ДРУКА́РНЯ,

паліграфічнае прамысловае прадпрыемства, якое выпускае разнастайную друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы, брашуры, бланкі, ноты і інш.). На Беларусі ў залежнасці ад формы дзярж. ўласнасці існуюць Д. дзярж. (рэспубліканскія, абласныя, раённыя) і недзяржаўныя. Для забеспячэння тэхнал. працэсу Д. найчасцей маюць цэхі (наборны, формны, друкарскі, брашуровачна-пераплётны), дапаможныя службы (рамонтна-мех. цэх, падрыхтоўкі паперы), лабараторыі, складскія памяшканні і інш. У сучасных Д. найб. пашыраны афсетны друк.

Заснавальнікам першай прыватнай Д. ў Еўропе (1438) быў ням. вынаходнік друку І.Гутэнберг. Першай дзярж. Д. быў Друкарскі двор у Маскве (каля 1563).

Першая Д. на Беларусі заснавана Ф.​Скарынай каля 1520 у сталіцы ВКЛ Вільні. На тэр. сучаснай Беларусі першая Д. засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. Найбольшыя ў 16—17 ст. Брэсцкія друкарні, Нясвіжская друкарня, Еўінская друкарня, Д.​Мамонічаў. У 2-й пал. 18 ст. працавалі Д. Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія. На пач. 20 ст. налічвалася 123 Д. і літаграфічныя прадпрыемствы.

На 1.1.1997 у Беларусі 341 Д., у т. л. 135 дзяржаўных. Найбольшыя з іх: Вытворча-паліграфічнае прадпрыемства імя Я.​Коласа, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі Дом друку.

А.​Л.​Раковіч.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фі́рма

(іт. fîrma = подпіс)

1) прамысловае ці гандлёвае прадпрыемства, якое мае права юрыдычнай асобы і ставіць перад сабой камерцыйныя мэты;

2) вытворчае аб’яднанне сумежных прадпрыемстваў (напр. гандлёвая ф.);

3) перан. знешні выгляд, прыкрыцце чаго-н.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

планта́цыя

(п.-лац. plantatio = пасадка раслін)

1) вялікі ўчастак зямлі, заняты пад сельскагаспадарчую культуру, якая мае прамысловае ці гандлёвае значэнне (напр. чайная п.);

2) буйная земляробчая гаспадарка ў многіх краінах, якая спецыялізуецца на якой-н. культуры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ша́хта

(ням. Schacht)

1) горна-прамысловае прадпрыемства, якое вядзе здабычу карысных выкапняў падземным спосабам;

2) месца здабычы карысных выкапняў, а таксама правядзення якіх-н. падземных работ;

3) вертыкальная падоўжаная поласць у некаторых канструкцыях (напр. ліфтавая ш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

камбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

1. Вялікае прамысловае прадпрыемства, якое аб’ядноўвае некалькі прадпрыемстваў, звязаных паміж сабой тэхналагічным працэсам або адміністрацыйна. Хімічны камбінат. Металургічны камбінат. Цэлюлозна-папяровы камбінат. // Аб’яднанне некалькіх прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці або прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Раённы прамысловы камбінат. Камбінат бытавых паслуг.

2. Адна з форм капіталістычнай манаполіі — аб’яднанне розных прадпрыемстваў з мэтай вядзення канкурэнтнай барацьбы.

3. Аб’яднанне навучальна-выхаваўчых устаноў розных ступеней (напрыклад, інстытута і тэхнікума, дзіцячых яслей і сада) пры заводах, прадпрыемствах. Вучэбны камбінат.

[Ад лац. combinatus — злучаны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заво́д

1. Прамысловае прадпрыемства, фабрыка (БРС).

2. Месца, дзе стаіць печ для выпальвання цэглы, выганкі дзёгцю (Слаўг.).

3. Месца, дзе стаяць вуллі; пчальнік (Нас.).

4. Гаспадарчая ўстанова (Нас. АУ).

ур. Завод (поле на месцы жалезаробчага завода, 1783) каля в. Віравая Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

майстэ́рня, ‑і, ж.

