адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх брыгад, партызанскіх палкоў, партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на акупіраванай тэр. Беларусі. У выніку шырокага партыз. руху былі створаны шматлікія фарміраванні, якім для правядзення баявых аперацый у шырокіх маштабах патрэбна было цэнтралізаванае кіраўніцтва і рэгулярная сувязь з сав. тылам. Фарміравалі П.з. ЦШПР, БШПР, падп. абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры і райкомы КП(б)Б. Узначальвалі П.з. звычайна сакратары падп. абкомаў, міжрайкомаў партыі ці афіцэры Чырв. Арміі; кіраўніцтва ажыццяўлялася праз штабы злучэнняў. У розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў [наз. таксама ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ), цэнтрамі: абласныя Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае; злучэнні Барысаўска-Бягомльскай, Івянецкай, Лідскай, Паўд. зон Баранавіцкай вобл., Паўд.-Прыпяцкай зоны Палескай вобл., Слуцкай, Стаўбцоўскай, Шчучынскай зон; Клічаўскі аператыўны цэнтр; ВАГ Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Рагачоўская, Шклоўская; П.з. «Трынаццаць» і інш. Большасць злучэнняў створана ў 1943. Часта ствараліся спец. падраздзяленні аўтаматчыкаў, артылерыстаў, мінамётчыкаў, якія падначальваліся камандзіру злучэння. Стварэнне П.з. садзейнічала павышэнню ўзроўню кіраўніцтва партыз. рухам, баявой і своечасовай актыўнасці партыз. фарміраванняў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 398.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд.ч. в-ва Сахалін у час 2-й сусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп. войскі ў складзе 88-й пях. дывізіі, інш. часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс.чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн.сав. войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп. групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс.чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл.Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч.СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ПАХО́Д 1926—28,
састаўная частка рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Праводзіўся сіламі Нац.-рэв. арміі (НРА), створанай Нац. (Гуанчжоўскім) урадам пры ваен. дапамозе СССР (галоўнакамандуючы ген.Чан Кайшы, гал.ваен. саветнік В.К.Блюхер). П.п. быў накіраваны супраць мясц.ваен. правіцеляў, якія перашкаджалі аб’яднанню краіны. Пачаўся 7.9.1926. Наступленне вялі некалькі карпусоў (каля 100 тыс.чал.), якія былі падзелены на 2 групоўкі (калоны), іх падтрымліваў авіяц. атрад сав. лётчыкаў-добраахвотнікаў. У ліп.—жн. 1926 войскі НРА разбілі армію ген. У Пэйфу, занялі правінцыю Хунань, у кастр. — г. Ухань, у ліст.—снеж. — правінцыі Цзянсі і Фуцзянь, у сак. 1927 — гарады Шанхай і Нанкін. Пасля ваен. перавароту, здзейсненага Чан Кайшы ў Шанхаі (крас. 1927), і стварэння паралельных нац. урадаў (у Шанхаі і Ухані) войскі НРА дзейнічалі паасобку. У маі 1927 войскі уханьскага ўрада злучыліся з нац. арміямі Фэн Юйсяна, якія дзейнічалі ва Унутр. Манголіі. Пасля аб’яднання Гаміньдана і стварэння адзінага нац. ўрада да 1928 П.п. адноўлены. У крас.—маі 1928 НРА заняла правінцыю Шаньдун, у чэрв. — гарады Пекін і Цяньцзінь. Поспехі НРА прымусілі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна прызнаць у снеж. 1928 уладу нац. ўрада, што і стала завяршэннем П.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ГІ (Petromyzones),
падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел.мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ЛІТАРАТУ́РНА-АРТЫСТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
грамадская літ.-маст. і асветніцкая арг-цыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Існавала ў Мінску ў 1906—09. Створана членамі забароненага Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Кіраўнікі: В.Чавусаў, К.Фальковіч, В.Аляксандрава, А.Аляксандраў, Д.Мейчык, В.Сушчынскі, К.Урсыновіч і інш. Мела драм., літ., маст. і муз. секцыі. Аматары паставілі больш за 60 спектакляў, у т. л.: «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вішнёвы сад», «Дзядзька Ваня» і «Іванаў» А.Чэхава, «Плады асветы» Л.Талстога і «Ганна Карэніна» паводле яго аднайм. рамана, «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мар’я Іванаўна» і «Яўрэі» Я.Чырыкава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш.Літ. секцыя т-ва арганізавала шэраг лекцый і літ. чытанняў: «Драматургія Ібсена» і «Морыс Метэрлінк» Ю.Айхенвальда, «Маладая руская паэзія» і «Апошнія парасткі рускай паэзіі» Я.Анічкава, «Талстой і Андрэеў: паралельная характарыстыка» У.Самойлы, «Паходжанне права і яго сутнасць» Мейчыка, «Санін» М.Арцыбашава» У.Майстраха і інш.Маст. секцыя наладзіла 4-ю выстаўку жывапісу і графікі ў Мінску (1908). Муз. секцыя аб’ядноўвала каля 400 прафес. музыкантаў і аматараў, наладжвала лекцыі і канцэрты. Спыніла дзейнасць у выніку фін. банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ДУХО́ЎНАЯ СЕМІНА́РЫЯ,
вышэйшая навуч. ўстанова Бел.правасл. царквы. Засн. ў 1785 у Слуцку як «Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя». У 1789 семінарыя закрыта. У 1793 яе дзейнасць адноўлена, і ў гэтым жа годзе, пасля ўсталявання Мінскай правасл. епархіі, яна атрымала назву Мінская духоўная семінарыя. У 1840 семінарыя пераведзена ў Мінск. Акрамя рэлігійных навук вывучаліся медыцына, прыродазнаўства, сельская гаспадарка, гісторыя роднага краю. У 1918 семінарыя закрыта. У 1945 у Жыровіцкім Успенскім манастыры адкрыты пастырска-багаслоўскія курсы, якія ў 1947 пераўтвораны ў семінарыю. У 1963 семінарыя зноў закрыта. У 1989 яна адноўлена на тэр. Жыровіцкага манастыра. У 1991 семінарыя пераўтворана з сярэдняй у вышэйшую навуч. ўстанову з 5-гадовым тэрмінам навучання. У ёй выкладаюцца 39 дысцыплін (багаслоўскія, філас., філал., гіст., царк.-практычныя і інш.). Пасля заканчэння 5-га курса студэнты абараняюць дыпломныя працы на ступень бакалаўра багаслоўя, што дае магчымасць паступаць у Духоўную акадэмію. Пры семінарыі дзейнічаюць нядзельная (з 1990) і рэгенцкая (з 1993) школы. У 1999/2000 навуч.г. на дзённым аддзяленні больш за 230 студэнтаў, на завочным — каля 200 студэнтаў-святароў, у рэгенцкай школе 30 навучэнцаў, у нядзельнай — 30 дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д (МАЗ). Засн. ў 1944 у Мінску, з 1975 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання па выпуску велікагрузных аўтамабіляў «БелаўтаМАЗ». Першы аўтамабіль МАЗ-205 сышоў з канвеера ў 1947. За час існавання з-да асвоена вытв-сць 5 сем’яў аўтамабіляў — МАЗ-200, МАЗ-500, МАЗ-500А, МАЗ-5335, МАЗ-6422. У 1996 пачаты выпуск аўтамабіляў серыі МАЗ-64221, а з 1997 аўтамабіляў