1) у механіцы — незалежныя паміж сабой рухі (перамяшчэнні) мех. сістэмы. Колькасць С.с. залежыць ад колькасці часціц (матэрыяльных пунктаў), што ўтвараюць сістэму, а таксама ад колькасці і характару накладзеных на сістэму сувязей механічных.
Свабодная часціца мае 3 С.с. — можа рухацца ўздоўж кожнай з 3 узаемна перпендыкулярных восей каардынат. Свабоднае цвёрдае цела мае 6 С.с.: 3 з іх адпавядаюць паступальнаму руху якога-н. пункта С (звычайна цэнтра мас) цела, а астатнія 3 — вярчальнаму руху цела вакол пункта С як нерухомага цэнтра. Цвёрдае цела з нерухомай воссю вярчэння мае адну С.с. Колькасць С.с. вызначае лік ураўненняў руху і ўмоў раўнавагі мех. сістэмы.
2) У тэрмадынаміцы — незалежныя параметры тэрмадынамічнай сістэмы (звычайна т-ра, ціск і інш.), змены якіх (у пэўных межах) не парушаюць раўнавагу тэрмадынамічную сістэмы. Змена тэрмадынамічных С.с. дапушчальныя ў такіх межах, калі захоўваюцца ўсе фазы, што прысутнічаюць у сістэме, і не з’яўляюцца якія-н. іншыя фазы. Колькасць С.с. ў раўнаважнай тэрмадынамічнай сістэме вызначаецца Гібса правілам фаз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,
сістэма мер, якія забяспечваюць рух фін. рэсурсаў і адпаведных фін. адносін. Аб’ектам Ф.п. з’яўляецца фін. дзейнасць дзяржавы, асобных рэгіёнаў, галін, прадпрыемстваў, устаноў па фарміраванні і выкарыстанні фондаў грашовых сродкаў для задавальнення агульнадзярж., калектыўных і асабістых патрэб членаў грамадства. Прадугледжвае распрацоўку перспектыўных, бягучых і аператыўных фін. планаў на ўсіх узроўнях кіравання, якія аб’ядноўваюцца ў цэнтралізаваныя, або агульнадзярж. планы (дзярж. бюджэт, фін. план дзярж. маёмаснага і асабістага страхавання, бюджэт сац. страхавання, баланс фін. рэсурсаў дзяржавы) і дэцэнтралізаваныя планы (фін. планы прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, ведамстваў, мін-ваў). Фін. планы адлюстроўваюць даходы і расходы кожнага звяна і распрацоўваюцца на аснове вытв. паказчыкаў і нарматываў. З іх дапамогай вызначаюцца фін. магчымасці дзяржавы, галіны і іх пярвічных звёнаў, устанаўліваюцца параметры іх фін. дзейнасці і канчатковыя вынікі, узгадняецца рух фін. і матэрыяльных каштоўнасцей. Ва ўмовах перабудовы эканомікі арганізацыя Ф.п. дэмакратызуецца, расшыраюцца правы рэгіянальных органаў улады і прадпрыемстваў у складанні фін. планаў і выкарыстанні іх рэсурсаў. Асновай для іх распрацоўкі становяцца кантрольныя лічбы, ліміты, нарматывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, геафізічныя метады пошукаў і разведкі,
фізічныя метады даследавання будовы зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі карысных выкапняў; раздзел геафізікі. Засн. на выкарыстанні адрозненняў фіз. уласцівасцей карысных выкапняў і ўмяшчальных горных парод. Пры геафізічнай разведцы выкарыстоўваюць метады і іх мадыфікацыі: гравітацыйны (даследуе шчыльнасць горных парод), магнітны (намагнічанасць), электрычны (удзельнае эл. супраціўленне), сейсмічны (хвалевае супраціўленне і хуткасць пашырэння сейсмічных хваль), радыеактыўны (радыеактыўнасць). Вымярэнні вядуцца з паверхні Зямлі (сушы і мора), з паветра і пад зямлёй (гл.Каратаж). У граві-, магніта-, электра- і радыёразведцы вымяраюць параметры прыродных геафіз. палёў, у сейсмаразведцы і некат. відах электраразведкі выкарыстоўваюць штучнае ўзбуджэнне палёў (праз выбухі ці вібрацыю, увядзенне ў глебу эл. току). Важная пошукавая прыкмета — геафізічныя анамаліі. Геафізічная разведка бывае прамой (выяўленне радовішча) і ўскоснай (выяўленне геал. умоў, з якімі звязаны карысныя выкапні). Метады даследавання будовы зямной кары, пошукаў і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў распрацоўвае структурная геафізіка; пошукаў, разведкі і даследавання радовішчаў руд — рудная геафізіка; даследаванняў геал. разрэзу і тэхн. стану свідравіны — прамысл. геафізіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГРА́МА (ад грэч. nomos закон + ... грама),
спецыяльны чарцёж для рашэння пэўнага тыпу выліч. задач. Выкарыстоўваецца для даследавання экстрэмальных уласцівасцей, правядзення аналізу ўплыву розных пераменных на вынік вылічэнняў, выяўлення вобласці існавання рашэння, рашэння задач на выбар параметраў эмпірычных формул і інш.
