ЭЛЕКТРАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА, эрс,

фізічная велічыня, якая характарызуе дзеянне старонніх сіл (сіл неэл. паходжання) у крыніцах эл. току. Для замкнутага эл. контуру роўная адносінам работы гэтых сіл па перамяшчэнні дадатнага зараду ўздоўж контуру да лікавага значэння гэтага зараду. Вызначае сілу току ў эл. ланцугу пры зададзеным яго супраціўленні (гл. Ома закон).

Э.с. крыніцы эл. току роўная рознасці патэнцыялаў на яго электродах пры разамкнутым знешнім ланцугу, г.зн. пры адсутнасці эл. току ў крыніцы. Староннія сілы прыводзяць у рух зараджаныя часціцы ўнутры крыніц току: генератараў, гальванічных элементаў, акумулятараў і інш. Паходжанне іх можа быць розным, напр., у электрамашынных генератарах — гэта Лорэнца сіла, якая дзейнічае з боку магн. поля на электроны ў рухомым правадніку, у гальванічных элементах, электрычных акумулятарах — хім. сілы. Адзінка Э.с. ў СІ — вольт.

т. 18, кн. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАСТАТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,

электрамеханічная вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні двух ці болей рухомых і нерухомых электродаў, што маюць разнайменныя эл. зарады. Выкарыстоўваецца для вымярэння напружанняў пераменнага і пастаяннага току, колькасці электрычнасці (эл. зараду) і магутнасці.

У Э.п. фіз. велічыня, якая вымяраецца, пераўтвараецца ў эл. напружанне, што падаецца на пласціны (электроды), узаемадзеянне якіх адхіляе стрэлку на вугал, прапарцыянальны квадрату пададзенага напружання. Найб. пашыраны электрастатычныя вальтметры для вымярэння напружання ад 10 В да соцень кілавольт. Маюць нераўнамерную шкалу, паказанні іх незалежныя ад знешніх магн. палёў, частаты і характару напружання. Для Э.п. характэрна вельмі малое ўласнае спажыванне магутнасці і высокі клас дакладнасці. Пашыраны ў радыётэхніцы, лабараторнай практыцы і інш.

У.​М.​Сацута.

Схема электрастатычнай прылады: 1 і 2 — рухомыя і нерухомыя электроды; 3 — вось; 4 — спружына; U — напружанне, якое вымяраецца.

т. 18, кн. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФУ́ЗІЯ (ад лац. effusio разліццё, расцяканне),

1) у геалогіі — працэс вылівання магматычнай лавы з глыбінь Зямлі на паверхню з утварэннем лававых покрываў і патокаў, складзеных з эфузіўных горных парод.

2) Э. ў фізіцы — павольнае выцяканне газаў праз малыя адтуліны. Адрозніваюць Э. пры малых і пры вял. цісках газаў.

Пры малых цісках газу, калі дыяметр адтуліны малы ў параўнанні з даўжынёй свабоднага прабегу малекул, адбываецца малекулярнае выцяканне, пры якім сутыкненні паміж малекуламі неістотныя. Агульная маса выцеклага газу прапарцыянальная рознасці ціскаў з абодвух бакоў адтуліны. На гэтым засн. метад вымярэння малых ціскаў газу. Пры вялікіх цісках, калі даўжыня свабоднага прабегу меншая за дыяметр адтуліны. выцяканне газу адбываецца паводле законаў гідрадынамікі. Аб’ём выцеклага газу залежыць ад яго шчыльнасці. На гэтым засн. метад вымярэння шчыльнасці газаў паводле часу іх выцякання праз малыя адтуліны.

