РУЖА́НСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай вобл. Цэнтр. — г.п. Ружаны. 12.10.1940 падзелены на 13 сельсаветаў. 8.1.1954 раён перададзены ў склад Гродзенскай вобл., 19.6.1954 зноў у Брэсцкай вобл. 25.12.1962 раён скасаваны, большая частка яго тэрыторыі перададзена ў Пружанскі раён, Дабрасельскі і Славаціцкі с/с — у Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобл.
т. 13, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́ТЫ ПА СПРА́ВАХ ЦА́РСТВА ПО́ЛЬСКАГА,
вышэйшыя дарадчыя органы пры рас. імператарах для выпрацоўкі дзярж. палітыкі ў дачыненні да Каралеўства Польскага (Царства Польскага) у 19 ст. 1) Засн. 29.8.1831 пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Быў таксама апошняй судовай інстанцыяй па справах аб удзельніках паўстання, у т. л. асуджаных Вярх. крымін. судом у Варшаве. З 1834 дзейнічаў нерэгулярна, скасаваны 21.11.1841. Старшыні: В.П.Качубей (1831—34), М.М.Навасільцаў (1834—38), І.В.Васільчыкаў (1838—41).
2) Засн. 8.3.1864 у сувязі з паўстаннем 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве; да 13.12.1866 дзейнічаў тайна. Рыхтаваў законапраекты, якія зацвярджаліся імператарам ці паступалі на абмеркаванне Дзярж. савета, па ўказанні імператара абмяркоўваў пытанні, якія датычыліся Царства Польскага. Скасаваны 10.6.1881. Старшыні: імператар Аляксандр II (1864—72), вял. князь Канстанцін Мікалаевіч (1872—81); фактычна гэтыя абавязкі выконвалі старшыні Кабінета міністраў П.П.Гагарын (1864—71), П.М.Ігнацьеў (1872—79), П.А.Валуеў (1879—81).
т. 7, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
дынастыя імператараў Візантыі ў 867—1056. Засн. Васілём I
[867—886] — выхадцам з сялян Македоніі (адсюль назва). Гал. прадстаўнікі: Канстанцін VII Багранародны [913—959],
Нікіфар II Фака [963—969], Іаан I Цымісхій [969—976], Васілій II Балгарабойца [976—1025]. Пры імператарах М.д. скасаваны рэформы перыяду Іканаборства, узаконена феад. залежнасць сялян, завершана фарміраванне цэнтр. бюракратычнага апарата, значна пашырана тэр. Візантыі (захоп Балгарыі ў 968—1018, б.ч. Сірыі ў 969—975 і інш.).
т. 9, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́ЛАВІЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Пл. 900 км². 366 нас. пунктаў (1946). Цэнтр — г.п. Дунілавічы. 12.10.1940 раён падзелены на 14 сельсаветаў: Ваўкалацкі, Варапаеўскі, Галбейскі, Гулідаўскі, Дунілавіцкі, Жуперскі, Заўлецкі, Казлоўшчынскі, Ласіцкі, Міхайлаўскі, Мосарскі, Сяргеевіцкі і Тузбіцкі. З 20.9.1944 раён у складзе Полацкай, з 3.8.1954 Маладзечанскай абласцей. 20.1.1960 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Глыбоцкага р-на.
т. 6, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1676—1832 у Віцебску. Засн. віцебскім ваяводам Я.А.Храпавіцкім. У 1685 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія і жылы корпус. Пасля пажару 1733 пабудаваны мураваныя касцёл і 3-павярховы жылы корпус у стылі позняга барока. У 1772 касцёл асвячоны біскупам-суфраганам беларускім Ф.Тавянскім. У 1832 кляштар скасаваны. У 1843 касцёл стаў парафіяльным, дзейнічаў да 1920-х г. (тады ж разбураны і будынкі).
А.А.Ярашэвіч.
т. 4, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕФІ́С (ад франц. bènèfice прыбытак, карысць),
спектакль, увесь збор ад якога (поўны бенефіс) ці частка яго (паўбенефіс) ідзе на карысць аднаго ці некалькіх акцёраў-бенефіцыянтаў (за вылікам расходаў на спектакль). Узніклі ў Францыі ў 1735. У Расіі ўвайшлі ў практыку з 1783 (да 1809 дазваляліся таксама драматургам і кампазітарам). У СССР у 1925 бенефіс скасаваны. На Беларусі вядомыя з сярэдзіны 19 ст. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі аднаўляцца.
т. 3, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАМО́РСКІ СУД,
судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.
т. 11, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1923—24. Утвораны 15.2.1923 у Віцебскай губ. РСФСР у выніку перайменавання Лепельскага пав. ў Бачэйкаўскі павет і далучэння да яго часткі скасаванага Сенненскага пав. Цэнтр — мяст. Бачэйкава. Уключаў 9 валасцей (Бешанковіцкая, Лепельская, Лукомская, Несінская, Ульянавіцкая, Ушацкая, Хоцінская, Чарэйская, Чашніцкая). З 3.3.1924 у складзе БССР. 20.6.1924 павет скасаваны: Лукомская і Чарэйская вол. перададзены ў Барысаўскі пав., Бешанковіцкая, Ульянавіцкая і Чашніцкая — у Віцебскі пав., астатнія воласці — у Полацкі пав.
т. 2, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-КІТА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1946 аб дружбе, гандлі і навігацыі.
Падпісаны 4.11.1946 у Нанкіне паміж ЗША і ўрадам Чан Кайшы. Фактычна нераўнапраўны дагавор меў на мэце замацаваць і пашырыць ролю амер. капіталу ў эканоміцы паўкалан. Кітая, забяспечыць манаполіям і грамадзянам ЗША усе правы, якімі карысталіся кіт. карпарацыі і грамадзяне; дэклараваў роўныя правы кітайцам у іх эканам. дзейнасці ў ЗША, што было не па сіле эканамічна слабаму Кітаю. Скасаваны ў 1949 пасля ўтварэння КНР.
т. 1, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т 1862—65,
спецыяльная дзярж. ўстанова, утвораная 2.10.1862 у Пецярбургу для распрацоўкі мерапрыемстваў па ліквідацыі нац.вызв. руху на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. У склад к-та ўваходзілі старшыня К-та міністраў кн. П.П.Гагарын (старшыня), шэф жандараў, міністры замежных спраў, ваенны, юстыцыі, унутр. спраў, фінансаў, нар. асветы, дзярж. маёмасці, обер-пракурор Сінода, у рабоце ўдзельнічалі віленскі і кіеўскі ген.-губернатары. Меў шырокія паўнамоцтвы. Скасаваны ў студз. 1865.
т. 7, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)