род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).
Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГО́НЫ, гвалты,
адработачная феад. павіннасць сялян, часткова мяшчан у ВКЛ у 15—18 ст.; найб.ранняя форма працоўнай павіннасці. З устанаўленнем у 16 ст. штотыднёвай паншчыны З. праводзіліся для тэрміновых с.-г. работ звыш цягла. Падзяляліся на вялікія (зганялі ўсіх працаздольных) і малыя (1—2 работнікі з гаспадаркі на ворыва і сяўбу), на конныя і пешыя. У адрозненне ад паншчыны на З. прымушаліся працаздольныя з кожнай сям’і, нават кутнікі, якія не мелі зямлі і двара. Колькасць З. залежала ад плошчы панскай ворнай зямлі і патрэб у дадатковай рабочай сіле. З часам колькасць іх павялічвалася. У 2-й пал. 18 ст. найчасцей праводзілася 12 З. у год. У залежнасці ад відаў работ З. мелі назву шарваркі, талокі, работы з разавым пачастункам — абжынкі. У балансе рабочай сілы фальварковай гаспадаркі З. мелі значную ўдзельную вагу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) пра грамадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял.Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЛІНСКІ РУ́КАПІС,
лацінскі зборнік 2-й пал. 13 ст. Уключае розныя творы на лац. мове; вершы, пропаведзі, дыдактычныя трактаты, запавет св. Францыска, прароцтвы Іахіма Флорскага, кароткі ірландскі летапіс, даведзены да 1174, і інш. У пачатку змешчана «Апісанне зямель» — невял. геагр. трактат 3-й чвэрці 13 ст. невядомага аўтара, каталіцкага місіянера, які прапаведаваў у Прыбалтыцы сярод язычнікаў у часы Міндоўга. У ім даецца кароткае геагр. апісанне тагачаснай Еўропы, месцазнаходжанне розных краін, зямель і інш. Трактат — храналагічна самая ранняягіст. крыніца, у якой упершыню згадваецца Белая Русь (Alba Russia). Паводле кантэксту твора, аўтар меў на ўвазе сумежную з Літвой і Латгаліяй зах. частку тагачаснай Русі, г. зн. тэр. сучаснай Усх. Беларусі. Помнік адкрыў і ўпершыню апублікаваў у арыгінале амер. вучоны М.Колкер. Захоўваецца ў б-цы Англіканскага ун-та ў Дубліне (Ірландыя). Бел. пераклад апублікаваны ў час. «Спадчына» (1993, № 6).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́НЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя сінтакс. адзінкі, якія маюць форму слова ці словазлучэння і развіваюць структурную аснову (прэдыкатыўнае ядро) сказа. Знаходзяцца ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа або інш. членамі сказа і ўдакладняюць, дапаўняюць ці паясняюць іх. У сказе яны рэалізуюць і абагульняюць атрыбутыўныя, аб’ектыўныя і акалічнасныя адносіны. У залежнасці ад характару гэтых адносін Д.ч.с. ў бел. мове па традыцыі падзяляюцца на азначэнні («Настала ранняя вясна»), дапаўненні («Вецер калыша збажыну») і акалічнасці («У нагах трава нізка сцелецца»).
