ПА́ГАДА (партуг. pagoda ад санскр. свяшчэнны),

будыйскае мемар. збудаванне і сховішча рэліквій. Узніклі ў пач. н.э. ў Кітаі (П. Сун’юэсы на гары Суншань, 520; Даяньта, 652, і Сяаяньта, 707—709, каля г. Сіянь), вядомы ў Карэі (П. Ханмётхап храма Папчонса, 1085; мармуровая П. храма Вангакса, 1464, абедзве ў Сеуле), Японіі (П. храмавых ансамбляў Сітэнодзі ў Наніве, цяпер г. Осака, 593; Харудзі, канец 6 — пач. 7 ст., і Хакедзі, каля 685, абодва каля г. Нара), краінах Паўд.-Усх. Азіі. Маюць форму павільёна ці вежы (часта шмат’яруснай) з квадратным ці 6—8—12-вугольным планам. У якасці буд. матэрыялаў пры ўзвядзенні П. выкарыстоўваюць дрэва (П. манастыра Кафукудзі ў г. Нара), цэглу, камень, метал, фарфор (П. ў Летнім палацы імператара ў Пекіне).

Пагады: фарфоравая ў Летнім палацы імператара ў Пекіне (уверсе) і манастыра Кафукудзі ў г. Нара (Японія).

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

манасты́р, ‑а, м.

1. Абшчына манахаў або манашак, якая, маючы свае землі і капітал, утварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю. Вёрст за трыццаць ад маёнтка Залуцкіх знаходзіўся мужчынскі манастыр. Асіпенка. // зб. Члены гэтай абшчыны.

2. Царква, жылыя памяшканні і тэрыторыя, якія належаць гэтай абшчыне. Манахі прыязджалі наглядаць месца, каб будаваць манастыр, але пачалася вайна, і манастыра не пабудавалі. Галавач.

•••

Падвесці пад манастыр гл. падвесці.

[Ад грэч. monastērion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЫ́ЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў 18 — пач. 20 ст. Пабудавана да 1740 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.), уваходзіла ў комплекс базыльянскага манастыра. Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым фасадам. Выразнасць збудавання стваралася пластыкай ліній паўкруглых крылаў трансепта і алтарнай апсіды, сферычнага купала са светлавым барабанам.

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАМАСКО́ЎСК,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Днепрапятроўскай вобл.

Прыстань на р. Самара (прыток р. Дняпро). Засн. ў 1650. 77 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. З-ды: трубны, жалезабетонных вырабаў і інш., хлебакамбінат, мэблевая, швейная ф-кі. Маст. музей нар. прыкладнога мастацтва. Рэшткі манастыра (17 ст.), драўляны Троіцкі сабор (18 ст., цяпер гіст.-краязнаўчы музей).

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 13—17 ст. у г. Пскоў і яго ўладаннях. Знайшла ўвасабленне ў абарончым, культавым і грамадз. буд-ве. Адна з першых пабудоў — абарончыя ўмацаванні Пскоўскага крамля. Да помнікаў абарончага дойлідства належаць крэпасць Ізборск пад Псковам (14 ст.) і ўмацаванні Пскова-Пячорскага манастыра. Першыя храмы не мелі адметных рысаў, іх будавалі з плінфы і каменю ў традыцыях Наўгародскай школы дойлідства (саборы Спаса-Праабражэнскі Міражскага манастыра, Іаана-Прадцечанскі Іванаўскага манастыра). Як самаст. школа выявілася ў 14 ст. Для яе характэрна 1-купальная, 3-апсідная кубічная кампазіцыя храма; пашыраны і бесслуповыя цэрквы з сістэмай ступеньчатых скляпенняў. Звычайна плоскія пабеленыя сцены падзяляліся плоскімі лапаткамі на 3 часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні (царква Успення ў Мялётаве, 1463). Адметнасць П.ш.д. — увядзенне ў кампазіцыю храмавага комплексу прытвораў, прыдзелаў, галерэй, шматпралётных званіц: цэрквы Васіля на Горцы (1413), Міколы на Усосе (1535), Новаўзнясенская (16—17 ст.). У 16—17 ст. у Пскове будавалі вял., на некалькі паверхаў, купецкія дамы з таўшчынёй сцен да 2 м. Унутры сцен размяшчалі лесвіцы, міжпаверхавыя пераходы, нішы, тайнікі. Аконныя праёмы мелі выгляд крапасных амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. Фасады звычайна не аздаблялі. З боку двара ставілі характэрны пскоўскі ганак на шырокіх стойках з аркамі (палаты Паганкіных, да 1645).

