БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА (ад франц. billon нізкапробнае серабро),

разменная непаўнацэнная метал. манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАКА́НСКІЯ ГОРЫ, Ракхайн, Аракан-Йома,

горы на З п-ва Індакітай, у М’янме. Працягласць каля 800 км. Выш. да 3053 м (г. Вікторыя). Сярэдневышынныя складкава-глыбавыя горы, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Паралельныя мерыдыянальныя хрыбты з вострымі і стромкімі схіламі, падзеленыя эразійна-тэктанічнымі далінамі на Пн, пераходзяць на Пд у нізкагорныя ланцугі пакатых узвышшаў выш. 150—200 м. Складзены са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў, па перыферыі — з асадкавых парод. Карысныя выкапні: волава, вальфрам, свінец, золата, серабро, каштоўныя камяні. Наветраныя зах. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі вечназялёнымі лясамі, падветраныя ўсх. — мусоннымі лістападнымі, на выш. 1000 м і больш — вечназялёнымі дубовымі і хваёвымі лясамі.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛЬГА́МА (франц. amalgame ад грэч. malagma мяккая падкладка),

сплаў ртуці з інш. металам. У залежнасці ад суадносін ртуці і металу падзяляюцца на вадкія і цвёрдыя. Цвёрдыя пры награванні раскладаюцца на зыходныя кампаненты, вадкія застаюцца ўстойлівымі ў вял. інтэрвале тэмператур. Інертныя да агрэсіўных асяроддзяў, маюць добрыя цеплафіз. ўласцівасці. Утварэнне амальгамы адбываецца пры змочванні і дыфузіі ртуці ў метал. Кампаненты амальгамы ўтвараюць інтэрметал. злучэнні — меркурыды. Золата, серабро, волава лёгка сплаўляюцца з ртуццю, медзь — у здробненым стане ці пры награванні. Амальгамы — прамежкавыя рэчывы пры здабычы высакародных металаў з рудаў і канцэнтратаў; метад іх атрымання — амальгамацыя.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у т. л. англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.​Вашынгтона работы Г.​Сцюарта, 1796) і інш.

Літ.:

Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЭЛЫ́Н (Medellín),

горад на ПнЗ Калумбіі, у адгор’ях Цэнтр. Кардыльеры. Адм. ц. дэпартамента Анцьёкія. Засн. ў 1675. Каля 3,5 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Важны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр краіны. Цэнтр горназдабыўной (золата, серабро, плаціна, каменны вугаль) і тэкст. (каля 80 % прадукцыі галіны ў краіне) прам-сці. Развіты таксама чорная металургія, хім., гарбарна-абутковая, харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Цэнтр гандлю кавай. 5 ун-таў. Музеі. У 2-й пал. 20 ст. месца знаходжання адной з буйнейшых арг-цый калумбійскай наркамафіі, т.зв. медэльінскага картэля (знішчаны ў 1993).

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нейзі́льбер

(ням. Neusilber = новае серабро)

сплаў медзі з нікелем і цынкам, які вызначаецца стойкасцю да карозіі; выкарыстоўваецца для вырабу пасуды, медыцынскіх інструментаў, а таксама ў машынабудаванні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Парча́ ’тканіна са складаным узорам з шаўковай асновай і залатым або сярэбраным (або імітаваным пад золата ці серабро) узорам’. Рус., укр. парча́ ’тс’. У запазычаннях ст.-бел. м. не адзначаецца, таму, відаць, у бел. м. з рус. Лічыцца запазычаннем з тат. parča ’парча, узор’ (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 140, 232; Праабражэнскі, 2, 19). Паводле Гомбаца (RS, 7, 187), тут ст.-цюрк. аснова, што і ў кірг. barča ’шаўковая тканіна’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 210.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

precious

[ˈpreʃəs]

1.

adj.

1) кашто́ўны; бясцэ́нны

precious stones — кашто́ўныя камяні́

precious metals — высакаро́дныя мэта́лы о́лата, пла́ціна, серабро́)

2) ве́льмі дарагі́ (і пра асо́бу)

2.

adv., informal

ве́льмі

precious little money — ве́льмі ма́ла гро́шай

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда),

свінцовы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.

Галеніт.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТВА́ТЭРСРАНД (Witwatersrand),

золатаўраназмяшчальны басейн у ПАР (прав. Трансвааль і Аранжавая); буйнейшы ў свеце. Адкрыты і распрацоўваецца (здабыча золата) з 1886, з 1952 здабыча урану. Працягласць руданоснай плошчы каля 350 км, шыр. 200 км. Руданосныя ў асн. ніжнепратэразойскія асадкава-метамарфагенныя кангламераты. Агульныя запасы золата каля 16 тыс. т з сярэдняй колькасцю яго 9,3 г/т. Запасы вокісу урану 128 тыс. т, колькасць U3O8 0,02—0,04%. Як спадарожныя здабываюць таксама пірыт, мінералы групы осмістага ірыдыю, інш. плацінавыя металы і серабро. Глыбіня распрацоўкі ў сярэднім 1700 м, макс. 3660—3800 м (т-ра ў шахтах 50—52 °C). Цэнтры распрацовак Вітватэрсранда — г. Іаганесбург, Клерксдарп, Одэндалсрус, Велкам.

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)