дзяржава ў Вест-Індыі, займае ўсх.ч. в-ва Гаіці і суседнія невял. астравы, на З мяжуе з Рэспублікай Гаіці. Падзяляецца на 26 правінцый і 1 акругу. Пл. 48,4 тыс.км². Нас. 7543 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Санта-Дамінга. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 лют.).
Дзяржаўны лад. Д.Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс, які складаецца з сената (30 чал.) і палаты дэпутатаў (120 чал.). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Каля палавіны тэр. занята гарамі. У цэнтр.ч. краіны з ПнЗ на ПдУ цягнецца Кардыльера-Сентраль з найвышэйшым пунктам 3175 м (г. Дуартэ). Уздоўж паўн. ўзбярэжжа вапняковыя горы Кардыльера-Септэптрыяналь, выш. да 1249 м. Паміж хрыбтамі і на ўзбярэжжы ўрадлівыя даліны. З карысных выкапняў ёсць баксіты, жал., медныя і нікелевыя руды, серабро і золата, буд. матэрыялы і інш. Клімат трапічны, пасатны. Т-ра паветра 23—25 °C у студз., 28—29 °C у ліпені. Ападкаў 1000—2000 мм за год, пераважна з мая да лістапада. Бываюць ураганы. Рэкі невял. горныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. На ПдЗ у бяссцёкавай катлавіне на 46 м ніжэй узр. м. ляжыць салёнае воз. Энрыкільё. У гарах трапічныя лясы (22% тэр.), пераважна лістападныя з каштоўнымі пародамі дрэў. У больш сухіх раёнах (асабліва на ПдЗ) саванны і кустовыя зараснікі. Да выш. 600 м схілы гор пад плантацыямі трапічных культур. Нац. паркі — Арманда-Бермудэс, Дэль-Эстэ, Лос-Айтысес.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва дамініканцы. Мулатаў 60%, белых 28%, неграў 12%. Ёсць невял. групы выхадцаў з суседніх краін, еўрапейцаў, японцаў і кітайцаў. 95% вернікаў католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 155,9 чал. на 1 км². Асабліва шчыльна заселены міжгорныя даліны і наваколле сталіцы. У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. з іх (тыс.ж., 1991): Санта-Дамінга — 2400, Сант’яга — 490, Ла-Рамана — 101.
Гісторыя. Да канца 15 ст. востраў насялялі індзейскія плямёны. Пасля адкрыцця вострава Х.Калумбам (1492) яго ўсх.ч. (цяперашняя тэр. краіны, назву атрымала ад г. Санта-Дамінга) да 1795 была калоніяй Іспаніі. потым Францыі, з 1809 зноў Іспаніі. У вайну за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Санта-Дамінга 20.11.1821 абвясціла незалежнасць і далучылася да рэспублікі Вял. Калумбія. У 1822 акупіравана суседняй Гаіці. У 1844 у выніку антыгаіцянскага паўстання стала незалежнай і атрымала сучасную назву, У 1861 ёю зноў завалодала Іспанія У выніку барацьбы за незалежнасць у 1865 іспанцы пакінулі Д.Р. З сярэдзіны 19 ст. ў краіну пачаў пранікаць замежны капітал. У 1905—40 ЗША усталявалі свой кантроль над мытнямі Д.Р., што палегчыла ім умяшанне ў паліт. жыццё краіны. Калі ў 1916 у Д.Р. адбылося паўстанне, амер. войскі акупіравалі краіну і ўстанавілі ваенна-акупац. рэжым (да 1924) У 1930 да ўлады прыйшоў Р.Л.Трухільё. прадстаўнік буйных памешчыкаў і буржуазіі, звязанай з ЗША, і ўстанавіў жорсткі паліт. тэрор.
