МАЧАТО́ЧНІКІ,

парныя вывадныя пратокі нырак у пазваночных жывёл і чалавека, якія адводзяць мачу ў мачавы пузыр або клааку. Адрозніваюць 3 тыпы М. адпаведна 3 тыпам нырак. М. пранефраса (першаснанырачныя каналы) у паслязародкавым перыядзе функцыянуюць у кругларотых і адкрываюцца ў мочапалавы сінус; М. мезанефраса (першасныя, ці вольфавы каналы) — у рыб і земнаводных; метанефраса (другасныя) — у паўзуноў, птушак, млекакормячых. У чалавека М. размешчаны ў забрушыннай прасторы і ў малым тазе, маюць форму трубкі са звужэннямі і расшырэннямі; злучаюць нырачную лаханку з мачавым пузыром. Сценка М. мае 3 абалонкі: унутраную (слізістая, высланая пераходным эпітэліем), сярэднюю (забяспечвае рух мачы ў мачавы пузыр пры любым становішчы цела) і вонкавую.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПО́ФІЗ (ад грэч. hypophysis адростак),

ніжні мазгавы прыдатак, залоза ўнутр. сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёл. Знаходзіцца ў ямцы асн. косці чэрапа (турэцкім сядле). Звязваецца ножкай з асновай мозга. Маса гіпофіза ў чалавека 0,5—0,6 г. Выпрацоўвае гармон росту, адрэнакартыкатропны і ганадатропныя гармоны і інш., што стымулююць рост і развіццё арганізма, функцыі інш. эндакрынных залоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі ціску крыві, выдзяленні мачы, скарачэнні мышцаў маткі. Дзейнасць гіпофіза кантралюецца ц. н. с., цесна звязана з гіпаталамусам і інш. залозамі ўнутр. сакрэцыі. Хваробы гіпофіза ўзнікаюць ад чэрапна-мазгавых траўмаў, запаленчых працэсаў, пухлін. Найб. вядомыя хваробы пярэдняй долі гіпофіза: акрамегалія, гігантызм, Іцэнкі—Кушынга хвароба, карлікавы рост, вегетатыўныя расстройствы; задняй долі гіпофіза — дыябет нецукровы. Лячэнне: гармонатэрапія, хірургічнае.

Г.​Г.​Шанько.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЛКІ́Х (Сяргей Міхеевіч) (21.5.1877, Масква — 7.7.1952),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Чл.-кар. АН Беларусі (1940). Д-р мед. н. (1934), праф. (1922). Засл. дз. нав. Беларусі (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). З 1922 заг. кафедры БДУ, з 1930 — Мінскага мед. ін-та, адначасова ў Наркамаце аховы здароўя Беларусі (1937—41) і дырэктар Ін-та тэарэт. і клінічнай медыцыны АН Беларусі (у 1940—41 і 1944—52). Навук. працы па злаякасных анеміях і пухлінах, малярыі, лейкозах, прафілактыцы і лячэнні туберкулёзу пнеўматораксам.

Тв.:

Колибациллярный сепсис (колибациллез). Мн., 1938;

Прымяненне люмінесцэнтнага метаду даследавання мачы для дыягностыкі злаякасных пухлін // Весці АН БССР. 1950. №2.

Літ.:

С.​М.​Мелких // Здравоохранение Белоруссии. 1969. №12.

С.М.Мялкіх.

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

муко́іды

(ад лац. mucus = слізь + -оід)

складаныя бялкі з групы глікапратэідаў, якія змяшчаюцца ў рагавіцы, храстках, сліне, мачы і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

урабілі́н

(ад ура- + лац. bilis = жоўць)

жоўтае фарбавальнае рэчыва з групы жоўцевых пігментаў, што ўтвараецца ў кішэчніку; абумоўлівае колер мачы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прала́н

(н.-лац. prolan, ад лац. proles = нашчадак)

рэчыва гарманальнага характару, якое выдзяляецца плацэнтай і змяшчаецца ў крыві і мачы цяжарных жанчын.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэабсо́рбцыя

(ад рэ- + абсорбцыя)

зваротнае ўсмоктванне вады з першаснай мачы ў ныркавых каналах, у выніку чаго ўтвараецца канчатковая мача, якая выдаляецца з арганізма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЫПАДЗЕ́ННЕ МА́ТКІ,

частковы або поўны выхад маткі за палавую шчыліну; заключная ўскладненая стадыя апушчэння сценак похвы і маткі. Бывае пры парушэнні цэласці ці тонусу мышцаў тазавага дна, расслабленні апарата, які звязвае матку і мышцы пярэдняй брушной сценкі, пры павышаным унутрыбрушным ціску. Гэтаму садзейнічаюць частыя роды дзяцей з вял. вагой, цяжкая фіз. праца, гарманальныя і дыстрафічныя парушэнні тканак. Найчасцей хварэюць пажылыя (старэй за 60 гадоў) жанчыны.

Пры няпоўным выпадзенні маткі матка з шыйкай часткова выходзіць за межы палавой шчыліны, пры поўным усё цела маткі знаходзіцца за межамі палавой шчыліны. Спалучаецца з апушчэннем мачавога пузыра і пярэдняй сценкі прамой кішкі. Выпадзенне маткі праяўляецца адчуваннем пабочнага цела ў палавой шчыліне, ацёкам, іншы раз трафічнымі язвамі шыйкі, сценак похвы і маткі, болямі і цяжарам унізе жывата, расстройствамі мочаспускання і рэфекацыі (цяжкасць ці немагчымасць мочаспускання, нетрыманне мачы і газаў). Лячэнне хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,

паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.

В.​С.​Пілатовіч.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гаршчо́к, ‑шка, м.

Круглая выпуклая гліняная пасудзіна са звужаным дном для гатавання стравы. Маці пачала вымаць з печы гаршкі з ядою. Дамашэвіч. Пільнуйся гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка. // Прадаўгаватая гліняная пасудзіна ў выглядзе ўсечанага конуса для хатніх раслін. // Пасудзіна для мачы і спаражненняў. Начны гаршчок.

•••

Ад гаршка паўвяршка — пра недарослага, нясталага чалавека.

Заглядаць у чужы гаршчок гл. заглядаць.

Змяняць гаршкі на гліну гл. змяняць.

Не святыя гаршкі лепяць гл. святы.

Як у гаршку кіпець гл. кіпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)