ВАЛКАВА́ЛЬНІК тарфяны,

машына для збірання сухога фрэзернага торфу ў валкі перад складваннем яго ў штабель бункернай уборачнай машынай. Найб. пашыраны універсальныя прычапныя валкавальнікі маркі МТФ-ЗЗБ, выкарыстоўваюцца таксама скрэперы-валкавальнікі МТФ32 для валкавання і фрэзеравання торфу, ротарны шчотачны валкавальнік МТФ-37 і пнеўматычны ПВП-8. Рабочыя апараты валкавальніка МТФ-ЗЗБ складаюцца з рамы на колах і шарнірна падвешаных да яе 4 пар скрабкоў. Шыр. захопу 18—19 м, рабочая скорасць 10,7 км/гадз, прадукцыйнасць 11—12 га/гадз.

Б.​А.​Багатаў.

Рабочы апарат валкавальніка МТФ-ЗЗБ: 1 — вупражныя ланцугі; 2 — скрабкі; 3 — пярэдняя рама; 4 — апорныя колы; 5 — пласціністыя звёны; 6 — задняя рама; 7 — кансольная цяга.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭГРА́Л»,

бел. навукова-вытворчае аб’яднанне па вытв-сці і распрацоўцы электронных кампанентаў. Як аб’яднанне прадпрыемстваў электронікі дзейнічае з 1971. У яго ўваходзяць: з-ды імя Дзяржынскага, «Транзістар», «Электроніка», «Элмаш» (усе ў Мінску), «Колератрон» (Брэст), «Камертон» (Пінск); н.-д. канструктарска-тэхнал. прадпрыемства «Белмікрасістэмы», спец. канструктарскія бюро «Няміга» (Мінск) і «Захад» (Брэст). Асн. прадукцыя: інтэгральныя мікрасхемы, паўправадніковыя прыборы, вадкасна-крышт. экраны і панэлі, спец. тэхнал. абсталяванне, выліч. тэхніка, вузлы і блокі для вырабаў быт. і прамысл. электронікі, тэлеф. апараты, пластыкавыя карткі, прыстасаванні для электронных сістэм рэгістрацыі даных і безнаяўных разлікаў, мед. прылады, электронныя і мех. гадзіннікі, электронныя гульні і інш.

Л.​М.​Ісаева.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 1.5.1946, г. Чавусы Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі і тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1997), праф. (1999). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1968). З 1970 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1995 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні ўзаемадзеянняў і раздзяленні фаз у цепламасаабменных апаратах. Распрацаваў высокаэфектыўныя апараты-кантактары для газавай (асушка прыроднага газу) і інш. галін прам-сці.

Тв.:

Анализ движения взвешенных частиц в роторном сепараторе (разам з Ф.​У.​Пруднікавым) // Инженерно-физ. журн. 1991. Т. 60, № 3;

К расчету устройств для сепарации капель жидкости // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1998. № 1.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 10, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1907 як лесапільны з-д. З 1921 механасталярны з-д «Дрэваапрацоўшчык», у 1939—40 радыёзавод. У Вял. Айч. вайну часткова разбураны, аднавіў працу ў 1944. Вырабляў прадметы першай неабходнасці, з 1946 выпускаў радыёпрыёмнікі. З 1960 пачаў серыйны выпуск тэлевізара «Нёман», з 1965 — «Зорка». У 1971 вытв-сць тэлевізараў перададзена Мінскаму радыёзаводу (гл. Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт»), З 1971 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв.-тэхн. прыборабуд. аб’яднання (дзярж. прадпрыемства «БЕЛВАР», гл. Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі), з 1997 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): электрарадыёвымяральныя прыборы, тэлекамунікацыйныя вырабы, дазіметры і мед. апараты, складаныя быт. электрапрыборы, электраінструменты, акумулятары.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спусці́цца, спушчу́ся, спу́сцішся, спу́сціцца; зак.

1. з чаго. Перамясціцца зверху ўніз.

С. з гары.

Сонца спусцілася ніжэй.

2. на што і без дап. Пра птушак, насякомых, лятальныя апараты: прызямліцца, сесці.

Верталёт спусціўся на пляцоўку.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Пра ноч, імглу, туман і пад.: наступіць, насунуцца.

На зямлю спусцілася ноч.

4. з чаго. Дайсці да заняпаду, разарыцца (разм.).

Трэба гаспадарку трымаць, каб не с. з яе.