сям’і МАЗ-6430, якія адпавядаюць сучасным міжнар. патрабаванням. Асн. прадукцыя (1999): бартавыя трансп. аўтамабілі, седлавыя цягачы, поўнапрывадныя грузавыя і лесавозныя аўтамабілі, самазвалы, аўтамабілі-шасі. Імпарцёрамі прадукцыі прадпрыемства з’яўляюцца каля 80 краін. Пры з-дзе заснаваны філіялы па вытв-сці аўтобусаў («МАЗ») і прычэпаў («Белаўтапрычэп»). МАЗ стаў родапачынальнікам Беларускага аўтамабільнага завода, Магілёўскага аўтамабільнага завода, мінскіх з-даў колавых цягачоў і рысорнага, Баранавіцкага і Асіповіцкага аўтаагрэгатных з-даў, прадпрыемства «Туртранс» па выпуску прычэпаў-дач і гандл. кузаваў. На міжнар. выстаўках і кірмашах (у Бруселі, 1958; Лейпцыгу, 1980; Плоўдзіве, 1985) аўтамабілі МАЗа адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л КІРУЛА́РЫЙ (Michaēl Kerularios; каля 1000—1058),
канстанцінопальскі патрыярх у 1043—58. Паходзіў са знатнай сям’і. У 1040 быў адным з арганізатараў змовы супраць візант. імператара Міхаіла IV, пасля яе правалу сасланы і пастрыжаны ў манахі. Змяніў на патрыяршым прастоле Аляксея Студыта. Імкнуўся да ўзвышэння ролі канстанцінопальскага патрыяршаства. У 1054 адкрыта абвясціў прынцып перавагі духоўнай улады над свецкай. Адстойваў незалежнасць царквы ад імператарскай улады (у 1057 прымусіў імператара адмовіцца ад права прызначэння на некаторыя вышэйшыя царк. пасады), закрыў у Візантыі падпарадкаваныя Рыму цэрквы і манастыры. Адмовіўся прызнаць вяршэнства папы над усх. царквой, імкнуўся пашырыць праваслаўе і ў Паўд. Італіі. 16.6.1054 у Канстанцінопалі рым. легат кардынал Гумберт адлучыў М.К. ад царквы, той у сваю чаргу адлучыў Гумберта і аб’явіў прыхільнікаў зах. царквы ератыкамі (у ліп. 1054 адбыўся канчатковы падзел усх. і зах. хрысціянскіх цэркваў). У 1057 М.К. паспрыяў уступленню на прастол імператара Ісаака I Камніна, але адносіны паміж імі абвастрыліся ў выніку канфіскацый імператарам царк. і манастырскай маёмасці. У ліст. 1057 арыштаваны і сасланы. Адмовіўся добраахвотна адрачыся ад патрыяршага прастола і памёр, не дачакаўшыся суд. працэсу, прызначанага імператарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́ЖСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел. мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лукамль. У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 18 км на Пд ад г. Чашнікі, калязах. ускраіны г. Новалукомль.
Пл. 36,7 км², даўж. 10,4 км, найб.шыр. 6,5 км, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 36,4 км. Пл. вадазбору 179 км². Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн і ПнЗ да 15 м), разараныя, на Пд і З параслі лесам, месцамі хмызняком. У паўн.ч. возера 2 вял. залівы. Берагі нізкія, месцамі пад хмызняком, на З і ПдЗ абразійныя, выш. 1—2 м. На Пн 5 астравоў агульнай пл. 0,7 км². Дно са шматлікімі мелямі, да глыб. 5—6 м выслана пясчанымі адкладамі, ніжэй — сапрапелем.
З 1969 возера выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Лукомскай ДРЭС. Вада вяртаецца падагрэтай на 8—12 °C, што значна ўплывае на прыродныя працэсы; бязлёдавы перыяд павялічыўся на 2 месяцы. Ледастаў з 2-й пал.снеж. да сярэдзіны сак.. да 30% паўн.-ўсх.ч. возера не замярзае. Скідванне вады і ветравое яе перамешванне ў возеры павялічваюць аэрацыю. Багаты раслінны і жывёльны свет. На зах. беразе дзіцячы аздараўленчы лагер і прафілакторый.