вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел.тэатр.ін-т, з 1953 Бел.тэатр.маст.ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у т. л. 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскі маст. ліцэй. Рэктары: М.А.Гурскі (1945—46), І.П.Прыс (1946—57), А.І.Бутакоў (1957—58), В.К.Цвірка (1958—60), П.В.Масленікаў (1960—64), В.А.Захараў (1964—68), Э.П.Герасімовіч (1968—84), А.В.Сабалеўскі (1984—89), В.П.Шаранговіч (з 1989).
Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.Анікейчык, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.Герлаван, А.Бараноўскі, Г.Паплаўскі, І.Рэй, У.Савіч, Ю.Тур, У.Тоўсцік, У.Уродніч, І.Міско, С.Вакар, У.Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.Аўсяннікаў, С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, А.Дубашынскі, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, У.Куляшоў, Б.Луцэнка, В.Тарасаў, Т.Кокштыс, В.Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.Дудараў, У.Клімовіч, Г.Марчук, М.Раманюк.
Літ.:
Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БІЯХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1985 у Гродне на базе Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі (з 1970). Лабараторыі (1998): біяхіміі каферментаў, біяхіміі эндакрынных залоз, біяфізікі, эксперым. гепаталогіі, аналіт. біяхіміі, экалагічнай біяхіміі, энзімалогіі і біятэхналогіі, марфалогіі і нейрахіміі, біяхім. фармакалогіі, біяхіміі спіртоў і альдэгідаў. Аспірантура (з 1970).
Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў абмену рэчываў на ўзроўні цэлага арганізма, асобных органаў, тканак, клеткі і ферментатыўных рэакцый; карэкцыя парушэнняў абмену рэчываў з дапамогай прыродных біялагічна актыўных злучэнняў і іх вытворных. Вынікі даследаванняў: на арганізмавым, клетачным і малекулярным узроўнях вывучаны метабалізм вітаміну В, ва ўмовах гіпер- і гіпавітамінозу; даследаваны фіз.-хім. ўласцівасці і структура ізаляваных вітаміназалежных ферментаў; вывучана морфабіялогія кары наднырачнікаў жывёл пры стрэсе, расшыфраваны малекулярныя механізмы функцыян. цыкла картыкацытаў; вызначаны метабалічныя перадумовы і наступствы ўжывання алкаголю, расшыраны ўяўленні пра біяхім. механізмы патагенезу алкагалізму і прапанаваны новыя падыходы ў прафілактыцы і лячэнні захворвання; атрыманы даныя аб біяхім. механізмах рэалізацыі біял. актыўнасці і накіраванай рэгуляцыі метабалічнага балансу ў ц. н. с., печані і злаякасных новаўтварэннях амінакіслотамі і іх вытворнымі; на іх аснове створаны новыя эфектыўныя лек. прэпараты; высветлена роля біясінтэзу каферменту A у фарміраванні ўнутрыклетачнага фонду каферменту і яго ацыліраваных форм; даследаваны біятрансфармацыя і фармакалагічная актыўнасць вытворных пантатэнавай к-ты, распрацаваны на іх аснове сродкі метабалічнай тэрапіі. У Ін-це працаваў акад.АН Беларусі Ю.М.Астроўскі, працуюць 12 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ГЕНЕ́ТЫКІ І ЦЫТАЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1965 у Мінску на базе Аддзела генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (з 1963). Лабараторыі (1998): малекулярнай генетыкі, гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, генетыкі збожжавых культур, мутагенезу, цытагенетыкі раслін, антымутагенезу, агульнай цытагенетыкі, радыяцыйнай генетыкі. нехрамасомнай спадчыннасці, генетыкі фітаімунітэту; тэматычныя групы, аддзел навук. інфармацыі і інфарматыкі Дзейнічае селекцыйна-генет. комплекс (да 1989 біял. доследная станцыя). Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі даследаванняў: генет. асновы селекцыі (гетэрозіс, поліплаідыя, нехрамасомная спадчыннасць, генетыка імунітэту), індуцыраваны і спантанны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генет. і клетачная інжынерыя, матэм. генетыка. Вынікі даследаванняў: сфармуляваны новая канцэпцыя гетэрозісу, гіпотэза ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Даказана важная роля цытаплазматычных спадчынных структур ва ўстойлівасці раслін да захворванняў, атрыманы значныя вынікі па вывучэнні генет. заканамернасцей арганізацыі і экспрэсіі геномаў раслін. Створаны арыгінальныя генет. калекцыі збожжавых, зернебабовых культур і бульбы. Атрыманы практычныя вынікі: каштоўныя гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукр. буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянаваны новыя высокапрадукцыйныя сарты цукр. буракоў, соі, цяплічных памідораў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генет. наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС перададзены ў Дзяржкамчарнобыль. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі А.Р.Жэбрак, П.Ф.Ракіцкі, акад.АН Беларусі і УАСГНІЛ М.В.Турбін, чл.-кар. А.М.Іпацьеў, У.К.Саўчанка, працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.А.Картэль (дырэктар з 1994), Л.У.Хатылёва (пачэсны дырэктар), чл.-кар. У.Я.Борматаў, 13 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЛЕ́СУНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1930 у Гомелі на базе ляснога аддзела Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі і Цэнтр. лясной доследнай станцыі (у 1933—92 наз.Бел.НДІ лясной гаспадаркі). Лабараторыі (1998): аднаўлення харч. рэсурсаў лесу, лесааднаўлення, генетыкі лесу, лясной селекцыі і насенняводства, аховы і абароны лесу, праблем лесазнаўства і кіравання ляснымі рэсурсамі, лясной экалогіі і глебазнаўства, радыяцыйнага лесаводства; сектары экалогіі насякомых і біял. абароны лесу, лясной мікалогіі, біярэгуляцыі вырошчвання пасадачнага матэрыялу, лясной радыялогіі, радыелагічнага мадэліравання лясных экасістэм, хім. даследаванняў глеб і раслін. Аспірантура (з 1944), дактарантура (з 1996).
Асн. кірункі даследаванняў: навук. абгрунтаванне рацыянальнага і шматмэтавага лесакарыстання, павышэння прадукцыйнасці лясоў з улікам іх экалагічнай ролі і антрапагеннага ўздзеяння на лясныя біяцэнозы, стварэнне сістэм і метадаў лесаўзнаўлення і лесаразвядзення на аснове генетычна-селекцыйных прынцыпаў і структурна-функцыян. асаблівасцей біяцэнозаў; распрацоўка спосабаў мінімізацыі вынікаў радыяцыйнага забруджвання на лясныя экасістэмы. Вынікі даследаванняў: распрацавана нарматыўная база для вядзення лясной гаспадаркі Беларусі на навук. аснове (высечкі гал. і прамысл. карыстання, лесааднаўленне, лесаўпарадкаванне, абарона і ахова лесу, механізацыя лесааднаўленчых работ, пабочнае лесакарыстанне). Створаны навук. кірунак па праблеме вырошчвання лесу з рэгуляваным назапашваннем радыенуклідаў у дрэвавых раслін. У ін-це працавалі акад.АНСССР А.Б.Жукаў, акад.АН Беларусі П.П.Рагавой, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў У.В.Шкатэлаў, І.Д.Юркевіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі і Рас. акадэміі с.-г. навук В.А.Іпацьеў (дырэктар з 1989), чл.-кар. Р.Р.Ганчарэнка, 6 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕБІЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1987 у Мінску на базе навук. лабараторый радыеэкалагічнага і радыебіял. профілю ін-таў АН і Сектара геранталогіі для вырашэння навук.-практычных задач у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лабараторыі (1998): біяхіміі, фізіялогіі, эндакрыналогіі, марфалогіі і цытагенетыкі, радыебіялогіі раслін, радыехіміі глебы, радыеэкалогіі водных сістэм, радыеэкалогіі паветр. асяроддзя, маніторынгу; групы радыеметрыі і дазіметрыі, таксікалогіі, навук. суправаджэння Дзяржпраграмы па ЧАЭС. Аспірантура (з 1987).