Адлюстроўвае функцыянальную залежнасць (ураўненне, формулу, табліцы) і дае магчымасць без вылічэнняў вызначыць значэнне адной пераменнай па зададзеных значэннях астатніх пераменных, а таксама даследаваць такую залежнасць. Пераменныя адлюстроўваюцца шкаламі і сем’ямі пазначаных ліній. Кожная Н. будуецца для канкрэтнай функцыянальнай залежнасці ў зададзеных межах змен пераменных. Пры гэтым зыходная залежнасць дакладна (ці набліжана) прыводзіцца да намаграфавальнага віду, запісваюцца ўраўненні элементаў Н. ў прамавугольнай сістэме каардынат. Параметры пераўтварэнняў, якія ўваходзяць у гэтыя ўраўненні, падбіраюць так, каб надаць Н. выгляд, зручны для карыстання. Пасля чаго вылічваюцца табліцы каардынат асобных элементаў і будуюць Н. Выліч. работа зводзіцца да простых геам. аперацый у адпаведнасці з прыкладзенай да Н. схемай карыстання і адлічвання вынікаў. Тэорыю і практыку пабудовы Н. вывучае намаграфія.
Намаграма для разліку вугла αy, устанаўлення разца ў заточным станку па зададзеных вуглах разца α і φ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАШЭ́ВІЧ Алег Іванавіч (н. 30.8.1928, Мінск),
бел. вучоны ў галіне фізікі ядз. рэактараў. Канд.тэхн.н. (1962), праф. (1994). Акад.Бел.інж. акадэміі (1995). Скончыў БПІ (1956). З 1959 у Энергет. ін-це (гал. інжынер рэактара), з 1962 у Ін-це цепла- і масаабмену (заг. лабараторыі), з 1965 заг. лабараторыі Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі. З 1991 у Ін-це праблем энергетыкі, з 2002 у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» (заг. лабараторыі) Нац.АН Беларусі. Навук. працы па эксперым. фізіцы ядз. рэактараў, выкарыстанні іанізавальных выпрамяненняў, радыеэкалогіі. Даследаваў нейтронна-фіз. характарыстыкі больш як 30 крытычных сістэм на рэактарах фіз. магутнасцей. Зрабіў эксперым. абгрунтаванне фіз. працэсаў для перасовачнай атамнай электрастанцыі «Памір-630Д». Распрацаваў метады вызначэння колькасці доўгажывучых радыенуклідаў плутонію і амерыцыю-241 у розных аб’ектах навакольнага асяроддзя.
Тв.:
Критические массы и материальные параметры обогащенных уран-водных систем (разам з В.А.Левадным) // Весці АНБССР. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1970. № 2;
Радиоэкологические исследования постчернобыльского радиоактивного загрязнения биосферы Республики Беларусь трансурановыми элементами (у сааўт.) // Атомная техника за рубежом. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІКэлектрычны,
апарат для ўключэння і выключэння эл. прыстасаванняў і абсталявання: свяцільнікаў, рухавікоў, трансфарматараў, ліній электраперадачы і інш. Бываюць нізкага (да 1 кВ) і высокага (больш як 1 кВ) напружання. Складаюцца з кантактнай сістэмы (рухомых і нерухомых кантактаў), прывода (ручнога, спружыннага, электрамагнітнага, пнеўматычнага) і далучальных вывадаў.
