парва́цца, ‑рвецца; зак.
1. Разарвацца, раздзяліцца на часткі ад нацягвання. Ехала я і марыла: паставяць мяне каля машыны, што сама вяжа панчохі, буду хадзіць між станкоў, глядзець, каб нідзе нітачка не парвалася. Жычка.
2. Разадрацца на часткі, падрацца. Дастаў з камсамольскага білета яе даўняе пісьмо, што некалі ўратавала мяне, яно парвалася на складках, словы пабляклі, а то і выцвілі. Марціновіч. / Пра хмары. Бралася на добрую пагоду: хмара, што ўчора абцягнула сяло, парвалася. Капыловіч.
3. Стаць дзіравым, непрыгодным для носкі; знасіцца. Светлая дзяўчыніна сукенка прыняла дзікунскі выгляд. Блакітныя панчошкі парваліся. Маўр.
4. перан. Спыніцца, скончыцца. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка. Аднак сувязь паміж паэтамі не парвалася: часта новаасуджаны нёс у турму некалькі вершаў Танка і знаёміў з імі таварышаў па камеры. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́рці 1, сапру, сапрэш, сапрэ; сапром, сапраце; пр. спёр, сперла; заг. сапры; зак., каго-што.
Разм.
1. Знесці, ссунуць з месца што‑н. [Сёмка:] — Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе. Колас.
2. перан. Прагнаць з пасады, службы. [Вальдамар:] — Ну, ад жонкі адаб’ешся... Але цяпер не сапрэш Купчына з брыгадзірства. Мыслівец.
3. Украсці. Круціўся хітрым лісам ён [Мікіхвер], Хапаў — І гэта факт! Сапрэ. — і тут жа спісана — І, калі ласка, акт! «Вожык».
спе́рці 2, сапрэ; безас. зак.
Разм. (звычайна ў пр. сперла). Сціснуць, здушыць. У Андрэя сперла ў грудзях, здрадніцкі горкі камяк падпёр пад горла. Асіпенка. Ад хвалявання і крыўды ў Змітрака нешта сперла ў горле. Ваданосаў. Лёнька загрузаў па пахі ў снезе, але бег і бег, пакуль у грудзях не сперла дых. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.
2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Закрыць якую‑н. адтуліну, засунуўшы ў яе што‑н.; заторкнуць. Заткнуць шчыліны мохам. Заткнуць вушы пальцамі. □ [Старая] заткнула пакуллем бутэльку і паставіла яе ў кут. Чыгрынаў. [Антон] заткнуў анучаю дзірку ў акне і агню не запальваў. Чорны. // Заціснуць (нос), каб не чуць дрэннага паху. Заткнуць нос.
2. Засунуць які‑н. прадмет за што‑н., куды‑н. Заткнуць сякеру за пояс. □ І не запхнуў, не заткнуў [дзядзька] пучок сена назад у вязку, панёс яго ў руцэ ў двор. Капыловіч.
•••
Заткнуць дзірку — ліквідаваць няхватку ў чым‑н., разлічыцца з даўгамі.
Заткнуць за пояс каго — перамагчы, перавысіць каго‑н. у чым‑н. Нават і зараз, нягледзячы на свае восемдзесят год, дзед Мікіта за пояс маладога заткне. Колас.
Заткнуць рот (горла, глотку) каму — прымусіць замаўчаць. — Чуеце, людзі добрыя, мне хоча рот заткнуць, каб я ні слова, ні паўслова. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які складае з кім‑, чым‑н. пару (у 1 знач.). Парная рукавіца. Парныя боты. □ Па вёсцы хадзілі парныя патрулі. Сабаленка. // Які складаецца з дзвюх аднолькавых частак. Коні ходзяць папарна.. ў парных баронах «зігзаг». Брыль. На пагорку ў ельніку праскакала спуджаная казуля, парныя сляды яе нагадвалі [праткнутыя] тонкай палкай дзіркі. Ляўданскі. // Размешчаны парамі, папарна. Парныя лісты.
2. Запрэжаны парай коней; прызначаны для запрэжкі парай коней. Паскрыпваючы рысорамі, лёгка праляцеў карны фаэтон Гунава. Самуйлёнак. Каня, што дрыжаў ад сцюдзёнай вапны,.. запраглі ў парныя сані аднаго. Корбан.
3. Які выконваецца, робіцца парай, парамі. Парны палёт. Парны разрад. □ Выконваецца гэты парны народны танец [балеро] і ва ўмераным і ў вельмі хуткім тэмпе. «Маладосць».
•••
Парны лік гл. лік.
па́рны 2, ‑ая, ‑ае.
Душны, насычаны вільгаццю. Надыходзіла парная хмурная майская ноч — яўны прадвеснік навальніцы. С. Александровіч. Сонца адышло ад зямлі .. і настылая за ноч зямля дыхнула ў твар парным, цёплым духам. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слі́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рухацца па гладкай слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Крактала, угіналася пад возам рака, коні .. імчаліся, секлі лёд падковамі, і заднія калёсы слізгаліся, сунуліся. Капыловіч. // Не мець устойлівасці, ссоўвацца з месца, не могучы ўтрымацца на слізкай паверхні, саслізгваць. А падлога маляваная, гладкая, слізкая, я проста на нагах стаяць не магу, — усё слізгаюся. Бядуля. Але з непрывычкі нож .. чамусьці не слухаўся [Косціка]: ён то лёгка слізгаўся па версе кары, то глыбока ўядаўся ў корань. Якімовіч. // Не трымацца, выслізгваць. Чаўнок слізгаецца з рук. □ Паклаўшы жменю [пшаніцы], .. [Марыя] плявала сабе ў правую далонь, каб ручка сярпа не слізгалася, і жала далей. Пестрак.