Пасля 2-й сусв. вайны, ва ўмовах уздыму нац.-вызв. барацьбы ў Лац. Амерыцы, узмацнілася барацьба супраць рэжыму Трухільё (забіты ў 1961). У снеж. 1962 на ўсеагульных выбарах перамог Х.Бош. Яго ўрад у крас. 1963 прыняў канстытуцыю, якая абвясціла агр. рэформу, шэраг паліт. і дэмакр. свабод, ажыццявіў мерапрыемствы па ўмацаванні нац. эканомікі і аслабленні залежнасці ад ЗША. У вер. 1963 рэакц. ваеншчына скінула ўрад Боша. Уладу захапіла хунта і абвясціла надзвычайнае становішча, забараніла ўсе дэмакр. партыі, прагрэс. друк, разграміла прафсаюзы. Нар. паўстанне ў крас. 1965 скінула хунту. Канстытуцыйны ўрад узначаліў Ф.Кааманьё. ЗША высадзілі ў Д.Р. дэсант (42 тыс.чал.). Урад Кааманьё быў скінуты, часовым прэзідэнтам назначаны Э.Г.Гадой. На выбарах у чэрв. 1966, якія адбываліся ва ўмовах ваен. акупацыі краіны, перамог заснавальнік і лідэр Рэфармісцкай партыі Х.Балагер (прэзідэнт у 1966—78 і з 1986). У 1966 ЗША вывелі свае войскі з тэр. краіны. Д.Р. — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. сістэмы і інш.міжнар. арг-цый. Акрамя правячай Рэфармісцкай сац.-хрысц. партыі (створана ў 1986 у выніку зліцця Рэфармісцкай і Рэв.сац.-хрысц. партый) у краіне дзейнічаюць Дамініканская партыя вызвалення, Дамініканская рэв. партыя, Дамініканская кампартыя і інш.Прафс. аб’яднанні — Аўт. канферэнцыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Нац. канфедэрацыя дамініканскіх працоўных, Прафс. рух рабочага адзінства і інш.
Гаспадарка. Д.Р. — агр. краіна. У сельскай гаспадарцы занята 50% рабочай сілы. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі (разам з лясной прам-сцю і рыбалоўствам) — каля 17%, горназдабыўной прам-сці — каля 5, апрацоўчай прам-сці — каля 17, буд-ва — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — каля 40%. Апрацоўваецца 30% тэрыторыі. Характэрна наяўнасць буйнога памешчыцкага землеўладання і дробных сял. гаспадарак (50% гаспадарак маюць надзелы менш за 1 га). Асн. таварныя культуры: цукр. трыснёг, какава, кава, тытунь, бананы, манга, апельсіны. На свае патрэбы вырошчваюць кукурузу, памідоры, фасолю, рыс, маніёк, батат. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 2400, свіней 1000, коз 300. Рыбалоўства і промысел крэветак, гал. цэнтры на паўн. узбярэжжы. Аснова прам-сці — перапрацоўка цукру, кавы, какавы, тытуню, мяса, агародніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 4 млрд.кВт∙гадз штогод. Здабыча баксітаў, жал., нікелевай руд, золата (штогод каля 10 т), серабра (каля 35 т), кухоннай солі. У апрацоўчай прам-сці больш за 80% аб’ёму вытв-сці прыпадае на спажывецкія тавары. Найб. развіта харчасмакавая прам-сць (каля 2/3 кошту прамысл. прадукцыі), пераважна цукр. (штогадовая вытв-сць цукру-сырцу каля 1,5 млн.т) і тытунёвая. Цэм., хім., фармацэўтычная, тэкст., дрэваапр. прадпрыемствы. Каля 20 свабодных эканам. зон, дзе развіта швейная прам-сць. Нікелевы камбінат у г. Банао, нафтаперапр.з-д каля г. Санта-Дамінга. Значны даход прыносіць замежны турызм. Штогод краіну наведвае 1,7—2 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. Турысцкі сезон у ліст.—маі. Унутр. транспарт у асноўным аўтамабільны, даўж. аўтадарог 17,1 тыс.км.
Чыгунак 1,2 тыс.км. Гал. марскі порт — Санта-Дамінга. Экспарт: цукар (20—30% кошту), золата і серабро (каля 20%), феранікель, кава, какава, тытунь і інш. Імпарт: нафта і нафтапрадукты (34%), прамысл. тавары (28%), машыны і трансп. сродкі (20%), харч. прадукты (15%). Асн.гандл. партнёры: ЗША (48% экспарту і 43% імпарту), Венесуэла, Нідэрланды. Грашовая адзінка — дамініканскае песа.
Літ.:
Кремер Т.И. Доминиканская республика: Очерк полит. истории (60—70-е гг.). М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МА (Panamá),
Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМІЗМА́ТЫКА (ад грэч. nomisma манета),
спецыяльная гіст. навука, якая даследуе манеты і інш. плацежныя знакі, іх узаемасувязь з гісторыяй, эканомікай, палітыкай, правам, культурай і тэхнікай, гісторыю грашовага абарачэння і фарміравання грашовых сістэм розных эпох, народаў і дзяржаў і іх узаемасувязь з рынкам; арганізацыю і тэхніку манетнай вытв-сці і медальернага мастацтва; грашовыя рэформы, умовы фарміравання скарбаў і іх ролю ў фарміраванні рынку грашовага абарачэння. Да Н. прымыкаюць розныя спец. дысцыпліны: медальернае мастацтва, фалерыстыка, баністыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, метралогія гістарычная. а таксама раздзелы этнаграфіі і паліт. эканоміі. якія вывучаюць т.зв. «прымітыўныя грошы» (таварагрошы).
