адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн.чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзінаядзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. аснове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ Я́ДЗЕРНАЯ РЭА́КЦЫЯ,
ядзерная рэакцыя, у якой часціцы, што выклікаюць яе, утвараюцца як прадукты гэтай рэакцыі. Звязана з вял. энергавыдзяленнем (каля 200 МэВ на кожны акт дзялення ядра урану ці плутонію) і праходзіць з удзелам павольных ці хуткіх нейтронаў. Выкарыстоўваецца як крыніца энергіі (гл.Ядзерны рэактар), на ёй заснаваны прынцып работы ядзернай зброі.
Адзіная вядомая Л.я.р. — рэакцыя дзялення урану і некаторых трансуранавых элементаў пад уздзеяннем нейтронаў — здзейснена Э.Фермі (1942) з дапамогай уран-графітавага рэактара. Суправаджаецца выдзяленнем некалькіх нейтронаў, якія ў сваю чаргу могуць захоплівацца нераздзеленымі ядрамі і выклікаць іх дзяленне. Характарыстычная велічыня Л.я.р — каэфіцыент размнажэння k, які вызначаецца ўсярэдненымі лікамі актаў дзялення ў паслядоўных звёнах ланцуга. Самападтрымная рэакцыя магчыма толькі пры к>1; маса дзялільнага рэчыва для здзяйснення такой рэакцыі наз. крытычнай; яе велічыня залежыць ад формы і ізатопнага складу гэтага рэчыва і вагаецца ад соцень грамаў да соцень тон. Рухомыя стрыжні з матэрыялу, які добра паглынае павольныя нейтроны, дазваляюць зрабіць Л.я.р. кіравальнай.
Э.А.Рудак.
Першыя пакаленні нейтронаў, якія ўтвараюцца пры ланцуговай ядзернай рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
тэр.-адм. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Магілёве. Утворана ў 1632 па ініцыятыве мітрапаліта Пятра Магілы як адзіная тады правасл. епархія на Беларусі (усе астатнія былі пераведзены ў унію). У 1633 зацверджана прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. З 1675 наз. таксама Беларускай, пазней назвы мяняліся. Падпарадкоўвалася Кіеўскай мітраполіі. Пасля пераходу апошняй пад юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі (1685) магілёўскіх епіскапаў прызначала Масква, але па-ранейшаму зацвярджала каралеўская ўлада. Пасля ўваходжання Магілёва ў склад Рас. імперыі (1772) залічана ў 1774 да 2-га класа. З 1833 ахоплівала толькі тэр. Магілёўскай губ. У 1920—30-я г. епархіяй кіравалі абнаўленцы, якія ў 1924 стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У сярэдзіне 1930-х г. яе прыходы перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі. У канцы 1930-х г. М.п.е. з-за антырэліг. палітыкі ўлад фактычна спыніла дзейнасць. У сак. 1942 адноўлена ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пасля Вял.Айч. вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 дзейнасць епархіі адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскай патрыярхіі. Ахоплівае тэр. Магілёўскай вобл. У 1997—52 царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1859—60 У ІТА́ЛІІ,
адзін з гал. этапаў Рысарджымента; прывяла да ліквідацыі феад.-абсалютысцкіх рэжымаў і стварэння адзінай нац.італьян. дзяржавы. Разгарнулася пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-італа-французскай вайне 1859 і вызвалення Ламбардыі ад аўстр. няволі. Асн. звёны рэвалюцыі: нар. паўстанні 1859 у Цэнтр. Італіі, у выніку якіх скінуты феад.-абсалютысцкія рэжымы ў Модэне, Парме, Таскане і Раманьі, і гэтыя тэрыторыі разам з Ламбардыяй далучаны да Сардзінскага каралеўства ў 1860; рэв. паход «Тысячы» Дж. Гарыбальдзі на Пд Італіі, вынікам якога стала далучэнне тэр.Сіцылій абедзвюх каралеўства да Сардзінскага каралеўства (паводле рэферэндуму 21.10.1860). 17.3.1861 абвешчана адзінаяітальян. дзяржава (астатнія тэрыторыі злучыліся з Італіяй: Венецыя ў 1866, Рым з Папскай вобласцю ў 1870). Асн. масу ўдзельнікаў рэвалюцыі складалі гар. нізы, сяляне і дэмакр. інтэлігенцыя. Аднак кіраўніцтва ёю, з прычыны слабасці дэмакратаў-рэспубліканцаў, належала лібералам-манархістам; гэта прадвызначыла незавершанасць распачатых у час рэвалюцыі сац. пераўтварэнняў, аб’яднанне Італіі ў форме канстытуцыйнай манархіі, а не рэспублікі.