2. Катацца, коўзацца. Слізгацца па лёдзе. Слізгацца на каньках. □ Зімою добра было слізгацца па лёдзе, вечарам пад шум бору за сцяной слухаць казкі. Ліс.
3. Тое, што і слізгаць (у 3 знач.). Водбліскі зор, здаецца, слізгаюцца па шыбінах і адбываюцца на твары Косціка. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
1. Распасціся, разбурыцца (пра што‑н. сабранае, складзенае). Нашым вачам нечакана адкрыўся непрыемны малюнак: разваліўся воз сена. Ракітны. // Раскалоцца, разламацца на асобныя часткі ад удару. На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Быкаў. Гэ-эх! Надвая развалілася вялізная стракатая глыба. Лом гулка звінеў. Савіцкі.
2. Разм. Разбурыцца, ператварыцца ў руіны. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. — Больш чатырох паленцаў не кладзі ў грубку, хлопча... Разваліцца яшчэ. Капыловіч. // Падрацца, знасіцца. Янка паглядвае на боты і думае: «Прыйдзецца аборынай звязаць, каб зусім не разваліліся». П. Ткачоў.
3. перан. Дайсці да поўнага заняпаду; разладзіцца, распасціся, перастаць існаваць. Ні бомбы, ні газы, ні напалм не адновяць каланіяльныя імперыі, якія разваліліся. «Звязда».
4. Разм. Сесці або легчы неакуратна, шырока раскінуўшы рукі і ногі. [Ігнат] разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон не ішоў. Мележ. Наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шах 1, ‑а, м.
Тытул манарха ў некаторых краінах Усходу. // Асоба, якая носіць гэты тытул. [Даніла Платонавіч:] — Прачытаў гэтыя вершы шах, уладар краіны, і паклікаў паэта. Шамякін.
[Перс. šāh — цар.]
шах 2, ‑а, м.
У шахматнай гульні — нападзенне якой‑н. фігуры або пешкі на караля праціўніка. — А мы, — сказаў Ігнат, — канём аб’явім шах. Корбан.
•••
Вечны шах — безупынныя нападзенні адной або некалькіх фігур на караля праціўніка, ад якіх кароль не можа пазбавіцца і вымушаны паўтараць адны і тыя ж хады.
[Перс. šāh — цар.]
шах 3, выкл.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння шумных адрывістых гукаў. [Толік] перахапіў далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч. Чутно было, як правальваўся пад дзядзькавымі нагамі снег: шах! шах! шах! М. Стральцоў. — Шах-шах, шах-шах, — праходзілі.. [салдаты] роўнымі радамі. Арабей.
2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шахаць — шахнуць. На спіну ўпаў, гатовы к бою, І — шах арла ён [заяц] з усіх сіл! Колас. Глянуў скоса страшны шах — Галованька з плячэй — шах. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ю́шка 1, ‑і, ДМ юшцы; Р мн. юшак; ж.
Металічны кружок, якім закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра. Маці.. стаяла ля прыпечка і зачыняла ў коміне юшкі, каб пайшоў дух на выстуджаную за ноч хату. Капыловіч. Каб не здарылася бяда, вокны і юшкі ў коміне перад навальніцай зачыняюць. Грамовіч.
ю́шка 2, ‑і, ДМ юшцы, ж.
1. Страва са свежай рыбы з прыправамі; рыбны адвар. Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы. Шамякін.
2. Поліўка (у 1 знач.). Сабіна з цікавасцю глядзела ў акно. Яна бачыла, як Сабастыян сам сёрбаў лыжкай юшку, спрабуючы, ці ўварыліся грыбы. Сабаленка.
3. Жыжка ва ўсякай страве. Сёрбай юшку, на дне гушча! З нар.
4. перан. Разм. Кроў. [Чалавек:] Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.
•••
Пусціць юшку гл. пусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.
1. Параўняцца з кім‑, чым‑н., што рухаецца наперадзе; нагнаць. Раман пусціўся шпарчэй, думаў, можа дагоніць на Лавацкім полі Раіну. Пташнікаў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Каля пушчы, каля броду Нас дагнала непагода. Танк. // перан. Параўняцца ў поспехах, росце і пад. з тым, хто апярэджваў. Прыйшоў у школу Піліпка, калі складанне простых дробаў канчалі ўжо, і нічога, дагнаў. Навуменка. Хаця выпрацоўка.. [Васіля] і павялічылася, Алены ён усё-такі не дагнаў. Чарнышэвіч.
2. Прыгнаць куды‑н., у якое‑н. месца. Дагнаць кароў да лесу. Дагнаць машыну да горада. // перан. Разм. Давесці да якіх‑н. паказчыкаў. Дагнаць выпрацоўку да 150 працэнтаў.
3. Падагнаць, наладзіць як трэба. Каса чыя нядобра косіць — Няхай Антося ён папросіць: Антось наладзіць — так дагоніць, Тады пабач, як загамоніць. Колас.
4. Давесці што‑н. распачатае да канца або да пэўнай мяжы. Дагнаць баразну да канца. Дагнаць цвік да сярэдзіны. □ Цімох дагнаў пракос да карчоў, вярнуўся назад. Капыловіч. // Закончыць перагонку якіх‑н. вадкасцей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)