Нумізматычныя крыніцы падзяляюць на 2 групы. Да першай, асноўнай, адносяць асобныя манеты, манетныя знаходкі (адзінкавыя манеты, зліткі, скарбы), матэрыялы і інструменты па чаканцы манет, манетныя шалі і гіркі. Да другой, дапаможнай, — розныя пісьмовыя крыніцы (дакументацыя манетных двароў, пастановы аб рэформах манетнай справы і грашовага абарачэння, вальвацыйныя табліцы — курс валют, мытныя кнігі, тастаменты і акты аб куплі-продажы), пячаткі, таварагрошы, медалі, жэтоны і ўзнагародныя знакі. З 19 ст. Н. лічылі часткай археалогіі (у шэрагу выпадкаў манеты дапамагаюць датаваць стратыграфічныя пласты, пабудовы і асобныя рэчы, выяўленыя пры раскопках). У той жа час Н. з’яўляецца самастойнай навукай, бо абапіраецца на спецыфічныя крыніцы (манеты, скарбы, зліткі), мае сваю тэрміналогію і методыку даследаванняў. Як навука Н. трансфармавалася з калекцыяніравання манет і інш. плацежных сродкаў. Калекцыяніраванне ўзнікла ў эпоху імператарскага Рыма, пашырылася ў эпоху Адраджэння і стала асабліва папулярным з 15—16 ст.
У сярэдзіне 16 ст. ў Еўропе налічвалася да 950 мюнцкабінетаў (спец. кабінеты. у якіх захоўваліся прыватныя калекцыі манет). Наяўнасць буйных нумізматычных прыватных калекцый патрабавала іх даследавання і сістэматызацыі. Да канца 18 ст. аформіліся найважнейшыя сучасныя нумізматычныя зборы: мюнцкабінеты ў Вене і Берліне, кабінет медалёў у Парыжы, калекцыі Брытанскага музея ў Лондане, Эрмітажа ў С.-Пецярбургу. У тагачасных навук. творах манеты разглядаліся як помнікі мастацтва разам з камеямі, скульптурай і г.д. Родапачынальнікам навук. Н. лічыцца аўстр. нумізмат І.Х.Экель, які ў 1792—98 выдаў у Вене 8-томную «Навуку аб старажытных манетах». Для станаўлення Н. як навукі шмат зрабілі даследчыкі 19 ст. І.Мадэр, І.Лялевель, Т.Чацкі, І.Я.Лейцман і інш. Першыя калекцыі манет у Расіі з’явіліся ў 17 ст., у 18 ст. калекцыяніраванне стала пашыраным. У 1714 у С.-Пецярбургу адкрыта Кунсткамера (на 1742 налічвалася 28 862 манеты), у 1745 апублікаваны яе першы каталог (на лац. мове), складзены Г.Я.Керам і Х.Крузіусам. З 1770-х г. пачала фарміравацца нумізматычная калекцыя ў Эрмітажы. Заснавальнікамі рус. нумізматычнай навукі лічацца Х.Д.Фрэн, А.Дз.Чарткоў і К.Келер. У сав. часы нумізматычныя даследаванні канцэнтраваліся ў аддзелах Н. Дзярж Эрмітажа (С.-Пецярбург), Дзярж.гіст. музея (Масква), некат. рэсп. музеяў (Кіеў, Тбілісі і інш.), акад. ін-таў і ун-таў. Н. ўмоўна падзялялі на антычную, візантыйскую, усходнюю (манеты краін Азіі і Афрыкі, а таксама сярэдневяковыя манеты Сярэдняй Азіі, Паволжа, Крыма і Закаўказзя), заходнюю (еўрап. манеты сярэдніх вякоў, новага і навейшага часу дзяржаў Зах. Еўропы, а таксама Паўн. і Лац. Амерыкі), рускую, савецкую; асобна — манеты краін Азіі і Афрыкі (былых калоній) на зах.-еўрап. мовах.
