ГАЛАКТУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная гексуронавая кіслата, монацукрыд. Утвараецца ў арганізмах з D-галактозы шляхам акіслення яе першаснай гідраксільнай групы да карбаксільнай. Вельмі пашырана ў прыродзе: структурны кампанент многіх вышэйшых поліцукрыдаў, утвараецца ў тканках раслін, уваходзіць у састаў пекцінавых рэчываў, камедзей, слізей, спецыфічных поліцукрыдаў некат. мікробаў і інш. У раслінах пад уздзеяннем ферменту дэкарбаксілазы галактуронавая кіслата ператвараецца ў арабінозу. Пры награванні водных раствораў галактуронавая кіслата ў прысутнасці солей некат. металаў можа дэкарбаксіліравацца з утварэннем L-арабінозы.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАСАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,

падпарадкавальная сувязь, пры якой форма залежнага слова (кампанента) прыпадабняецца да формы галоўнага ў родзе, ліку і склоне. Грамат. паказчык Д. — канчатак; характэрная асаблівасць — змяненне формы асн. кампанента патрабуе адпаведных змяненняў у форме дапасаванага (напр., рыжы ліс, рыжага ліса і г.д). Адрозніваюць поўнае Д. (залежны кампанент цалкам дубліруе форму галоўнага і не мае самаст. грамат. значэння) і няпоўнае Д. (ахоплівае толькі асобныя формы галоўнага, напр., на станцыі «Маскоўская», з прафесарам Пятровай).

Т.​Р.​Рамза.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.

Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7∙10​3 кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5∙10​3 кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у т. л. фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25∙10​3 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83∙10​3 кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.

Літ.:

Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць алюміній, пераважна ў ступені акіслення + 3. Бясколерныя, белыя ці шэрыя цвёрдыя рэчывы. Найб. пашыраны алюмінію злучэнні з кіслародам (крышт. алюмінію аксід і аморфны алюмагель, гідраксід алюмінію), солі алюмінію з моцнымі кіслотамі (нітрат, сульфат, галагеніды, фасфаты), комплексныя солі алюмінію (алюмініевы галын, алюмасілікаты), солі алюмініевых кіслот (алюмінаты), алюмінійарган. злучэнні (гл. ў арт. Металаарганічныя злучэнні), нітрыд і гідрыд алюмінію, алюмінію злучэнні з некаторымі больш электрададатнымі, чым алюміній, металамі, напр. арсенід алюмінію.

Алюмінію гідраксід (Al(OH)3] сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў — састаўная частка баксітаў, існуе ў трох крышт. і аморфнай мадыфікацыях; не раствараецца ў вадзе, спіртах; амфатэрны, з кіслотамі ўтварае солі, са шчолачамі алюмінаты. Атрымліваюць гідролізам алюмасілікатаў у шчолачным асяроддзі, аморфны — асаджэннем з раствораў соляў алюмінію аміякам. Выкарыстоўваюць для вытв-сці аксіду алюмінію і алюмагелю, як адсарбцыйны сродак у медыцыне. Алюмінію сульфат [Al2(SO4)3], т-ра раскладання больш за 770 °C, раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца ўзаемадзеяннем кааліну ці баксіту з сернай кіслатой. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмініевага галыну, для праклейвання паперы, асвятлення і пазбаўлення колеру вады, як пратраву пры фарбаванні тканін. Алюмінію фтарыд (AlF3), т-ра ўзгонкі 1279 °C, раствараецца ў вадзе, утварае крышталегідраты. Кампанент электраліту ў вытв-сці алюмінію, таксама флюсаў, эмаляў, керамікі. Алюмінію хларыд (AlCl3), дыміць на паветры, т-ра ўзгонкі 180 °C, tпл 192,5 °C, у вадзе гідралізуецца. Атрымліваецца хларыраваннем кааліну, баксіту ці гліназёму. Каталізатар крэкінгу нафты, у рэакцыях алкіліравання. Алюмінію нітрыд (AlN), т-ра раскладання ~2000 °C, дыэлектрык, устойлівы да дзеяння кіслот і шчолачаў пры t 20 °C. Атрымліваюць узаемадзеяннем азоту з алюмініем пры t 1000 °C ці аднаўленнем аксіду алюмінію. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял для тыгляў, футровак электролізных ваннаў, для нанясення каразійна- і зносаўстойлівых пакрыццяў на сталь, графіт і інш. Алюмінію гідрыд (AlH3), т-ра раскладання 105 °C, існуе ў палімерным стане. Выкарыстоўваецца як кампанент цвёрдага ракетнага паліва, аднаўляльнік у арган. Сінтэзе. Алюмінію арсенід (AlAs), т-ра плаўлення 1740 °C, кампанент паўправадніковых цвёрдых раствораў для лазераў, фотадыёдаў, сонечных батарэй.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць жалеза, пераважна ў ступені акіслення +2 і +3. Найб. пашыраны неарган. Ж.з. — жалеза аксіды, гідраксіды, карбіды (гл. Жалезавугляродзістыя сплавы), сульфіды, сульфаты, карбанілы (гл. Карбанілы металаў), цыяністыя комплексныя солі (гексацыянафераты, гл. Калію злучэнні), а таксама жалезаарган. злучэнні (гл. Ферацэн).

