ПАДСА́ДЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПО́ЦКІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Засн. ў 1978 для аховы прыродных запасаў лек. раслін, ландшафтных і фларыстычных комплексаў з рэдкімі і знікаючымі відамі. Пл. 12,6 тыс. га. Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя і інш. Трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Выдзелены рэдкія ландшафтныя прыродныя комплексы: участак стужачных ліпнякоў, поймавых дуброў і грабнякоў, хвойніку на карэнным беразе р. Нёман і інш. Лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, цмен пясчаны, ландыш майскі і інш. Купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, мнаганожка звычайная, лопух дуброўны, сіела прамая, кастрэц Бенякена, кураслеп лясны занесены ў Чырв. кнігу. З прадстаўнікоў фауны, занесеных ў Чырв. кнігу, барсук, бугай вялікі, бусел чорны, аляпка, варакушка, махаон, стужка ордэнская блакітная, чмель шрэнка і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Га́рус 1 ’гарус (від тканіны)’ (БРС, Нас.). Ст.-бел. гарусъ ’назва тканіны’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Рус. га́рус, укр. га́рус. Запазычанне з польск. haras, harus (ням. Arras, Harras). Гл. Фасмер, 1, 395; Шанскі, 1, Г, 35.

Га́рус 2 ’бусел чорны, Ciconia nigra L.’ (Касп.). Відавочна, запазычанне. Параўн. лат. guoris (да этымалогіі гл. Фрэнкель, 137).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

агнездава́цца, агняздуюся, агняздуешся, агняздуецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Звіць сабе гняздо дзе‑н. (пра птушак). Высокай, разгалістай стала ігруша. Цыбаты бусел агнездаваўся на ёй. Лынькоў.

2. перан. Пасяліцца (пра людзей). — Хату там купіў [дзед] і пераехаў у Жалезінкі. А потым ужо, як сталі зямлю даваць, у Ходараве агнездаваўся. Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падно́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паднасіць.

2. у знач. прым. Паношаны, не зусім новы (пра адзенне, абутак і пад.). Нясцерпна было холадна ў летніх штанах, лапленых-недалапленых, не грэла і падношаная фуфайка. М. Ткачоў. // перан. Разм. Стараваты, змарнелы. Нікуды не ляціць, нібы прывязаны нейкай прысягай, звычайны, нават падношаны бусел. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАРЦІНО́ВІЧ (Павел Аркадзевіч) (н. 27.6.1954, Мінск),

бел. паэт, перакладчык. Сын А.Н.Марціновіча. Скончыў БДУ (1976). З 1974 працаваў у Т-ры юнага гледача, у 1978—79 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1969. У зб-ках «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977) паэт. роздум пра гісторыю і культуру роднага краю, пошукі духоўнасці. Піша пародыі, эпіграмы, сатырычныя вершы. Выдаў кн. вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989). Складальнік кн. «Бурштынавыя пацеркі: Вершы, апавяданні, казкі літ. пісьменнікаў» (1984). На бел. мову перакладае з літ. (аповесці В.​Бубніса «Белы вецер», «Рамунас», абедзве 1978), чэшскай (раман Я.​Козака «Гняздо бусла», 1979), англ. (аповесці А.​Крысці «Нябожчыкава люстэрка», 1988, «Нямейскі леў», 1994; Дж.​Д.​Сэлінджэра «Гэпварт, 16, 1924»; Э.​Хемінгуэя «Стары чалавек і мора», абедзве 1996) і інш. моў.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 2,3 тыс. га. Займае лясны масіў з хвойнікаў, ельнікаў, бярэзнікаў, чорнаалешнікаў. У фауне 20 відаў млекакормячых, у т. л. казуля, дзік, алень, лось; 91 від птушак, у т. л. арлан-белахвост, змеяед, пустальга звычайная, журавель шэры, бусел чорны, гогаль звычайны, лебедзь-шыпун, занесеныя ў Чырв. кнігу; 17 відаў амфібій і паўзуноў; рэдкія насякомыя, у т. л. жужаль бліскучы, махаон, чмель Шрэнка і інш. У складзе флоры 292 віды вышэйшых сасудзістых раслін (у асн. з групы ксерафітаў і ксерамезафітаў), у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, занесеныя ў Чырв. кнігу. Лекавыя расліны: звычайныя верас, талакнянка, ядловец, чабор, маліны, брусніцы, крапіва двухдомная, цмен пясчаны, дзераза булавападобная.

П.Л.Лабанок.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

напака́з, прысл.

1. Для агульнага агляду. Выставіць тавары напаказ. □ Партызаны сваіх слядоў напаказ не выстаўлялі. Чорны. На высокім, яшчэ голым дрэве, з чорнага гнязда выстаўляў напаказ доўгую дзюбу бусел. Бялевіч.

2. Для выгляду, з мэтай звярнуць увагу. Уздыхаць напаказ. □ На вадохрышча, пасля таго як усе набралі свянцонай вады, Якаў напаказ выкупаўся ў палонцы. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даўгаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Здольны жыць, існаваць доўгі час, многа гадоў. Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Чорны. Лявон перабраў у памяці род дзядзькоў, гэта значыць бацькавых братоў. Даўгавечны род. Гадоў па восемдзесят пяць, па дзевяноста, а ўсе жывуць. Ермаловіч. // Разлічаны на доўгі час; трывалы. Змайстраваў сабе бусел даўгавечнае гняздо. Колас. Беларускія аўтамашыны.. будуць самымі надзейнымі і даўгавечнымі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Прыходзіць у стан трывогі, моцнага душэўнага хвалявання, турбавацца, хвалявацца. Трывожыцца Аленка: «Ці здолееш ты, Сцёпачка, да канца работу давесці?» — думае яна. Колас. Набліжалася зіма, і Аляксей Фаміч трывожыўся, каб паспець скончыць палявыя работы. Дуброўскі. Відаць было, як трывожыўся бусел: ён тупаў па краёчку з падветранага боку і прыціскаў галінкі да сцяны. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)