На Беларусі гісторыя нумізматычных даследаванняў прайшла той жа шлях, што і ў інш. краінах. У 16—18 ст. буйная нумізматычная калекцыя захоўвалася ў Нясвіжы ў князёў Радзівілаў. У 1820-я г. ў Гомелі М.П.Румянцаў сабраў вял. калекцыю, якая ўключала некалькі бел. скарбаў манет Каралеўства Польскага і ВКЛ, куфіцкіх дырхемаў (у 1831 перавезена ў Пецярбург, з 1861 у Румянцаўскім музеі ў Маскве). У 1840—50-я г. значную калекцыю сабраў вядомы археолаг, гісторык і этнограф Я.П.Тышкевіч, якую перадаў у створаны ў 1855 па яго ініцыятыве Віленскі музей старажытнасцей. У 1870—90-я г. на Міншчыне вял. калекцыю сабраў гісторык, археолаг і краязнавец Г.Х.Татур, частка якой паступіла ў Беларускі музей у Вільні і ў Беларускі дзяржаўны музей у Мінску. На Гродзеншчыне манеты і драгічынскія пломбы збіраў М.П.Авенарыус, на Віцебшчыне — М.Ф.Кусцінскі, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне — Е.Р.Раманаў і інш. Большасць калекцыянераў публікавалі артыкулы па Н. і сфрагістыцы. У сярэдзіне 19 ст. рэгістрацыяй, зборам і даследаваннем манетных знаходак на Беларусі займаліся Віленская археалагічная камісія, стат. к-ты Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Магілёўскай губ. і створаныя імі музеі, Віцебская вучоная архіўная камісія і Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
Нумізматычныя матэрыялы, выяўленыя на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., зберагаліся ў Віленскім музеі старажытнасцей, Віцебскім і Мінскім царк.-археал. музеях. Цяпер манетныя калекцыі захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (Мінск), ва ўсіх абл. і многіх раённых краязн. музеях. Вял. калекцыя зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ. Да пач. 20 ст. на Беларусі практычна не было прафес. нумізматаў. Апісанне манетных скарбаў, актавых пячатак, гандл. пломбаў, медалёў, укладанне каталогаў і іх публікацыі праводзіліся археолагамі і калекцыянерамі. У 2-й пал. 1920-х г. нумізматычнымі даследаваннямі займаўся дырэктар Бел.дзярж. музея К.В.Харламповіч. У 1933 С.А.Дубінскі апублікаваў «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін», у якой значнае месца займаў матэрыял па Н. У пасляваенныя часы даследаванні па Н. праводзяць вучоныя-выкладчыкі ВНУ і супрацоўнікі Ін-та гісторыі АН Беларусі: В.Н.Рабцэвіч, І.Н.Колабава, Л.Д.Побаль, Ш.І.Бекцінееў, І.І.Сінчук і інш. У сучасных нумізматычных даследаваннях выявіліся 2 кірункі — пераважнае вывучэнне манет і скарбаў і даследаванні грашовага абарачэння і грашовых сістэм (у асн. 10—16 ст.). Спец. курсы па Н. чытаюцца ў БДУ, Бел. ун-це культуры, Бел.пед. ун-це і інш.ВНУ Беларусі. Распрацаваны і існуюць 2 варыянты перыядызацыі грашовага абарачэння на Беларусі. Першы заснаваны пераважна на тыпах манет, якія выкарыстоўваліся на Беларусі ў розныя перыяды: рымскага дэнарыя (канец 2 — пач. 3 ст.н.э.); куфіцкага дырхема (9—10 ст.); заходнееўрап. дэнарыя (канец 10 — канец 11 ст.); «безманетны» (канец 11 — пач. 14 ст.); пражскага гроша (14—15 ст.); канца 15 — сярэдзіны 17 ст.; 2-й пал. 17 ст. — канца 18 ст.; канца 18 ст. — 1917; савецкі 1918—91; Рэспублікі Беларусь з 1992. Другі абапіраецца на грашовыя сістэмы (перыяды); старажытнарускі (9 — сярэдзіна 13 ст.) — куфіцкага дырхема (9 — канец 10 ст.), зах.-еўрап. дэнарыя (канец 10 — пач. 12 ст.), першы этап «безманетнага» перыяду (пач. 12 — сярэдзіна 13 ст.); ВКЛ (сярэдзіна 13 ст. — 1569) — другі этап «безманетнага» перыяду (сярэдзіна 13 — пач. 14 ст.), пачатковы этап рэгіянальных грашовых сістэм (2-я чвэрць 13 — пач. 14 ст.), пражскага гроша (пач. 14 ст. — 1492), завяршальны этап рэгіянальных грашовых сістэм (1300/1305—94), перыяд ранняй агульнадзярж. грашовай сістэмы ВКЛ (1394—1492), перыяд 1492—1569; Рэчы Паспалітай (1569—1795); Расійскай імперыі (1795—1917); савецкі (1918—91), Рэспублікі Беларусь з 1992.
Літ.:
Марков А.К. Древняя нумизматика. Ч. 1—2. СПб., 1901—03;
Зограф А.Н. Античные монеты. М ;
Л., 1951;
Кропоткин В.В. Клады римских монет на территории СССР. М., 1961;
Яго ж. Клады византийских монет на территории СССР. М., 1962;
Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970;
Янин В.Л. Денежно-весовые системы русского средневековья: Домонгольский период. М., 1956;
Рябцевич В.Н. О чем рассказывают монеты. Мн., 1968;
Яго ж. Основные итоги нумизматических исследований в БССР // Белорусские древности. Мн., 1967;
Яго ж. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993;
Бектинеев Ш.И. Периодизация денежного обращения на территории Беларуси с IX в. до Люблинской унии 1569 г. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1994. № 4.