Выключальнікі нізкага напружання падзяляюцца на бытавыя (з ручным, часам аўтам. кіраваннем) і прамысловыя (адна-, двух- і трохполюсныя; маюць ахову ад перагрузак, часам ад паніжэння напружання). Да прамысл. выключальнікаў адносяцца рубільнікі, кантактары, магнітныя пускальнікі, пакетныя выключальнікі і інш.Выключальнікі высокага напружання ў залежнасці ад спосабу гашэння дугі, што ўзнікае пры разрыве кантактаў, падзяляюцца на масляныя (дуга гасіцца ў мінер. масле), паветраныя (моцна сціснутым паветрам), вакуумныя (у высокім, да 1—0,1 мПа, вакууме), аўтагазавыя (газамі, што ўтвараюцца пад уздзеяннем дугі з газагенеравальных матэрыялаў — фібры, арган. шкла і інш.), электрамагнітныя (магнітным выдзіманнем у дугагасільным прыстасаванні), элегазавыя (у атмасферы гексафтарыду серы — элегазу). Асн.параметры выключальнікаў: намінальныя напружанне (да 750 кВ і вышэй) і ток (да 12 кА і вышэй), ток адключэння (да некалькіх соцень кілаампераў), час адключэння (да 0,3 с).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАМІНА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,
сукупнасць тэхн. сродкаў для запісу, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў выліч. тэхніцы, сувязі, аўтаматыцы, станках з лікава-праграмным кіраваннем, вымяральных прыладах і інш.Асн.параметры: ёмістасць (найб. колькасць інфармацыі, якую можна адначасова захоўваць), хуткадзеянне (характарызуе скорасць уводу-вываду інфармацыі і інш.) і энергаспажыванне.
Паводле функцыянальнага прызначэння адрозніваюць З.п. звышаператыўныя (ЗАЗП), аператыўныя (АЗП), пастаянныя (ПЗП, у т. л. перапраграмавальныя) і знешнія (ЗЗП); паводле характару звароту — адрасныя, бязадрасныя, асацыятыўныя (пошук і выбарка інфармацыі па пэўных прыкметах); паводле спосабу выбаркі інфармацыі — з паслядоўным (цыклічным) зваротам, з паралельным зваротам (адвольнай выбаркай). Запіс інфармацыі ў З.п. ажыццяўляецца пераўтварэннем яе ў эл., аптычныя, акустычныя ці інш. сігналы для змены стану, формы або цэласнасці пэўнага фіз. асяроддзя (гл.Накапляльнік, Носьбіт інфармацыі). ЗАЗП і АЗП прызначаны для захоўвання інфармацыі, неабходнай для аперацый, якія выконвае працэсар ЭВМ; у ПЗП захоўваюцца пастаянныя каэфіцыенты, даведачныя табліцы, падпраграмы, мікрапраграмы, знакагенератары і інш. ЗЗП і архіўная памяць прызначаны для захоўвання вял. масіваў інфармацыі для наступнай перадачы іх у АЗП; маюць накапляльнікі на магнітных дысках, барабанах, стужках, а таксама на магн.-аптычных і аптычных дысках. Гл. таксама Памяць ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАТЭЛУРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,
адзін з кірункаў геафізічнай разведкі, заснаваны на вывучэнні пераменных у часе і па частаце варыяцый прыродных тэлурычных эл. токаў у прыпаверхневай ч. Зямлі. Тэлурычныя токі ствараюцца варыяцыямі магнітнага паля Зямлі і эл. канвекцыйнымі працэсамі ў зямной кары і атмасферы, характар іх варыяцый залежыць ад геал. будовы. Адрозніваюць метады: тэлурычных токаў (ТТ), магнітатэлурычнага зандзіравання (МТЗ) і магнітатэлурычнага прафілявання (МТП).
