о́пера

(іт. opera, ад лац. opera = твор)

1) музычна-драматычны твор, пры пастаноўцы якога выканаўцы спяваюць у суправаджэнні аркестра;

2) тэатр, дзе ставяцца і выконваюцца такія творы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мю́зікл

(англ. musical = музычны)

1) музычна-сцэнічны твор, пераважна камедыйнага характару, пабудаваны на выкарыстанні элементаў аперэты, балета, оперы і эстрады;

2) кінафільм такога характару.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЦЕБСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Засн ў 1918 як Віцебскі пед. ін-т на базе Віцебскага настаўніцкага інстытута. У 1919 пед. ін-т перайменаваны ў Ін-т нар. адукацыі, у 1923 аб’яднаны з БДУ. У 1930 адноўлены, у 1934—92 імя С.​М.​Кірава. З 1.9.1995 ун-т. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: матэм., фіз., біял., філал., бел. філалогіі і гісторыі, мастацка-графічны, фізічнай культуры і спорту, дашкольнай педагогікі і псіхалогіі, педагогікі і методыкі пач. навучання, музычна-мастацкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Ун-т мае н.-д. лабараторыю па біялогіі Беларускага Паазер’я, бат. сад, музей П.​М.​Машэрава, гісторыі ВНУ, біял., літ., мастацкі. Выдае час. «Диалог. Карнавал. Хронотоп», «Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта».

В.​Н.​Вінаградаў.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НСЛІК ((Hanslick) Эдуард) (11.9.1825, Прага — 6.8.1904),

аўстрыйскі музыказнавец. Вучыўся ў Пражскім і Венскім (з 1856 выкладаў у ім) ун-тах. Трактатам «Аб музычна-прыгожым» (1854) пачаў дыскусію аб праграмнай і «чыстай» («абсалютнай») музыцы. Яго асн. ідэя — «муз. змест ёсць рух гукавых формаў» — сцвярджала муз. мастацтва як асобую, ізаляваную галіну духоўнай дзейнасці, пры тлумачэнні якой не прыдатныя немуз. асацыяцыі. Крытыкаваў палажэнне афектаў тэорыі і погляды франц. асветнікаў, што лічылі вызначальным пачаткам муз. выразнасці інтанацыі чалавечай мовы. Прынцыповы прыхільнік інструментальнай музыкі (у асн. І.​С.​Баха, венскіх класікаў, І.​Брамса), адмоўна выказваўся аб рамантычнай праграмнай і опернай музыцы, пераважна Ф.​Ліста і Р.​Вагнера. Яго працы і крытычная дзейнасць стымулявалі паглыбленае вывучэнне ўнутр. заканамернасцей музыкі, у т. л. стварэнне тэорыі муз. стыляў Т.Рымана і Т.Адлера.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рама́нс

(ісп. romance)

1) музычна-паэтычны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем, які мае больш складаную, чым песня, форму;

2) разнавіднасць інструментальнай музыкі, у якой пераважаюць інтымныя матывы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАБРУ́ЙСКІ ВАНДРО́ЎНЫ БЕЛАРУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1956—62 у Бабруйску. Створаны як Бабруйскі бел. вандроўны калгасна-саўгасны т-р. Адкрыўся 1.1.1957 спектаклем «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. Трупа складалася з акцёраў Тэатра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Гал. рэжысёр А.Аркадзьеў. Тэатр ставіў класічныя творы, п’есы бел., рус., укр. драматургаў. Найб. поспехам карысталіся спектаклі з жыцця бел. калгаснай вёскі з камедыйным гучаннем: «Цені знікаюць» С.​Свірыдава, «Нячыстая сіла» Г.​Стафанскага, «Чалавек вярнуўся» і «Дзіўны дом» П.​Васілеўскага, «Вясёлка» і «Антэй» М.​Заруднага, «Кухарка» і «Кухарка замужам» А.​Сафронава і інш. З пач. 1960-х г. пераважалі муз.-драм. спектаклі («Небяспечны ўзрост» С.​Нарыньяні, «Курортнае знаёмства» М.​Віннікава, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава). 17.12.1962 рэарганізаваны ў Бабруйскі музычна-драматычны тэатр.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