1. Прадпрыемства па рамонту або вырабу чаго‑н., а таксама памяшканне такога прадпрыемства. Зранку пасля праверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас. Нездарма пані Пшысецкая прапанавала .. [Насі] пайсці швачкай у яе майстэрню. Васілевіч.

2. звычайна мн. (майстэ́рні, ‑яў). Прамысловае прадпрыемства, якое займаецца галоўным чынам рамонтнымі работамі. Рамонтныя чыгуначныя майстэрні. □ Выступаць перад людзьмі .. [Сяргей] навучыўся ў арміі, робячы палітінфармацыю ў артылерыйскіх майстэрнях, дзе ён быў між майстроў маладзейшы за ўсіх. Грамовіч.

3. Аддзел цэха ці завода. Інструментальная майстэрня.

4. Памяшканне для работы мастака, скульптара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слабада́1 гіст. ‘у XI–XVI стст. сяліба вольных людзей, прадмесце’, ‘вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’; памянш. слабо́дка (ТСБМ, Ласт.), ‘гаспадарчае пасяленне сялян, вызваленых ад прыгону, на пэўнай адлегласці ад сяла’ (Пятк. 2). Укр., рус. слобода́, ст.-рус. свобода, слобода ‘тс’, ст.-польск. sloboda ‘невялікі пасёлак, пасяленне сялян’, гл. слабода. Трубачоў (История терм., 170) першаснае тэрміналагічнае значэнне дэфінуе як ‘сумесна жывучая роднасная група’ (гл. свабода), якое потым зазнала значныя змены. У рус., бел., укр. формах з націскам на канцы ён адзначае старажытную інтанацыйную асаблівасць, характэрную для зборных дэрыватаў. Карскі (1, 145) пры серб. слобо́да ‘свабода’ лічыць канцавы націск у слове заканамерным.

Слабада́2 ‘агульная назва скаціны’ (Арх. Федар.; пруж., івац., ДАБМ, камент., 887), ‘статак кароў’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з слабы (гл.) з суф. ‑oda, які яшчэ праславянскі (гл. Слаўскі, SP, 1, 63); семантычная паралель у худоба (гл.) ад худы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

предприя́тие ср.

1. прадпрые́мства, -ва ср.;

промы́шленное предприя́тие прамысло́вае прадпрые́мства;

2. (дело) спра́ва, -вы ж.; (начинание) пачына́нне, -ння ср.; (мера) за́хад, -ду м., ме́ра, -ры ж.; (афера) афёра, -ры ж., афе́ра, -ры ж.;

риско́ванное предприя́тие рызыко́ўная спра́ва;

сме́лое предприя́тие сме́лая спра́ва (сме́лае пачына́нне).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

будаўні́цтва, ‑а, н.

1. Узвядзенне будынка або якога‑н. іншага збудавання. Будаўніцтва завода, школы.

2. Будаўнічы аб’ект. Паехаць на будаўніцтва. □ На будаўніцтва Сілевіцкай ДРЭС Наташа трапіла ў сярэдзіне жніўня. Краўчанка.

3. Развіццё народнай гаспадаркі і культуры шляхам будавання новых вытворчых прадпрыемстваў і аб’ектаў культуры. Прамысловае будаўніцтва. Калгаснае будаўніцтва. Культурнае будаўніцтва. Капітальнае будаўніцтва. Зялёнае будаўніцтва. Тэмпы будаўніцтва. □ Вытворчая брыгада, якая нарадзілася яшчэ на заранку калгаснага будаўніцтва, і да гэтага часу застаецца асноўным звяном гаспадарання. Машэраў.

4. Стварэнне, арганізацыя новых гаспадарчых і культурных умоў жыцця. Сацыялістычнае будаўніцтва. Будаўніцтва камунізма. □ Зроблена ўсё магчымае для забеспячэння ўмоў мірнага будаўніцтва ў нашай краіне і ў брацкіх краінах сацыялізма, для міру і бяспекі ўсіх народаў. Брэжнеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)