5. Сарвацца з чаго-н., што ўтрымлівае.

Курок спусціўся сам па сабе.

◊

Спусціцца на зямлю — вызваліцца ад мар, летуценняў, вярнуцца да рэчаіснасці.

|| незак. спуска́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. спуск, -у, м. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

інжэ́ктар

(фр. injecteur, ад лац. iniectare = укідваць)

1) струменная помпа нагнятання вадкасцей у розныя апараты і рэзервуары;

2) фіз. дапаможны паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

навіга́цыя

(лац. navigatio = суднаходства, мараплаванне)

1) навука аб спосабах і метадах вадзіць караблі, самалёты і касмічныя лятальныя апараты;

2) суднаходства, мараплаванне, а таксама перыяд часу, калі па мясцовых кліматычных умовах яно магчыма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ, гідрастатычнае супраціўленне,

сіла супраціўлення руху цела ў вадкасці (газе); сіла супраціўлення руху вадкасці (газу), выкліканая ўплывам сценак труб, каналаў і інш.

Гідрадынамічнае супраціўленне ў выпадку руху цела ў газах наз. аэрадынамічным супраціўленнем, абумоўленае вязкасцю вадкасці — вязкасным супраціўленнем. На целы, што рухаюцца каля мяжы раздзелу вадкасць — газ, дадаткова ўздзейнічае хвалевае супраціўленне, абумоўленае стратамі энергіі на ўтварэнне хваль. Для змяншэння гідрадынамічнага супраціўлення целам надаюць абцякальную форму, выкарыстоўваюць метады ўздзеяння на пагранічны слой і інш. Гідрадынамічнае супраціўленне ўлічваюць пры праектаванні і буд-ве лятальных апаратаў, марскіх і рачных суднаў, розных гідратэхн. збудаванняў, установак, апаратаў (турбінныя ўстаноўкі, паветра- і газаачышчальныя апараты, газа-, нафта- і водаправодныя магістралі, кампрэсары, помпы і інш.).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАТА́РНЯ,

машына або частка машыны (камбайна) для малацьбы с.-г. культур — выдалення насення з каласоў, мяцёлак, катахоў, кошыкаў і інш. Некаторыя М. таксама ачышчаюць і сартуюць зерне.

Існуюць М. для малацьбы збожжа (у т. л. ў складзе збожжаўборачнага камбайна), лёну (ільномалатарні, гл. Ільноўборачныя машыны), канапель (каноплемалатарні, гл. Каноплеўборачныя машыны), кукурузы, кенафу і інш. Есць селекцыйныя М. — для малацьбы раслін, што ўбіраюцца з доследных дзялянак. Першыя М. з’явіліся ў 17 ст. У канцы 18 ст. ў Шатландыі вынайдзены вярчальны малацільны барабан з трохграннымі біламі, з 1-й пал. 19 ст. выпускаюць малацільныя апараты з зубавымі барабанамі і зубчастымі дэкамі.

Да арт. Малатарня. Малатарня-веялка для вылучэння насення лёну, аддзялення галовак канюшыны і насеннікаў цукровых буракоў.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАІНТАКСІКА́ЦЫЯ (ад аўта... + інтаксікацыя),

самаатручэнне, эндагенная інтаксікацыя, пашкоджанне арганізма ядамі, што ўтварыліся ў арганізме (у адрозненне ад атручэння, калі яны паступаюць звонку). Асн. групы эндагенных таксінаў складаюць рэчывы, якія ўзнікаюць або назапашваюцца ў арганізме ў празмернай колькасці пры цяжкіх захворваннях печані, нырак (дыябет, урэмія), парушэннях абмену рэчываў і дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі (тырэатаксікоз), пры шэрагу ўнутр. інфекцый (напр., дыфтэрыі), пры некрозе тканак пад уплывам злаякасных новаўтварэнняў і вял. апёкаў, пры парушэннях цячэння цяжарнасці і інш. Дзеянне эндатаксінаў рэалізуецца непасрэдна ў месцы іх утварэння або праз адмоўны ўплыў на функцыі органаў сардэчна-сасудзістай, нерв., крывяноснай і інш. сістэм. У найб. цяжкіх выпадках для ачышчэння арганізма ад іх выкарыстоўваюць складаныя тэхн. сістэмы (апараты «штучная нырка», «штучнае лёгкае», дыялізатары і інш.).

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)