МАХ ((Mach) Эрнст) (18.2.1838, Туржані, Чэхія — 19.2.1916),

аўстрыйскі філосаф, фізік, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму (махізму). Скончыў Венскі ун-т. З 1864 праф. у Грацы, з 1867 праф. і рэктар ням. ун-та ў Празе, у 1895—1901 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па механіцы, газавай дынаміцы, фізіял. акустыцы, оптыцы. Адкрыў і даследаваў ударныя хвалі. У галіне філасофіі зыходзіў з таго, што свет ёсць «комплекс адчуванняў», а самі адчуванні атаясамліваюцца ім з нейтральнымі «элементамі свету». У залежнасці ад пункта погляду суб’екта яны здольныя выступаць як псіхічныя або фіз. з’явы. Адмаўляў н’ютанаўскія ўяўленні пра абс. прастору, рух, час і вытлумачыў іх у рэлятывісцкім сэнсе, выкарыстоўваючы паняцце сістэмы адліку; заняў пры гэтым суб’ектыўна-ідэаліст. пазіцыю. Суб’ектыўна-ідэаліст. існасць яго вучэння праявілася і ў распрацаваным метадалагічным прынцыпе «эканоміі мыслення» і чыстага апісання ў тэорыі пазнання. Ідэі М. распаўсюдзіліся ў Еўропе. М. крытыкавалі Г.​В.​Пляханаў і У.​І.​Ленін.

Тв.:

Рус. пер. — Анализ ощущений и отношение физического к психическому. 2 изд. М., 1908;

Механика: Ист.-критич. очерк. ее развития. СПб.,1909;

Познание и заблуждение. М., 1909;

Философское и естественно-научное мышление // Новые идеи в философии. СПб., 1912. Сб. 1.

Т.​Л.​Адула.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАШЫ́ЦКІ (Ptaszycki),

Станіслаў Людвік (Станіслаў Львовіч; 12.4.1853, с. Кузава Маскоўскай вобл. — 20.12.1933), польскі гісторык, архівіст, філолаг. Чл. Польскай АН у Кракаве (1931), канд. гіст.-філал. н. (1877), ганаровы праф. (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1877). Працаваў ва ун-це, архідыяцэзнай семінарыі і гімназіях у Пецярбургу. У 1884—87 метрыкант «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. У 1887 апублікаваў «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». З 1896 дацэнт Пецярбургскага ун-та, з 1899 выкладчык, праф. Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Ў 1918—19, 1921—26 дырэктар Дзярж. архіва ў Любліне, адначасова праф. Люблінскага каталіцкага ун-та, у 1919—21 дэкан філас. ф-та Віленскага ун-та. Удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 1926—31 дырэктар Дзярж. архіваў Польшчы. Ініцыятар выдання і рэдактар (1927—32) час. «Archeion» («Археён»). Вывучаў л-ру 16 ст., гісторыю і права ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га т. «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), дзе апублікаваны бел.-літ. летапісы. Выявіў і апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907), выдаў попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 (1915). У нясвіжскай б-цы Радзівілаў выявіў рукапіс твора М.​Стрыйкоўскага «Аб пачатках літоўскага народу».

А.​А.​Семянчук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦАРО́ВІЧ ((Balcerowicz) Лешак) (н. 19.1.1947),

польскі дзярж. дзеяч, эканаміст. З 1970 выкладчык, з 1992 праф. Гал. гандлёвай школы ў Варшаве. У 1989—91 віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў. Аўтар праграмы стабілізацыі гаспадаркі і перабудовы эканам. сістэмы Польшчы (план Бальцаровіча).

