МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вахЧырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.Варонка, віцэ-старшыні І.Цвікевіч і Н.Ліпоўскі, скарбнік П.Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.Бароўскі), на Гродзеншчыне (С.Баран-Нямір), у Вільні (А.Карабач), Празе (М.Вяршынін), Рызе (К.Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАЛО́ГІЯ (ад вулкан + ...логія),
навука аб вулканах, прычынах іх утварэння, будове, развіцці, прадуктах вывяржэння, заканамернасцях размяшчэння на паверхні Зямлі і інш. планет, характары іх дзейнасці ў розныя часы, ролі ў фарміраванні зямной кары.
Вулканалогія ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. (Геракліт і Арыстоцель у Грэцыі, Страбон і Пліній Малодшы ў Рыме). Першая спец.навук. ўстанова — вулканалагічная абсерваторыя на Везувіі створана ў 1842. У 1911 такая абсерваторыя створана на вулкане Кілаўэа на Гавайскіх а-вах, потым вывучэнне вулканаў было наладжана ў Інданезіі, Японіі, ЗША. У 1935 створана вулканалагічная станцыя на Камчатцы ў СССР, пазней вулканалагічныя даследаванні пачаліся ў Арменіі і Грузіі. Каардынацыю сучасных даследаванняў праводзіць Міжнар. асацыяцыя вулканалогіі і хіміі нетраў Зямлі.
Практычныя задачы вулканалогіі — распрацоўка метадаў прагназавання вывяржэння вулканаў, выкарыстання вулканічнага цяпла гарачых вод і пары (гл.Гейзер) у гаспадарцы, выяўленне заканамернасцей утварэння вулканічных горных парод і карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЧКА (Хведар Дзмітрыевіч) (н. 20.3.1927, пас. Марс Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1959). Служыў на флоце, працаваў у прэсе, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», у 1972—76 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1947. Паэтызуе рамантыку марской службы, працу, хараство роднай прыроды (зб. «Стой на вахце, сэрца», 1961, «Настой», 1968, «Абрус», 1985, і інш.). У вострасюжэтных апавяданнях і аповесцях для дзяцей раскрывае сталенне характару юнага героя («Каштанавы «Масквіч», 1959, «Піфагоравы штаны», 1961, «Зброю бяруць сыны», 1964, «Дзе растуць бяссмертнікі», 1967, «Букет вяргіняў», 1970, «Дзень будзе ясны», 1981). На бел. мову пераклаў многія творы чэш., польскіх і славацкіх пісьменнікаў, драму Л.Украінкі «Лясная песня», аповесці М.Алейніка «Леся», Б.Ногейла «Паводка» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Восіп Міхайлавіч) (9.1.1801, г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. — 21.10.1878),
гісторык, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1847), праф. (1834). Скончыў Свіслацкую гімназію (1817), Віленскі ун-т (1821). З 1821 выкладаў у Віленскай гімназіі. У 1825 арыштаваны за ўдзел у тайных т-вах, высланы ў Казань, дзе ва ун-це вывучаў усх. мовы. У 1829—30 наведаў Манголію і Кітай. З 1833 выкладаў у Казанскім ун-це, заг. першай у Еўропе кафедры манг. мовы. У 1855—60 рэктар Казанскага ун-та. З 1862 у Варшаве, выкладаў усеаг. гісторыю ў Гал. школе (з 1869 ўн-т). Аўтар прац «Кароткая граматыка мангольскай кніжнай мовы» (1835), «Мангольская хрэстаматыя» (т. 1—2, 1836—37), «Мангольска-руска-французскі слоўнік» (т. 1—3, 1844—49, Дзямідаўская прэмія Пецярбургскай АН) і інш.
Літ.:
Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
сумесныя баявыя дзеянні войск 2-га Далёкаўсх. фронту (камандуючы ген. арміі М.А.Пуркаеў) і сіл Ціхаакіянскага флоту (адм. І.С.Юмашаў) па авалоданні Курыльскімі астравамі 18 жн. — 1 вер. ў савецка-японскую вайну 1945. На Курыльскіх а-вах японцы мелі больш за 80 тыс. вайскоўцаў, да 600 самалётаў і іншую баявую тэхніку. 18 жн. пры падтрымцы авіяцыі, берагавой і карабельнай артылерыі пачалася высадка на в-аў Шумшу сав. дэсанта (каля 9 тыс.чал., 205 гармат і мінамётаў, 60 караблёў і суднаў), які пасля ўпартых баёў 23 жн. заняў востраў. Да канца жн. вызвалена паўн. частка Курыльскіх а-воў. 1 вер. сілы Ціхаакіянскага флоту авалодалі астатнімі астравамі на Пд ад Урупа. У час аперацыі вызначыліся афіцэры — ураджэнцы Беларусі В.А.Кот і Ц.Л.Пачтароў.
