ПРЫЛУ́ЦКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1977 з мэтай захавання унікальных насаджэнняў інтрадукаваных лясных культур і паляпшэння ўмоў іх росту. Пл. 508 га. Лесапасадкі з пач. 20 ст. Узрост лясных культур 30—100 гадоў. З мясц. парод пераважаюць чыстыя і мяшаныя насаджэнні хвоі і елкі звычайнай, дубу летняга, ясеню звычайнага. З інтрадукаваных відаў растуць лістоўніцы еўрапейская і сібірская, хвоі Мурэя і веймутава, дугласія, елка канадская, дуб чырвоны, ясень пенсільванскі, арэх маньчжурскі, аксаміт амурскі, таполі канадская, валасістаплодная і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́СТАШ-ДАБРАЛУ́ЦКАЕ БАЛО́ТА,

мяшанага (80%) і нізіннага (зах. ч., 20%) тыпаў у Ганцавіцкім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл. Сцёк з балота па Заазерскім канале (бас. р. Лань). Пл. 6,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,4 тыс. га. Глыбіня торфу да 5,9 м, сярэдняя 1,7 м. Запасы торфу больш за 11 млн. т. Невял. здабыча торфу на ўгнаенне. Асушана больш за 3 тыс. га, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушанай пл. лес з хвоі, вольхі, бярозы, растуць вярба, асокі. 1247 га балота ўваходзіць у Борскі біял. заказнік.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РСКІ,

біялагічны заказнік на Беларусі, на У Пусташ-Дабралуцкага балота ў Ганцавіцкім р-не ў Ганцавіцкім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 2805 га (1995). У раслінным покрыве пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы, а таксама хвойнікі пушыцава-сфагнавыя, багуновыя і інш. На ўчастках з мінер. глебамі — бярэзнік і хвойнікі чарнічныя, радзей, бярэзнікі даўгамошныя, хвойнікі імшыстыя, верасовыя і інш. Трапляюцца дубровы чарнічныя і арляковыя. Расце рэдкі для гэтых мясцін балотны мірт (паўд. мяжа яго арэала).

Г.​У.​Вынаеў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТЭ́РНАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,

у Беларусі, на мяжы Браслаўскага і Міёрскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, паміж адгор’ямі Браслаўскай марэннай грады і Полацкай азёрна-ледавіковай нізінай. Уключае 13 азёраў (агульная пл. 32 км²), злучаных сістэмай мелкаводных забалочаных праток; найб. Абстэрна, Укля, Набіста, Важа, Інава. Дрэніруюцца р. Хараброўка, якая пачынаецца з воз. Набіста, цячэ праз воз. Шчоўна, выцякае з яго пад назвай Вята. З У прымыкае гідралагічны заказнік Балота мох. Плацінай на Хараброўцы ўзровень вады азёраў падняты на 0,8—1 м з утварэннем адзінага воднага басейна. Прамысловае рыбалоўства. Турызм.

Возера Абстэрна.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДУХАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл. Засн. ў 1996 для аховы ляснога масіву разнастайнай тыпалагічнай структуры з комплексамі рэдкіх, знікаючых і гаспадарча-карысных відаў раслін, жывёл і раслінных згуртаванняў. Пл. 1312 га. Карэнныя высокаўзроставыя дубровы, ельнікі, чорнаалешнікі, культуры таполі бальзамічнай, высокаўзроставыя бярэзнікі. 492 віды вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. рэдкія і знікаючыя: купальнік горны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш. У фауне 19 відаў млекакормячых, 10 амфібій і паўзуноў, 88 птушак, у т. л. ахоўныя: барсук, сапсан, каршачок, падворлік малы, дзяцел зялёны і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́ВА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 28,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы на У і Пн выш. 18—20 м (на Пн і З да 8 м), параслі хмызняком, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, месцамі нізкія. Пойма шыр. да 100 м, участкамі забалочаная. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Уваходзіць у заказнік Рудакова.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л. лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БНІЦА,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка (цячэ праз возера і злучае яго з воз. Белае), за 20 км на У ад г. Гродна. Пл. 2,48 км², даўж. 4,76 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 7,7 м, даўж. берагавой лініі 12,4 км. Пл. вадазбору 403 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на З і ПнЗ да 17 м), пад хмызняком, участкамі разараныя. Берагі на З і ПнЗ зліваюцца са схіламі. Шмат заліваў. Дно сапрапелістае, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Упадае р. Стрыеўка. Уваходзіць у ландшафтны заказнік Азёры.

Возера Рыбніца.

т. 13, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ,

біялагічны заказнік у Беларусі, у Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1978. Пл. 32,8 тыс. га (1995). Уключае тэр. Бярозаўскага, Ляснянскага і Мілавідскага лясніцтваў. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту дзікарослых лек. раслін (ядлоўцу, ландышу майскага, талакнянкі, чабару, святаянніку прадзіраўленага, брусніц, чарніц і інш.), таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін, якія ўключаны ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь (купальніку горнага, сону лугавога, неатыянты клабучковай, лінеі паўночнай, астры стэпавай, чыны горнай, касачу сібірскага, жаўтазелю германскага, канюшыны лубінавай). Займае буйны лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі. На ПнЗ трапляюцца бярэзнікі, на Пд — бярэзнікі і чорнаалешнікі, на У — ельнікі.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́СКІНІНКАЙ (Druskininkai),

гораду Літве, на р. Нямунас (Нёман). Вядомы з 1635, да 1939 наз. Друскенікі. 21,8 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Суднаходства па р. Нёман да Гродна.

Бальнеагразевы і кліматычны курорт. Першыя купальні пабудаваны ў 1837. Мяккі клімат з цёплым летам, мясц. мінер. воды і тарфяныя гразі — асн. лек. фактары пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані і жоўцевых шляхоў, нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання), органаў апоры і руху, гінекалагічных, абмену рэчываў. У Д. каля 10 санаторыяў (у т. л. санаторый «Беларусь»), пансіянаты, бальнеагразелячэбніца, пітная галерэя, аэрасалярыі, каскадныя купальні і інш. Мемар. музей М.К.Чурлёніса, музей лесу, ландшафтны заказнік у даліне Рэйгардас.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)