ГРО́ДЗЕНСКАЕ СТАРО́СТВА,

дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 2-й пал. 15—16 ст. Уваходзіла ў Трокскае ваяв. і займала большую (цэнтр., усх. і паўд.) частку Гродзенскага пав. з велікакняжацкім г. Гродна, мястэчкамі Адэльск, Азёры, Крынкі, Масты, Новы Двор, Ожа, Пералом, Скідзель і інш., вёскамі Верцялішкі, Гарадніца, Краснік, Салаты і інш. Давалася ў часовае карыстанне феадалам за службу. Гродзенскае староства было «гродавым»: староста выконваў судова-адм. функцыі ў Гродзенскім пав. і ўзначальваў гродскі (замкавы) суд у Гродзенскім замку. На каранацыйным сейме Рэчы Паспалітай 1588 пераўтворана ў Гродзенскую эканомію, але «гродавае» староства з судовымі функцыямі захоўвалася да 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795).

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫКАВЫ АРТЫ́КУЛЫ (лац. Articuli Henriciani),

акт аб абмежаванні вярхоўнай улады манарха ў Рэчы Паспалітай сеймам, прыняты ў 1574 пры абранні каралём і вял. князем Генрыка Валезы (гл. ў арт. Генрых, франц. каралі). Складаўся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль абавязваўся правіць разам з радай (18 чал. з сенатараў) без спадчыннага замацавання трона, склікаць сеймы праз 2 гады, без аднагалоснай згоды сейма не заключаць мір і не аб’яўляць вайну, не склікаць шляхецкае апалчэнне — паспалітае рушэнне, не ўводзіць новых падаткаў. Шляхце давалася права адмаўляцца ад паслушэнства каралю пры парушэнні ім Генрыкавых артыкулаў. Без змен Генрыкавы артыкулы пацвярджаліся наступнымі каралямі пры іх абранні на трон Рэчы Паспалітай.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ВІЧ Платон Мікалаевіч (26.9.1857, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 30.11.1919),

бел. гісторык. Чл.-кар. Расійскай АН (1918). Праф. (1894), Д-р царк. гісторыі (1901). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1881). Выкладаў у Полацкім духоўным вучылішчы, у Вільні, з 1891 у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1918 уваходзіў у Беларускае вольна-эканамічнае таварыства ў Петраградзе. Даследаваў рэліг. адносіны ў Рэчы Паспалітай, палітыку Расіі на Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Тв.:

Кардинал Гозий и польская церковь его времени. СПб., 1882;

Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.). СПб., 1897;

Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—02.

В.​В.​Грыгор’ева.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́РАЎСКІ ДАГАВО́Р 1649 паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і каралём Рэчы Паспалітай Янам Казімірам у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Заключаны 18 жн. ў г. Збораў (Украіна) пасля пераможнай для Хмяльніцкага Збораўскай бітвы. Паводле З.д. захоўваліся вольнасці запарожскага войска, колькасць укр. казакоў на каралеўскай службе вызначалася ў 40 тыс., абвяшчалася амністыя ўдзельнікам вайны, улада ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Брацлаўскім ваяв. перадавалася ўкр. гетману, шляхце вярталіся ўсе яе маёнткі на Украіне. Аднак З.д. не задавальняў ні казакоў, ні шляхту і не быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай. У пач. 1651 баявыя дзеянні аднавіліся.

Літ.:

Голобуцкия В.А. Дипломатическая истории освободительной войны украинского народа 1648—1654. Киев, 1962.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІСЛА́Ў IV Ваза

(9.6.1565, в. Лобзаў каля Кракава, Польшча — 20.5.1648),

кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1632—48], тытулярны цар маскоўскі і ўсяе Русі [1610—34], тытулярны кароль шведскі [1632—48]. Сын караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта III Вазы. У пачатку вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 у час распаду Тушынскага лагера і ўцёкаў Ілжэдзмітрыя II баяры і дваране тушынцы 14.2.1610 заключылі з Жыгімонтам III дагавор пра абранне яго сына царом. 2-і падобны дагавор заключыла ў жн. 1610 «сямібаяршчына». Жыгімонт III не адпусціў у Маскву сына, а ў 1612 той бы фармальна дэтранізаваны. У 1617—18 У. IV узначаліў няўдалы паход на Маскву. Удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай з Турцыяй (1621) і Швецыяй (1626—29). Пасля смерці Жыгімонта III на элекцыйным сойме 8.11.1632 У. IV абраны каралём польскім і вял. князем ВКЛ. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 паводле Палянаўскага міру 1634 У. IV адмовіўся ад тытула цара. У. IV праводзіў талерантную палітыку ў дачыненні да правасл. царквы Рэчы Паспалітай. У 1632 легалізаваў правасл. іерархію на чале з кіеўскім мітрапалітам. Казацкія паўстанні на Украіне жорстка падаўляліся. У. IV, як і бацька, імкнуўся завалодаць шведскім тронам, таму ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48 падтрымліваў непапулярны сярод шляхты саюз з герм. імператарам: Смерць У. IV супала з пачаткам антыфеад. і нац.-вызв. вайны на Украіне.