Літ.:
Объединение Италии. 100 лет борьбы за независимость и демократию: Сб. ст.М., 1963;
Серова О.В. Горчаков, Кавур и объединение Италии. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРЭ́ННЕ,
працэс пераходу рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны (пару). Адрозніваюць выпарэнне фізічнае (з паверхні вады, снегу, лёду, глебы) і выпарэнне біялагічнае — транспірацыю. Пад выпарэннем разумеюць параўтварэнне на свабоднай паверхні вадкасці ў выніку цеплавога руху яе малекул пры т-ры, ніжэйшай за т-ру кіпення. Велічыня выпарэння вымяраецца ў выпаральніках (у міліметрах таўшчыні слоя выпаранай вады з вызначанай плошчы).
У замкнёнай сістэме пры пастаяннай т-ры з часам устанаўліваецца раўнаважны ціск (ціск насычанай пары), які адпавядае роўнасці патокаў малекул, якія выпарваюцца і вяртаюцца ў вадкасць з пары (кандэнсацыя). Ціск насычанай пары вызначаецца толькі т-рай і павялічваецца з яе павышэннем. Калі ціск насычанай пары становіцца роўны знешняму ціску, выпарэнне пераходзіць у кіпенне. Выпарэнне цвёрдых цел наз.сублімацыяй або ўзгонкай. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры ачыстцы рэчываў, сушцы матэрыялаў, раздзяленні вадкіх сумесей, кандыцыяніраванні паветра; у абаротных сістэмах водазабеспячэння прадпрыемстваў (выпарнае ахаладжэнне вады). Гл. таксама Выпарванне.
Выпарэнне — адзіная форма перадачы вады з паверхні Зямлі ў атмасферу; забяспечвае кругаварот вады на Зямлі. На тэр. Беларусі сярэднегадавое выпарэнне з паверхні глебы 475—575 мм, з воднай паверхні за бязлёдастаўны перыяд 520—700 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ПЫТ,
уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.
У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.Берклі, Д.Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Д.Дзідро, К.Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.
Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.
Літ.:
Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СД (ням. SD скарачэнне ад Sicherheitsdienst des Reichsführers SS служба бяспекі рэйхсфюрэра СС),
служба бяспекі і паліт. разведкі (шпіянажу) унутры СС, якая дзейнічала ў межах Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) у час дыктатуры гэтай партыі ў Германіі. Засн. ў 1931 Г.Гімлерам як служба разведкі (узначальваў Р.Гайдрых), з вер. 1932 наз. СД. Напачатку служыла для збору інфармацыі пра паліт. праціўнікаў і апазіцыянераў унутры НСДАП. З 1933 парт. ведамства з уласнай арг-цыяй на ўсёй тэр. дзяржавы па ажыццяўленні паліт. кантролю над насельніцтвам, з 1934 адзіная разведвальная служба нацысцкай партыі. У 1939 разам з паліцыяй бяспекі падпарадкавана Гал. ўпраўленню імперскай бяспекі (РСХА). Дзейнічала праз штатных і няштатных агентаў, мела архівы (картатэкі), афіц. канторы; выканаўчую ўладу ажыццяўляла гестапа. З СД рэкрутаваліся кіруючыя кадры для паліцыі бяспекі, якія дзейнічалі ў 2-ю сусв. вайну (са студз. 1943 СД узначальваў Э.