АЛЕЙРО́НАВЫЯ ЗЯРНЯ́ТЫ (ад грэч. aleuron мука),

пратэінавыя зярняты, бясколерныя невял. круглаватыя адкладанні запасных бялкоў у клетках тканак раслін, пераважна ў насенні. Пажыўнымі рэчывамі алейронавых зярнят жывіцца зародак пры прарастанні насення. Утвараюцца пры выспяванні насення з высыхаючых вакуолей. Адрозніваюць алейронавыя зярняты простыя (дробныя зярняткі аднароднай структуры) і складаныя, у якіх знаходзяцца бялковыя крышталі і мінер. ўключэнні — глабоіды. Простыя алейронавыя зярняты ёсць у клетках мучністых (пшаніцы, жыта, кукурузы і інш.), складаныя — у алеістым насенні (клешчавіны, тунгу, крыжакветных і інш.) раслін.

Да арт. Алейронавыя зярняты. Алейронавы слой: 1 — просты ў жытнёвым зярняці; 2 — просты ў семядолях гароху; 3 — складаны ў эндасперме клешчавіны.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЛАНТА́ЦЫЯ [ад лац. im (in) у, унутр + plantatio саджанне, перасадка],

у эмбрыялогіі, прымацаванне і заглыбленне зародка ў слізістую абалонку маткі ў млекакормячых з унутрывантробным развіццём (сумчатых і плацэнтарных). І. ў чалавека бывае праз 6—7 дзён пасля апладнення зародка. Адрозніваюць І.: паверхневую (у слізістую абалонку маткі апускаюцца толькі варсінкі харыёну), заглыбляльную (заглыбляецца зародак з абалонкамі), абдамінальную (поласцевую; яйцаклетка пасля апладнення застаецца ў брушной поласці; развіваецца пазаматачная цяжарнасць). І. ў хірургіі — аперацыя ўжыўлення матэрыялаў (біялагічна неактыўных металаў, пластмас і інш.), ці агульная назва пластычных аперацый перасадка храстка, косці, утварэнне некат. анастамозаў (мачаточніка, семявыноснай пратокі).

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЕНГУК ((Leeuwenhoek) Антані ван) (24.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1723),

нідэрландскі біёлаг-натураліст, заснавальнік мікраскапіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680). Зрабіў лінзы, якія павялічвалі ў 150—300 разоў. З іх дапамогай назіраў і замалёўваў бактэрыі (1683), эрытрацыты, прасцейшых, раслінныя і жывёльныя клеткі, будову мышцаў і інш. часткі і органы больш за 200 відаў раслін і жывёл. Адкрыў сперматазоіды чалавека (1677); лічыў, што ў сперматазоідзе ўтрымліваецца сфарміраваны зародак, а яйцо служыць сілкавальным матэрыялам. Апісаў партэнагенез у тлей. Адзначыў розніцу ў будове адна- і двухдольных раслін. Назіранні апісваў у лістах (каля 300), гал. чынам Лонданскаму каралеўскаму т-ву.

А.Левенгук.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧВА́РНАСЦЬ, тэратаморфа,

крайняя форма анамаліі развіцця, стойкія марфал., біяхім. і функцыян. парушэнні антагенезу, пераважна эмбрыягенезу. Вывучае тэраталогія. Да П. ў чалавека адносяць заечую губу, нераздзеленых блізнят, шасціпальцасць і інш. Бывае спадчынная (абумоўлена мутацыямі, неразыходжаннем храмасом, інш. зменамі генет. апарату) і неспадчынная (узнікае пад уздзеяннем тэратагенаў — агентаў хім., фіз. і біял. прыроды — на зародак у час развіцця). У жывёл трапляюцца двухгаловыя цяляты, парасяты; цяляты з двайным тулавам ці 2 парамі задніх канечнасцей; рыбы з падвоеным хвастом ці галавой; пчолы з недаразвітымі крыламі і інш. У раслін да П. адносяць анамальнае развіццё каранёў, лісця, кветак, суквеццяў, пладоў і інш.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСПЕРМІ́Я (ад полі... + сперма),