У бел. мове адзін і той жа Д.ч.с. можа сумяшчаць у сабе атрыбутыўнае і аб’ектыўнае або атрыбутыўнае і акалічнаснае ці аб’ектнае і акалічнаснае значэнні, а г.зн., што паміж названымі Д.ч.с. не існуе выразнай мяжы. Традыц. класіфікацыя іх некалькі схематычная, не зусім дакладная, бо не ўлічвае пераходных з’яў паміж Д.ч.с. і той ролі, якую кожны з іх адыгрывае ў структурнай арганізацыі сказа. Вядуцца пошукі больш дакладнай класіфікацыі Д.ч.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ, ведыйская рэлігія,
сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГНО́СТЫКА (ад грэч. diagnōstikos здольны распазнаваць),
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае метады і прынцыпы распазнавання хваробы, пастаноўкі дыягназу, назначэння лячэння і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Уключае 3 асн. раздзелы: семіётыку (вывучае сімптомы хваробы), метады дыягнастычнага абследавання хворага (дыягнастычную тэхніку), метадалагічныя асновы, якія вызначаюць тэорыю і метады дыягназу. Пры Д. нараўне з анамнезам, мед. аглядам аўскультацыяй, пальпацыяй, перкусіяй выкарыстоўваюць удасканаленыя тэхн. сродкі і метады — ангіяграфію, камп’ютэрную тамаграфію, рэнтгенаграфію, фонакардыяграфію, электракардыяграфію, электраэнцэфалаграфію, эндаскапію, радыеізатопную і ультрагукавую Д. і інш. З дапамогай эндаскапічных, рэнтгеналагічных, ультрагукавых метадаў даследавання, лапараскапіі праводзяць Д. захворванняў гінекалагічнага профілю. Ультрагук выкарыстоўваюць у акушэрстве для прэнатальнай Д. (дае магчымасць удакладніць стан плода, плацэнты, правесці Д. заган развіцця плода). Д. неабходная пры даследаванні нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, касцявой, мочавыдзяляльнай сістэм, органаў стрававання. Найб. важная ранняя Д. захворванняў, зыход якіх залежыць ад своечасовасці лячэння (напр., раку, туберкулёзу). Адным са шляхоў ранняй Д. з’яўляецца дыспансернае абследаванне практычна здаровых людзей. Гл. таксама Дыспансерызацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДУ́ЧЫ ((Carducci) Джазуэ) (27.7.1835, Валь-ды-Кастэла, Італія — 16.2.1907),
італьянскі паэт. Скончыў Пізанскую вышэйшую школу. З 1860 праф. Балонскага ун-та. Друкаваўся з 1850. Ранняя творчасць прасякнута ідэаламі Рысарджымента (зб. «Юнацкія вершы», 1850—60, і інш.). Антырамантык, прыхільнік класіцызму ў яго рэаліст. выявах. У сваіх творах супрацьпастаўляў пасрэднасць тагачаснага жыцця ант. доблесці, усхваляў «свабодную думку», выступаў за ўз’яднанне Італіі, супраць клерыкалізму (паэма «Гімн Сатане», 1863; зб-кі «Лёгкае і сур’ёзнае», 1861—71, «Ямбы і эподы», нап. 1867—79, выд. 1882). Яго паэзія ў маст. плане блізкая паэзіі франц. групы «Парнас» сваёй пластычнасцю, гіст. апісаннем, натуральнасцю пейзажу (зб-кі «Новыя рыфмы», 1861—87; «Варварскія оды», 1878—89). У пазнейшай творчасці адчуваецца збліжэнне з познім рамантызмам (зб. «Рыфмы і рытмы», 1887—99). Паўплываў на італьян. паэзію канца 19 ст. Аўтар арт. пра Дантэ, Ф.Петрарку, Дж.Бакачыо. Нобелеўская прэмія 1906.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМА́НАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 2.3.1935, г. Аляксандраўск-Сахалінскі Сахалінскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Ленінградскі ваен.ін-т фізкультуры і спорту (1960), Бел. тэатр.маст. ін-т (1967, вучань А.Кішчанкі). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве і жывапісе. Асн. творы: дэкар.метал. сцены «Лясныя прыгажуні» і «Падводнае царства» для кінатэатра «Піянер» (1965), манум.-дэкар. рэльефы «Беларускае вяселле» і «Раніца» для рэстарана «Журавінка» (1968, усе ў Мінску), «Брэст — 41-ы год» для шпіталя ў пас. Бараўляны Мінскага р-на (1969); аформіў санаторый «Сосны» на воз. Нарач (1973—74), шэраг устаноў у г. Наваполацк Віцебскай вобл. і інш. У творчасці пераважаюць тэмы гісторыі рас. і сав. армій: 12 рэльефаў «Памром, але з крэпасці не пойдзем» (1985), манум.-жывапісная работа «Рассеяныя, але сувязі не страцілі» для Музея воінскай доблесці ў Маскве (1992). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа («Вясеннія ручаі», «Яблыні цвітуць», «Стары млын», «Вясна ранняя», «У дзень нараджэння», «Аксакаўшчына», «Рака Іслачка» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЙ (Леў Аляксандравіч) (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),
рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.Гейнэ, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, П.Беранжэ, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Анакрэонта, Т.Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.Глінкай, П.Чайкоўскім, А.Барадзіным, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш.