МАГІЛЁЎСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР Будынак т-ра пастаўлены ў 1886—88 паводле праекта арх. П.Камбурава і інж. У.Мільяноўскага. Сваёй трупы не меў. У 19 — пач. 20 ст. ў ім выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага. Гастраліравалі буйныя майстры сцэны В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа. М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш. У 1910—16 выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. З 1954 у будынку т-ра дзейнічае Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Будынак т-ра мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтр. месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала з закругленай задняй сцяной. На гал. фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе 2-баковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У арх. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытай чырвонай муроўкі і белых атынкаваных дэталей псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЖЭЛАЦІ́НАВЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў 1937 у Магілёве як косцеперапрацоўчы з-д. У Вял.Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1947. З 1953 пачалася вытв-сць касцявога клею, з-д перайменаваны ў клеявы. З 1959 з-д па вытв-сці касцявой мукі. У 1964—68 расшыраны і рэканструяваны. З 1973 працуе цэх па вырабе жэлаціну. З 1979 сучасная назва, з 1996 адкрытае акц.т-ва. Асн. прадукцыя (1999): клей касцявы, жэлацін харч. і тэхн., касцявы паўфабрыкат кармавы і тэхн., тлушч тэхнічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д «ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К».
Створаны ў 1958 у Магілёве на базе металаапр. камбіната (працаваў з 1945, вырабляў буд. і мэблевую фурнітуру, прадметы хатняга ўжытку, з 1950 электрарухавікі). У 1958, 1966 і 1973 уведзены новыя вытв. карпусы. Прадпрыемства складаецца з 3 асн. вытв-сцей: па вырабе электрарухавікоў, тавараў нар. спажывання і загатовак, а таксама дапаможных цэхаў і ўчасткаў. Асн. прадукцыя (1999): трохфазныя і аднафазныя асінхронныя электрарухавікі магутнасцю ад 0,15 да 11 кВт, быт. заточныя станкі, быт. электрапомпы, электрасокавыціскалкі, дзвярныя электразванкі, каляровае і пластмасавае ліццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д «СТРОММАШЫ́НА» Пабудаваны ў 1913 у Магілёве як чыгуна-медналіцейны з-д, з 1922 металаапр.з-д «Адраджэнне», у 1940 з далучэннем аўтарамонтнага з-да — авіяцыйны з-д. Ў Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Куйбышаў (цяпер Самара), цэхі ў асн. разбураны. Адноўлены ў 1946 з сучаснай назвай. У 1964—75 вырабляў пасажырскія ліфты. Прадукцыя (1999): тэхнал. лініі па вырабе керамічнай цэглы, керамзітавага жвіру, азбестацэментавых шыферу і труб, жалезабетонных шпал для магістральных чыгунак, мяккай дахоўкі (руберойд, шклопалатно); абсталяванне для вытв-сці пясчана-цэментавых вырабаў, рамы лесапільныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Існаваў з канца 17 ст. да 1864 у Магілёве. У 1696—98 на атрыманым ад М.Пяцюхі пляцы бернардзінцы перарабілі свіран у капліцу, што і лічыцца часам заснавання кляштара. У 1702 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія, у 1705 узведзены жылы корпус. У 1720-я г. пабудаваны мураваны касцёл з цудадзейным абразом св. Антонія ў гал. алтары. У 1864 кляштар зачынены, у ім размясціўся архіў суда, манахаў перавялі ў Крэцінгу (Літва) і ў Мінск. Будынкі пацярпелі ў час Вял.Айч. вайны, пазней знесены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,
філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м2, каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 17—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Адзін з найбуйнейшых правасл. манастыроў на Беларусі. З ім звязана дзейнасць магілёўскага правасл. брацтва, пераведзенага з Магілёўскага Спаскага манастыра. У канцы 18 ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова (пабудавана ў канцы 1630-х г.), званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дома ігумена, гасп. пабудовы. Буд-ва манастыра пачата ў 1618 паводле прывілея караля Уладзіслава IV. Богаяўленская царква пабудавана А.Азаровічам у 1633—36 у стылі ранняга барока. Уяўляла сабой 3-вежавую 3-апсідную 10-стаўповую крыжова-купальную базіліку з 8-гранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700) над сяродкрыжжам. Гал. фасад меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся 2 вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (17—18 ст.) работы мясц. майстроў з абразамі іканапісца А.Пігарэвіча і інш. у сярэбраных абкладах (1755) работы магілёўскага чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). У 1657 побач з царквой пачата буд ва 4-яруснай вежы-званіцы, на якой ў 1686 устаноўлены гадзіннік. зроблены манахам Макарыем. Царква разбурана ў 1708 і 1748, у 1850 цалкам адноўлена, у 1866 адноўлены мураваная брама і званіца. Комплекс разбураны ў Вял.Айч. вайну.
Магілёўскі Богаяўленскі манастыр. Галоўны фасад Богаяўленскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Магілёўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (Клічаў) 9/475
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. ў Магілёве. Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскую царкву, манастырскі корпус, агароджу з брамай і званіцай. З Магілёўскім архірэйскім палацам і Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкамі ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль. Драўляная Спаская царква вядома з 1478, у 1594 пабудавана новая, драўляная (згарэла ў 1709). З канца 15 ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі. Каля 1600 правасл. брацтва (вядома ў 1597) засн. пры манастыры школу. З 1618 да сярэдзіны 17 ст. манастыр пераходзіў да уніятаў, у 2-й пал. 17 ст. вернуты праваслаўным. У 1740—42 магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Буд-ва яе амаль завершана да 1748 пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (згарэла ў 1748, засталіся муры і сцены). З 1756 буд-вам царквы кіраваў архіепіскап Г.Каніскі, у 1762 дабудаваў яе арх. І.К.Глаўбіц (да 1802 была кафедральным саборам). Царква ўяўляла сабой крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым 8-гранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабана далучаліся 4 2-ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі 5-купальную кампазіцыю. Гал. фасад завяршалі 2-ярусныя вежы, паміж якімі быў высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкар. ляпнымі дэталямі, паміж аконнымі праёмамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры былі творы мясц. майстроў: жывапісца М.Пігарэвіча і чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). Царква разбурана ў Вял.Айч. вайну, пазней знесена, частка пабудоў захавалася. У 1785 завершана буд-ва мураванай агароджы з брамай і манастырскага корпуса. Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэр. манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутр. дворык. Корпус складаўся з 2-павярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя, захавалася) і 1-павярховага крыла (манаскія келлі, убудаваная царква, гасп. памяшканні, частка захавалася). Гал. фасад 2-павярховага корпуса аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем, падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Фасады 1-павярховага крыла расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. У 1918 манастыр закрыты.
Т.І.Чарняўская.
Да арт.Магілёўскі Спаскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.