КРЫВАШЭ́ЕЎ Сяргей Паўлавіч (н. 5.1.1944, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў БПІ (1967). Працуе ў ін-це «Гомельграмадзянпраект» (з 1999 нам. дырэктара па архітэктуры). Асн. работы (у сааўт.): генпланы гарадоў Гомель (1974—77), Мазыр (1975—78), Рэчыца (1978—80); планіроўка і забудова мікрараёнаў №5 (1977), 5А (1990) і пасёлка Крынічны (1978) у Мазыры, мікрараёнаў №16, 17, 19, 20, 53, 59 у Гомелі (усе 1980—90-я г.); праекты дэталёвай планіроўкі цэнтраў Гомеля (1979) і Мазыра (1982), жылых раёнаў «Паўднёвы» (1983) і «Валатава» (1985) у Гомелі. Аўтар праектаў рэканструкцый Парку культуры і адпачынку імя Луначарскага, дзіцячага сквера па вул. Савецкай, плошчы Перамогі ў Гомелі, парку ў г. Шклоў Магілёўскай вобл. (усе 1990—2000-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), займаў яго паўд.-зах. бок і большую частку вул. Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай ( цяпер Камсамольская). Рэзідэнцыя езуітаў існавала у Мінску з сярэдзіны 17 ст. (з 1714 мела ранг калегіума). Комплекс уключаў касцёл, калегіум, школу і гасп. пабудовы. Засн. ў 1654 па фундацыі смаленскага біскупа Г.Сангушкі, які падараваў палац у стылі рэнесансу, побач з ім у 2-й пал. 17 ст. пабудаваны невял. мураваны касцёл. Да канца 17 ст. ўзведзены 2-павярховы будынак школы, у пач. 18 ст. — касцёл. У 1733—50 калегіум, на яго вежы быў гар. гадзіннік. У глыбіні квартала размяшчаліся гасп. пабудовы. Цэнтр. месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і св. Барбары (пасля 1798 Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 у стылі барока. 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф, накрыты 2-схільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, над якой тарэц даху закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды ў бакавых нефах размешчаны 2 капліцы: св. Тройцы і св. Феліцыяны (фундатар апошняй К.Завіша; 1722), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. 2-вежавы гал. фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж 2-яруснымі вежамі (пабудаваны ў 1731), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэна і завершанымі невял. купаламі. Сярэдняя частка фасада падзелена на 2 ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчана фігурным франтонам з сігнатуркай. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны шырокімі плоскімі пілястрамі, аконнымі праёмамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), паліхромны манум. жывапіс (маст. К.Анташэўскі). Рэканструкцыя касцёла праведзена ў 1798—1800 (арх. Ф.Крамер), інтэр’ера — у 1850-я г. (арх. К.Хршчановіч), у 1951 перапланаваны і перабудаваны гал. фасад (арх. М.Драздоў). У 1993 касцёл адноўлены як архікафедральны найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—97 рэстаўрыраваны фасады і часткова інтэр’еры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
узго́рск Узгоркавае месца (Слаўг.).
□в. Узгорск Слаўг., вул. Узгорская (1803) у Віцебску.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
ДАХО́ДНЫ ДОМ,
гарадскі шматкватэрны дом, прызначаны для здачы кватэр у наём. У Еўропе з’явіліся ў 1830—40-я г., у пач. 20 ст. — адзін з асн. тыпаў жылля гараджан. У Беларусі існавалі з 1870-х г. да 1917. У пач. 20 ст. будаваліся 3—5-павярховыя Д.д. секцыйнага (найб. пашыраныя), калідорнага, галерэйнага і мяшанага тыпаў; на 1-м паверсе былі гандл. ўстановы. Іх архітэктура часцей мела эклектычны характар. Багаццем арх. афармлення вызначаліся Д.д. па вуліцах Захар’еўскай, Падгорнай, Валадарскага ў Мінску, Шклоўскай, Румянцаўскай у Магілёве, Савецкай у Гомелі і інш. У буд-ве ўдзельнічалі арх. В.Вукалаў, С.Гейдукевіч, Г.Гай, П.Кальнін, С.Краснапольскі, С.Шабунеўскі і інш.
В.М.Чарнатаў.
