ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл.Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛВітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.
Літ.:
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЦЁФІ ((Petöfi) Шандар) (1.1.1823, г. Кішкёрэш, Венгрыя — 31.7.1849),
венгерскі паэт; прадстаўнік рэв. рамантызму. Быў статыстам у т-ры, салдатам, вандроўным акцёрам. Друкаваўся з 1842. У ранняй паэзіі (зб. «Вершы», 1844; паэма-казка «Віцязь Янаш», 1845), прасякнутай фалькл. матывамі, гал. тэмы — прыгажосць роднага краю, багаты духоўны свет людзей. Песімістычна-рамант. настроі ў лірычным цыкле «Хмары» (1845—46), драме «Тыгрыца і гіена» (1845), паэмах «Пішта Сілай», «Шалга», рамане «Катава вяроўка» (усе 1846). Пад уплывам паўстання 1846 у Галіцыі і рэв. падзей у Пешце 1848—49 яго паэзія набыла яскрава рэв.-дэмакр. характар (вершы «Мае песні», «Венгерац я...», «Нацыянальная песня», «На шыбеніцу каралёў!» і інш.). У вершах «Еўропа змоўкла», «Эрдэйская армія», «Мадзьяр пераможа» выказваў упэўненасць у перамозе рэв. ідэалаў. Паэма «Апостал» (1848, поўнасцю апубл. 1874) пра трагічны лёс рэвалюцыянера. На бел. мову яго вершы пераклалі А.Зарыцкі, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, апавяданні — Г.Сапрыка, М.Татур.
Тв.:
Бел.пер. — Ліра і меч: Выбр.Мн., 1971;
У кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;
У кн.: Зарыцкі А. У свет па песні: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1978;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. Будапешт, 1973.
Літ.:
Петефи в мировой культуре. М., 1975;
Парнов Е.И. Витязь чести: Повесть о Шандоре Петефи. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТАВА́ННЕ,
распрацоўка праекта (прататыпа, правобраза) аб’екта (прамысл. прадпрыемства, збудавання, машыны, абсталявання, аснасткі, дарогі, газа- ці нафтаправода, цеплатрасы, адзення, абутку і інш.) або сукупнасці дакументацыі для яго вытв-сці ці рэканструкцыі. Віды П.: арх.-буд., дарожнае, маш.-буд., тэхнал., с.-г. і інш. Уключае эскізны, тэхнічны і рабочы этапы. Бывае тыпавое і індывідуальнае. Робіцца спецыялізаванымі ўстановамі або падраздзяленнямі прадпрыемстваў.
П. — частка жыццёвага цыкла аб’екта ці тэхн. сістэмы, які ўключае стадыі: фармуляванне патрабаванняў да аб’екта, уласна П., вытв-сць, выпрабаванне доследных узораў вырабаў, серыйную вытв-сць, эксплуатацыю, мадэрнізацыю, утылізацыю. Пры неабходнасці перад П. выконваюцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы. Уваходнымі данымі для П. з’яўляюцца патрабаванні, што выпрацоўваюцца ў тэхн. заданні. Традыцыйнае П. арыентуецца на эмпірычныя ітэрацыйныя метады, сучаснае грунтуецца на метадах аўтаматызаванага П. (гл.Аўтаматызацыя праектавання), машыннай графікі, матэматычнага мадэліравання. Выкарыстанне камп’ютэраў і спец. праграмнага забеспячэння дазваляе на стадыі П. прадугледзець магчымыя праектныя сітуацыі і выбраць варыянт рашэння, найб. адпаведны патрабаванням да аб’екта без вырабу яго прататыпа. У працэсе П. робяцца інж., тэхніка-эканам. і інш. разлікі, чарцяжы, схемы, макеты, складаюцца спецыфікацыі, тлумачальныя запіскі, каштарысы, калькуляцыі, апісанні. Пры тыпавым П. распрацоўваюцца праекты для шматразовага выкарыстання, пры індывідуальным выкарыстоўваюцца тыпавыя праектныя рашэнні. Пры П. кіруюцца дзярж. і ведамаснымі стандартамі, нормамі і правіламі
Літ.:
Джонс Дж.К. Методы проектирования: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;
Борисов В.И. Общая методология конструирования машин. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н І ЖЫВЁЛ,
распаўсюджванне арганізмаў за межы відавога арэала і натуралізацыя на новых месцах; сродак захопу новых тэрыторый або тых, што вызваліліся ад інш. арганізмаў, і ўстанаўлення збалансаванай разнастайнасці пэўнага біягеацэнозу, адзін з фактараў, які садзейнічае патоку генаў і відаўтварэнню. Існуе таксама штучнае рассяленне віду, якое ўключае акліматызацыю і рэакліматызацыю; з’яўляецца эфектыўным прыёмам барацьбы з непажаданай інтрадукцыяй раслін або жывёл; карыснае мерапрыемства для дзічынаразвядзення.
