ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,

гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;

Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМП’Ю́ТЭРНАЯ ТАМАГРА́ФІЯ,

метад рэнтгеналагічнага даследавання, пры якім атрымліваюць аксіяльны (папярочны) «зрэз» цела пацыента шляхам апрацоўкі праз ЭВМ даных пра паглынальную здольнасць тканак пры праходжанні праз іх кругавога сканіруючага пучка рэнтгенаўскіх прамянёў. Мае высокую кантрастную здольнасць, што дазваляе дыферэнцыраваць тканкі з розніцай шчыльнасці ў межах 0,5—2%. Метад заснаваны на вымярэнні паказчыкаў аслаблення. Шкала шчыльнасці — ад -1000 (паветра) да +1000 (косці) умоўных адзінак; таўшчыня зрэзаў пры К.т. 2—10 мм. Адзінку вымярэння К.т. — аслабленне — наз. адзінкай Хаўнсфілда. За распрацоўку і выкарыстанне К.т. амер. вучоны А.​Кормак і англ. вучоны Г.​Хаўнсфілд у 1979 атрымалі Нобелеўскую прэмію.

К.т. — метад удакладнення дыягназу (выяўленне пухлін, кіст, паразітарных пашкоджанняў, змен пасля запаленняў і траўм, заган развіцця, дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў і інш.) у галаўным мозгу, прыдаткавых пазухах носа, арбітах, пазваночніку і спінным мозгу, органах грудной клеткі, брушной поласці, малога таза, касцях і мяккіх тканках. Дапамагае вызначыць лакалізацыю і велічыню паталаг. працэсу, дынаміку развіцця хваробы і вынікі лячэння, месца і аб’ём для хірург. ўмяшання, для тапаметрыі пры прамянёвай тэрапіі і інш. К.т. робяць тамографамі. Існуе К.Т., заснаваная на эфекце ядзерна-магн. рэзанансу, пазітронная.

Л.​Л.​Аўдзей.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ды́хавіца, ‑ы, ж.

1. Частае і цяжкае дыханне пры захворванні бронхаў; задышка. Пакутаваць дыхавіцай. □ [Нупрэй:] Добрыя вы хлопцы, з вамі хоць пагаварыць можна. А нашы бегаюць, спяшаюцца, таго і глядзі дыхавіцу нагоняць. Губарэвіч. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. Быкаў.

2. Упадзіна ў ніжняй пярэдняй частцы грудной клеткі. [Юрыя] білі, не разбіраючы куды — у жывот, пад дыхавіцу, тапталі ботамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бартаві́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. Верхні край бока лодкі, баркі. Падплыўшы да карыта,.. [Даніла] перакульвае яго ў лодку, высморгвае разам з травою тычку, і зазіхацела дарагая капронавая сетка, загрукацелі аб бартавіну важкія грузілы, а следам платва, пузатая і разамлелая, густа аплёўшы сець, пачала паўзці ў лодку. Карамазаў.

2. Адвароты па грудной частцы пінжака, халата і інш. На шырокіх бартавінах халата Фаіны Усцінаўны ляжаў белы каўнерык. Савіцкі. — Валь[с]а для цёткі Акіліны! — крыкнуў увішны шафёр з пучком белых кветак на бартавіне сіняга пінжака. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рабро́, рыбро́, ра́бро ’частка скелету’, ’выгнутая частка каркасу’, ’край ці бок прадмета’ (ТСБМ, Сержп. Казкі; кам., докш., крыч., хойн., леп., арш., Сл. ПЗБ), ’спінка ў ложку’ (паст., ЛА, 4), рус. ребро́, укр. ребро́, польск. żebro, чэш. žebro, řebro, славац. rebro, в.-луж. rjebło, н.-луж. robro, robło, палаб. rebrǘ, славен. rẹ́bro, балг. ребро́, макед. ребро, ст.-слав. ребро. Роднаснае да ст.-в.-ням. ribbi ’рабро’, hirni‑reba ’чэрап’, ст.-сакс. ribbi(i), грэч. ἐρέφω ’пакрываць дахам’, ὀροφή ’дах’. Зыходным значэннем і.-е. *rebh‑ было ’пакрываць купалам, дахам’, ’пакрываць’ (пра скляпенне, дах, грудную клетку) (Покарны, 1, 853; Чарных, 2, 102; Фасмер, 3, 453–454). Сюды ж вытворныя рабры́на ’адно рабро’ (ТСБМ; чэрв., зэльв., паст., Сл. ПЗБ; Шушк.), рабры́нка ’рабрына’, ’мяса грудной часткі тушы’, рабрына́ ’рабро’ (Сцяшк.), рабры́ны, рабе́рцы, рабёркі ’рэбры ў кошыку’ (КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кіль

(гал. kiel)

1) брус, які праходзіць уздоўж судна пасярэдзіне яго дна;

2) нерухомая вертыкальная частка хваставога апярэння самалёта, дырыжабля;

3) прадаўгаваты выраст на грудной косці, да якога прымацаваны грудныя мышцы ў птушак і некаторых млекакормячых (напр. у кажаноў, крата).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сэ́рца¹, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Цэнтральны орган крывяноснай сістэмы, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці).

