мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.

1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.

2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.

3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.

4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.

•••

За мілую душу гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах. Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі Казімір II у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.

Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.​Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.​Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.​Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.​Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.​Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.​Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.​Колас).

Л.​І.​Бурак.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́НІС (Генрых Юр’евіч) (20.5.1889, в. Пабяржэ Вільнюскага р-на, Літва — 4.11.1955),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1941). У 1908—15 працаваў у антрэпрызах на Д.​Усходзе, у 1917—19 у т-рах Петраграда. У 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі (выканаў ролі Пустарэвіча, Старца ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» Я.​Купалы). З 1920 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр яркай сцэн. індывідуальнасці; яму былі ўласцівы вострая камедыйнасць і лірыка-драм. афарбоўка роляў. Створаныя ім нар. характары адметныя сакавітым гумарам, нац. каларытам: Даніла («На Купалле» М.​Чарота), Каваль («Каваль-ваявода» Е.​Міровіча), Мікола («Салавей» З.​Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у ролі Журдэна («Мешчанін у дваранах» Мальера). Сярод інш. значных роляў: Дзяк («Пісаравы імяніны» У.​Галубка), Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і інш.

Г.Грыгоніс. Мастак М.​Філіповіч. 1927.
Г.Грыгоніс у ролях Журдэна (злева) і Нічыпара.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮВА́НАЎ (Міхаіл Акімавіч) (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),

бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял. т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.​Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.​Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні).

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

М.А.Зюванаў.
М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.

т. 7, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЭ́ЙКА ((Noreika) Віргіліюс-Кястуціс) (н. 22.9.1935, г. Шаўляй, Літва),

літоўскі спявак (тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1958, клас К.Пятраўскаса), з 1976 выкладае ў Літ. муз. акадэміі (з 1987 праф.). З 1957 саліст, у 1975—91 маст. кіраўнік і дырэктар Літоўскай оперы. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах, яскравым артыстызмам. Сярод партый: Даніла, Андрус, Нагліс, Юлюс («Піленай», «Дачка», «Вайва», «Ave, vita» В.​Кловы), Скудуціс і Юргяліс («Даля» Б.​Дварыёнаса), Тадас («Птушкі, якія заблудзіліся» В.​Лаўрушаса), Альфрэд, Герцаг, Атэла («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон, Каварадосі, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Тоска», «Багема» Дж.​Пучыні), Вертэр і дэ Грые («Вертэр» і «Манон» Ж.​Маснэ), Эдгар, Немерык («Лючыя ды Ламермур», «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Моцарт («Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава), Прынц («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Валодзя Гаўрылаў («Не толькі любоў» Р.​Шчадрына). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі Літвы 1960, 1970.

Літ.:

Гусев А., Хачатурова Н. Виргилиюс Норейка. М., 1982.

В.Нарэйка.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЖНЯ́К (Тарас Мікалаевіч) (н. 9.3.1924, в. Цернаўка Смелянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1949). Працаваў у Львове. У 1965—98 у Бел. АМ (з 1988 заг. кафедры). Працуе ў галіне керамікі («Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1970; скульптура «Даніла Галіцкі», 1974; пано «Мінск», 1977; вазы «Над Віліяй», 1988, «Белавежская пушча», 1993, «Кветкі», 1999, «Марскі брыз», 2000; дэкар. кампазіцыя «Караблікі і дэльфіны», 1966, і інш.), шкла (вазы «Кожнаму чацвёртаму», 1982, «Восень», 1987; скульптура «Пінгвіны», 1987; кампазіцыі «Чорная быль», 1988, «Поры года», 1989, і інш.), металу (партрэт Героя Сав. Саюза С.​І.​Грыцаўца, 1967, і інш.). Аўтар афармленчых работ у Палацы чыгуначнікаў (1978), Палацы шлюбаў Заводскага р-на (1981—83), гандл. цэнтры «Валгаград» (1984) у Мінску, палацах культуры нафтавікоў у Наваполацку (1967), саўгаса «Прагрэс» Брэсцкай вобл. (1984), будынку шпіталя для інвалідаў Вял. Айч. вайны ў в. Бараўляны Мінскага р-на (1986) і інш. Творы адметныя дакладнасцю кампазіцыі, вобразнай выразнасцю.

М.​П.​Жабінская.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зняве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Нанесці каму‑, чаму‑н. фізічныя пашкоджанні; пакалечыць. Твар цяжка было разгледзець, так яго знявечылі фашысты перад павешаннем. Новікаў. // Нанёсшы значныя пашкоджанні, давесці да непрыгоднасці, сапсаваць (пра рэчы, прадметы). Даніла даўно пайшоў пехатою да тых далёкіх непраходных хмызоў, якія сваёй дрыгвою зусім знявечылі канал. Пестрак. // перан. Зрабіць дрэнны ўплыў; сапсаваць. Знявечыць душу. Знявечыць жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ацяпляецца, абаграваецца печкай без коміна. Курная хата. Курная лазня. // Закураны, задымлены. А хто ж Марына і Даніла? Як апынуліся яны У хатцы кінутай, панылай, Дзе сцены курныя адны? Колас.

2. Які вылучае многа дыму, копаці. Курны корч. Курная галавешка. □ Казалі, добра ў адзіноце Пабыць хоць некалькі гадзін, Але ў глушы, пры курным кноце Не доўга выседзіш адзін. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ручы́цца, ру́чыцца; незак.

Разм.

1. Весціся; добра гадавацца, пладзіцца. Даніла — хлопец станавіты, Марына — болей бы такіх. Пайшло дабро ручыцца ў іх. Колас. А каты Заблоцкім ручацца .. От каб гэтак, як каты, авечкі ручыліся. Калюга. Як гаспадар каля жывёлы мучыцца, то жывёла ручыцца. Прыказка.

2. (звычайна з адмоўем). Удавацца, шанцаваць; надарацца. Убачыць усё хацеў Ахрэма, ды ніяк не ручылася сустрэча. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)