Ш.І.Бекцінееў.
Нумізматыка: 1 — златнік (золата); 2—4 — сярэбранікі (серабро), канец 10 — пач. 11 ст.; 5 — грыўня (рубель) чарнігаўскага тыпу (серабро), 2-я пал. 13 ст.; 6 — грыўня (рубель) кіеўскага тыпу (серабро), 11—13 ст.; 7 — грыўня (рубель) наўгародскага тыпу (серабро), 13—14 ст.; 8 — палова грыўні наўгародскага тыпу («палціна»); 9 — грыўня (рубель) заходнярускага (літоўскага) тыпу (серабро), 14—15 ст.; 10 — солід (білон), 1652; 11 — «барацінка» (медзь) 1665; 12—14 — паўгрошы (білон), 1494—1506, 1509, 1565; 15—23 — грошы (білон), 1536, 1546, 1555, 1580, 1607, 1608, 1612, 1627, 1652; 24 — два грошы (серабро) 1565; 25—27 — тры грошы (білон і серабро) 1546, 1562, 1562; 28 — чатыры грошы (серабро) 1566; 29—31 — шэсць грошаў (білон і серабро) 1547, 1562, 1664; 32—33 — паўкопкі (серабро) 1564, 1565; 34 — талер (серабро) 1580.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica),
Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica), краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3534 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.
Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш.Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс.ж. (1997). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.
Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г.Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.А.Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.
У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.М.Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.
Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс.дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс.га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс.га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн.га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс.т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн.т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс.т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр.з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн.чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн.дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс.км, у т. л. 8,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд.дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.
Літ.:
Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;
Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Коста-Рыкі.Да арт.Коста-Рыка. Кававая плантацыя.Да арт.Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВІЯ (Bolivia),
Рэспубліка Балівія (República de Bolivia), дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс.км². Нас. 8,2 млн.чал. (1994). Афіц. сталіца — г.Сукрэ, фактычная — г.Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).
Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.
Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс.м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-растудз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.
Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль 2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл.антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст.рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст.рэв. руху Г.Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.
Балівія — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш.міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст.рэв. рух, Нацыяналіст.дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.
Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд.м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн.т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн.прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн.га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс.км, аўтадарог — 38,9 тыс.км. Экспарт складае 705,4 млн.дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн.дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал.гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн.літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.Х.Бустамантэ, Н.Галінда, М.Х.Мухія, раманісты Н.Агірэ, М.С.Кабальера, С.Вака Гусман, драматургі Ф.Рэес Ортыс, Х.Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.Ансаатэгі дэ Кампера, А.Самудыо, Х.Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.Хаймес Фрэйрэ, Ф.Тамаё, Г.Рэйнальдс, Х.Э.Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.Мендосы) і сатыр. (А.Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.Батэльё Гасальвес, А.Гільен Пінта, Н.Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.Шымосе і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст.тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.Гусман дэ Рохас, Р.Бердэсіо, М.Эхіда, А.Рэке Мерувія, скульптары М.Нуньес дэль Прада, У.Альмарас, Э.Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).
Літ.:
Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;
Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Балівіі.Да арт.Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.Да арт.Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.Да арт.Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА (Congo),
Рэспубліка Конга (République du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, на Пн і Пд ад экватара. Выцягнута з Пн на Пд уздоўж правых берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Камерунам, на У і Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Анголай (паўанклаў Кабінда), на З з Габонам, на ПдЗ абмываецца Атлантычным ак.Пл. 342 тыс.км². Нас. 2,7 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бразавіль. Краіна падзяляецца на 9 абласцей і аўт. акругу Бразавіль. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 жн.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах.
