюць у паветра самалётам ці пускаюць яго са схілу гары і ён набывае скорасць для стварэння падымальнай сілы крыла. Працягласць палёту ў спакойным паветры залежыць ад вышыні, на якую падняты П. Вырабляюць з лёгкіх сплаваў металаў і пластмас масай да 500 кг. Выкарыстоўваюцца пераважна ў спорце і навуч. практыцы пілатавання.

Планёр «Янтар 2» (Польшча).

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),

лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).

Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр. скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАСПА́Д,

ледалом, участак ледавіка, разбіты глыбокімі трэшчынамі на асобныя глыбы рознай формы і памеру. Утвараецца ў месцах стромкага перагібу падоўжнага профілю ложа ледавіка, дзе павялічваецца скорасць руху масіву лёду, што выклікае расколы.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНКО́РД»

(Concord),

звышгукавы пасажырскі самалёт фірм БАК (Вялікабрытанія) і «Аэраспасьяль» (Францыя). Пасаж. месцаў да 150. Мае 4 турбарэактыўныя рухавікі. Узлётная маса 175 т, скорасць 2200—2500 км/гадз. Першы палёт ажыццёўлены ў 1969.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРА́ЙСЛЕР»

(«Chrysler»),

сям’я легкавых аўтамабіляў, пікапаў малой грузападымальнасці і грузапасажырскіх фургонаў аднайменнага канцэрна (ЗША). Выпускаюцца з 1925. Магутнасць рухавіка да 160 кВт, найб. скорасць да 268 км/гадз.

Да арт. «Крайслер». «Крайслер-Себрынг».

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНАТАМЁТ,

пераважна пераносная агнястрэльная зброя, прызначаная для паражэння браніраваных цэляў, жывой сілы і тэхнікі праціўніка гранатай.

Гранатамёты бываюць: дынамарэактыўныя (пач. скорасць гранаце надае энергія газаў, якія ўтвараюцца пры згаранні стартавага зарада ў ствале), рэактыўныя (скорасць гранаты забяспечваецца сваім рэактыўным рухавіком), актыўныя і актыўна-рэактыўныя (скорасць забяспечваецца зарадам, які згарае ў ствале, закрытым з казённай часткі); ручныя, вінтовачныя (ружэйныя), станковыя і інш.; процітанкавыя і проціпяхотныя; гладкаствольныя і наразныя, з раздымнымі і складанымі стваламі. Ручныя прыстасаваны для стральбы з рук або сошак; вінтовачныя — для стральбы з вінтоўкі або аўтамата пераважна проціпяхотнымі вінтовачнымі гранатамі за кошт энергіі халастога або баявога патрона. Эфектыўная і прыцэльная далёкасць стральбы вінтовачных гранатамётаў адпаведна да 100 і 400 м, ручных да 500 і 1000 м, станковых да 1 і 2 км; калібр ручных гранатамётаў 30—112 мм, маса звычайна 8 кг; баявая скарастрэльнасць станковых да 100 стрэлаў за мінуту (такія гранатамёты могуць устанаўлівацца на танках, бронетранспарцёрах, баявых машынах пяхоты, верталётах, катэрах і інш.). Ручныя гранатамёты з’явіліся ў гады 2-й сусв. вайны: «Базука» (ЗША), фаустпатрон (аднаразовага дзеяння, Германія).

Ручны процітанкавы гранатамёт: 1 — ударна-спускавы механізм; 2,3 — механічны і аптычны прыцэлы; 4 — раструб.

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)