канцэнтраванне, назапашванне (да 10—20-кратнага) шэрагу хім. рэчываў (напр., пестыцыдаў, радыенуклідаў) у трафічных ланцугах. Некаторыя забруджвальнікі, якія не разбураюцца, назапашваюцца і біялагічна ўзмацняюцца пры праходжанні па харч. ланцугах і біял. цыклах. Аб’ядноўваючыся з інш. рэчывамі навакольнага асяроддзя, яны могуць утвараць новыя рэчывы з атрутнымі уласцівасцямі. Прадухіляецца біялагічнае ўзмацненне толькі выключэннем забруджвальнікаў з сістэмы жыццезабеспячэння. Найб. характэрна біялагічнае ўзмацненне для хлорарган. пестыцыдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА (Юрый Рыгоравіч) (н. 6.3.1925, г. Саратаў, Расія),
бел. патолагаанатам. Д-рмед.н. (1964), праф. (1965). Скончыў Тбіліскі мед.ін-т (1948). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па паталаг. анатоміі падстраўнікавай залозы і аб ролі сасудзістых расстройстваў пры ўзнікненні вострага запалення гэтай залозы.
Тв.:
Патологическая анатомия и патогенез острого панкреатита. Мн., 1970;
Клинико-анатомический анализ врачебных ошибок Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у якіх атам бору звязаны з арган. радыкаламі непасрэдна ці праз гетэраатам (кісларод, сера, азот, фосфар). Найб. вывучаны злучэнні агульнай формулы RnBX3-n (арганабараны), дзе R — арган. радыкал, X — галаген, вадарод, гідраксільная група, амінагрупа і інш.; n = 1, 2, 3. Выкарыстоўваюць як дабаўкі да маторнага і рэактыўнага паліва, змазак і фарбавальнікаў, як каталізатары палімерызацыі, антыаксіданты, бактэрыцыды, фунгіцыды, пры нейтроннай тэрапіі злаякасных пухлін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗАПРЭСІ́Н, антыдыурэтычны гармон,
нейрагармон многіх пазваночных жывёл і чалавека, які рэгулюе дыурэз. Паводле хім. прыроды — пептыд (октапептыд). Вазапрэсін вырабляецца гіпаталамусам, з якога ён паступае ў гіпофіз, потым у кроў. Выклікае скарачэнне капіляраў, што павышае крывяны ціск (прэсорны эфект) і стымулюе зваротнае ўсмоктванне вады ў ныркавых канальцах, зніжаючы дыурэз (антыдыурэтычны эфект). Недахоп вазапрэсіну ў арганізме можа прывесці да нецукр. дыябету, пры якім выдзяленне мачы рэзка павышаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КСМАН Ісак Фёдаравіч (25.7.1922, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 19.12.1943, Герой Сав. Саюза (1944). Вучыўся ў Днепрапятроўскім трансп. ін-це (1938—40). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з 1942 удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, Дняпры, Северскім Данцы. 26.11.1943 батарэя пад камандаваннем ст. лейт. Ваксмана пры фарсіраванні Дняпра каля Запарожжа пад агнём ворага падавіла 15 агнявых пунктаў, адбіла 10 контратак. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Вячаслававіч) (н. 2.12.1954, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1982), Беларускую АМ (1992). Выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. У пач. творчасці ў традыц. формах мастацтва імкнуўся знайсці жывапісную гармонію. З 1990 займаецца пластычнымі, колеравымі, канцэптуальнымі пошукамі. За працу «Адбіткі на асфальце» (1991) «Гран-пры» I Міжнар. пленэру «Малевіч. Уновіс. Сучаснасць» (Віцебск, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЭРЛІ́НІЯ (галанд. water-lijn ад water вада + lijn лінія),
лінія судакранання паверхні вады з корпусам судна, што плавае. Грузавая ватэрлінія супадае са спакойнай паверхняй вады пры поўнай загрузцы судна і адпавядае найбольшай дапушчальнай у эксплуатацыі асадцы; адзначаецца грузавой маркай. Тэарэтычныя ватэрлініі атрымліваюць сячэннем паверхні корпуса судна гарыз. плоскасцямі на чарцяжы. Форма ватэрлініі і велічыня абведзенай ёю плошчы ўплываюць на характарыстыкі ходкасці і астойлівасці судна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГ IГаргасал
(?—502),
цар Іберыі (Картлі). Змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады. Пры ім перабудаваны Тбілісі для перанясення сюды сталіцы з Мцхеты. Вёў працяглую барацьбу з сасанідскім Іранам за незалежнасць Картлі. У 484 узначаліў вялікае антысасанідскае паўстанне грузінаў і армян. Празваны персамі Гаргасалам — «Воўчай галавой» за тое, што насіў шлем з такой выявай. Забіты ў баі з персамі. Груз. народ склаў пра яго песні і вершы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНАПУ́НКЦЫЯ,
падскурнае ўвядзенне іголкі ў вену для выцягвання з яе крыві ці ўлівання ў яе лек. раствораў, крыві, кровазаменнікаў і інш. Выкарыстоўваюць паверхневыя вены локцевага згібу, кісці, перадплечча. Пры неабходнасці працяглай інфузійнай тэрапіі робяць пункцыйную катэтэрызацыю магістральных вен (сцягновых, падключычных і інш.). У дзяцей венапункцыю робяць у цэнтр. вены, у нованароджаных і грудных дзяцей — у вены галавы. Ускладненні: гематомы, флебіт і трамбоз вены, памылковая пункцыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁСЛАВАЕ СУ́ДНА,
судна, якое рухаецца пры дапамозе вёслаў. Бывае з уключынамі (упорамі для вёслаў) і без іх. Уключыны знаходзяцца на бартах (шлюпкі, лодкі розных тыпаў), на кранштэйнах за бортам (акадэмічнае вёславае судна), у карме (гандола); Вёславыя судны без уключын — байдаркі, каноэ. Вёславыя судны могуць мець ветразі ці падвесны матор. Сучасныя марскія і рачныя вёславыя судны — у асноўным спартыўныя, невял. прамысловыя, транспартныя, выратавальныя і інш.