ПЯТРА́ЕЎ (Яўген Пятровіч) (н. 11.11.1931, г. Алматы, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай хіміі і радыяхіміі. Д-р хім. н. (1974), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954). З 1954 у Радыевым ін-це (г. Ленінград). У 1968—95 у БДУ (заг. кафедры, адначасова ў 1981—85 прарэктар, з 1986 заг. лабараторыі радыяхіміі). Навук. працы па радыяцыйнай хіміі арган. злучэнняў, геахіміі радыеактыўных элементаў, радыеэкалогіі, у т. л. па праблемах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваў метад вызначэння каниэнтрацыі «гарачых» часціц (дробнадысперснага ядз. паліва) у лёгкіх чалавека і ўстанавіў яе карэляцыю з забруджанасцю тэрыторыі плутоніем.

Тв.:

Радиационно-химическая очистка сточных вод и выбросных газов. Мн., 1985 (разам з В.​І.​Уласавай, І.​А.​Савушкіным);

Радиационная химия бифункциональных органических соединений. Мн., 1986 (разам з А.​І.​Шадырам).

А.А.Пятраеў.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМАДЫ́ЕЎ (Еркегалі Рахмадыевіч) (н. 1.8.1932, аул № 9 Семіпалацінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Казахстана (1975). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957, кл. кампазіцыі Я.​Брусілоўскага), з 1960 выкладаў у ёй (у 1967—75 рэктар, з 1979 праф.). З 1959 маст. кіраўнік Казахскай філармоніі. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення па справах мастацтва Мін-ва культуры Казахстана. З 1966 дырэктар Казахскага т-ра оперы і балета. Творчасць адметная спалучэннем рыс еўрап. прафес. мастацтва і казахскай нац. культуры. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Алпамыс» (1973), «Песня пра цаліну» (1980), «Майра» (1985); творы для салістаў, хору і арк.; канцэрты для скрыпкі з арк. (1986), для трубы (1984); камерна-інстр. творы; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Аўтар кн. «Час і музыка» (1986). Дзярж. прэмія Казахстана 1980.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБАНЕ́НКА (Барыс Рафаілавіч) (29.8.1910, г. Самара, Расія — 6.5.1985),

расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1980). Акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956) і АМ СССР (1979). Чл.-кар. Акадэміі буд-ва ГДР (1975). Д-р архітэктуры (1967). Праф. (1970). Вучыўся ў ін-тах грамадз. інжынераў (1927—31) і жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1932—34). З 1963 дырэктар Цэнтр. НДІ эксперым. праектавання жылля (Масква). Сярод работ: жылыя дамы ў С.-Пецярбургу (1932—47), Дом урада ў г. Алматы (Казахстан; 1958), забудова гарадоў Тальяці (1967), Набярэжныя Чаўны (1970, усе ў сааўт.) і інш. Работы на Беларусі: ансамбль Прывакзальнай пл. ў Мінску (1948—56), «Эскіз планіроўкі Мінска» (1944, у сааўт.). Аўтар даследавання па праблемах масавага жыллёвага буд-ва ў СССР. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Б.​М.​Мяржанаў.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́СУЛ ((Grosul) Якім Сяргеевіч) (21.9.1912, с. Карагаш Ціраспальскага р-на, Малдова — 28.9.1976),

малдаўскі гісторык. Акад. АН Малд. ССР (1961), чл.-кар. АН СССР (1966). Засл. дз. нав. Малд. ССР (1967). Д-р гіст. н. (1955), праф. (1957). Скончыў пед. ін-т у Ціраспалі (1937). У 1938—40 у Чырв. Арміі. У час ням.-фаш. акупацыі Малдавіі ў Вял. Айч. вайну настаўнічаў у сав. тыле (Казахстан, Расія). Выкладаў у Малд. пед. ін-це (1944—46). Нам. дырэктара Малд. н.-д. базы АН СССР (1947—50) і старшыні прэзідыума Малд. філіяла АН СССР (1950—61). Першы прэзідэнт АН Малдавіі (з 1961). Аўтар і сааўтар прац па гістарыяграфіі, гісторыі нар. гаспадаркі і культуры Малдавіі (пераважна 19—20 ст.), падручнікаў па гісторыі Малдавіі для сярэдніх школ і інш.