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРЫЕ́С ((Vendryes) Жазеф) (13.1.1875, Парыж — 30.1.1960),

французскі мовазнавец. Праф. Сарбоны (1907). Чл. Акадэміі надпісаў і л-ры (у Парыжы), 7 еўрап. акадэмій. Распрацоўваў праблемы агульнага і індаеўрап. мовазнаўства; прыхільнік т.зв. сацыялагічнай школы ў мовазнаўстве («Мова», 1921). Даследаваў класічныя і кельцкія мовы.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ХАРАЎ (Сямён Раманавіч) (18.7.1920, в. Капані Кіраўскай вобл., Расія — 30.10.1976),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1971). Скончыў Мінскі юрыд. Ін-т (1950). З 1954 у БДУ (1972—76 в а. праф. юрыд. ф-та). Працы па праблемах сав. дзярж. права.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗО́РАЦ (Юлія Львоўна) (5.5.1912, г. Умань, Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1969). Скончыла Адэскі мед. ін-т (1938). У 1954—73 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па праблемах эндакрыналогіі, рэўматалогіі і гепаталогіі.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБРЫ́ЦКІ (Іван Васілевіч) (17.2.1898, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 25.11.1963),

бел. геадэзіст. Праф. (1960). Скончыў БСГА (1929). З 1930 працаваў у ёй. Распрацаваў і тэарэтычна абгрунтаваў метад чатырохвугольнікаў без дыяганалей для стварэння геад. сетак, які выкарыстоўваецца пры землеўпарадкаванні і планіроўцы гарадоў.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ДАМЕР ((Gadamer) Ганс Георг) (н. 11.2.1900, г. Марбург, Германія),

нямецкі філосаф, заснавальнік філас. герменеўтыкі. Скончыў Марбургскі ун-т (1922). З 1932 праф. філасофіі ў Лейпцыгу, у 1946—47 рэктар Лейпцыгскага ун-та, з 1949 праф. філасофіі ў Гайдэльбергу. У асн. працы «Ісціна і метад» (1960) абгрунтаваў канцэпцыю філас. герменеўтыкі, якую разглядаў не проста як метад гуманіт. навук. а як своеасаблівую анталогію, свайго роду філасофію разумення, што ўключала ўсю сукупнасць чалавечых ведаў пра свет і быццё. Выступаў супраць неапазітывісцкага, рацыянальнага метаду пазнання сац. з’яў і лічыў неабходным перайсці «ад навукі да свету жыцця». Ісціну не можа пазнаваць і абвяшчаць нехта адзін, толькі дыялог дапамагае прыйсці да яе.

Тв.:

Рус. пер. — Истина и метод. М., 1988;

Актуальность прекрасного. М., 1991.

Т.​І.​Адула.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЖЧЫЦ (Друшчыц) Васіль Данілавіч

(8.2.1886, в. Першамайская Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.12.1937),

бел. гісторык. Скончыў Тартускі ун-т (1911). Выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўляі, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у працы Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. З 1922 выкладчык, з 1927 праф. БДУ, адначасова з 1924 правадз. член Інбелкульта, з 1927 старшыня камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. З 1933 супрацоўнік Ін-та гісторыі Бел. АН, праф. кафедры гісторыі народаў СССР Літ. ін-та імя А.​І.​Герцэна (Масква). 14.1.1937 арыштаваны, 19.12.1937 асуджаны ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Даследаваў гісторыю Беларусі эпохі феадалізму, у т. л. магдэбургскае права ў бел. гарадах 15—18 ст., гісторыю кнігадрукавання.

В.Д.Дружчыц.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁТЭР ((Noether) Амалі Эмі) (23.3.1882, г. Эрланген, Германія — 14.4.1935),

нямецкі матэматык, адна з заснавальнікаў абстрактнай алгебры. Скончыла Эрлангенскі ун-т (1902), дзе першай з жанчын Германіі атрымала ступень д-ра навук (1907). У 1922—33 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1928—29 выкладала ў Маскоўскім ун-це. З 1933 праф. жаночага каледжа ў г. Брын-Мор (ЗША). Навук. працы па алгебры (тэорыі ідэалаў, гіперкамплексных сістэм, дыферэнцыяльных інварыянтаў і інш.). Увяла паняцце групы з аператарамі, даказала тэарэму аб гомеамарфізмах і ізамарфізмах, развіла агульную тэорыю выключэння і тэорыю алгебраічных мнагастайнасцей. Сфармулявала адну з фундаментальных тэарэм тэарэт. фізікі (гл. Нётэр тэарэма).

Літ.:

Вейль Г. Математическое мышление: Сб.: Пер. с англ. и нем. М., 1989. С. 274—292.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Нётэр.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)