У метадзе ТТ сінхронна вымяраецца рознасць патэнцыялаў варыяцый тэлурычнага поля на базавым і радавых пунктах. Атрымліваюць тэлураграмы, па якіх вымяраюць параметры поля ТТ і складаюць карты рэльефу паверхні высакаомнага гарызонта ў асадкавым чахле або крышт. фундамента. У метадзе МТЗ дадаткова да эл. характарыстык поля ТТ вымяраюць магнітную складаючую і вылічваюць адносіны эл. складаючай да магнітнай для розных частот, будуюць крывую ўяўнага ўдзельнага супраціўлення, якую параўноўваюць з тэарэтычнымі. У адрозненне ад МТЗ у метадзе МТП адносіны эл. складаючай да магнітнай вылічваюць для фіксаванай частаты.
На Беларусі ў выніку даследаванняў ВА «Белгеалогія» і Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі па метадах ТТ і МТЗ складзены карты сярэдняй напружанасці поля ТТ і пашырэння электраправодных слаёў, карты рэльефу фундамента, паверхні саляносных адкладаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МЯЦЬу вылічальнай тэхніцы,
функцыянальная частка вылічальнай машыны для запісу, захоўвання і счытвання інфармацыі. Ствараецца на базе розных запамінальных прыстасаванняў. Асн. элементы: носьбіт інфармацыі, блок кіравання (выконвае пошук месца на носьбіце, запісвае і счытвае інфармацыю) і канал сувязі П. з інш. блокамі ЭВМ. Асн.параметры: аб’ём і час доступу для запісу ці счытвання інфармацыі.
П. сучасных ЭВМ мае шматступеньчатую іерархічную структуру. што забяспечвае спалучэнне вял. ёмістасці і высокага хуткадзеяння. У іерархію П. ўваходзяць: знешняя П. вял. ёмістасці на аптычных дысках, магнітных дысках, барабанах, стужках і інш.; унутраная, ці аператыўная П. (мае адносна невял. аб’ём і вял. хуткадзеянне); звышаператыўная П. (кэш-П., П. неадкладнага доступу, мае час доступу, значна меншы за час доступу да аператыўнай П., і служыць буферам паміж працэсарам і аператыўнай П.); рэгістры — запамінальныя прыстасаванні аб’ёмам 1 слова ў розных блоках працэсара; пастаянная П. (доўгачасовая, аднабаковая) для захоўвання канстант, падпраграм і мікрапраграм; буферная П. як прамежкавае звяно паміж запамінальнымі прыстасаваннямі розных узроўняў ЭВМ. Пры праграмаванні складаных задач аперацыйная сістэма забяспечвае рэжым віртуальнай П., калі П. падзяляецца на асобныя старонкі і кожнаму карыстальніку аддаецца адвольны аб’ём П., незалежны ад рэальнага аб’ёму асн. П. ЭВМ і абмежаваны толькі разраднасцю адрасоў у камандах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНЫЯ,
функцыя аб’ёму (V), ціску (p), тэмпературы (T), энтрапіі (S), колькасці часціц у сістэме (N) і інш. макраскапічных параметраў, што характарызуюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да П.т. адносяць унутраную энергію (U), энтальпію (H), энергію Гельмгольца (F; свабодная энергія, ізахорна-ізатэрмічны патэнцыял), энергію Гібса (G; ізабарна-ізатэрмічны патэнцыял) і інш.
Кожнаму П.т. адпавядае набор параметраў стану. Выбар П.т. для апісання сістэмы абумоўлены наборам незалежных параметраў, што вызначаюць стан сістэмы. Дыферэнцаваннем П.т. як функцыі незалежных параметраў можна вызначыць усе астатнія параметры, што характарызуюць сістэму. У найпрасцейшых выпадках П.т. з’яўляюцца функцыямі 2 незалежных параметраў: U = U(S, V), H = H(S, p) F = F(T, V), G = G(T, p). У больш агульным выглядзе П.т. залежыць ад колькасці часціц (у сістэмах з пераменнай колькасцю часціц уводзіцца хімічны патэнцыял), а таксама ад набору абагульненых каардынат (напр., калі сістэма знаходзіцца ў эл. ці магн. полі). П.т. звязаны паміж сабой суадносінамі: F = U − TS, H = U + pV, G = F + pV. П.т. карыстаюцца пераважна для апісання раўнавагі тэрмадынамічнай. Веданне якога-н. П.т. як функцыі поўнага набору параметраў дазваляе вызначыць усе тэрмадынамічныя характарыстыкі сістэмы і атрымаць ураўненне стану. Гл. таксама Тэрмадынаміка.