Кальтэнбрунер) як кіраўнікі т. зв. айнзацгруп у акупіраваных краінах, у т. л. на Беларусі (айнзацгрупы «A» і «B»). Яны арганізоўвалі забойствы паліт. праціўнікаў фашызму, яўрэяў і інш. У падпарадкаванні Мінскага СД знаходзіўся Трасцянецкі лагер смерці. У лют. 1944 да СД перайшлі гал. функцыі органа ваен. разведкі і контрразведкі Абвера. На Нюрнбергскім працэсе пасля 2-й сусв. вайны СД прызнана злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Трыш- у прыгаворцы: Сем пол наперадзе, / Чаму мяне не бераце. / І трыштыкі туды ж такі (Вушац. сл.). Няясна. У трыштыкі вычляняецца фармант ‑тыкі, адносна якога Насовіч сцвярджае, што ён далучаецца да слоў як бы для пацверджання (Нас.), гл. такі2. Параўн. запісанае на Смаленшчыне три́ш‑таки ‘выклічнік, што ўжываецца для выражэння незадавальнення’ (?): у триш‑таки тудыш‑таки (СРНГ). Першую частку можна зблізіць з тры́шты (гл.), параўн., аднак, харв.trîž, triš ‘тры разы, тройчы’, чарнаг.три̂ш ‘тс’, серб.цімак.триш ‘тс’, балг.триж ‘тс’, макед.триш ‘тс’, што выводзяцца з прасл.*trišьdъ, гл. Ільінскі, Зб. Ягічу, 298; Скок, 3, 501; Младэнаў, Диалектология, 547–550; Тодараў, Этим. етюди, 149. Адзіная засведчаная ў паўночнаславянскім арэале беларуска-паўднёваславянская паралель з канцавым ж/ш са значэннем ‘тройчы, у тры разы’? З-за фармальных цяжкасцей малаверагодна вывядзенне з трышты (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
адзіная сетка цеплавых электрастанцый (ДРЭС і ЦЭЦ), трансфарматарных падстанцый і ліній электраперадач, размешчаных на тэр. Беларусі; аснова нац. энергетыкі. Уключае 22 электрастанцыі агульнай устаноўленай магутнасцю каля 7 млн.кВт, 1200 падстанцый, больш за 250 тыс.км ліній электраперадач усіх напружанняў.
Пачала фарміравацца ў 1930 з пракладкі першых ліній электраперадач ад Асінаўскай ДРЭС (цяпер Беларуская ДРЭС). У 1950-я г. з ростам электраэнергетыкі электрастанцыі аб’яднаны ў мясц.энергет. сістэмы: Цэнтральную, Паўд., Паўн.-Заходнюю. У 1962 з уводам у дзеянне лініі электраперадачы Бярозаўская ДРЭС — Баранавічы — Мінск мясц. энергасістэмы злучаны ў Беларускую энергетычную сістэму, у складзе якой 6 абл. электрасістэм.
Сярод электрастанцый Беларускай энергетычнай сістэмы найбольшыя Лукомская ДРЭС (2400 тыс.кВт), Бярозаўская ДРЭС (940 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-4 (1030 МВт); ёсць інш. буйныя ЦЭЦ у Мінску, Наваполацку, Віцебску, Светлагорску, Гомелі і інш. гарадах. У складзе Беларускай энергетычнай сістэмы 25 буйных кацельняў і каля 2000 км цеплавых сетак. У 1994 выпрацавана 31,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. З электрастанцый і інш. электрасістэм электраэнергія паступае ў агульную сетку, аснова якой — лініі электраперадач напружаннем 220, 330 і 750 кВ. Пасля электраэнергія перадаецца ў размеркавальныя сеткі напружаннем 0,4, 6, 10, 35 кВ. Беларуская энергетычная сістэма звязана з энергасістэмамі Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі лініямі электраперадач напружаннем 330 і 750 кВ; частка электраэнергіі ў яе паступае з Літвы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,
адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.
Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.Крык і С.Брэнер, М.Нірэнберг, С.Ачоа, Х.Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.