КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс. км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс. км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

штотыднёвае выданне Магілёўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1883—1917 у Магілёве на рус. мове. Прызначаліся для Магілёўскай правасл. епархіі. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі, у неафіц. — матэрыялы царк.-гіст. характару: пра дзейнасць брацтваў, царк.-прыходскіх школ і інш. навуч. устаноў, гіст. нарысы пра некаторыя манастыры, мемуарныя матэрыялы магілёўскіх святароў і інш. Змяшчалі метадычна-дыдактычныя рэкамендацыі правядзення работы з насельніцтвам. У 1991 «М.е.в.» адноўлены.

В.​І.​Грыгор’ева.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глускім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Пціч, за 13 км на ПнУ ад г.п. Глуск. Пл. 0,28 км². Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з р. Ліса.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́КАВІЦКІ БАНДА́РНА-ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў в. Анікавічы (Горацкі р-н Магілёўскай вобл.). Вырабляў бочкі, пілаваны лес. У 1908 меў лакамабіль, працавалі 96 чал. У 1910—13 былі 2 лакамабілі.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХРА́,

рака на тэр. Магілёўскай вобл. Беларусі і Смаленскай вобл. Расіі, правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 158 км, у Беларусі 40 км. Пл. вадазбору 2230 км², у межах Беларусі 360 км². Пачынаецца ў Краснінскім р-не Смаленскай вобл., далей цячэ ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл. па Горацка-Мсціслаўскай раўніне. Асн. прытокі: Трасцянка, Упакой, Жалязняк, Вяльнянка (злева), Руфа, Малахоўка, Гарадня, Княгіня, Чорная (справа). Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, шыр. 400—600 м. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 15—20 м. Каналізавана 9,9 км рэчышча ў ніжнім цячэнні. Берагі стромкія, часта абрывістыя. На рацэ г. Мсціслаў.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ, Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Існаваў у 1862—1903 у Віцебску. Створаны для збірання і захоўвання дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. Меў 1896 актавых кніг (акты земскіх і гродскіх судоў, магдэбургій, інвентары, каралеўскія прывілеі 16—18 ст. і інш.). З 1871 выдаваў зб. «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы». Значны ўклад у дзейнасць архіва зрабілі М.Л.Вяроўкін, Дз.І.Даўгяла, А.М.Сазонаў, А.П.Сапуноў. Пасля скасавання дакументы архіва перададзены ў Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У сувязі з 1-й сусв. вайной большая частка дакументаў эвакуіравана, частка ацалелых матэрыялаў зберагаецца ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіве Беларусі.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВЕ́НЧЫЦЫ,

вёска ў Антонаўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл. За 13 км ад Чавусаў, 50 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Чавусы. 171 ж., 81 двор (1997). Клуб, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў.

Упершыню ўпамінаецца ў 1560 як сяло ў Магілёўскай воласці, дзярж. ўласнасць. У 1785 цэнтр памешчыцкага маёнтка Чавускага пав. Магілёўскага намесніцтва; 438 ж., 58 двароў, драўляная царква. У 1885 вёска ў Чавускай воласці, 256 ж., 52 двары, раз на год праводзіўся кірмаш. З 1924 да 1954 Галавенчыцы — цэнтр сельсавета Чавускага р-на. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 122 двары, загубілі 13 жыхароў.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),

удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.​Бычкова (гл. ў арт. Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЕЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1799—1900 у в. Батаева Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляла аконнае шкло і шкляны посуд. У 1900 працавалі 53 чал., выраблена 15 тыс. скрынак аконнага шкла.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ,

рака ў Беларусі, у Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Друці (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 111 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Старое Заліцвінне. Амаль цалкам каналізаваная.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)