т. 18, кн. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КУШАЎ Анатоль Паўлавіч (н. 25.5.1947, г. Адэса, Украіна),

бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Адэскі тэхнал. ін-т (1970). З 1970 у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» Нац. АН Беларусі (з 1988 заг. аддзела Ін-та ядз. энергетыкі, з 1992 нам. дырэктара Ін-та праблем энергетыкі). Навук. працы па матэм. мадэліраванні працэсаў цепла- і масапераносу ў каналах ядз. рэактараў, па аналізе энергет. сістэм і планаванні іх развіцця. Распрацаваў лікавыя метады і камп’ютэрныя праграмы для рашэння задач рэактарнай цеплафізікі і для аптымальнага планавання развіцця энергет. сістэм.

Тв.:

Теплофизические расчеты реакторов с диссоциирующим теплоносителем. Мн., 1989 (разам з Б.​Я.​Цвяркоўкіным);

Будущее электроэнергетики Республики Беларусь (разам з А.​А.​Міхалевічам, Б.​І.​Паповым) // Энергия, экономика, экология. 2001. №4.

В.Ф.Якуша.

т. 18, кн. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ШКІН Іван Дзмітрыевіч (9.1.1794—23.8.1857),

дзекабрыст; адзін са стваральнікаў «Саюза выратавання» і «Саюза працвітання». З дваран Смаленскай губ. Скончыў Маскоўскі ун-т (1811). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—14. Вызначыўся ў бітвах пры Барадзіно і Кульме. З 1818 у адстаўцы. З 1821 чл. «Паўночнага таварыства дзекабрыстаў». Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. Распрацаваў план адмены прыгону з надзяленнем сялян зямлёю за выкуп. 9.1.1826 арыштаваны і асуджаны да 20 гадоў катаргі (пазней скарочана да 10 гадоў). У Сібіры ствараў ланкастэрскія школы і выкладаў у іх, складаў падручнікі, вёў навук. працу па метэаралогіі, батаніцы. Аўтар працы «Што такое жыццё» (1849), «Запісак...» (1-е выд. А.​І.​Герцэна ў Лондане ў 1862), арт. пра дзекабрыстаў. Амнісціраваны ў 1856.

Тв.:

Записки, статьи, письма. М., 1951.

т. 18, кн. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНУШКЕ́ВІЧ (Januszkiewicz) Яўстафій (26.1.1805, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 1874),

польскі кнігавыдавец, публіцыст. Брат А.Янушкевіча. Вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы, скончыў Віленскі ун-т. З 1826 адвакат, сакратар камісіі па спадчыне Радзівілаў, уваходзіў у склад рэдакцыі час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). Адзін з арганізатараў паўстання 1830—31 на тэр. Ашмянскага, Слуцкага і Навагрудскага паветаў. Эмігрыраваў у Францыю, удзельнічаў у заснаванні польскай эмігранцкай прэсы ў Парыжы, у выданні твораў А.​Міцкевіча, З.​Красінскага, Ю.​Славацкага, І.​Лялевеля, рабіў выпіскі для лекцый Міцкевіча па гісторыі слав. л-р, стэнаграфаваў іх. Аўтар «Успамінаў з часу аблогі Парыжа» (1871), «Нататак і ўспамінаў пра жыццё А.​Міцкевіча» (1859), «Апошніх хвілін Іаахіма Лялевеля» (1861). Славацкі прысвяціў Я. вершы «З ліста да кнігара», «Мой Яўстаф».

У.​І.​Мархель.

т. 18, кн. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСКЕ́ВІЧ Алена Аляксандраўна (н. 10.6.1967, Мінск),

бел. філолаг, журналіст, пісьменніца. Дачка А.Яскевіча. Д-р філал. н. (2003), Скончыла БДУ (1989). З 1990 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе традыцыі бел. і слав. гуманітывістыкі. Аўтар манаграфій «Творы Францыска Скарыны: Жанравая структура, філасофскія погляды, мастацтва слова» (1995), «Старабеларускія граматыкі: Да праблемы агульнафілалагічнай цэласнасці» (1996), «Абранне Вечнасці: Універсалізм традыцый і гістарызм сучаснасці» (1999), «Спрадвечная Ахоўніца Беларусі: Духоўныя пошукі старабеларускага этнасу ў гістарычных даляглядах» (2000), «Падзвіжнікі і іх святыні: Духоўная культура старажытнай Беларусі» (2001) і інш. Піша вершы.