Прырода. У рэльефе дамінуюць плато і невысокія (да 1040 м) горы на Пд, плоскія алювіяльныя раўніны на Пн. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды, невял. радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных, вальфрамавых руд. Клімат гарачы, на Пн экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сак.—май, верасень—лістапад), на Пд субэкватарыяльны з сухім сезонам (чэрв.—верасень). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (крас., радзей сак.) 24—27 °C, самага халоднага (ліп., радзей жн.) 20—25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, па крайнім Пд 1200—1300 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе гап. правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя; на Пдбас.р. Квілу. Значныя запасы гідраэнергіі. У расліннасці пераважаюць вільготныя экватарыяльныя і лістападна-вечназялёныя субэкватарыяльныя лясы (каля 50% тэр.). Пераважна на Пд — другасныя высакатраўныя саванны (каля 40% тэр.). Жывёльны свет: малпы, леапарды, пантэры, на Пн сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Адзала, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Амаль усё належыць да моўнай групы банту. На Пд жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, байомбе і інш.; каля 50% насельніцтва краіны). У сярэдняй ч. народ тэке (17%) і блізкія да яго народы. На Пннайб. шматлікі народ мбошы (12%). У трапічных лясах плямёны пігмеяў (каля 25 тыс.чал.). У гарадах невял. групы еўрапейцаў, пераважна французаў. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (50%, гал.ч. католікі) і прыхільнікі мясц. культаў (48%). Сярэднегадавы прырост 2,8% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 50 чал. на 1 км²) заселены Пд краіны. У гарадах 59% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Бразавіль — 1004, Пуэнт-Нуар — каля 300. У сельскай гаспадарцы занята 49% працаздольных, у прам-сці — 15%, у сферы абслугоўвання — 36%.
Гаспадарка. У валавым унутр. прадукце (2,6 млрд.дол., 1996) характэрны адносна высокая доля прам-сці (44%) і сферы абслугоўвання (46%) і нізкая доля сельскай гаспадаркі (10%). Штогадовы даход на 1 чал. каля 1000 дол. ЗША. Аснова эканомікі — нафтаздабыўная і лясная прам-сць, значныя паступленні ад транзітнага гандлю і перавозак. Сельская гаспадарка малапрадукцыйная. Апрацаваныя землі і шматгадовыя насаджэнні займаюць каля 610 тыс.га. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі (0,5—2 га), ёсць дзярж. фермы. Пашырана лядна-агнявая сістэма земляробства. Асн.харч. культуры: маніёк (штогадовы збор 600—1000 тыс.т), батат, ямс, тара, бананы, проса, рыс, кукуруза; тэхнічныя: цукр. трыснёг, арахіс, алейная пальма, тытунь. Плантацыі гевеі. На экспарт вырошчваюць невял. колькасць какавы, кавы, бананаў, цытрусавых, ананасаў. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд, дзе ёсць раёны рэдкастойных лясоў і саваннаў, свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 300, свіней — каля 50. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (35 тыс.т, 1993). Паляўніцтва і збіральніцтва, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. У прамысловасцігал. роля належыць здабычы нафты (15,7 млн.т, 1997); у асн. распрацоўваюцца радовішчы на шэльфе. Здабываюць таксама калійную соль (на Пн ад г. Пуэнт-Нуар), прыродны газ, жалезныя, свінцова-цынкавыя, алавяныя і медныя руды, золата, алмазы. Вытв-сць электраэнергіі 440 млн.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС. Развіта лясная прам-сць і дрэваапрацоўка, асабліва вытв-сць піламатэрыялаў і фанеры, больш за 20 лесапільных і фанерных з-даў. Нарыхтоўка драўніны — больш за 600 тыс.м³ (1996), гал. чынам дрэвы акуме, лімба, чырвонае і інш. Лесараспрацоўкі вядуцца пераважна каля чыгунак і суднаходных рэк на Пд краіны. Харчасмакавая прам-сць: вытв-сць цукру (Нкайі), піва і прахаладжальных напіткаў (Бразавіль, Пуэнт-Нуар), пальмавага і арахісавага алеяў, тытунёвых вырабаў (Бразавіль), рыбных кансерваў (Пуэнт-Нуар), мукі, хлебапрадуктаў, кавы і інш. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэментны з-д у Лутэтэ), нафтаперапрацоўчы з-д (Пуэнт-Нуар). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю фарбаў, мыла, інсектыцыдаў, пластмасавых, парфумерных і касметычных вырабаў. У Бразавілі і Пуэнт-Нуары вытв-сць невял. суднаў, металаканструкцый, шкла, прадпрыемствы тэкстыльнай, швейнай, гарбарна-абутковай, запалкавай прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, у т. л. разьба па дрэве, маст. кераміка. Транспарт пераважна чыгуначны і ўнутр. водны. Даўж. чыгунак 806 км. Гал. лінія Бразавіль—Пуэнт-Нуар (517 км). Суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс.км. Гал. рачны порт Бразавіль. Агульная працягласць аўтадарог 15 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. порт Пуэнт-Нуар, праз яго ідзе транзітны гандаль Цэнтр.афр. Рэспублікі, Чада, паўн.-ўсх. раёнаў Габона. У К. больш за 50 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Бразавілі і Пуэнт-Нуары. У 1995 экспарт склаў 670 млн.дол., імпарт — 559 млн.дол. У экспарце пераважае нафта (каля 90% па кошце), меншае значэнне маюць піламатэрыялы, фанера, кава, какава, цукар, у імпарце — металы, машыны і абсталяванне, угнаенні, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры: Францыя (25% экспарту і 50% імпарту), ЗША (адпаведна 40 і 7%), Італія, Германія. Грашовая адзінка — афрыканскі франк.