Да арт.Даходны дом. Жылы дом на вул. Валадарскага ў Мінску.Да арт.Даходны дом. Жылы дом на вуліцы Савецкай у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ ІЛЫ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны манастыр у г. Слуцк Мінскай вобл. ў 16—19 ст. Размяшчаўся ў Старым горадзе на вул. Віленскай перад Віленскай брамай. Дакладная дата заснавання невядома. Упершыню згадваецца ў 1515. Царк. гісторыкі лічаць, што да 1611 манастыр быў мужчынскі, потым пераўтвораны ў жаночы. У 19 ст. манастырскі комплекс уключаў халодную саборную царкву Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, цёплую царкву св. Іаана Златавуста, званіцу над гал. уязной брамай, манастырскі корпус з 13 келлямі, дамок для ігуменні, гасп. пабудовы. Усе будынкі былі драўляныя. Паводле рашэння сінода ў 1854 манастыр закрыты, а яго маёмасць перададзена Пінскаму Варварынскаму манастыру. У 1856 будынак цёплай царквы перанесены на Замкавую гару ў Слуцку, а Саборная царква ў 1861 перавезена ў в. Заўшыцы Слуцкага пав. (абедзве не захаваліся), дамок ігуменні і манастырскі жылы корпус перададзены гар. сабору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РЦІН Барыс Алегавіч (н. 29.11.1932, г. Чыта, Расія),
бел. архітэктар. Скончыў Львоўскі палітэхн. ін-т (1958). Працаваў у г. Новакузнецк Кемераўскай вобл., у г. Алма-Ата. З 1971 у Мінску ў Гал.арх.-планіровачным упраўленні, з 1973 у ін-це «Мінскпраект». Асн. работы ў Мінску: добраўпарадкаванне берагавой зоны р. Свіслач (1976—90), тэрыторый, прылеглых да гасцініцы «Беларусь» (1989) і Камароўскага рынку (2001), Міхайлаўскага сквера (1990-я г.), Партызанскага праспекта на ўчастку станцый метро «Аўтазаводская» — «Магілёўская» (2000—03), сквераў на пл. Перамогі (2003); спарт. комплекс «Працоўныя рэзервы» (1980—84), арх.-маст. афармленне станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» (1984), стварэнне арх.-ландшафтных комплексаў усх. раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца (Дзярж. прэмія СССР 1989), рэканструкцыі тэр. стадыёна «Дынама» (1980), участка праспекта Скарыны (ад пл. Незалежнасці да вул. Філімонава, 1984—85; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАНЬслова,
галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДЗІНЕ́НКА Анатоль Дзмітрыевіч (н. 23.1.1940, с. Ленінскае Хабараўскага краю, Расія),
бел. архітэктар, педагог. Канд. архітэктуры (1972). Скончыў БПІ (1963). З 1963 у ін-це «Гомельграмадзянпраект», з 1967 у ін-це «Брэстграмадзянпраект», з 1974 выкладчык Брэсцкага тэхн. ун-та. Асн. работы: генпланы гарадоў Калінкавічы (1965), Драгічын (1973), планіроўка турбазы «Белае возера» ў Брэсцкім р-не (1970—73), забудова мікрараёнаў №1, 2 і па вул. Набярэжнай у Брэсце (1967—75), праекты жылых дамоў у гарадах Шклоў (1989), Барань Аршанскага р-на (1990) і інш., рэканструкцыя стадыёна на 5 тыс. гледачоў у Шклове (1998—2000) і інш.
Тв.:
Планировка и застройка сельских населенных мест. Мн., 1984;
Районная планировка и региональное расселение. Мн., 1986 (разам з І.Дз.Белагорцавым, В.М.Саламеннікам);
Фермерское хозяйство. Могилев, 1993 (разам з Г.М.Сіваевым, А.Г.Шпаннікавым);
Ваша усадьба. Мн., 1994 (у сааўт.);
Экологические основы архитектурного проектирования: Учеб. пособие. Брест, 2003.
комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адм., гасп. і вытв. прызначэння ў Мінску. Стварэнне комплексу пачалося ў 1931—32 у паўн.-ўсх. частцы горада паводле праекта Г.Лаўрова. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны 3-павярховы лабараторны корпус, павернуты гал. фасадам да гар. магістралі (цяпер Скарыны праспект). У 1934—35 праектаванне і вядзенне буд-ва ажыццяўляў арх. І.Лангбард, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прамым вуглом паасобныя аб’ёмы былі аб’яднаны агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай, 2-радовая каланада, пастаўленая перад ім, утварыла гал. корпус (завершаны ў 1939), надала яму ўрачыстую манументальнасць. У Вял.Айч. вайну гал. корпус пашкоджаны, у 1949 адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове праспекта Скарыны. У 1960—70-я г. створаны комплекс будынкаў у квартале паміж вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай: 4—5-павярховыя карпусы ін-таў фізікі і фізіка-арган. хіміі (арх. А.Іваноў), матэматыкі (арх. А.А.Воінаў), агульнай і неарган. хіміі (арх. Г.Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ Ін-та фізікі (арх. А.А.Воінаў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа (арх. Э.Гальдштэйн).
На сумежных вуліцах узведзены будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (А.Шчусеў) і інш. Да гал. корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны корпус прэзідыума (цяпер Ін-т гісторыі; 1964, арх. Н.Аладава, В.Ладыгіна). У 1977 завершана буд-ва двух 14-павярховых карпусоў уздоўж вуліц Сурганава і Акадэмічнай, павернутых пад вуглом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы (арх. А.Духан, А.Красоўскі, Л.Хаюцін). З 1972 вядзецца буд-ва новага акадэмгарадка па вул. Жодзінскай (праект ін-та «Белдзяржпраект») на тэр. 310 га. Ён будзе складацца з адм.-грамадскага цэнтра, навук.-вытв. і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па 4 будынкі рознага функцыян. прызначэння, аб’яднаныя паміж сабой пераходамі. Узведзены (1983) карпусы ін-таў фізікатэхн. і мікрабіялогіі (арх. В.Малышаў, А.Пецярбуржцаў, Я.Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (арх. М.Вінаградаў, Г.Гераўкер, Б.Папоў) і інш.Іл.гл. да арт.Мінск.