Тв.:

Старабеларускія лексіконы;

«Лексисъ съ толкованіемъ словенскіхъ мовъ просто», «Лексис...» Л.​Зізанія, «Синонима славеноросская». Мн., 1992;

Словам скароны свет. Мн., 1995;

Праблема цэласнасці старабеларускай філалогіі XVI—XVII стагоддзяў: адзінства экзэгезы і герменеўтыкі. Мн., 1996;

Спадчына Івана Ужэвіча і славянскія літаратуры. Мн., 1998.

т. 18, кн. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГЕЛЬ Іван Максімавіч (н. 15.3.1942, в. Баярская Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыебіялогіі, эндакрыналогіі, фармакалогіі. Д-р мед. н. (2000). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1970). З 1971 у Бел. сан.-гігіенічным НДІ, з 1981 у Мінскім мед. ін-це. З 1983 вучоны сакратар сектара геранталогіі АН Беларусі. З 1988 у ін-це радыебіялогіі (з 1995 заг. лабараторыі эндакрыналогіі). Навук. працы па гарманальных і малекулярна-клетачных механізмах рэгуляцыі вугляводнага, тыроіднага і кальцый-фосфарнага абмену пры дзеянні іанізавальнага выпрамянення, радыеадчувальнасці біял. мембран і карэкцыі парушэння іх функцыі ва ўмовах фракцыянавання і камб. дзеяння іанізавальнага выпрамянення.

Тв.:

Влияние ионизирующего излучения на активность щелочной фосфатазы и транспорт ​45Са при гипотиреозе // Докл. АН Беларуси. 1997. Т. 41, № 5;

Радиобиология. Гродно, 2003 (разам з Э.​А.​Галіцкім, У.​К.​Песцісам).

т. 18, кн. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМКО́Ў Васіль Ціханавіч (н. 18.5.1938, хутар Зацішча Круглянскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Д-р тэхн. н. (1997). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (у 1983—92 заг. лабараторыі). З 1998 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (заг. лабараторыі), з 2002 праф. Бел. нац. тэхн. ун-та. Навук. працы па тэхналогіі буд-ва і эксплуатацыі асушальных дрэнажных сістэм. Распрацаваў шэраг канструкцый меліярацыйных воднагасп. устройстваў (дрэнажных труб, фільтраў буравых свідравін і інш.), метады іх выпрабаванняў, а таксама адпаведныя нарматыўныя дакументы.

Тв.:

Зависимость осушительного действия дренажа от конструкции дренажных труб // Мелиорация переувлажненных земель. Мн., 1974;

Методические указания по расчетам дренажа из новых материалов Мн., 1975 (разам з А.​І.​Мурашкам, Я.​Р.​Сапожнікавым).

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 18, кн. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІК Уладзімір Міхайлавіч (н. 10.7.1950, г. Чыта, Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтатрактарнага машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1998). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1972), дзе і працаваў. З 1975 у БПА (з 1978 заг. аддзела). З 1995 заг. кафедры Мінскага ін-та кіравання і прадпрымальніцтва, з 2002 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па рухавіках аўтатрактарных трансп. сродкаў, іх акустычных, магутнасных і эканам. характарыстыках. Распрацаваў метады разліку рухавікоў унутр. згарання з палепшанымі паказчыкамі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Влияние конструкции отражателя волны глушителя шума выпуска на мощностные показатели двухтактных мотоциклетных двигателей // Конструирование и эксплуатация автомобилей и тракторов. Мн., 1986;

Современные технологии в промышленности. Ч. 1—2. Мн., 1998 (разам з С.​Ф.​Ушаковым, В.​І.​Янчуком).

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)