АЛЯКСА́НДРАЎ ПРЫВІЛЕ́Й 1492,

заканадаўчы акт у ВКЛ, дадзены вял. кн. Аляксандрам. Разам з прывілеем 1447 замацоўваў прынцыпы міжнар. палітыкі дзяржавы, абмяжоўваў уладу вял. князя панамі-радай, без згоды якіх ён не мог прымаць важных рашэнняў, вызначаў асновы адм., цывільнага і крымін. права. Быў своеасаблівай феад. канстытуцыяй, крыніцай пісанага права, нормы якога пазней увайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛ (паводле інш. крыніц, Ніскін, Ніскіня — маларослы чалавек; ? — 946),

князь драўлян у 1-й пал. 10 ст. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», узначаліў паўстанне жыхароў г. Іскорасцень супраць спробы вял. кіеўскага князя Ігара паўторна сабраць даніну, у час якога Ігара забілі (945). Драўляне няўдала спрабавалі ажаніць М. з удавой Ігара кн. Вольгай. У 946 войска Вольгі захапіла Іскорасцень, М. паводле яе загаду пакараны смерцю.

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сілко́м, прысл.

Разм. Сілай; супраць волі; гвалтам. У поўдзень сястра і санітаркі заўважылі, што.. [Наталля Пятроўна] хворая, і сілком адаслалі яе дадому. Шамякін. Маці ледзь не сілком упіхнула Сцёпку ў аўтобус. Жычка. Дзяўчыну звязалі і сілком прывялі да князя. Дуброўскі. // Праз сілу, цераз сілу, з цяжкасцю. [Ганначка] цяжка дыхала, але ішла і ішла, сілком перастаўляючы свае ацяжэлыя боцікі. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Сцегнавая ці лапатачная частка тушы свінні або барана, адпаведным чынам прыгатаваная для ўжывання. Вепручок рос ладны, ружовы, таму на вялікдзень былі на стале і шынка з мяккім сальцам, і мармуровыя каркавіны, і вэнджаныя кілбасы з пахучым кменам. Рамановіч. У маёнтку князя Абхазава яшчэ не страцілі смаку да вяпровай шынкі. Самуйлёнак.

[Ням. Schinken.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1113,

выступленне жыхароў Кіева супраць злоўжыванняў княжацкай адміністрацыі на чале з баярынам Пуцятам Вышацічам (спекуляцыя хлебам і соллю, закабаленне вольных людзей ліхвярамі і знаццю і інш.). Пачалося пасля смерці вял. кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Паўстанцы разграмілі двор Пуцяты і ўладанні ліхвяроў. Запрошаны кіеўскімі баярамі на велікакняжацкі прастол кн. Уладзімір Манамах спыніў паўстанне шляхам выдання Статута Уладзіміра Манамаха 1113, які змяшчаў уступкі паўстанцам.

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я ВАСІ́ЛЬКАЎНА (12 ст.),

князёўна, дачка полацкага кн. Васількі Святаславіча, пляменніца Ефрасінні Полацкай, праўнучка Усяслава Брачыславіча. У 1143 аддадзена замуж за Святаслава Усеваладавіча, князя чарнігаўскага, ноўгарад-северскага, вял. кн. кіеўскага (з 1177). Аказвала на мужа вял. ўплыў як пастаянная дарадчыца ў справах палітыкі. Паводле летапісу, паход 1180 Святаслаў «сдумав с княгинею своею». Выступала за стабільнасць адносін паміж Кіевам і Полацкам. Аўдавела ў 1194.

І.​А.​Масляніцына.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧЫ,

шляхецкі род герба «Александровіч», прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 19 ст. займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Герцагстве Варшаўскім, Рас. імперыі. Мелі буйныя зямельныя ўладанні ў Лідскім, Гарадзенскім і інш. пав. Найб. вядомыя Александровічы:

Альберт, канюшы вял. князя ВКЛ у 1530-я г. Рыгор, кашталян віленскі і вял. гетман літоўскі ў 16 ст. Стафан Яўстафій (? — 1700), маршалак гарадзенскі з 1684, кашталян новагародскі з 1698. Міхал, харужы з 1701, маршалак лідскі з 1704. Францішак Антоні, сын Лукаша, харужы (1759), падкаморы (1769), маршалак (1783), кашталян (1793) лідскі. Дамінік, сын Лукаша, маршалак трыбунала літоўскага з 1770, канюшы вял. князя ВКЛ у 1772—91.

