АДЭНАМАТО́З ЛЁГКІХ (ад адэнома + ...оз),

хранічная вірусная хвароба жывёл. Характарызуецца развіццём шматлікіх залозападобных разрастанняў у лёгачнай парэнхіме. Пашырана амаль ва ўсіх краінах свету, адзначаецца і на Беларусі. Хварэюць авечкі, козы, менш каровы, коні, сабакі, мышы, некаторыя рыбы. Узбуджальнік — рэтравірус тыпу С. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Лятальнасць ад 50 да 80%.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАСМІ́ЗМ (ад a... + грэч. kosmos Сусвет),

філасофскае і рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе погляды аб нікчэмнасці свету. У найб. чыстым выглядзе сустракаецца ў класічнай інд. філасофіі (гл. Веданта), пашырана і ў хрысціянстве. Гегель называў акасмізмам пантэізм Спінозы, паколькі бог у ім ёсць адзіная вечная і бясконцая субстанцыя, усё астатняе — часовае, неістотнае. Акасмізмам наз. таксама спірытуалізм, які адмаўляе рэальнасць навакольнага свету.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАТА́РА [санскр. літар. сыходжанне, сашэсце (Бога)],

у індуізме ўвасабленне бога Вішну ў вобразах інш. багоў, людзей або жывёл. Звязана з верай у перасяленне душы, пашырана з 4—6 ст. н.э. У міфах найб. вядомы 10 аватараў Вішну (у т. л. ў выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка), якія здзяйсняюць подзвігі на зямлі. У будызме аватара — наогул увасабленне бажаства.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЯ,

1) падатак з сялян ВКЛ у 15—18 ст. на карысць землеўладальніка, які забіраў чацвёртую частку (долю) ураджаю. У 16—18 ст. пашырана на Бел. Падзвінні. Выконвалі гэту павіннасць сяляне — дольнікі. У канцы 18 ст. Д. заменена чыншам або паншчынай.

2) Руская мера вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Д. = ​1/96 залатніка = 0,0444 г.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕ́РБАЛА (ад грэч. hyperbolē перабольшанне),

мастацкі прыём, заснаваны на рэзкім перабольшанні асобных рыс чалавечага характару, уласцівасцей прадмета ці з’явы з мэтай завастрыць на іх увагу чытача. Пашырана ў фальклоры, асабліва ў казках і легендах. Гіпербалу часта выкарыстоўваюць у творах рамантычнай л-ры з мэтай стварэння незвычайных характараў і падзей, узмацнення іх маст. выразнасці. Процілеглы гіпербале стылістычны прыём — літота.

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКЛА́ДНІКІ,

цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛКА́Н (Scophthalmus maeoticus),

рыба сям. ромбавых атр. камбалападобных. Пашырана ў Чорным, Азоўскім, Адрыятычным і ўсх. ч. Міжземнага мора, заходзіць у вусці рэк Дняпро і Днестр. Жыве на глыбінях да 100 м.

Даўж. да 1 м, маса да 15 кг. На целе вял. касцяныя шыпы. Плоднасць да 13 млн. ікрынак. Корм — рыба і ракі. Прамысл. рыба.

Калкан.

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАХРЭ́ЗА (ад грэч. katachrēsis злоўжыванне),

спалучэнне несумяшчальных у сваім асн. значэнні слоў, паняццяў, выразаў, якое стварае своеасаблівае сэнсавае адзінства. Пашырана ў гутарковай мове, найб. у фразеалагізмах: «языком малоць», «зубы на сонцы грэць», «ветрам падшыты» і інш. Вядома ў бел. вусна-паэт. творчасці. У л-ры ўзбагачае маст. выразнасць тропаў, надае ім эфект эмацыянальнай нечаканасці і навізны. Гл. таксама Аксімаран.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТЫЯ (Costia necatrix),

прасцейшае з сям. Bodonidae класа жгуцікавых. Пашырана ўсюды.

Даўж. 6—20 мкм, шыр. 3—10 мкм. Форма цела кроплепадобная, 4 жгуцікі рознай даўжыні. Паразіт на шчэлепах і скуры рыб, асабліва малявак. Выклікае цяжкае інфекц. захворванне — кастыёз (кастыязіс, «блакітна хвароба»). Размнажаецца простым дзяленнем У неспрыяльных умовах утварае цысты.

Костыя: 1 — від з брушнога боку; 2 — від збоку.

т. 8, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ СКУЛЬПТУ́РА, геапластыка,

пластычная апрацоўка рэльефу мясцовасці, пры якой ён набывае скульпт. формы. У Л.с. вызначаюць эстэтызацыю прыродных форм рэльефу дадзенай мясцовасці з свядомай падкрэсленасцю найб. характэрных маляўнічых асаблівасцей ландшафту. Дазваляе фарміраваць рэльеф штучна, утвараць насыпныя ўзгоркі, тэрасы, схілы і інш. Пашырана ў многіх краінах Еўропы, ЗША і інш. Гл. таксама Ландшафтны дызайн.

А.​В.​Сычова.

Ландшафтная скульптура.

т. 9, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)