Гісторыя. Найб. старажытным насельніцтвам на тэр. К. былі плямёны пігмеяў. У пач.н. э. тут пасяліліся плямёны банту, якія займаліся земляробствам і рамёствамі. У 16—19 ст. на тэр. К. існавала дзярж. ўтварэнне Лаанга (на ўзбярэжжы). Першыя еўрапейцы з’явіліся ў К. ў 1482, пазней К. стала адным з гал. раёнаў гандлю рабамі. У 1880 кіраўнік франц. экспедыцыі П. дэ Браза навязаў правадыру народнасці батэке дагавор аб франц. пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер г.Бразавіль). Берлінская канферэнцыя 1884—85 вызначыла межы франц. уладанняў у бас.р. Конга і была створана калонія Франц. К. (у 1903 перайменавана ў Сярэдняе К.). З 1910 у складзе федэрацыі Франц. Экватарыяльная Афрыка. У жн. 1940 К. адна з першых сярод франц.калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя». З 1946 К. — заморская тэр. Францыі, з 28.11. 1958 — аўт. рэспубліка К. ў складзе Франц. супольнасці.
15.8.1960 абвешчана незалежнасць К. Першым яе прэзідэнтам у снеж. 1959 выбраны кіраўнік Дэмакр. саюза абароны афр. інтарэсаў Ф.Юлу, які аб’яднаў пераважна прадстаўнікоў народа баконга. Празаходні курс рэжыму, карупцыя, цяжкае эканам. становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў палк. А.Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нац.Рэв. рух (НРР з 1974 адзіная легальная партыя краіны). У 1966 абвешчаны курс на пабудову ў К. сацыяліст. грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліп. — жн. 1968, у выніку чаго ўлада перайшла да Нац. савета рэвалюцыі на чале з М.Нгуабі (з 1969 прэзідэнт). У снеж. 1969 адбыўся 1-ы з’езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Нар. Рэспубліку К. Былі ўсталяваны цесныя сувязі з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. Пасля забойства Нгуабі (1977) прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваен.к-т КПП на чале з Ж.Іомбі-Апанга. У крас. 1979 прынята новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Д.Сасу-Нгеса, які захаваў сувязі з сацыяліст. краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканам. росту К. З сярэдзіны 1980-х г.эканам. цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая лібералізацыя ўнутр. палітыкі. У 1990 КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла с.-д. праграму, у студз. 1991 уведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нац. Асамблею ў маі 1992 перамог Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, кіраўнік якога П.Лісуба ў жн. 1992 выбраны прэзідэнтам К. Адначасова Сасу-Нгеса захаваў узбр. атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадз. вайны ў маі—жн. 1997. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам краіны зноў стаў Сасу-Нгеса. К. — член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, Аб’яднанне за дэмакратыю і развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац. прагрэс, Кангалезскі рух за дэмакратыю і інтэгральнае развіццё, Кангалезская партыя працы, Кангалезская прафс. канфедэрацыя і інш.
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (іх сетка развіта слаба), пач., сярэднія і прафес.-тэхн. школы, -ВНУ. Усе навуч. ўстановы дзяржаўныя, школа аддзелена ад царквы. Пач. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту, тэрмін навучання 6 гадоў. Сярэдняя школа 7-гадовая, мае 2 цыклы; 1-ы (4-гадовы) — няпоўная абавязковая сярэдняя школа, 2-і — поўная сярэдняя (ліцэй, 3 гады навучання). У ліцэі вучні размяркоўваюцца па аддзяленнях (8 профіляў). Па выніках экзаменаў выпускнікам ліцэя прысвойваецца званне бакалаўра, якое дае права працаваць у пач. школе. Прафес,тэхн. падрыхтоўка вядзецца на базе пач. школы ў 2-гадовых цэнтрах пач.прафес. падрыхтоўкі і ў 4-гадовых калежах тэхн. адукацыі, паспяховае заканчэнне якіх дае магчымасць працягваць навучанне ў тэхн. ліцэі з 3-гадовым курсам павучання. Пасля заканчэння яго і здачы экзаменаў на званне бакалаўра па тэхн. спецыяльнасці выпускнікі могуць паступаць у ВНУ адпаведнага профілю. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць Бразавільскі ун-т (засн. ў 1961 як цэнтр вышэйшай адукацыі, з 1971 ун-т), ін-ты і вышэйшыя школы. Навук. даследаванні праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты, у т. л.Нац. цэнтр пед. даследаванняў і дакументацыі. У 1965 у Бразавілі адкрыты Нац. музей, пры якім працуюць архіў і б-ка.
