ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],
папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам.дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б.інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫ́ЦЫІ (лац. patricii ад pater бацька),
у Старажытным Рыме першапачаткова ўсё карэннае насельніцтва, якое ўваходзіла ў родавую абшчыну і складала рым. народ (Populus Romanus Quiritium); супрацьстаяла плебеям. Пасля вылучэння з роду знатных патрыярхальных сем’яў — родавая арыстакратыя. З канца 6 ст. да н.э. — пануючы клас-саслоўе Рым. рэспублікі, мелі ўсе грамадз. і паліт. правы, у т. л. выключнае права карыстацца грамадскай зямлёй. Пасля ўключэння плебеяў у склад рым. народа і ўраўнавання іх у правах з П. (пач. 3 ст. да н.э.) вярхі П. і плебса зліліся і ўтварылі набілітэт. У эпоху імперыі ўзніклі новыя П., якія складалі прывілеяваную ч. сенатарскага саслоўя; у яго ўваходзілі вылучаныя імператарам ураджэнцы Італіі і правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДА́ЛЫ (лац. Vandali),
група старажытнагерманскіх плямён. Спачатку жылі на Скандынаўскім п-ве, у 1—3 ст. займалі раён сярэдняга і верхняга Одэра. На пач. 5 ст. пад націскам вестготаў перасяліліся ў Іспанію. У 429—439 адваявалі ў Рым. імперыі значную частку Паўн. Афрыкі, заснавалі тут сваё каралеўства — адну з самых моцных дзяржаў Міжземнамор’я. У 455 захапілі і разрабавалі Рым (адсюль вандалізм). У 534 дзяржава вандалаў заваявана Візантыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РЫ,
у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі божаствы — апекуны рым.грамадз. абшчыны ў цэлым, яе асобных абшчын, іх зямель і скрыжаванняў дарог, а пазней таксама і хатнія багі — душы продкаў кожнай рым. сям’і, што яе апекавалі. У іх гонар ствараліся алтары, у т. л. хатнія, і штогод наладжваліся святы. Сямейныя Л. лічыліся заступнікамі рабоў і вольнаадпушчанікаў, якія пераважна і абслугоўвалі іх культ у сем’ях сваіх гаспадароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЦЫО (Lazio),
адміністрацыйная вобласць у Цэнтр. Італіі, на Апенінскім п-ве. Уключае правінцыі: Вітэрба, Лаціна, Рыеты, Рым, Фразіноне. Пл. 17,2 тыс.км². Нас. больш за 5,3 млн.чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр г.Рым. Большая ч. тэрыторыі перадгор’і Цэнтр. Апенін (выш. да 2247 м), у сярэдняй — нізіна (Рым. Кампанія). Клімат міжземнаморскі. Ападкаў 500—1000 мм за год.
Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн. і радыёэлектронная), харч., паліграф., папяровая, буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейная, тэкст., галантарэйная, хім., нафтаперапр., гумавая. Вытв-сць сувеніраў, муз. інструментаў, цацак. Кінапрамысловасць. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 65%, пад лугамі і пашай 16%, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі насаджэннямі 15%. Вырошчваюць вінаград, пшаніцу, аліўкі, агародніну. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Міжнар. турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЯ́НІ ((Magnani) Ганна) (7.3.1908, Рым — 26.9.1973),
італьянская актрыса. Вучылася ў школе дэкламацыі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. У 1926 дэбютавала ў т-ры, у 1934 — у кіно. Вял. папулярнасць актрысы звязана з яркім увасабленнем вобразаў жанчын з народа ў фільмах 1940—50-х г.: «Тэрэза-Пятніца», «Рым — адкрыты горад», «Дэпутатка Анджэліна» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Мары на дарогах», «Самая прыгожая» і інш. Яе творчай манеры ўласціва паэтыка і іронія, напал пачуццяў, здольнасць да пераўвасаблення. У 1950-я г. здымалася ў Галівудзе (ЗША): «Татуіраваная ружа» (прэмія «Оскар» 1955), «Дзікі вецер» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1958). У 1960—70-я г. вылучылася выкананнем роляў у фільмах «Мама Рома», «Тайна Санта-Віторыі», «Рым» (рэж. Ф.Феліні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,
кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЕЎ (Алег Мікалаевіч) (20.5.1936, Мінск — 23.8.1978),
бел. спартсмен (грэка-рым. барацьба, паўлёгкая вага). Засл. майстар спорту СССР (1958). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1965). З 1971 трэнер ДСТ «Буравеснік» (Мінск). Чэмпіён Алімп. гульняў (1960, Рым), свету (1958, Будапешт; 1961, г. Іакагама, Японія), СССР (1956—60, 1962), Спартакіяды народаў СССР (1956, 1959) у асабістым першынстве. Чэмпіён СССР у камандным першынстве (1960). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛІ́НІ (Cavallini; сапр.дэі Чэроні; dei Cerroni) П’етра
(каля 1250, Рым — каля 1350),
італьянскі жывапісец. Прадстаўнік Протарэнесансу. Як мастак склаўся пад уздзеяннем візант. традыцыі, але не падпарадкоўваўся яе канонам, імкнуўся аднавіць высокія формы познаантычнага і сярэдневяковага рым. жывапісу. Быў знаёмы з Чымабуэ і Джота ды Бандоне, што абумовіла іх узаемаўплыў. Творам К. (мазаіка ў царкве Санта-Марыя ін Трастэверэ, каля 1291, і манум. кампазіцыя «Страшны суд» з яго фрэсак у царкве Санта-Чэчылія ін Транстэверэ, каля 1293, абедзве ў Рыме) уласціва выкарыстанне святлоценявой мадэліроўкі, што дае эфект рэльефнасці выявы (праз рэзкі і глыбокі цень), прасторавасць асяроддзя і тонкіх градацый колеру. Зрабіў уплыў на развіццё рым., неапалітанскай і умбрыйскай школ жывапісу 14 ст.
І.М.Каранеўская.
П.Каваліні. Мазаіка «Благавешчанне» ў царкве Санта-Марыя ін Транстэверэ ў Рыме. Каля 1291.