Жалеза (II) гідраксід Fe(OH)2 — бледна-зялёнае аморфнае ці крышт. рэчыва. Узаемадзейнічае з к-тамі, акісляецца на паветры да гідраксіду Fe (III). Жалеза (III) гідраксід Fe2O3nH2O — бурае аморфнае рэчыва, не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў к-тах. У прыродзе — буры жалязняк. Асаджэннем шчолаччу з раствораў солей Fe (III) атрымліваюць Fe(OH)3 — слабая аснова, амфатэрны (пры сплаўленні са шчолачамі ўтварае ферыты). Выкарыстоўваюць як кампанент жоўтага пігменту для фарбаў і эмалей. Жалеза сульфаты, солі сернай к-ты — крышт., гіграскапічныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе. Утвараюць крышталегідраты: гептагідрат FeSO4∙7H2O — жалезны купарвас (мінерал мелантэрыт), блакітнавата-зялёныя крышталі, tпл 64 °C. З сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтвараюць двайныя сульфаты: FeSO4∙(NH4)2SO4∙6H2O (соль Мора) — сіне-зялёныя крышталі, устойлівыя на паветры; NH4Fe(SO4)212H2O (жалеза-амоніевы галын). Выкарыстоўваюць як кампанент электраліту ў гальванатэхніцы; FeSO4 — кансервант драўніны, фунгіцыд, антыанемічны сродак і інш.; Fe2(SO4)3 — растваральнік у гідраметалургіі медзі, каагулянт пры ачыстцы вады, пратрава пры фарбаванні. Жалеза сульфіды — злучэнні жалеза з серай. Монасульфід жалеза FeS, рудыя ці чорныя крышталі, tпл 1193 °C. Не раствараецца ў вадзе, раскладаецца к-тамі. У прыродзе — мінералы пірацін (гл. Калчаданы) і траіліт. Выкарыстоўваюць для атрымання серавадароду. Дысульфід FeS2, залаціста-жоўтыя крышталі, мінералы пірыт і марказіт. Выкарыстоўваюць прыродны як сыравіну для атрымання серы, сернай к-ты, сульфату Fe2(SO4)3, сінт. — каталізатар у арган. сінтэзе. Жалеза хларыды — злучэнні жалеза з хлорам, солі салянай к-ты — крышт., гіграскапічныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе, этаноле, ацэтоне. Дыхларыд жалеза FeCl2 утвараецца пры ўзаемадзеянні жалеза з салянай к-той. Выкарыстоўваюць для атрымання трыхларыду. Трыхларыд FeCl3, цёмна-рудыя крышталі. 309 °C. Выкарыстоўваюць як каагулянт пры ачыстцы вады, кампанент раствораў для электрахіміі, траўлення пячатных плат і інш.