Антоні Феліцыян, абат, сакратар Няспыннай Рады ў 1778—80, вял. пісар каронны. Тамаш Валяр’ян (? — 29.9.1794), сын Марціна, кашталян (з 1779), ваявода (з 1789) падляшскі, маршалак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, член Няспыннай Рады ў 1780—84. Падпісаў акт Канстытуцыі 3 мая 1791. Станіслаў (1781 — 13.8.1826), сын Тамаша, сенатар-кашталян у Каралеўстве Польскім у 1824—26. У 1800 атрымаў ад аўстр. імператара Франца II тытул графа.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКА́НЦЛЕР,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн. Б.​Глінскі — П. вял. кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш. гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш. дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 11, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,

адно з самых старажытных дзярж. утварэнняў усх. славян з цэнтрам у г. Полацк. Размяшчалася ў бас. Зах. Дзвіны, Бярэзіны, часткова Нёмана (тэр. сучаснай Віцебскай, паўн. часткі Мінскай і Магілёўскай абл.). Найб. стараж. гарады — Мінск (Менск), Віцебск, Друцк, Усвяты, Лукомль, Лагойск (Лагожск), Заслаўе (Ізяслаўль). Ядром П.к. было племянное княжанне крывічоў (палачан). У летапісах княства называлася таксама воласцю (862), вобласцю, Полацкай зямлёй. У апавяданні пра паход кн. Алега на Канстанцінопаль у 907 летапісец залічыў Полацк да гарадоў, дзе «седяху велиции князи, под Олгом суще». У выніку перамогі Полацк атрымліваў даніну ад грэкаў. Каля 980 у Полацку сядзеў кн. Рагвалод. Прадстаўнікамі полацкага княжацкага ролу былі Рагнеда Рагвалодаўна, Ізяслаў Уладзіміравіч, Брачыслаў Ізяславіч, які ў 1021 пасля паходу на Ноўгарад атрымаў г. Усвяты і Віцебск. Пры яго сыне Усяславе Брачыславічу [1044—1101] П.к. дасягнула найб. росквіту. У Полацкай зямлі, магчыма, яшчэ пры жыцці Усяслава ўтварылася Мінскае княства, а пасля яго смерці — іншыя ўдзелы (Ізяслаўскае княства, Віцебскае княства, Лагожскае княства, Друцкае княства). У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вял. паход у П.к., у 1129 захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і саслаў у Візантыю. Каля 1139 яны вярнуліся і занялі свае ўдзелы. З канца 1120-х г. у Полацку пабольшала роля веча. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася выступленнямі гараджан, зменай князёў. У канцы 12 ст. полацкімі князямі становяцца віцебскія Васількавічы. У гэты час асобныя часткі П.к. адышлі да Смаленска (Копысь, Орша). У 12 ст. ў нізоўях Зах. Дзвіны на месцы больш ранніх паселішчаў узніклі залежныя ад Полацка гарады Герцыке і Кукенойс, якія ў пач. 13 ст., нягледзячы на супрацьдзеянне Полацка, былі захоплены ням. рыцарамі. У канцы 1250 — пач. 1260-х г. у Полацку княжыў Таўцівіл, пляменнік вял. князя ВКЛ Міндоўга. Некалькі гадоў у Полацку правіў Гердзень, пасля князі мяняліся часта. У канцы 13 ст. адзін з іх (імя невядома) спрыяў уключэнню Полацка ў сферу дзеянняў Рыжскага арцыбіскупства. У 1307 палачане з дапамогай літ. князя Віценя прагналі чужынцаў. З таго часу П.к. ўвайшло ў склад ВКЛ, верагодна, на аснове пагаднення (рады) літ. князёў і полацкага баярства. П.к. карысталася аўтаноміяй паводле асобнага прывілея (гл. Полацкія прывілеі). Полацкімі князямі звычайна былі родзічы вял. князя ВКЛ. У 1370—80-я г. (з перапынкамі) полацкім князем быў Андрэй Альгердавіч, які пасля прыняцця вял. князем ВКЛ Ягайлам польскай кароны і каталіцтва прыняў тытул вял. князя полацкага, што падкрэслівала незалежнасць ад ВКЛ. У Грунвальдскай бітве 1410 прынялі ўдзел харугвы з Полацкай зямлі. У час феад. вайны 1432—36 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе яго падтрымалі мясц. баяры і гараджане. Адбыўся раскол дзяржавы на 2 дзярж. ўтварэнні — ВКЛ са сталіцай у Вільні і Вял. княства Рускае са сталіцай у Полацку, якое праіснавала 4 гады. Адасобленасць П.к. ў складзе ВКЛ неаднаразова пацвярджалася прывілеямі. На тэр. П к. дзейнічала полацкае права, пры якім найб. важныя пытанні жыцця горада і княства вырашаліся на вечы. З сярэдзіны 15 ст. ў Полацк прызначаліся намеснікі вял. князя ВКЛ, а ў 1504 створана Полацкае ваяводства.

Літ.:

Гл. пры арт. Полацк.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ I Дзмітрыевіч

(30.12.1371, Масква — 27.2.1425),

вялікі князь маскоўскі [1389—1425]. Старэйшы сын Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Жанаты з Соф’яй, дачкой вял. князя літ. Вітаўта. Да Маскоўскага княства далучыў у 1392 Суздальска-Ніжагародскае і Мурамскае княствы, у 1397—98 — Волак Ламскі, Бежацкі Верх, Волагду, Вялікі Усцюг і землі комі. Для барацьбы з татарамі заключыў з ВКЛ саюз (1392), які распаўся ў сувязі з захопам Вітаўтам у 1403—04 Смаленска і Вязьмы.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)