С. б’ецца.

Хворае с.

2. перан. Сімвал душы, перажыванняў, пачуццяў, настрояў.

У яго добрае с.

Жыць так, як падказвае с.

3. перан. Важнейшае месца чаго-н., цэнтр.

Мінск — с. нашай дзяржавы.

4. Унутраная частка ствала дрэва, сцябла ці плода расліны.

На выгляд дрэва магутнае, а с. гнілое. С. морквы.

Адкрыць сэрца — прызнацца ў каханні.

Ад усяго сэрца — шчыра, чыстасардэчна.

З адкрытым сэрцам — даверліва, ад душы.

Прымаць блізка да сэрца што (разм.) — аднесціся да чаго-н. з увагай, спачуваннем.

Сэрца кроўю абліваецца чыё, у каго (разм.) — каму-н. вельмі цяжка ад душэўнага болю.

|| памянш. сэ́рцайка, -а, н. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. сардэ́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

горб, гарба, м.

1. Ненармальная пукатасць на спіне або на грудзях чалавека, якая ўтвараецца ад скрыўлення пазваночніка або грудной клеткі. За вайну Якім яшчэ больш падаўся, ссутуліўся, і ад гэтага горб на яго спіне здаваўся больш крутым, чым раней. Парахневіч. // Тлушчавы нараст на спіне некаторых жывёл, напрыклад вярблюда. // Разм. груб. Спіна. За жыццё памясіў я нямала балот, панасіў на гарбу я нямала турбот. Дубоўка.

2. чаго. Пукатасць, узвышэнне на якой‑н. паверхні. Дзе-нідзе на палях агаліліся рыжыя гарбы узгоркаў. Пянкрат. Крыху правей, куды вядзе аўтастрада, чарнее горб маста. Карпюк.

•••

Гнуць горб гл. гнуць.

Сваім гарбом — цяжкай працай (жыць, зарабляць, здабываць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лы́жка, ложка ’прадмет сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы’ (Яруш., Гарэц., Касп., Сцяшк., Анох., ТСБМ, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Укр. ложка, ли́жка, ли́шка, ли́жґа, рус. ложка, кастр. лы́жка, ст.-рус. лъжька, ложька; польск. łyżka, łyška, lyjška, łyska, łóška, łuška, leška, каш. lëška, łiška, ст.-н.-луж. łežka, чэш. lyžka, łezka, славац. lyžka, liška, усх. ložka. Прасл. паўн. lъžka ’лыжка’ (Слаўскі, 5, 441–445), якая першапачаткова рабілася з дрэва, з кары; гэта дэмінутыўнае ўтварэнне ад *lъga, і.-е. адпаведнікам якога з’яўляюцца алб. lugë ’тс’, усх.-асец. alịgd ’надрэз’, alịgdịn ’падразаць’, ст.-інд. rujati ’ламае’. Аналагічна англ. spón ’лыжка’ ∼ ст.-в.-ням. spân ’трэска’, ст.-ісл. spánn ’лыжка, трэска’, швед., дац. sked ’лыжка’ ∼ ст.-в.-ням. sceidôn ’расколваць’. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Слаўскі (5, 444–445); Фасмер (2, 511–512), Махэк₂ (346), Скок (3, 683), Трубачоў (Ремесл. терм., 169–170). Карскі (1, 149; Труды, 501) мяркуе, што бел. лы́жка — паланізм. Сюды ж лы́жачнік ’майстар, які робіць лыжкі’ (ТСБМ), лы́жачка ’дыхавіца’ (ТСБМ; КЭС, лаг.) — у выніку пераносу значэння паводле падабенства (упадзіна ў грудной клетцы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гру́дзі, ‑ей; адз. няма.

1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. Зашпіліць вопратку на грудзях. □ І тут Марына не ўтрымала — Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат! На грудзі брату тварам пала. — Ігнатка! брацік мой Ігнат... Колас. // Частка тулава, у якой змяшчаюцца сэрца, лёгкія і інш. органы грудной клеткі. Дыхаць на поўныя грудзі. □ І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў.

2. Малочныя залозы ў жанчыны. Малая адрывалася ад пустых грудзей і крычала, ёй хацелася есці. Шамякін.

3. Разм. Верхняя пярэдняя частка адзення. Кашуля з вышыванымі грудзьмі.

•••

Біць (сябе) у грудзі гл. біць.

Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.

Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.

Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)