І.​В.​Боднар.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАЛІ́НІЙ (лац. Gadolinium),

Gd, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 64, ат. м. 157,25, адносіцца да лантаноідаў. Адкрыты ў 1880 швед. хімікам Ж.​Марыньякам, названы ў гонар фін. хіміка Ю.Гадаліна. Мяккі серабрысты метал, шчыльн. 7895 кг/м³, tпл 1312 °C, ферамагнетык (ніжэй за 18 °C). У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (сернай, азотнай, салянай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў. Перспектыўны матэрыял для рэгулюючых стрыжняў ядз. рэактараў (паглынальнік нейтронаў).

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні галагенаў з інш. менш электраадмоўнымі элементамі. У прыродзе ўтвараюць асобныя класы мінералаў. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці галагенаў, шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, як кампанент шкла і інш. неарган. матэрыялаў.

Галагеніды неметалаў звычайна газы (напр., галагенавадароды, фтарыды серы) ці вадкасці (напр., хларыды серы). Галагеніды шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, а таксама мона- і дыгалагеніды інш. металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, даволі тугаплаўкія і малалятучыя. Большасць крышт. галагенідаў добра раствараецца ў вадзе, акрамя фтарыдаў. Гл. таксама Браміды, Ёдыды, Фтарыды, Хларыды.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАБЕНЗО́Л, мірбанавы алей,

найпрасцейшае араматычнае нітразлучэнне, C6H5NO2. Зеленаватая алеепадобная вадкасць з пахам горкага міндалю, шчыльн. 1203,7 кг/м³, tпл 5,85 °C, tкіп 211,03 °C. Змешваецца з арган. растваральнікамі, маларастваральны ў вадзе. Атрымліваюць нітраваннем бензолу сумессю канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аніліну, араматычных азотзмяшчальных рэчываў (напр., азабензолу, бензідыну, хіналіну), як растваральнік і кампанент паліравальнай сумесі для металаў. Атрутны, усмоктваецца скурай, уздзейнічае на ц. н. с., печань, парушае абмен рэчываў, акісляе гемаглабін да метгемаглабіну, ГДК 3 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНЯ́НЫ АЛЕ́Й,

раслінны алей з насення бавоўніку. Вадкасць ад светла-жоўтага (рафінаваны баваўняны алей) да карычневага колеру, тэмпература застывання ад 5 да -6 °C, шчыльн. 0,918—0,932∙10​3 кг/м³. Нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках (акрамя метылавага і этылавага спіртоў). Мае 22—25% тлустых насычаных кіслот (C10—C20), 23—35% алеінавай, 34—57% лінолевай кіслот. Атрымліваюць прасаваннем насення ці яго экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Баваўняны алей — сыравіна ў вытв-сці тлустых кіслот, гліцэрыны, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў, пакостаў, алкідных смолаў; рафінаваны — харч. прадуктаў (напр., маргарыну).

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

метад колькаснага аналізу, заснаваны на дакладным вымярэнні масы рэчываў з дапамогай аналітычных вагаў. Выкарыстоўваюць для кантролю якасці сыравіны і гатовай прадукцыі, вызначэння хім. саставу горных парод, сплаваў і інш.

Пры гравіметрычным аналізе частку даследуемага цвёрдага рэчыва вядомай масы (навеска) пераводзяць у раствор, з якога вызначаемы кампанент вылучаюць у выглядзе практычна нерастваральнага рэчыва. Асадак аддзяляюць (напр., фільтраваннем), высушваюць ці награюць да ўтварэння ўстойлівага злучэння (вагавая форма) і ўзважваюць, потым разлічваюць колькасць (у% па масе) кампанента ў цвёрдым рэчыве. Адносная хібнасць гравіметрычнага аналізу ±0,1%.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)