АБАШЫ́ДЗЕ (Васіль) (Васо) Аляксеевіч (4.12.1854, г. Душэты — 9.10.1926),

грузінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1879 у Тыфліскай драм. трупе. Адзін з заснавальнікаў рэаліст. груз. акцёрскай школы. Стварыў яркія характарныя і камед. вобразы ў нац. і класічным рэпертуары: Карапет («Скупы» Г.Эрыставі), Акоп («Ханума» А.Цагарэлі), Хлестакоў, Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага) і інш. Заснавальнік і рэдактар першага ў Грузіі тэатр. час. «Тэатры» (з 1885).

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМЕТЭ́ЛІ (Сандро) (Аляксандр Васілевіч; 25.4.1886, с. Анага, Грузія — 29.6.1937),

грузінскі рэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1933). Адзін з заснавальнікаў груз. т-ра. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1916). У 1926—35 маст. кіраўнік т-ра імя Ш.Руставелі (Тбілісі). Яго пастаноўкі вызначаліся яркай тэатральнасцю, нац. каларытам, зладжанасцю акцёрскага ансамбля. Сярод лепшых «Загмук» А.Глебава (1926), «Разлом» Б.Лаўранёва і «Анзор» С.Шаншыяшвілі (1928), «Ламара» паводле твораў Важа Пшавелы (1930), «Разбойнікі» Ф.Шылера (1933).

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА,

княства ў Зах. Грузіі ў 16—19 ст. Вылучылася з Імерэцінскага царства. Да пач. 17 ст. ў склад М.к. ўваходзіла і Абхазія. Спачатку М.к. кіравалі князі з дынастыі Дадыяні, у канцы 17 ст. іх скінуў род Чыкавані, прадстаўнікі якога прынялі прозвішча Дадыяні. У 1803 уладар Грыгорый прыняў рас. падданства. Пасля Мегрэльскага паўстання 1857 у М.к. ўведзена прамое рас. кіраванне. Юрыд. скасавана ў 1867.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСТУМА́НІ,

горнакліматычны курорт у Грузіі. За 28 км ад чыг. ст. Ахалцыхе, на схілах Месхецкага хр. Малога Каўказа і глыбокай цясніны р. Ацхе. Засн. ў 19 ст. Круглагадовае кліматалячэнне, значныя запасы тэрмальных мінер. водаў (асобныя крыніцы вядомы з 11 ст.).

Паблізу Абастумані першая на тэр. б. СССР горная астрафіз. абсерваторыя, крэпасць царыцы Тамары (12 ст.), Зарзмскі манастыр (14 ст.), у суседстве з ім рэшткі грандыёзнага пячорнага манастыра 12—13 ст.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЛА́ДЗЕ (Тэнгіз Яўгенавіч) (31.1.1924—6.3.1994),

грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1970), нар. арт. СССР (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1953). Майстар тонкага псіхал. малюнка, валодаў уменнем лаканічна і пераканаўча стварыць вобраз часу. Аўтар ці сааўтар сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў, адметных высокай выяўл. культурай: «Лурджа Магданы» (разам з Р.Чхеідзе), «Я, бабуля, Іліко і Іларыён», «Чужыя дзеці», «Каралі для маёй любай», трылогіі «Мальба», «Дрэва жадання», «Пакаянне» (1969—87, Ленінская прэмія 1988).

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯНО́ПАЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1829.

Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 14 вер. ў г. Адрыянопаль (цяпер Эдырне, Турцыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29 (гл. ў арт. Руска-турэцкія войны). Да Расіі адышлі вусце Дуная з астравамі і шэраг крэпасцяў на ўсх. беразе Чорнага м. Турцыя прызнала далучэнне да Расіі Грузіі, Імерэтыі, Мегрэліі, аўтаномію Малдавіі, Валахіі, Сербіі і права Грэцыі на ўнутр. аўтаномію. Басфор і Дарданелы абвяшчаліся адкрытымі пралівамі.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Зураб Іванавіч) (н. 12.4.1928, Кутаісі),

грузінскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1952), з 1971 выкладае ў ей (праф. з 1984). У 1952—59 і з 1970 саліст Т-ра оперы і балета імя Паліяшвілі (Тбілісі), у 1959—70 — Вял. т-ра. Сярод лепшых партый: Абесалом («Абесалом і Этэры» З.Паліяшвілі), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Дзярж. прэмія Грузіі 1971.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НІЯ (Валяр’ян) (Валіко) Леванавіч (21.1.1862, с. Экі, Цхакаеўскі р-н, Грузія — 31.7.1938),

грузінскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. Грузіі (1933). З 1882 у груз. драм. трупе ў Тбілісі. Акцёр яркага тэмпераменту, глыбокай думкі. Ствараў рознахарактарныя вобразы: Како («Како разбойнік» паводле І.Чаўчавадзе), Кароль Лір, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Аўтар п’ес (першая — «Незаконнанароджаны», 1882), лібрэта да опер. З 1913 здымаўся ў кіно.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫ́ЙСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава на тэр. Зах. Грузіі (Гурыі) у 14 — пач. 19 ст. Уключала таксама тэр. Аджарыі з г. Батумі. Палітычна незалежная з 16 ст. Унутр. міжусобіцы і барацьба з Турцыяй прывялі Гурыйскае княства да заняпаду, а яго правіцелі сталі васаламі цароў Імерэты. У 18 ст. Аджарыя з Батумі, гарады Кабулеты і Хіна заваяваны туркамі. У 1811 Гурыйскае княства далучана да Рас. імперыі, у складзе яе захоўвала аўтаномію да 1828.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎТАЗЁМЫ,

глебы, якія фарміруюцца пад шыракалістымі лясамі ва ўмовах вільготных субтропікаў. Пашыраны ў Кітаі, на Пд ЗША, ПдУ Аўстраліі і ў Новай Зеландыі, у Грузіі і Азербайджане. Маюць 5—10% гумусу. Жоўтая афарбоўка абумоўлена малой колькасцю жалеза ў мацярынскіх пародах і моцным увільгатненнем, якое выклікае гідратацыю вокіслаў жалеза ў глебе. Асн. тыпы: жаўтазёмы, падзоліста-жаўтазёмападобныя, жаўтазёмна-глеевыя, падзоліста-жаўтазёмна-глеевыя. На Ж. вырошчваюць чай, цытрусавыя, вінаград, тытунь, эфіраалейныя культуры.

т. 6, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)