замёрзлы і заме́рзлы, ‑ая, ‑ае.

1. Цвёрды, зацвярдзелы ад холаду. Замёрзлая зямля. Замёрзлая гразь. // Пакрыты лёдам, ледзяной коркай. Замёрзлыя вокны. // Сапсаваны марозам, выведзены са строю. Замёрзлая вадакачка.

2. Які загінуў, памёр ад холаду. Дзе ды[хае] крыніца ў кустах ля сяла, душы дзве замёрзлых жанчына знайшла. Вялюгін. // Моцна азяблы, прамёрзлы. Замёрзлыя пальцы не слухаліся. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хару́гва, ‑ы, ж.

1. Уст. Баявы сцяг войска. А вецер калыша харугвы палкоў ды чэша барады маскоўскіх паслаў. Вялюгін.

2. Царкоўны сцяг. часцей палотнішча на доўгім дрэўку з вобразамі святых, якое носяць у час рэлігійных свят. Цэлы сінкліт папоў, панаехаўшых сюды нагадавое свята з навакольных парафій, уваходзіў у царкву, за імі.. неслі абразы і харугвы. Машара.

[Ад манг. аронга — знак, сцяг.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІВАШКЕ́ВІЧ ((Iwaszkiewicz) Яраслаў) (20.2.1894, в. Кальнік Вінніцкай вобл., Украіна — 2.3.1980),

польскі пісьменнік. У 1912—18 вучыўся ў Кіеўскім ун-це і ў кансерваторыі. З 1918 у Варшаве. У 1932—36 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1915. Ранняй лірыцы ўласцівы эстэтызм, зварот да адвечных пытанняў (зб-кі «Васьмірадкоўі», 1919, «Дыянісіі», 1922, «Лета 1932», 1933). У аповесцях і раманах «Зенобія Пальмура» (1920), «Узыходзіць месяц» (1925), «Змова мужчын» (1930), «Блендамерскія страсці» (1938) філас.-эстэтычная праблематыка. Раман «Чырвоныя шчыты» (1934) пра мінулае Польшчы. Аўтар апавядання «Паненкі з Вілька» (1933, экранізацыя А.​Вайды, 1979), п’ес «Лета ў Наане» (1936—37), «Маскарад» (1939) і інш. У пасляваен. паэт. зб-ках «Алімпійскія оды» (1948), «Каса восені і іншыя вершы» (1954), «Заўтра жніво» (1963), «Выбраныя вершы» (1968), «Карта надвор’я» (1977), «Музыка ўвечары» (1980) грамадз. пафас, філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Аўтар кніг прозы «Італьянскія навелы» (1947), «Кнігі маіх успамінаў» (1957). У рамане-эпапеі «Хвала і слава» (т. 1—3, 1956—62) панарама жыцця польск. інтэлігенцыі ў 1914—45. Дзярж. прэміі Польшчы 1952, 1954 і 1970. На бел. мову вершы І. перакладалі А.​Вялюгін, М.​Машара, Я.​Семяжон, прозу — Я.​Брыль, П.​Стафановіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Ад Буга да Одры. Мн., 1969;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—8. М., 1976—80.

Літ.:

O twórczosci Jarosława Iwaszkiewicza. Kraków;

Wrocław, 1983.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Я.Івашкевіч.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),

польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.​Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.​Абуховіч, Г.​Леўчык, Я.​Купала, Т.​Гардзялкоўская, З.​Верас, Я.​Дыла, А.​Вялюгін, С.​Дзяргай і інш., прозу — Я.​Брыль, В.​Каваль.

Тв.:

Бел. пер. — Дым. Вільня, 1908;

Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;

Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;

Рус. пер.Соч. Т. 1-4 Мн., 1959.

Літ.:

Пиотровская АГ. Творческий путь М.​Конопницкой. М., 1962;

Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.

М.Канапніцкая.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 4.8.1945 у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 20.6.1948. Агульная пл. 232,6 м², у т. л. пад экспазіцыяй 85,2 м². Размешчаны ў хаце, дзе 7.7.1882 нарадзіўся Я.​Купала, на ёй устаноўлена мемар. дошка (30.6.1946). З 1972 філіял уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Экспазіцыя складаецца з мемар. і гісторыка-літ. частак. У мемар. пакоі (адноўлены ў 1964) зберагаюцца асабістыя рэчы бацькоў паэта, мэбля, посуд канца 19 ст. У гісторыка-літ. частцы — архіўныя дакументы, аўтабіягр. матэрыялы, фотаздымкі, творы мастакоў Э.​Агуновіча, Я.​Раманоўскага, В.​Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы. Зберагаюцца таксама прылады працы і рэчы хатняга ўжытку. У летні перыяд на тэр. філіяла дзейнічае выстаўка твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вязынцы і філіялу прысвяцілі свае творы бел. (П.​Панчанка, Р.​Барадулін, К.​Буйло, А.​Вялюгін, Е.​Лось, П.​Прыходзька, С.​Шушкевіч і інш.), рус., укр., лат., арм. (Ю.​Ванаг, П.​Гарэцкі, А.​Грашы, Р.​Лубкіўскі, Л.​Хаўстаў, А.​Юшчанка), англ. і балг. (У.​Мэй, А.​Тодараў) і інш. паэты; мастакі М.​Бельскі, Р.​Віткоўскі, С.​Каткоў, А.​Кроль, М.​Купава, У.​Пашчасцеў, І.​Пратасеня, І.​Рэй, К.​Харашэвіч і інш.