Адрозніваюць рассяленне актыўнае (аўтахарыя) і пасіўнае (алахарыя). Вылучаюць 3 яго тыпы: эміграцыя (высяленне з займаемай займанай тэр.), іміграцыя (усяленне на ўжо занятую папуляцыяй тэр. новых асобін) і міграцыя (перыядычнае пакіданне і вяртанне на пэўную тэр.). Спалучэнне дзеяння сродкаў рассялення і перашкод вызначае тэмп рассялення арганізмаў. У раслін рассяленне залежыць ад колькасці жыццяздольных зачаткаў, сродкаў рассялення, магчымасцей натуралізацыі. Бывае паступовым (у прыродных умовах пераважае) і скачкападобным (адразу на вял. адлегласць). Асн. фактары рассялення: паветраныя плыні — ветры, узыходныя токі паветра (анемахарыя), воды сушы (гідрахарыя), марскія цячэнні; жывёлы (зоахарыя); дзейнасць чалавека (антрапахарыя). Абмяжоўваецца геагр. (моры, пралівы, горы і інш.), экалагічнымі (неадпаведнасць кліматычных і інш. абіятычных і біятычных умоў прыродзе віду) і біял. (канкурэнцыя інш. відаў) фактарамі. У. жывёл рассяленне звычайна звязана са змяненнем абіятычных і біятычных умоў навакольнага асяроддзя і колькасці жывёл. Залежыць ад стану папуляцыі пэўнага віду, павелічэння яго колькасці (павелічэнне шчыльнасці папуляцыі).
Літ.:
Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;
Воронов АГ, Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-МАНГО́ЛЬСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1921 аб усталяванні дружалюбных адносін паміж РСФСР і Манголіяй, падпісана 5 ліст. ў Маскве. Паводле яго абодва бакі дамовіліся аб усталяванні дыпламат. адносін. Сав. бок адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян на тэр. Манголіі, перадаў Манголіі ўсю рас. маёмасць там. Пагадненне заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Манголіі, ператварэнне апошняй ў фактычную сферу сав. ўплыву, нягледзячы на тое, што ў 1924 СССР фармальна прызнаў Манголію ч. Кітая (гл.Савецка-кітайскія пагадненні). Пратакол 1936 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 12 сак. ва Улан-Батары. Юрыдычна аформіў вуснае (джэнтльменскае) пагадненне ад 27.12.1934. Паводле яго ў выпадку пагрозы нападу на тэр.СССР або Манголіі з боку трэцяй дзяржавы абодва бакі абавязаліся прыняць меры для сваёй бяспекі, у выпадку ж ваен. нападу на адзін з бакоў — аказаць адзін аднаму ўсялякую, у т. л.ваен., дапамогу. Дагавор стаў абгрунтаваннем для ўдзелу сав. войск у Халхін-Гольскім канфлікце 1939. Дагавор 1946 аб дружбе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 27 лют. ў Маскве. У цэлым паўтараў тэкст дагавора 1936. Дагавор 1966 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 15 студз. ва Улан-Батары. Бакі абавязаліся ўмацоўваць дружбу і развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах эканам., культурнага, навук. жыцця, пашыраць сувязі ў сферах аховы здароўя, адукацыі і інш. Дагавор пацвярджаў і замацоўваў саюзніцкія адносіны паміж дзвюма краінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРНО́Ў, Сарноф (Sarnov, Sarnoff) Давід (Дэвід, 27.2.1891, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.12.1971), амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё- і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы д-р Калумбійскага, Нью-Йоркскага і інш. ун-таў. Брыгадны генерал (1944). З 1900 у ЗША. З 1906 у «Кампаніі бяздротавага тэлеграфа Марконі» (Нью-Йорк). З 1919 у Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (з 1922 віцэ-прэзідэнт, з 1930 прэзідэнт, у 1947—70 старшыня савета дырэктараў). З пач. 1920-х г. дарадца 10 прэзідэнтаў ЗША. 14.4.1912 прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік», які тануў, і 3 сут падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі. Выказаў ідэі муз. радыёвяшчання і выпуску радыёпрыёмнікаў (1915—16). Заснаваў Нац. радыёвяшчальную кампанію Эн-Бі-Сі (1926). Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцгвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы на магн. відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны маст. фільм (1964). Удзельнічаў у стварэнні сістэм касм. сувязі, камп’ютэрызацыі ЗША. Міжнар.ін-т інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).
Тв.:
Looking ahead: The papers of David Sarnoff. New York, 1968.