Асн. кірункі даследаванняў: высвятленне механізма дзеяння малых доз знешняга і ўнутр. апрамянення і радыяцыйна-экалагічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю, абменныя працэсы, функцыю асн. сістэм арганізма, структурныя змены ў органах і тканках, генетычныя пашкоджанні; вывучэнне размеркавання, хуткасці назапашвання і вывядзення радыенуклідаў з арганізма, распрацоўка спосабаў накіраванага ўздзеяння на гэтыя працэсы; пошук рэчываў і злучэнняў з радыепратэктарным уздзеяннем; даследаванне паводзін, форм знаходжання і міграцыі радыенуклідаў у розных экасістэмах і іх кампанентах — глебе, вадзе, паветры, раслінных і жывёльных арганізмах. Вынікі даследаванняў: праведзена ацэнка радыяцыйна-экалагічнай абстаноўкі на Беларусі і яе ўплыву на жыццядзейнасць арганізма; распрацаваны пытанні фарміравання дозавых нагрузак, ацэнкі біял. эфектаў і рызыкі; створана сістэма маніторынгу радыяцыйнага становішча ў рэспубліцы; вывучаны механізмы дзеяння на арганізм малых доз радыяцыі, выдадзены рэкамендацыі па ахове чалавека, расліннага і жывёльнага свету, а таксама ўсяго навакольнага асяроддзя ад уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. У Ін-це працуюць акад.Нац.АН Беларусі Я.Ф.Канапля (дырэктар з 1988), чл.-кар. Л.М.Лабанок, 5 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЙ БАТА́НІКІімя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-тбіял. навук на базе кафедраў батанікі, заалогіі і эксперым. біялогіі АН Беларусі (у 1947—63 Ін-т біялогіі, 1963—65 Ін-тэксперым. батанікі і мікрабіялогіі, 1966—72 Ін-тэксперым. батанікі, з 1972 сучасная назва). Лабараторыі (1998): біяхіміі і біятэхналогіі раслін, воднага рэжыму фітацэнозаў, геабатанікі, мікалогіі, аптымізацыі прадукцыйнасці аграфітацэнозаў, глебавай энзімалогіі, прадукцыйнасці і ўстойлівасці лясных экасістэм. радыеэкалогіі раслін, росту і развіцця раслін, фізіялогіі хворай расліны, флоры і сістэматыкі раслін, фотасінтэзу. Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: біял. асновы аднаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага покрыва; радыеэкалогія прыродных раслінных комплексаў; фізіёлага-біял. асновы павышэння прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін. Вынікі даследаванняў: абгрунтавана новая стратэгія захавання біял. разнастайнасці флоры Беларусі ва ўмовах сучаснага экалагічнага становішча на аснове стварэння сеткі нац. паркаў і інш. ахоўных тэрыторый; укаранёна канцэпцыя біял. патэнцыялу прадукцыйнасці раслін; высветлена дынаміка прасторава-часавага размеркавання радыеактыўных ізатопаў у прыродна-раслінных комплексах з вылучэннем відаў-індыкатараў радыеактыўнага забруджвання. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі А.С.Вечар, Ц.М.Годнеў, М.А.Дарожкін, А.Р.Жэбрак, М.М.Кулагін, В.Ф.Купрэвіч, М.Дз.Несцяровіч, М.П.Тамін, М.В.Турбін, Л.У.Хатылёва, І.Д.Юркевіч, чл.-кар. У.Я.Борматаў, М.М.Ганчарык, С.П.Мельнік, С.А.Самцэвіч, А.А.Шлык, чл.-кар.АН Казахстана П.А.Буланаў, працуюць акад.Нац.АН Беларусі В.І.Парфёнаў (дырэктар з 1973), чл кар М.А.Ламан, У.М.Рашэтнікаў, Б.І.Якушаў, 16 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАТЭМА́ТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1959 у Мінску на базе матэм. лабараторый Ін-та фізікі і матэматыкі АН Беларусі (існаваў у 1955—59). Да 1965 наз.