Літ.:
Славинский Б.Н. Советская оккупация Курильских островов (август—сентябрь 1945 г.): Док. исслед. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АРГЕНЦІ́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1982, Фалклендская вайна,
ваенныя дзеянні паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй у крас.—чэрв. 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы і в-аўПаўд. Георгія. Спасылаючыся на свае гіст. правы, Аргенціна 2—3 крас. высадзіла дэсант на Фалклендскія а-вы і Паўд. Георгію. Англ. гарнізон (каля 100 чал.) і губернатар а-воў былі высланы на радзіму. У адказ брыт. ўрад разарваў адносіны з Аргенцінай і адправіў да Фалклендаў ваен. эскадру (каля 40 баявых караблёў з 10 тыс. марскіх пехацінцаў). Міжнар. намаганні па мірным вырашэнні канфлікту пацярпелі няўдачу. У выніку баявых дзеянняў (канец крас. — май) патоплены аргенцінскі крэйсер «Хенераль Бельграна» і англ. эсмінец «Шэфілд». 21 мая пачаўся штурм Фалклендскіх а-воў. 15 чэрв. аргенцінскія войскі капітулявалі. Аргенціна страціла 1300 чал., Англія — 250 забітымі і 300 параненымі. Вялікабрытанія стварыла на а-вахваен.-паветр. і ваен.-марскую базы з 7-тысячным гарнізонам. Паражэнне Аргенціны прывяло да звяржэння ўлады ваенных у краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа). Афіц. мова Даніі (у 16—17 ст. і Нарвегіі). Пашырана таксама на Фарэрскіх а-вах, у Грэнландыі і ЗША. Мае 3 групы дыялектаў: зах. (ютландскія, або юцкія), астраўныя (а-вы Зеландыі, Фюн і прылеглыя да іх), усх. (в-аў Борнхальм і інш.). Гісторыю Д.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-дацкі (9—15 ст.) і новадацкі (з 16 ст.).
Гал. асаблівасці Д.м.: у фанетыцы наяўнасць агубленых галосных пярэдняга раду, шматлікія дыфтонгі, значныя камбінаторныя змяненні зычных, накарэнны націск; у марфалогіі — вызначэнне 2 родаў (агульнага і сярэдняга), 2 склонаў, складаная сістэма часоў і ладоў дзеяслова, нязменнасць яго па асобах; у лексіцы — шмат запазычанняў з ням., франц., англ. моў. Пісьменства на аснове лац. алфавіту. Найб.стараж. помнікі — надпісы 9—11 ст. («Малодшыя руны», гл. ў арт.Руны і рунічныя алфавіты), рукапісы стараж.-дацкіх абл. законаў 13—14 ст. У 1495 з’явілася першая друкаваная кніга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ПІН (Ігар Іванавіч) (н. 10.10.1941, г. Каменск-Уральскі Чэлябінскай вобл., Расія),
расійскі паэт.Чл.-кар.Міжнар. славянскай акадэміі навукі, культуры, мастацтва і адукацыі (1996). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1979). З 1971 у выд-вах «Сучаснік», «Савецкая Расія», у 1982—85 гал. рэдактар выд-ва «Дзіцячая літаратура», з 1993 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. Друкуецца з 1959. У паэт. зб-ках «Міжрэччы» (1973), «Жыву табой» (1976), «Невеснавыя воды» (1978), «Не ў чыстым полі» (1979), «Лінія лёсу» (1981), «Сам-насам з табою, жыццё» (1985), «Акно, расчыненае ветрам» (1986), «Вятры дарог» (1988), «Яе завуць Расіяй» (1997), «Аўтограф» (1998) і інш. роздум пра час, лёс Расіі, славян, абавязак перад сваім народам, складанасць духоўнага свету сучасніка, тэма кахання. Яго паэзіі ўласцівы шчырая спавядальнасць, канкрэтнасць вобразаў, грамадзянскі тэмперамент, вострая публіцыстычнасць. Піша вершы і на бел. тэматыку («Беларусь», «Зачараваныя мае...» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́МІЯ,
высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс.г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв. мошчы святых.
І.М.Язэпенка.
Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).