САКРАТА́Р (ад позналац. secretarius першапачаткова — давераная асоба),

1) службовая асоба, якая вядзе справаводства ўстановы або асобы.

2) Складальнік пратакола сходу, пасяджэння.

3) Выбарны кіраўнік грамадскай, партыйнай або міжнар. арг-цыі.

4) Службовая асоба ў канцылярыі ВКЛ, якая непасрэдна займалася справаводствам вял. князя (караля) і прызначалася ім. Упершыню ўпамінаецца ў 1407. Часам так называліся і велікакняжацкія пісары. З 2-й пал. 16 ст. С. — асобная пасада, дзейнасць якой не абавязкова звязана са справаводствам (выконвалі абавязкі мернікаў, рэвізораў, паборцаў, памежных камісараў і інш.). Некат. С. вялі дакументацыю Рады Вялікага княства Літоўскага, што пазней рабілі рэгенты. С. вялікі духоўны — міністэрская пасада, асобная ад апарата канцлера і падканцлера ВКЛ. Утворана на сойме 1670. Прызначаўся каралём з духоўных асоб, вёў спецыяльна даручаныя справы. С. вялікі свецкі — міністэрская пасада. У пач. 16 ст. з тытулам «найвышэйшага сакратара ВКЛ» выступаў пісар І.​С.​Сапега, як мяркуецца, на ўзор адпаведнай пасады ў Польшчы. Сталая пасада С. вялікага свецкага ўстаноўлена ў ВКЛ на каранацыйным сойме 1764.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канве́нт

(лац. conventus = сход)

выбарны орган з асобымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі ў некаторых краінах;

нацыянальны к. — вышэйшы заканадаўчы і выканаўчы орган у Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—1799 гг.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прэзідэ́нт

(ням. President, ад лац. praesidens, -ntis = літар. які сядзіць наперадзе)

1) выбарны кіраўнік дзяржавы ў большасці краін з рэспубліканскай формай праўлення;

2) кіраўнік буйной навукова-даследчай установы, таварыства, фірмы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

камітэ́т

(фр. comité, ад лац. committere = даручаць)

1) выбарны орган, які кіруе якой-н. работай (напр. прафсаюзны к.);

2) орган дзяржаўнага кіравання з пэўнымі функцыямі (напр. Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па архітэктуры і будаўніцтву).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ду́ма ​1, ‑ы, ж.

1. Мысль, разважанне, роздум. Думы і развагі пра зямлю, пра лепшае жыццё не давалі спакою ні майму бацьку, ні ўсёй астатняй тутэйшай беднаце. Кулакоўскі. У самотнай цішы перад сном Думы думае маці. Гілевіч.

2. Жанр гістарычнага народнага ўкраінскага эпасу, а таксама творы гэтага жанру. // Род вершаў на грамадзянскія, палітычныя тэмы ў рускай паэзіі пачатку 19 ст.

ду́ма ​2, ‑ы, ж.

Выбарны орган цэнтральнай або мясцовага кіравання ў дарэвалюцыйнай Расіі. Баярская дума. Дзяржаўная дума. Гарадская дума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэзі́дыум

(лац. praesidium = абарона; старшынства)

1) выбарны орган, які кіруе сходам, нарадай, канферэнцыяй, а таксама асобы, якія ўваходзяць у такі орган;

2) кіруючы орган некаторых арганізацый і ўстаноў, а таксама асобы, якія ўваходзяць у такі орган.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прэзі́дыум, ‑а, м.

1. Выбарны орган, які кіруе сходам або нарадай. Выбраць прэзідыум. □ Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік. // зб. Людзі, якія ўваходзяць у склад такога органа. Камсамолец узняў галаву, паглядзеў на наступнага «прасіцеля» і, пазнаўшы ў ім Бабрука, разгублена паглядзеў на прэзідыум сходу. Брыль.

2. Орган дзяржаўнай улады ў СССР, саюзных рэспубліках і некаторых сацыялістычных краінах. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР.

3. Кіруючы орган некаторых арганізацыя і ўстаноў. Прэзідыум ЦК КПБ. Прэзідыум Акадэміі навук БССР.

[Ад лац. praesidere — сядзець наперадзе, старшынстваваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),

выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар. рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар. пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн. суд. ўстановамі. Пасля суд. рэформы 1864 паступова скасаваны.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сакрата́р

(фр. secrétaire, ад с.-лац. secretarius = удзельнік таемных нарад)

1) асоба, якая вядзе справаводства ўстановы, арганізацыі або прыватнай асобы;

2) складальнік пратакола сходу, пасяджэння;

3) выбарны кіраўнік якой-н. арганізацыі, якога-н. органа;

4) асоба, якая загадвае арганізацыйна-выканаўчым аддзелам якой-н. установы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

МЕЧАНО́СЦЫ (Ордэн мечаносцаў),

духоўна-рыцарскі ордэн, засн. ў 1202 рыжскім епіскапам Альбертам для абароны каталіцкай царквы ў Лівоніі і прымусовай хрысціянізацыі народаў Усх. Прыбалтыкі. Актыўныя ўдзельнікі крыжовых паходаў супраць славян і балтаў у 12—15 ст. Афіц. назва Браты воінства Хрыстовага (Fratres militiae Christi). Назва М. ад апазнавальнага знака на белых плашчах рыцараў — мяча і крыжа. У 1205 папа рымскі Інакенцій III афіцыйна зацвердзіў ордэн і надаў яму статут на ўзор статута тампліераў. Паводле статута члены ордэна падзяляліся на братоў-рыцараў, братоў-святароў і братоў-службоўцаў. На чале ордэна стаяў выбарны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе, які падпарадкоўваўся рыжскаму епіскапу. У 1-й трэці 13 ст. М., нягледзячы на процідзеянне Полацкага княства і Пскова, зламалі супраціўленне ліваў, земгалаў, латгалаў, эстаў, інш. прыбалтыйскіх плямён і авалодалі б.ч. тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі, у т. л. падвасальнымі Полацку княствамі Кукенойс і Герцыке, нападалі на Літву. Паводле дагавораў з Рыжскім і інш. епіскапствамі ордэн М. атрымаў каля трэці заваяваных зямель і фактычна ператварыўся ў феад. каталіцкую дзяржаву. Мясц. ўладу ажыццяўлялі комтуры (начальнікі правінцыяльных замкаў) і фогты (адм. чыноўнікі). Браты аднаго замка складалі канвент, іх сход наз. капітулам, агульны сход усіх ордэнскіх братоў — ген. капітулам. Гал. даходам ордэна была даніна з мясц. прымусова хрысціянізаванага насельніцтва, а таксама ваен. здабыча. У 1236 аб’яднаныя сілы літоўцаў і земгалаў каля сучаснага г. Шаўляй (Літва) разбілі М., рэшткі якіх у 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі залежны ад яго Лівонскі ордэн.

Літ.:

Mugurëvičs E. Die militärische Tätigkeit des Schwertbrüderordens (1202—1236) // Ordines militares. Torun, 1991. [T.] 6.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)