Літ.:
Думнов Д.И. Народная Республика Конго. М., 1977;
Орлова А.С. История государства Конго (XVI—XVII вв.). М., 1968;
Елисеев В.И. По джунглям Конго 2 изд. М., 1992.
Герб і сцяг Конга (Рэспубліка Конга).Да арт.Конга (РК). Рака Конга каля г. Бразавіль.Да арт.Конга (РК). Здабыча калійных солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНЦІ́НА (Argentina),
Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina), дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх.ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн.км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ.Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).
Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).
Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55°паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр.ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх.ч. краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб.нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс.чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс.чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст.тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасць мясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп.калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят.т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч.Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 1835 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.М.Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 1852 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.Сарам’ента (1868—74), Н.Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл.Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд.дол. (1992), 3,4 тыс.дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.
Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч.прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.
Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн.га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн.с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.
Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс.км, 55 тыс.км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс.км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс.чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс.чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс.чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс.чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс.чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс.чал.) і берагавой аховы (9 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс.чал. (1987).
Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч.г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч.г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн.экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.
Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.М.Гуцьерэс, Э.Эчыверыя, Х.Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.Ф.Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг.рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2-я пал. 19 ст.) Л.В.Лопеса, Л.Кане, Э.Вільдэ, К.Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.Мартэль, Э.Камбасерас, Ф.Моча (Х.С.Альварэс), Р.Х.Пайра, Ф.Санчэс, Б.Лінч, М.Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.Лугонес, Э.Лаэрта, Б.Фернандэс Марэна, Э.Карыега, А.Сторні, Э.Банчс, Р.А.Арыета, Э.Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.Мальеа, Л.Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.Юнке, Р.Арльт, Р.Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.Картасар, Х.Л.Борхес, Э.Сабата і інш.
Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.Краус, А.Бланкі, Х.Б.Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.Вірасора, В.Акоста, Х.Віванка, А.Банет, А.Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.Агасціні, Х.Сальсон, К.Тэст, А.Гайда, Э.Лестан, Э.Амбаш і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.Марэль, пейзажыст П.Пуэйрэдон, скульптар Л.Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.Бутлер, П.Куіда, М.Мальяра, П.Сонса Брыяна, Ф.Фадэр, скульптары Р.Іруртыя і інш.). У 1929 Р.Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.Петаруці, Р.Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.Ле Парк, А.Берні, М.Мінухін, Э.Майк-Інтайр, Р.Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.Э.Спілімберга, Б.Кінкуэла Марцін, графікі А.Р.Віга, А.Брыес, разьбяры А.Сібеліна, С.Фітула.
Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗ краіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст.Прафес.муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.З.Кастра, Х.Фішэр, Х.Пас, А.Хінастэра, Ф.Кропфль і інш.Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.
Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст.вял. значэнне для развіцця нац.т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап.т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.Кусані, А.Драгуна, К.Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац.т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац.ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.Баэра, П.Аскіні, М.Села, Л.Сандрыні, Ф.Петроне.
Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.А.Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г.найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.Куін, Л.Муруа, Л.Фавіа, Х.Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.Нільсен, Ф.Э.Саланас, Д.Ліпшыц, Л.Пуэнца.
Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс.чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш.усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс.чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел.культ.-асв.т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел.культ.т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.Мярэчкам, У.Гайлевічам і Я.Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2-й сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел.дэмакр.к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс.чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел.нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс.чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел.нац. змястоўнасць ў грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс.чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.
Літ.:
Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;
Культура Аргентины. М., 1977;
Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.
Герб і сцяг Аргенціны.Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.Аргенціна. Горад Кордава.Да арт.Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.Лестан. 1988.Да арт.Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.Да арт.Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.
дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс.км². Нас. 5648,4 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г.Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар.к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».
Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на У — Лівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд.т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд.м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-растудз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.
Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.
Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст.н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).
У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц.ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.
24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст.Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар. — араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб.Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл.ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.
Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн.т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд.м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд.кВт∙гадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн.т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш.Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн.т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн.т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч.прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн.га). 470 тыс.га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш.Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн.га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс.км. У краіне 4,4 тыс.км нафтаправодаў, 0,4 тыс.км прадуктаправодаў, 1,9 тыс.км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд.дол., імпарт 7,3 млрд.дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.
Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст.л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн.літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лівіі.Да арт.Лівія. Лівійская пустыня.Да арт.Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.