Засн. ў 1920 у г. Каўнас па ініцыятыве К.Пятраўскаса, Ю.Талат-Кялпшы і інш. З 1922 дзяржаўны, з 1944 Т-р оперы і балета Літ. ССР, у 1948 пераведзены ў Вільнюс, з 1954 акадэмічны, з 1990 наз.Літ. опера, з 1998 сучасная назва. Першы оперны спектакль — «Травіята» Дж.Вердзі (1920). У 1933—40 пастаўлены нац. оперы «Гражына» і «Радвіла Пяркунас» Ю.Карнавічуса, «Тры талісманы» А.Рачунаса. Першы балетны спектакль — «Капелія» Л.Дэліба (1925), у 1928 пастаўлены харэаграфічная карціна «Літоўская рапсодыя» на муз. Карпавічуса, першыя балеты літ. кампазітараў «Юратэ і Касціціс» Ю.Груадзіса, «Сватанне» Б.Дварыёнаса, «У віхуры танцаў» В.Бацявічуса. Сучасны рэпертуар т-ра складаюць творы сусв. і рус. класікі, літ. і інш. сучасных кампазітараў. У т-ры працавалі: спевакі В.Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.Апанавічутэ, В.Даўнарас, Э.Канява, А.Кучынгіс, Ю.Мажэйка, Р.Марыёшус, І.Мількявічутэ, В.Нарэйка, Пятраўскас, А.Садзейка, Э.Саўлявічугэ, Р.Сіпарыс, І.Стасюнас, А.Сташкевічутэ, А.Чудакова; артысты балета Л.Ашкелавічутэ, Г.Баніс, Б.Кялбаўскас, В.Куджма, Г.Кунавічус, Г.Сабаляўскайтэ, Т.Свенціцкайтэ, М.Юазапайцітэ; дырыжоры І.Алекса (гал. дырыжор з 1975), М.Букша, Р.Генюшас, Х.Паташынскас, Талат-Кялпша; балетмайстры П.Баравікас, В.Браздзіліс, В.Грывіцкас, В.Дубеняцкене, Кялбаўскас, П.Пятроў, з 1992 кіраўнік балетнай трупы Т.Сядунова; рэжысёры Ю.Грыбаўскас, Ю.Густайціс, Э.Домаркас, В.Мікштайтэ, Сіпарыс; ген. дырэктар т-ра Ю.Андрэевас (з 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЫ́С (Néris; сапр.Бачынскайтэ-Бучэне) Саламея
(17.11.1904, в. Кіршай Марыямпальскага пав., Літва — 7.7.1945),
літоўская паэтэса. Нар. паэтэса Літвы (1954). Скончыла Каўнаскі ун-т (1928). Друкавалася з 1923. Першы зб. «Раннім ранкам» (1927) прасякнуты рамант. сімвалізмам. У лірычных зб-ках «Сляды на пяску» (1931), «Дзямідасам зацвіту» (1938; Дзярж. прэмія Літвы 1939) і інш. зварот да сац. праблем, духоўнага свету чалавека-працаўніка. Роздум над трагізмам вайны, гіст. лёсам літ. народа ў кнігах паэзіі «Апявай, сэрца, жыццё!» (1943), «Салавей не можа не спяваць» (1945), «Мой край» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947). Яе паэзіі ўласцівы шчырасць і глыбіня пачуццяў, меладычнасць верша, набліжаная да народнай. Пераклала на літ. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову яе творы пераклалі Э.Агняцвет, А.Астапенка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, С.Дзяргай, В.Жуковіч, А.Звонак, М.Калачынскі, І.Калеснік, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Е.Лось, М.Лужанін, У.Нядзведскі, П.Прыходзька, А.Разанаў, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Н.Тарас, Х.Чэрня, У.Шахавец, В.Шымук.
Тв.:
Rastai. T. 1—3. Vilnius, 1957;
Poezija. T. 1—2. Vilnius, 1972;
Бел.пер. — Калі зямля прачынаецца...: Выбранае. Мн., 1971;
Рус.пер. — Лирика. М., 1971.
Літ.:
Мальдзіс А Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;
Лапінскене А, Мальдзіс А Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Капшу́к1 ’мяшочак для тытуню’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Арх. ГУ, Арх. Бяльк., Малч., Некр., Клім., Гарэц., Сцяшк., Шн., Янк. 1, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Яруш., Нік. Очерки, Сержп.), ’сумка для грошай’ (Др.-Падб., Сержп.), ’плавальны пузыр’ (З нар. сл.), ’жывот’ (Жд. 2). Параўн. укр.капшук, капчук ’кісет для тытуню’, рус.капшук, капчук ’кісет, сумка для дробных рэчаў, старая шапка’, польск.kapciuch, kapszuk ’кісет для тытуню’ з бел. як і літ.kapšùkas ’тс’. Усходнеславянскае запазычанне з цюрк. моў. Параўн. татар.kapčyk ’мяшочак’ ад kap ’мяшок’ (Слаўскі, 11, 52, Фасмер, 2, 189, Локач, 94).
Капшу́к2 ’мёрзлая бульба, якая праляжала зіму на полі’ (Жыв. сл.). Параўн. літ.(ap)kapšavóti bùlbe ’абкопваць бульбу’. Магчыма, капшук < літ.kãpčius, kãpšius ’грэбля, яма’, якое ў сваю чаргу з бел.капец (Фрэнкель, 217–218). Гл. капшук4.