Ін-т матэматыкі і выліч. тэхнікі. У ін-це 13 аддзелаў, аспірантура, дактарантура, саветы па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: алгебра, алгебраічная геаметрыя і тэорыя лікаў; дыферэнцыяльныя ўраўненні і тэорыя ўстойлівасці; выліч матэматыка і матэм. мадэляванне, матэм. кібернетыка і стахастычны аналіз; нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіравання. Распрацаваны: тэорыя вырашальных і нільпатэнтных лінейных груп і груп падстановак; прыведзеная К-тэорыя, яе унітарны і спінарны варыянты; эфектыўныя метады рашэння дыяфантавых ураўненняў; метрычная тэорыя трансцэндэнтных лікаў, у якой вырашана Малера праблема; тэорыя характарыстычных паказчыкаў Ляпунова дыферэнцыяльных сістэм з малымі адхіленнямі; тэорыя ўраўненняў у поўных вытворных; лікавыя метады і праграмныя сродкі рашэння шматмерных задач матэм. фізікі; тэорыя набліжанага функцыянальнага інтэгравання; тэорыя пабудовы паралельных алгарытмаў, адэкватных шматпрацэсарным выліч. сістэмам; алгарытмы і метады рашэння задач камбінаторнай аптымізацыі і выліч. геаметрыі; тэорыя поліэдральнага квазідыферэнцыравання нягладкіх адлюстраванняў і мультыадлюстраванняў; аператарныя метады даследавання шматпараметрычных дыскрэтных сістэм кіравання; якасная тэорыя аптымальнага кіравання і канструктыўныя метады рашэння экстрэмальных задач. Вырашаны праблемы апраксімацыі і максімальнасці ў арыфм. групах. Даследаваны ўласцівасці рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў Пенлеве і сістэм Пфафа. Ін-т выдае міжнар.час. «Дифференциальные уравнения». У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.П.Яругін, Дз.А.Супруненка, У.І.Крылоў, Я.А.Барбашын, С.А.Чуніхін, У.Г.Спрынджук, У.П.Платонаў, чл.-кар. Э.І.Груда, А.Я.Залескі, працуюць акад. Нац АН Беларусі І.В.Гайшун (дырэктар з 1992), М.А.Ізобаў, чл.-кар. Ф.М.Кірылава, Л.А.Яновіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАВО́ДСТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІП) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у пас. Самахвалавічы Мінскага р-на на базе галіновых аддзелаў і лабараторый БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва.
БелНДІП правапераемнік Бел. аддзялення Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (створана 10.10.1925 на базе саўгаса «Лошыца 1-я» Мінскага р-на пад кіраўніцтвам М.І.Вавілава). У 1931 на базе Бел. аддзялення ў в. Лошыца 1-я засн.Бел. занальная плодаагароднінная доследная станцыя, рэарганізаваная ў 1956 разам з Русінавіцкай агароднінабульбаводчай селекцыйнай станцыяй у БелНДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1964 у пас. Самахвалавічы; у 1972—90 БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва).
Асн. кірункі навук. дзейнасці: селекцыя і інтрадукцыя пладовых, ягадных, малапашыраных культур, вінаграду і іх прышчэпаў; збор і захаванне генет. рэсурсаў пладовых і ягадных культур; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытв-сці, захоўвання і перапрацоўкі пладоў і ягад, тэхналогій вытв-сці пасадачнага матэрыялу на аздароўленай аснове; селекцыйнае паляпшэнне плем. і прадукц. якасцей пчол, удасканаленне тэхналогій іх утрымання і выкарыстання; распрацоўка навук. і эканам. прагнозаў і комплексных праграм развіцця садоўніцтва і пчалярства на Беларусі; праектаванне і закладка шматгадовых пасадак і інш. У выніку селекцыі ін-там выведзена больш за 150 сартоў пладовых і ягадных культур (44 з іх раянавана на Беларусі), распрацаваны новыя тэхналогіі і методыкі размнажэння, вырошчвання і агратэхнікі; створаны новыя віды кансерваў з лячэбна-прафілакт. ўласцівасцямі. Аспірантура і савет па абароне канд. дысертацый з 1991. Выдае навук.зб. «Пладаводства». У ін-це працавалі і працуюць: Г.А.Баўтута, А.Р.Валузнёў, А.С.Дзевятаў, д-ры с.-г.н. Р.Э.Лойка і В.А.Мацвееў, Э.П.Сюбарава, А.Я.Сюбараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ КІБЕРНЕ́ТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1965 у Мінску на базе Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі (існаваў з 1959). У 1995 да ін-та далучаны Выліч. цэнтр АН Беларусі. З 1996 ін-т уваходзіць (як галаўная арг-цыя) у н.-д. аб’яднанне «Кібернетыка» Нац.АН Беларусі. З ін-та вылучаны навук.