КУРАПА́ТКІ,

птушкі сям. цецеруковых і фазанавых атр. курападобных. Пашыраны ўсюды, ад тундры да трапічных лясоў і высакагор’яў. На Беларусі 2 віды: К. белая (Lagopus lagopus) і К. шэрая (Perdix perdix). Жывуць на палях, балотах, лугах, у драбналессі. К. белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 46 см, маса да 900 г. Афарбоўка шэра-бурая, рыжа-бурая, у К. белай зімой белая. Кормяцца парасткамі, пупышкамі, насеннем траў, зернем, насякомымі (у т. л. каларадскімі жукамі). Нясуць да 24 яец. Аб’ект палявання. Гл. таксама Белыя курапаткі.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫСУ́ХА (Fulica atra),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі пералётны і пралётны від. Жыве на вадаёмах, зарослых трыснягом і чаротам. Трымаецца чародамі. Нар. назвы: вадзяная курыца, лыска, лысоха.

Даўж. да 45 см, маса да 900 г. Апярэнне цьмяна-чорнае, на брушку з шараватым адценнем. На лбе белая, голая (лысая) мясціна скуры (адсюль назва). Дзюба канічная, кароткая, белая. Лапы шэрыя. Пальцы з плавальнымі перапонкамі. Добра плавае і нырае Корміцца мяккай воднай расліннасцю, лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, рыбай. Нясе да 15 яец. Аб’ект палявання.

Лысуха.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БЧЫК (Tetrastes bonasia),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Аселая птушка, селіцца парамі ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк. Гняздуецца на зямлі. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. раёнах. Нар. назва арабак.

Даўж. да 40 см, маса да 580 г. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. У самцоў на галаве чубок. Крылы кароткія, тупыя. Ніжняя ч. цэўкі і пальцы неапераныя. Манагам. Адкладвае 6—10, зрэдку да 15 яец. Расліннаедны. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Рабчык: 1 — самка; 2 — самец.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Перагэ́цнуць ’пераскочыць’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Да пера- (гл.) і гэцнуць < гэцаць, якое з польск. heca ’пацеха, забава’, ’забаўляльнае прадстаўленне, першасны цырк’, у XVII–XVIII стст. heco! — вокрык у час палявання на зайцоў, што ўзыходзяць да ням. (баварска-аўстрыйск.) Hetz ’жарт, шумная весялосць’, звязанага з Hetze ’цкаванне; натоўп, зграя (сабак); жвавасць; жарт’. Менавіта ў час цкавання як паляўнічай забавы загадвалася сабаку “перагэцнуць”, напрыклад, праз палку (Слаўскі, 1, 413; ЕСУМ, 1, 502–503).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́дчы ‘хто вядзе следства’ (ТСБМ). Крукоўскі (Уплыў, 119) безпадстаўна лічыць калькай рус. сле́дователь, параўн. польск. śledczy ‘тс’ і іншыя назвы службовых асоб, шырока вядомыя ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай (ст.-бел. ловчий ‘арганізатар вялікакняжацкага палявання’, крайчий ‘прыдворны, які разразаў ежу, што падавалася вялікаму князю’, а таксама створанае па гэтай мадэлі мостовничий, сокольничий і пад.). Параўн. і народнае следзі́ць ‘асочваць’: пошлі следзщь по следам, то нашлі (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ама́тар

(польск. amator, ад лац. amator)

чалавек, які ў вольны час займаецца чым-н. не для заробку, а па ахвоце (напр. а. палявання, а. музыкі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вельштэр’е́р

(ад англ. Wales = Уэльс + тэр’ер)

парода паляўнічых сабак з падоўжанай мордай, выведзеная ў 19 ст. у Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гара́л

(н.-лац. goral)

парнакапытная жывёла сям. пустарогіх, пашыраная ў Гімалаях, Усх. Тыбеце, Паўд.-Усх. Кітаі, на Карэйскім паўвостраве і ў Усурыйскім краі; аб’ект палявання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗВЯРЫ́НЕЦ,

калекцыя дзікіх жывёл, размешчаных у клетках або вальерах для палявання, паказу наведвальнікам і інш. мэт. Папярэднікі заалагічных паркаў.

Першыя З. вядомы ў стараж. Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Персіі; у Еўропе — пры старажытнарымскіх цырках. Адыгралі пэўную ролю ў назапашванні вопыту работы з дзікімі звярамі (распрацоўка метадаў адлову, транспарціроўкі, кармлення жывёл пры вальерным утрыманні), садзейнічалі захаванню каштоўных відаў (напр., лясныя тарпаны да 1870-х г. захаваліся ў паляўнічым З. ў Польшчы, зубры да 1920-х г. — толькі ў паляўнічым З. ў Швецыі). У канцы 18 і пач. 19 ст. у краінах Еўропы і Расіі існавалі перасоўныя прыватныя З., у якіх з камерцыйнымі мэтамі дэманстраваліся «цуды» жывёльнага свету (сланы, ільвы, малпы, кракадзілы, папугаі і інш.). У 2-й пал. 19 ст. большасць З. заняпалі або ператвораны ў заал. паркі.

На Беларусі З., прызначаныя для палявання, вядомы з 16 — пач. 17 ст. у Белавежскай пушчы (1578), Нясвіжскім парку «Альба» (1607), дзе на вял. абгароджаных участках лесу (напр., у Нясвіжскім парку плошчай каля 90 га) з палянамі, прыроднымі ці штучнымі вадаёмамі ў загонах жылі адлоўленыя дзікія звяры мясц. фауны (зубры, мядзведзі, алені, ваўкі і інш.). Паступова З. страцілі паляўнічае значэнне і ператварыліся ў функцыянальную ч. паркаў, дзе з дэкар. мэтамі ўтрымлівалі разнастайных звяроў і птушак (асабліва фазанаў). Вял. «фазаннікі» былі ў парку «Альба» і Каранёўскай лясной дачы (каля Гомеля).

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАХША́,

гарадзішча ва Узбекістане, якое існавала з антычных часоў да 11 ст. ў гіст. вобласці Согд (Сагдыяна). За 40 км на З ад г. Бухара. Захаваліся рэшткі гафрыраваных сцен цытадэлі, на З ад іх — палац. Выяўлены размалёўкі 7 ст. на сценах палаца (змаганне герояў з фантастычнымі жывёламі, сцэны бітваў коннікаў, палявання, урачыстасці прыёму цара); часткі палаца, пабудаваныя ў 8 ст., упрыгожаны раслінным арнаментам, фігуркамі людзей і жывёл, фантастычнымі пейзажамі і інш., выразанымі па алебастравай тынкоўцы. Знаходкі сведчаць пра сінкрэтычны характар мастацтва сагдыйцаў, дзе мясц. элементы спалучаюцца са стараж. антычнымі традыцыямі і рысамі будыйскага мастацтва.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)