Літ.:
Lyons E. David Sarnoff: A biography. New York, 1966;
Dreher C. Samoff: An american success. New York, 1977;
Bilby K.W. The General: David Samoff and the rise of the communications industry. New York, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФО́КЛ (Sophoklēs; каля 496 да н.э., Калон, каля Афін — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі драматург. Займаў важныя дзярж. пасады, прымыкаў да групоўкі Перыкла. Паводле ант. крыніц, аўтар 123 драм. твораў (каля 90 трагедый і каля 25 сатыраўскіх драм). Перамагаў у шматлікіх (да 24) спаборніцтвах трагічных паэтаў. Цалкам зберагліся 7 трагедый: «Аякс» (да 422), «Антыгона» (каля 441), «Трахінянкі», «Эдып-цар» (каля 425), «Электра», «Філактэт» (паст. 409), «Эдып у Калоне» (паст. 401); часткова — сатыраўская драма «Следапыты» (апубл. 1912) і каля 1100 фрагментаў інш. твораў. Тэматыка твораў С. засн. на вядомых цыклах стараж.-грэч. міфаў: траянскага, фіванскага, міфаў пра атрыдаў і Геракла. У трагедыях дамінуе герой, які ў поўнай меры адказвае за свае паводзіны; канфлікт трагедый вынікае з яго характару, прынятых ім рашэнняў і зробленых учынкаў; ход падзей залежыць ад гэтага, а не ад знешніх абставін. У пакутах герояў С. бачыў не толькі здзяйсненне боскай кары, але і крыніцу маральнага ачышчэння, верыў у магчымасць боскай справядлівасці. С. — рэфарматар стараж.-грэч. трагедыі: увёў на сцэну трэцяга акцёра, павялічыў склад хору (ад 12 да 15), узмацніў у ім ролю карыфея. Трагедыі С. (найперш «Эдып-цар» і «Антыгона») і сёння ўваходзяць у рэпертуар т-раў свету. На бел. мову яго трагедыі пераклаў Ю.Дрэйзін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫ́ДАЎ (Георгій) (Юрый) Васілевіч (16.12.1915, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.1.1998),
расійскі кампазітар, піяніст, муз.-грамадскі дзеяч. Нар.арт.СССР (1970). Герой Сац. Працы (1975).
Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941). Вучань П.Разанава, Дз.Шастаковіча. Значнае месца ў яго творчасці займалі жанры, звязаныя са словам; гал. тэма — Радзіма; яе лёс. Наследаваў і ўвасабляў традыцыі рус. пеўчай культуры, арганічна спалучаў яе з дасягненнямі мастацтва 20 ст. Музыка вызначаецца натуральнасцю, непаўторнасцю, рытмамі, уласцівымі жывой мове. Абнавіў жанры араторыі, кантаты, раманса, песні. Сярод твораў: муз. камедыі, у т. л. «Агеньчыкі» (1951), творы для голасу, хору і арк., у т. л. «Патэтычная араторыя» (словы У.Маякоўскага, 1959), «Курскія песні» (словы нар., 1964), арк. сюіта «Час, уперад!» (1965), «Мяцеліца» (муз. ілюстрацыі да аднайм. аповесці А.Пушкіна, 1974), сімфонія для струн. арк. (1940), музыка для камернага арк. (1964), трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1945); фп. саната (1944), 2 партыты (1947), «Альбом п’ес для дзяцей» (1948); 3 хары з музыкі да драмы А.Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» (1973), для хору з суправаджэннем «Пушкінскі вянок» (1979) і інш., рамансы, песні; апрацоўка нар. песень, музыка да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Яго творчасць моцна паўплывала на развіццё рас. музыкі. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1968, 1980. Ленінская прэмія 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст.Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл.Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСУАЛІ́ЗМ (франц. sensualisme ад лац. sensus успрыняцце, пачуццё, адчуванне),
кірунак у тэорыі пазнання, які прызнае адчуванне адзінай крыніцай аб’ектыўных ведаў. Змест пазнання і свядомасці імкнецца вывесці з дзейнасці органаў пачуццяў і іх сведчанняў. Элементы С. прысутнічаюць у філасофіі Стараж. Індыі (вучэнне чарвака), Стараж. Кітая (маізм), Стараж. Грэцыі (Геракліт, часткова Дэмакрыт і Арыстоцель). У гісторыі філасофіі сфарміраваліся 2 процілеглыя плыні С.: ідэаліст. і матэрыялістычная. Ідэалістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як самаст. і самадастатковую сферу свядомасці. Яго вытокі ў вучэнні Пратагора, які абвяшчаў пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай ведаў аб уласным стане чалавека; пазнанне знешніх прычын гэтых станаў ён лічыў немагчымым. Матэрыялістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як сувязь яго свядомасці са знешнім светам, а сведчанні органаў пачуццяў — адлюстраваннем навакольнага асяроддзя. Асновы паслядоўнага матэрыяліст. С. сфармуляваны Эпікурам. Асноўны прынцып С. стоікаў — «няма нічога ў розуме, чаго б раней не было ў пачуццях». Прадстаўнікі матэрыяліст. С. 17 ст. — П.Гасендзі, Т.Гобс, Дж.Лок, ідэаліст. С. — Дж.Берклі. Сенсуалісты матэрыяліст. кірунку 18 ст. сцвярджалі, што крыніцай ведаў служаць адчуванні, якія параджаюцца шляхам уздзеяння матэрыяльных прадметаў на органы пачуццяў чалавека (франц. матэрыялісты Ж.Ламетры, К.Гельвецый, Д.Дзідро, П.Гольбах). Ням. філосаф Л.Феербах лічыў, што адчуванні маюць суб’ектыўны характар, але іх аснова аб’ектыўная, заключана ў матэрыяльным свеце. Сучасныя тэорыі пазнання спалучаюць С. і рацыяналізм і аналізуюць іх узаемасувязь.