-інж. прадпрыемствы «Геаінфарм. сістэмы», «Інфарм. тэхналогіі», інж. прадпрыемства «Навук. прыладабудаванне» (1996). У ін-це 2 аддзяленні (19 лабараторый), інж. цэнтр (3 аддзелы), аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм; мадэляванне інтэлектуальных працэсаў і распрацоўка новых інфарм. тэхналогій; распазнаванне і апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы; матэм. кібернетыка Распрацаваны: тэорыя і сістэмы аўтам. праектавання для машына- і прыладабудавання, мікраэлектронікі; спосабы і сродкі ўводу, вываду, захоўвання і адлюстравання трафічнай інфармацыі; геаінфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі; аўтаматызаваныя сістэмы лічбавай картаграфіі, апрацоўкі сігналаў, відарысаў, у т. л.касм. здымкаў і даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; новыя інфарм і сеткавыя тэхналогіі, аналізатары і сінтэзатары мовы, паралельныя структуры і нейракамп’ютэры; метады аптымізацыі, дэкампазіцыі экстрэмальных задач, тэорыі раскладаў, аналізу, сінтэзу і дыягностыкі дыскрэтных прылад, кіравання паралельнымі працэсамі, рашэння лагічных ураўненняў, штучнага інтэлекту і распазнавання вобразаў, аналізу і мадэлявання самаарганізавальных сістэм, экасістэм; сродкі аховы інфармацыі. Выдадзены зборнік «Мадэляванне і аўтаматызацыя інфармацыйных працэсаў» (1995); выдаюцца штогод «Лагічнае праектаванне», «Мадэляванне і інфармацыйныя тэхналогіі праектавання», «Комплексная ахова інфармацыі», «Лічбавая апрацоўка відарысаў», «Інтэлектуальныя сістэмы». Ін-тузнаг. ордэнам Прац Чырв. Сцяга (1984). У ін-це працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі Г.К.Гаранскі, А.Дз.Закрэўскі, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі, В.С.Танаеў (дырэктар з 1987); працаваў чл.-кар.АН Беларусі І.С.Кавалёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКІ ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА І ПАЎПРАВАДНІКО́ЎНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1963 у Мінску на базе Аддзела фізікі і хіміі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існаваў з 1958). У ін-це 15 навук. падраздзяленняў, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка цвёрдага цела; вывучэнне прыроды міжатамных узаемадзеянняў у цвёрдых целах; стварэнне новых паўправадніковых, магн., сегнетаэлектрычных, звышцвёрдых, звышправодных матэрыялаў і вывучэнне іх уласцівасцей. Даследаваны: дынаміка крышт. рашоткі і фазавыя пераходы ў магн., сегнетаэл. і звышправодных матэрыялах; гальванамагн. і магнітааптычныя ўласцівасці металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах; уласцівасці створаных магнітарэзістыўных матэрыялаў на аснове складаных аксідаў і новых метастабільных магн і сегнетаэл. фаз; працэсы ўтварэння радыяцыйных дэфектаў у цвёрдых целах; заканамернасці адбіцця лазерных промняў ад узмацняльных і нелінейных асяроддзяў. Распрацаваны: тэорыя нестацыянарных кагерэнтных з’яў у цвердацелых матрыцах; метады стварэння высокатэмпературных звышправаднікоў у выглядзе монакрышталёў, плёнак і валакністых структур, высакаякасных нелінейнааптычных крышталёў, паўправадніковых і прасторава-мадуляваных магн. плёнак; метады выкарыстання іанізавальных выпрамяненняў у тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых прылад; сінтэз крышталёў алмазу, кубічнага нітрыду бору і на іх аснове кампазіцыйных звышцвёрдых матэрыялаў для стварэння спец. рэжучага і шліфавальнага інструменту. Укаранёна ў вытв-сць распрацаваная тэхналогія атрымання ферытавых матэрыялаў з мясц. сыравіны для вырабу ферытавых прылад радыё- і тэлевізійнай тэхнікі; створаны электронныя датчыкі, п’езаэлектрычныя матэрыялы і вырабы на іх аснове для акустаэлектронікі. Выдадзены зборнікі навук. прац: «Ферыты» (вып. 1—2, 1960—63), «Хімічная сувязь у крышталях» (1969), «Радыяцыйная фізіка неметалічных крышталёў» (1970), «Крышталізацыя і фазавыя ператварэнні» (1971), «Кінетыка і механізм крышталізацыі» (1973). У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.М.Сірата, чл.-кар. Я.М.Лабанаў, працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.М.Аляхновіч (дырэктар з 1993), Б.Б.Бойка, чл.-кар. Ф.П.Коршунаў.