Літ.:

Czaplińnski W. Władyslaw IV jego czasy. 2 wyd. Warszawa, 1976;

Wisner H. Władyslaw IV Waza. Wroclaw etc., 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

Уладзіслаў IV. Гравюра П.​Понціуса з партрэта П.​Рубенса.

т. 16, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гібе́рна

(ст.-польск. hiberna, ад лац. hiberna = зімовыя кватэры)

1) зімовыя кватэры войска ў Стараж. Рыме;

2) павіннасць зімовага ўтрымання войска і забеспячэння яго харчам, якую неслі жыхары дзяржаўных і царкоўных уладанняў у Рэчы Паспалітай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДУКАЦЫ́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ (Komisja Edukacji Narodowej),

установа па кіраўніцтве нар. асветай у Рэчы Паспалітай; першая падобнага тыпу ў Еўропе. Засн. соймам 1773—75. Першы старшыня (1773—80) І.​Я.​Масальскі. Прымалі ўдзел асветнікі Г.​Калонтай, І.​Патоцкі, Г.​Пірамовіч, Я.​Снядэцкі, І.​Храптовіч і інш. Ажыццявіла рэформу школ і ун-таў у духу ідэй Асветніцтва. У 1783 зацверджаны «Статут, прадпісаны камісіяй народнай асветы для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай». Школа набыла свецкую накіраванасць. Найважнейшае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэм. цыкла, з гуманітарных навук выкладаліся польск. і лац. граматыка, геаграфія, гісторыя, заканазнаўства і інш.; з навуч. праграм была знята тэалогія. Новая сістэма адукацыі не задавальняла кансерватыўную частку памешчыкаў і духавенства. У 1794 статут адменены, адукацыйная камісія распушчана.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ ІВА́НАВІЧ ШУ́ЙСКІ (1522—12.9.1612),

рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ. Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЯШЧЭ́ННАЯ ЛІ́ГА» 1684—98, саюз Аўстрыі, Рэчы Паспалітай, Венецыі, некаторых германскіх княстваў, пры актыўным удзеле рым. курыі, накіраваны супраць Турцыі. У 1686 да «С.л.» далучылася Расія, якая перад тым заключыла «Вечны мір» 1686 з Рэччу Паспалітай з умовай сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крыма. Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, Расія здзейсніла паходы сваёй арміі ў 1687 і 1689 супраць Крымскага ханства і ў 1695 і 1696 на Азоў, чым адцягнула значную частку тур. сіл з інш. напрамкаў дзеянняў супраць войск лігі. Аднак саюзнікі, баючыся ўзмацнення Расіі на ўзбярэжжы Чорнага м. і выхаду яе ў паўд. моры, не былі зацікаўлены ў моцы «С.л.». Таму яна, насуперак пажаданням Расіі, канчаткова распалася ў ходзе Карлавіцкага кангрэса 1698—99.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у г. Сураж Віцебскага пав. (цяпер гар. пасёлак у Віцебскім р-не). Пабудаваны з дрэва ў сутоках рэк Каспля і Зах. Дзвіна ў 1563 паводле загаду вял. кн. ВКЛ і караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста. У ходзе ваен. падзей 17—18 ст. замак зведаў неаднаразовыя разбурэнні; у 1616 і 1633 спалены рас. войскамі, але праз некат. час зноў адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.з. здадзены 2.9.1656 царскаму войску. На «Чертеже» (1701), зробленым стольнікам Пятра I М.​Цызыровым, зафіксаваны абарончыя сцены С.з. без вежаў і 2 масты цераз роў; замак паказаны ў плане як круглы. Пасля 1772 С.з. перастаў існаваць.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)