Капшу́к3 ’целяпень’ (Жыв. сл.), да капшук2.
Капшук4 ’сажалка на гары з праведзенай ад яе канавай’ (Яшк.) з літ.kãpčius у тым жа значэнні. Літоўская форма з бел.капец (гл. капшук2). Як і капшук2, капшук3, кантамінацыя з капшук1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЫСО́КАЕ (да 1939 Высока-Літоўск),
горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс.ж. (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс.чал. З 1962 у Камянецкім р-не.
Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕПА́РХІЯ (грэч. eparchia),
царкоўна-адм. адзінка (вобласць, зямля, дзяржава), падведамасная епіскапу. Першапачаткова дзярж.-адм. адзінка ў Рымскай імперыі. Калі з 4 ст.царк.-адм. падзел стаў адпавядаць дзярж.-адм. падзелу імперыі, назва «Е.» пачала ўжывацца і хрысціянскай царквой. Складаецца з прыходаў (парафій). Назвы Е. звычайна супадалі з назвамі гарадоў, дзе размяшчаліся епіскапскія кафедры.
Е. на Беларусі ў праваслаўнай царкве на 1997: Брэсцкая (засн. ў 1942. адноўлена ў 1990), Віцебская (засн. ў 1942, адноўлена ў 1992), Гродзенская (засн. ў 1900, адноўлена ў 1992), Гомельская (засн. ў 1990), Магілёўская (засн. ў 1632, адноўлена ў 1989), Мінская (засн. ў 1793), Навагрудская [у 1316 Навагрудак стаў цэнтрам Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі, у 1992 Е. адноўлена], Пінская (засн. ў 1241, адноўлена ў 1990), Полацкая (засн. ў 992, адноўлена ў 1989), Тураўская (засн. ў 1005, адноўлена ў 1992).
Е. на Беларусі ў рымска-каталіцкай царкве на 1997: Гродзенская (засн. ў 1991), Мінска-Магілёўская (Мінская засн. ў 1798, Магілёўская — у 1773, аб’яднаная Е. адноўлена ў 1991), Пінская апостальская адміністрацыя (засн. ў 1925, адноўлена ў 1991 з падпарадкаваннем Мінска-Магілёўскай Е.).
У грэка-каталіцкай царкве на тэр. Беларусі паміж 1595 і 1839 у розны час існавалі Е.: Кіеўская мітрапаліцкая (з рэзідэнцыяй мітрапалітаў у Вільні і Навагрудку, часам у Варшаве), Беларуская (Полацкая), Брэсцкая (Уладзімірска-Брэсцкая), Літоўская (Віленская), Смаленская, Турава-Пінская. У 1941—42 на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат з падпарадкаваннем мітрапаліту галіцкаму на Украіне, але сталая епархіяльная структура ў бел. уніятаў не склалася.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,
аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.М.Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.М.Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.М.Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.М.Захараў (в.а. сак. — вер. 1921), А.І.Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.І.Корк (в.а. сак.—крас. 1924), АІ.Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах.ваен. акругу (гл.Беларуская ваенная акруга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),
каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл.Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.
Літ.:
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;
Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НКА,
вытворча-эксплуатацыйнае падраздзяленне трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь. У сучасных межах дзейнічае з 1953. У снеж. 1991 аддзялілася ад адзінай чыгункі б.СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўж. чыгункі 5542,8 км, з іх 875 км электрыфікавана (1995).
У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Рас. імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, на пач. 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс.км. У 1913 даўжыня чыг. сеткі перавышала 3,8 тыс.км. Паскоранае буд-ва чыгунак абумоўлена эканам. і ваенна-паліт. інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталіст. развіцця і геагр. размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыг. лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць у 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—69 пабудаваны чыг. ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Але пачаткам развіцця беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асн. кірункі фарміравання беларускай чыгункі. У 2-й пал. 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага з-да (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыг. ўчастак Ковель—Брэст (частка чыг. лініі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся рух паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—87 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс.км), якія звязалі Прыбалтыку з зах. губернямі Украіны і цэнтр. Расію з Польшчай. На пач. 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыг. магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўд. губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—16) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясц. значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.Буд-ва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—17 пабудаваны чыг. лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы—Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і інш. участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыг. лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў—Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі. У Вял. Айч. вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваен. тэхнікі ворага на фронт, бел. партызаны вялі на беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т. л.рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыг. палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваен. перыяд беларуская чыгунка ў асн. адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Зах. чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыг. сетка рэспублікі супала з адм. граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапр. аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. З 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Скорасць пасаж. паяздоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыг. станцыях наладжана даведачна-інфарм. служба, з 1989 уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасаж. паязды і даведачна-інфарм. сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) буд-ва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя паязды «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 выліч. цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.
Шчыльнасць чыг. сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс.км². У складзе беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (Баранавіцкае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае), больш як 400 станцый, 9 дэпо па рамонце вагонаў, 17 дэпо па рамонце лакаматываў і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак трансп. сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-паязды, электрапаязды і інш.). У 1995 беларускай чыгункай перавезена 73,4 млн.т. грузаў і 147,3 млн. пасажыраў. Грузаабарот склаў 25,5 млн.т/км, пасажыраабарот — 12,5 млн. пасажыра-км. Беларуская чыгунка — чл.міжнар. Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнар. саюза чыгунак. Гл. схему.
Літ.:
Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957;