Тв.:

Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГАЛЁЎ (Васіль Барысавіч) (н. 25.5.1951, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1974), Бел. дзярж. эканам. ун-т (1994). З 1974 ст. інжынер магілёўскіх аб’яднанняў «Сельгастэхніка», «Хімвалакно», нам. нач. аддзела з-да «Электрарухавік», нам. дырэктара Рагачоўскага з-да «Дыяпраектар». У 1992—95 нам. старшыні Кантрольнай палаты, нач. Службы кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1995—97 нам. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. 3 ліп. 1997 паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у органах Саюза Беларусі і Расіі, упраўлення інтэграцыяй Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі і Рас. Федэрацыі, СНД і ўрадзе Рас. Федэрацыі — нам. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца нам. Старшыні Выканкома Саюза Беларусі і Расіі, старшынёй Савета Белбізнесбанка. Дэп. Вярх. Савета БССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1990—95, Вярх. Савета СССР у 1991. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР у 1991.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ (Інакенцій Пятровіч) (22.12.1905, г. Кастрама, Расія — 30.3.1985),

савецкі геолаг, геамарфолаг, глебазнавец. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Балгарскай АН (1962), акадэміі «Леапальдзіна» (1965), Акадэміі с.-г. навук ГДР (1968) і Германскай АН у Берліне (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). У 1936—56 у Глебавым ін-це імя В.​В.​Дакучаева, з 1945 у Ін-це геаграфіі АН СССР (з 1951 дырэктар). Удзельнік экспедыцый у Казахстан, Сярэднюю Азію, на Д.​Усход, Урал. Падарожнічаў па Індыі, Кітаі, Японіі, Аўстраліі, краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Зах. Еўропы. Навук. працы па генезісе і геаграфіі глеб, фіз. геаграфіі, палеагеаграфіі і геамарфалогіі. Аўтар (разам з К.​К.​Маркавым) першай зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Распрацаваў новыя прынцыпы класіфікацыі рэльефу Зямлі. Узначальваў рэдкалегію «Фізіка-геаграфічнага атласа Свету» (1964). Дзярж. прэмія СССР 1973.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Лаўр Георгіевіч) (30.8.1870, г. Каркаралінск Карагандзінскай вобл., Казахстан — 13.4.1918),

расійскі ваен. дзеяч, адзін з лідэраў белай гвардыі. Ген. ад інфантэрыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1892) і Акадэмію Генштаба (1898). Удзельнік pyc.-яп. вайны 1904—05. У 1907—11 ваен. аташэ ў Кітаі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 48-й пях. дывізіяй (да 1915), стралк. корпусам (1916), войскамі Петраградскай ваен. акругі (сак.крас. 1917), 8-й арміяй і Паўд.-Зах. фронтам. З 19.7(1.8) да 27.8(9.9).1917 вярх. галоўнакамандуючы. Намагаўся ўстанавіць ваен. дыктатуру (гл. Карнілава мяцеж 1917). 2(15).9.1917 арыштаваны Часовым урадам, зняволены ў г. Быхаў (цяпер Магілёўская вобл.). 19.11(2.12).1917 пры садзеянні ген. М.​М.​Духоніна ўцёк у г. Новачаркаск, дзе разам з ген. М.​В.​Аляксеевым узначаліў белагв. добраахвотніцкую армію. Загінуў у час няўдалага штурму г. Екацярынадар (цяпер Краснадар).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),

казахскі паэт. Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед. ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.​Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.​Жычка, А.​Звонак, М.​Маляўка, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч, А.​Шымук і інш.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРПЕІ́САЎ (Абдыжаміл Карымавіч) (н. 22.10.1924, с. Какарал Аральскага р-на Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1956). Піша на каз. і рус. мовах. Друкуецца з 1949. Першы раман «Курляндыя» (1950, 2-я рэд. пад назвай «Доўгачаканы дзень», 1958) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Шырынёй сац. абагульненняў, глыбінёй псіхал. аналізу, самабытнымі нац. характарамі вызначаецца трылогія «Кроў і пот» (кн. 1—3, 1961—70, Дзярж. прэмія СССР 1974; аднайм. фільм 1979) пра падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Актуальнасцю і вастрынёй праблематыкі вылучаецца раман «Абавязак» (на рус. мове, 1984). Працуе ў жанры нарыса і літ.-крытычнай эстэтыкі (кнігі «Роздумы», 1972; «Край блакітных гор», 1979). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Бел. пер. — Змрок. Мн., 1978;

Нягоды. Мн., 1981.

Ж.​Сахіеў.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЛКІН (Генадзь Васілевіч) (н. 12.2.1942, г. Ленінагорск, Казахстан),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Старшыня Саюза мастакоў Беларусі з 1990. Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэмы ўзятыя з нар. жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нац. паданнямі. Творы вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў: манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), станковыя кампазіцыі «Песня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я г.), «Памяці В.​Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненне» (усе 1993), «Вяртанне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скок» (1995), серыя «Прысвячэнне П.​Пікаса» (1996). Афармленне інтэр’ераў драм. тэатра (у сааўт.) і Дома грамадз. абрадаў у Гродне (1970-я г).

Г.​А.​Фатыхава.

Г.Буралкін. Яблынька. 1981.

т. 3, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)