о́пера

(іт. opera, ад лац. орега = твор)

1) жанр музычна-драматычнага мастацтва, які спалучае інструментальную музыку з вакальнай;

2) твор такога жанру;

3) тэатр, дзе ставяцца і выконваюцца такія творы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

табулату́ра

(с.-лац. tabulatura, ад лац. tabula = дошка, табліца)

1) літарная і лічбавая сістэма запісу музыкі ў еўрапейскіх краінах у 14—18 ст.;

2) правілы, якія рэгламентавалі форму і змест музычна-паэтычнага мастацтва мейстэрзінгераў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРХЕАЛО́ГІЯ МУЗЫ́ЧНАЯ,

галіна музычна-гістарычнай навукі, якая распрацоўвае праблемы музычнай культуры старажытнага свету на аснове археал. матэрыялаў; частка агульнай археалогіі. Сярод археал. матэрыялаў муз. інструменты (або іх фрагменты) з каменю, косці, гліны, металу, помнікі стараж. выяўл. мастацтва з муз. сюжэтамі (наскальныя малюнкі, фрэскі, каменная і гліняная скульптура). Пачынальнік археалогіі музычнай — ням. музыказнавец і этнограф К.​Закс (1930—40-я г.). Наконт зместу, межаў і магчымасцяў археалогіі музычнай існуюць розныя погляды. Адны даследчыкі (Я.​Браўда, Расія) абмяжоўваюць яе вывучэннем аб’ектаў муз. Матэрыяльнай культуры (муз. інструментаў), іншыя (Закс, рус. музыказнавец М.​Фіндэйзен) пашыраюць яе і на даследаванні рэліктавых узораў нар. музыкі, помнікаў нотнага пісьма стараж. эпох. На Беларусі даследаванні па археалогіі музычнай вядуцца ў межах агульнай археалогіі.

Літ.:

Садоков Р. Археологические источники в изучении музыкальной культуры древнего мира // Народные музыкальные инструменты и инструментальная музыка: Сб. статей и материалов. М., 1987. Ч. 1;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993. С. 93—94, 446.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФЕ́КТАЎ ТЭО́РЫЯ,

музычна-тэарэтычная канцэпцыя, заснаваная на ўяўленні аб музыцы як мастацтве, гал. змест якога адлюстраванне афектаў — пачуццяў, страсцей і эмоцый чалавека. Узнікла на аснове ант. тэорыі муз. этасу. Пашырана ў 17—18 ст. Асн. прынцыпы тэорыі сфармуляваў у 1744 І.​Матэзан; станаўленне звязана з працамі Р.​Дэкарта, Ж.​Ж.​Русо, Ж.​Д’Аламбера, Д.​Дзідро, М.​Мерсена і інш., якія сцвярджалі сувязь акордаў, мелодыкі, рытму, тэмпу, а таксама дысанансу, танальнасці і інш. са светам пачуццяў, разглядалі канкрэтныя спосабы адлюстравання душэўных настрояў сродкамі муз. мовы, пытанні аб пастаянстве і зменах, градацыях і адценнях афектаў. Класіфікацыю афектаў зрабілі А.​Кірхер (8 відаў) і Ф.​В.​Марпург (27 відаў). Афектаў тэорыя была своеасаблівай апазіцыяй музыцы рацыяналістычных тэндэнцый і царк. музыцы. Нягледзячы на пэўны схематызм, яна выявіла новыя эстэт. погляды і часткова прадвызначыла рысы сентыменталізму ў музыцы.

Літ.:

Шестаков В.П. От этоса к аффекту. М., 1975;

Золтаи Д. Этос и аффект: Пер. с нем. М., 1977.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)