Літ.:

Спегальский Ю.П. Псков. [2 изд. Л., 1978];

Древний Псков;

История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Пскоўская школа дойлідства. Царква Васіля на Горны ў Пскове. 1413.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕР Ян Самуэль, архітэктар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у канцлера ВКЛ кн. Л.​Сапегі. Паводле яго праектаў пабудаваны Ружанская Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян (1779), Ружанскі касцёл Казіміра (1792, уваходзіў у комплекс базыльянскага манастыра), Дзярэчынскі палац (1786, з арх. Л.​Гуцэвічам), рэканструяваны Ружанскі Троіцкі касцёл (1779), перабудаваны Ружанскі палац (1784—86, гл. Ружанскі палацавы комплекс).

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Андрэй, разьбяр па дрэве 2-й пал, 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Майстар беларускай рэзі. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве (з 1667 «разьбяной справы жалаваны майстар»). Пад кіраўніцтвам старца Арсенія разам з інш. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні сабора Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра (да 1667), драўлянага царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), палацавай мэблі.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Якаў) (Якушка),

разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Віцебска. Майстар беларускай рэзі. Працаваў пераважна ў Маск. дзяржаве. У канцы 1666 пераведзены з Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра ў Маскву. Разам з інш. бел. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), рабіў разную мэблю, узорыстыя аконныя рамы і інш.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,

праваслаўны мужчынскі манастыр у Вільні. Упершыню згадваецца ў 1604, заснаваны пры правасл. царкве Св. Духа, пабудаванай у 1597 на сродкі дачок смаленскага ваяводы Р.​Валовіча Фядоры і Ганны. З 1609 пры манастыры дзейнічала брацтва (да гэтага знаходзілася пры Троіцкім манастыры) з уласнай друкарняй. Да 1686 Віленскі Святадухаўскі манастыр падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху, пазней маскоўскаму. З’яўляўся архімандрыяй, яму былі падначалены 17 мужчынскіх і 2 жаночыя манастыры на Беларусі і ў Літве, у т. л. Петрапаўлаўскі ў Мінску, Еўінскі ў Трокскім, Цеперскі ў Навагрудскім, Купяціцкі і Навадворскі ў Брэсцкім ваяв. Настаяцелямі манастыра былі Л.Карповіч (1-ы настаяцель), М.Сматрыцкі, І.​Бабрыковіч, І.​Нелюбовіч-Тукальскі, Р.​Яноўскі і інш. Манастыр валодаў значнымі матэр. сродкамі (маёнткамі, дамамі, млынамі), частка якіх складалася з ахвяраванняў чл. Святадухаўскага правасл. брацтва. У 1833 Віленскі Святадухаўскі манастыр быў прылічаны да манастыроў 1-га класа. Ад часу заснавання манастыр не перапыняў сваёй дзейнасці. Цяпер падпарадкоўваецца архіепіскапу віленскаму і літоўскаму. Сучасны арх. ансамбль манастыра пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст.

Г.​А.​Кухарчык.

т. 4, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛА́ЦКІ МАНАСТЫ́Р, Гелаты,

адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст. тут створана Гелацкая акадэмія. Арх. комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.

Літ.:

Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.

Гелацкі манастыр. Агульны выгляд. У цэнтры — галоўны храм (1106—25).
Да арт. Гелацкі манастыр. Галава архангела Гаўрыіла. Фрагмент мазаікі. 1120-я г.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)