Літ.:

Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом]. Мн., 1982.

Ж.​К.​Дапкюнас.

Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». Хата, у якой нарадзіўся паэт.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». Мемарыяльны пакой.

т. 9, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ШКА (Андрэй Самойлавіч) (15.11. 1912, г. Абухаў Кіеўскай вобл. — 17.2.1970),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1932). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1936), «Лірыка» (1938), «Жаваранкі» (1940), «Да бою ўставайце!» (1941), «За сінім морам» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Далёкія арбіты» (1962, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964), «Дарога пад яварамі» (1964, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964, Дзярж. прэмія СССР 1969), «Жнівень маёй душы» (1970) і інш., адметных тэматычным багаццем, глыбокім лірызмам, эмацыянальнасцю, патрыятычным гучаннем і філас. насычанасцю. Гісторыі Украіны прысвяціў паэмы «Ярына» (1938), «Кармалюк» (1940), «Дума пра казака Данілу» (1941), «Праметэй» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Тарас Шаўчэнка» (1961). Выступаў як літ. крытык (кн. «Думкі пра паэзію», 1959; «Слова пра паэта», 1960). Прапагандаваў бел. л-ру і культуру. Пераклаў на ўкр. мову кн. выбраных твораў Я.​Купалы (зб. «Лірыка», 1967), асобныя творы П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, А.​Русака, М.​Танка. На бел. мову яго творы пераклалі Куляшоў (зб. «Запаветная крыніца», 1962), А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, А.​Бачыла, Г.​Бураўкін, Вялюгін, А.​Грачанікаў, Л.​Дайнека, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, А.​Звонак, М.​Калачынскі, М.​Машара, Р.​Няхай, П.​Прыходзька, М.​Хведаровіч і інш.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ, 1986—87;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1953;

Рус. пер. — Полдень века. М., 1975.

Літ.:

Костенко А.І. Андрій Малишко. Київ, 1981.

В.​А.​Чабаненка.

А.С.Малышка.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

засмя́глы і засма́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Сухі, высахшы ад недахопу вільгаці. Хутчэй жадаючы напіцца, пад ветрам падала па дол даўно засмяглая пшаніца. Вялюгін. І засмаглая глеба Ачуняла ад спёкі, Свежым сокам набухла. Чарнушэвіч.

2. Засохлы, перасохлы (пра губы, рот). Прыпадымаю [Нініну] галоўку і ўліваю ў засмяглы рот лыжачку цёплага чаю. Брыль. [Байцы] дзялілі матчын хлеб счарсцвелы, Пілі, абцёршы на хаду З засмаглых вуснаў пыл. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захма́рыць 1, ‑рыць; зак.

1. што. Зрабіць хмарным. Захмарыла ўжо восень неба і распранае гай барвовы. Вялюгін. / у безас. ужыв. Хутка зноў захмарыла, дождж разахвоціўся і дробна ды густа ліў да самага вечара. Кірэенка.

2. перан.; каго-што. Засмуціць, замаркоціць. Пачутая нядобрая навіна пра Ганну ўжо тут, у гаворцы з маці, захмарыла [Васіля]. Мележ.

захма́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.

Пачаць хмарыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турката́ць, ‑коча; незак.

Разм. Утвараць характэрныя для галубоў гукі; буркаваць. Ужо маланка слепіць вочы, а дзед спакойна кажа мне: — Хаціны, дзе трубач туркоча, пярун ніколі не кране... Вялюгін. Туркоча голуб на задвор[ку]. Калачынскі. Тарахцець (пра гукі машыны ў час работы). Машына аддавала, здаецца, апошнія сілы — нешта ў ёй туркатала, ірвалася, шыпела. Пестрак. Раптам апоўначы, чуем, над борам У небе туркоча наш самалёт. Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

языка́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Ахвочы пагаварыць, паспрачацца, панасміхацца; востры на язык. Мужчыны, як вып’юць, становяцца гаваркія больш, чым самыя языкатыя жанчыны. Кавалёў. На пракосы неўзабаве нахлынаюць жанчыны... Гаманкія, задзірыстыя, языкатыя, рупныя. Пташнікаў.

2. Які мае форму языка, падобны на язык. Лапатала рака языкатымі хвалямі, На Сафа надрыўна звінелі званы. Лукша. У замку ціш і языкаты агонь каміна ліжа дровы. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)