у раслін — апладненне яйцаклеткі і другаснага ядра зародкавага мяшка некалькімі (звычайна двума) сперміямі; у жывёл — пранікненне ў яйцо пры апладненні да некалькіх дзесяткаў сперматазоідаў. Пры фізіялагічнай П. (вядома ў членістаногіх — насякомыя, павукападобныя, і хордавых — акулавыя рыбы, хвастатыя земнаводныя, паўзуны, птушкі) у цытаплазме яйца галоўкі сперматазоідаў ператвараюцца ў мужчынскія прануклеусы. Адзін з іх злучаецца з жаночым прануклеусам і ўтварае ядро зіготы, а астатнія дэгенерыруюць. Пры паталагічнай П. (у фізіялагічна манаспермных жывёл, у т. л. млекакормячых) механізмы, што абараняюць яйцо ад пранікнення звышколькасных сперматазоідаў, аказваюцца недастаткова эфектыўнымі. У выніку парушэнняў апладнення зародак звычайна гіне.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

па́растак, -тка, мн. -ткі, -ткаў, м.

1. Маладая галінка, сцябло расліны з лісцем, якое вырасла ад больш старога сцябла ці ствала, або малая галінка, якая вырасла ад кораня асноўнай расліны.

Маладыя парасткі на старым ствале.

2. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з насення.

Насенне пусціла парасткі.

3. звычайна мн., перан., чаго. Першае праяўленне, пачатак чаго-н., зародак.

Парасткі новага.

|| прым. па́расткавы, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зача́так, ‑тка, м.

1. Першапачатковая форма чаго‑н., здольная да далейшага развіцця; зародак. Зачатак плода.

2. перан. Першае праяўленне, пачатак чаго‑н. Зачаткі культуры. □ Першым сур’ёзным зачаткам пралетарскай партыі ў Расіі быў створаны У.І. Леніным у 1895 годзе «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». «Полымя».

3. Астатак органа, які страціў сваё значэнне; рудымент.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бласта-

(гр. blastos = зародак, парастак)

першая састаўная частка складаных слоў — біялагічных і медыцынскіх тэрмінаў, якая паказвае на сувязь з зародкам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЕ́ННАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ,

ранняя форма паліт. арг-цыі грамадства, якая ўзнікла ва ўмовах распаду першабытнаабшчыннага ладу і пачатку ўтварэння дзяржавы. Абазначае ўладу ваен. правадыроў пры захаванні рэшткаў першабытнага калектывізму і дэмакратыі. Пры ваеннай дэмакратыі ўсе мужчыны, здольныя насіць зброю, у час ваен. канфліктаў станавіліся воінамі; военачальнікі выбіраліся агульным сходам. Пачынаўся працэс стварэння рэгулярнай арг-цыі для вайны, дружына правадыра ўяўляла сабой зародак арміі. Тэрмін «ваенная дэмакратыя» ўвёў амер. вучоны-этнограф Л.​Г.​Морган у працы «Старажытнае грамадства» (1877). Ім карыстаюцца і для абазначэння эпохі распаду першабытнага грамадства. Прыкладамі ваеннай дэмакратыі з’яўляюцца Грэцыя эпохі Гамера, стараж. арганізацыі грамадства кельтаў, нарманаў, скіфаў і інш. Паводле археал. перыядызацыі ваенная дэмакратыя адпавядаюць бронзавы і ранні жалезны вякі.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЭНТА́РНЫЯ, паследавыя, вышэйшыя звяры (Placentalia, або Eutheria),

інфраклас жывародных млекакормячых падкл. сапраўдных звяроў. Вядомы з ранняга мелу (каля 190 млн. г. назад). 14 вымерлых і 17—18 сучасных атрадаў. На Беларусі да П. належаць усе млекакормячыя.

У П. зародак развіваецца ў матцы, з арганізмам маці звязаны праз плацэнту (адсюль назва). Выключэнне складаюць аднапраходныя і сумчатыя. Маткі ў самак П. розныя: ад двайной да адзіночнай, простай. Характэрныя рысы П.: пастаянная т-ра цела, развітыя паўшар’і галаўнога мозга, аб’яднаныя мазолістым целам, наяўнасць другаснага мазгавога купала — неапаліума, змена зубоў. Дзіцяняты нараджаюцца адносна развітыя, здольныя смактаць малако. Дзякуючы высокай морфафізіял. арг-цыі П. здольныя да складаных праяўленняў вышэйшай нерв. дзейнасці і існавання ў разнастайных умовах асяроддзя.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)