ве́зці, вязу, вязеш, вязе; вязём, везяце; пр. вёз, везла і вязла; заг. вязі; незак., каго-што.

1. Перамяшчаць каго‑, што‑н. пры дапамозе транспартных сродкаў. Вязуць бярвенні гонкія У вёску вазакі. Бядуля. // Перапраўляць каго‑н. куды‑н. сілай. Калі [Віцю] везлі.. з турмы ў Нямеччыну, хлопец прарэзаў сценку.. у вагоне і зноў вярнуўся ў атрад. Брыль.

2. безас.; перан. Тое, што і шанцаваць. Не вязе, падумаў я, І за што гарую? Доля горкая мая — Халастым памру я. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́ра 1, ‑ы, ж.

Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.

або́ра 2, ‑ы, ж.

Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыву́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм.

1. Тое, што і крывуля (у 1 знач.). — Ну хай бы ты крывульку якую спіл[ава]ла, а то... ах ты... Такую бярозу зглуміла. Асіпенка.

2. Неакуратна, некаліграфічна напісаная літара. Дробным почыркам, наўскасяк крывулькамі пісаў Андрэй, унук Рыгора Яўхімавіча. Асіпенка.

3. Палка з загнутым верхнім канцом, на якую абапіраюцца пры хадзе. [Пан] не любіў дзіцячага крыку, страшыў дзяцей крывулькай, і тыя, як спуджаныя вераб’і, разбягаліся па сваіх надворках. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

1. Вялікае прамысловае прадпрыемства, якое аб’ядноўвае некалькі прадпрыемстваў, звязаных паміж сабой тэхналагічным працэсам або адміністрацыйна. Хімічны камбінат. Металургічны камбінат. Цэлюлозна-папяровы камбінат. // Аб’яднанне некалькіх прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці або прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Раённы прамысловы камбінат. Камбінат бытавых паслуг.

2. Адна з форм капіталістычнай манаполіі — аб’яднанне розных прадпрыемстваў з мэтай вядзення канкурэнтнай барацьбы.

3. Аб’яднанне навучальна-выхаваўчых устаноў розных ступеней (напрыклад, інстытута і тэхнікума, дзіцячых яслей і сада) пры заводах, прадпрыемствах. Вучэбны камбінат.

[Ад лац. combinatus — злучаны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Гіст. Заняцце, захоп свабоднага ўчастка зямлі пры першапачатковым засяленні мясцовасці, а таксама ўчастак, заняты такім чынам. Ёсць пасёлак на поўначы «Зімка». Давялося мне там зімаваць, у тайзе раскарчоўваць заімку, Ставіць хату, бярвенне часаць. Хведаровіч.

2. Невялікі пасёлак або асобная сядзіба за межамі асноўнага паселішча на Урале і ў Сібіры. Гляджу на леташнія здымкі, Што крышку палінялі без пары, І ўспамінаю дальнія заімкі, І астравы, і плёсы Усуры. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Адзывацца пры ўдары гукам, падобным да лёгкага звону; дзвынкаць. Брынкае шыба. // Выклікаць ударам такі гук. Нехта доўга брынкаў на кухні пасудай.

2. на чым. Няўмела або ляніва іграць на якім‑н. музычным інструменце. Андрэй Шыбянкоў, як зазвычай, сядзеў, фарсіста закінуўшы нагу за нагу, і брынкаў на вечнай сваёй гітары. Зарэцкі. Я ўжо ўмеў чытаць ноты, сяк-так брынкаў на раялі, і таму вучоба музыцы не была для мяне вялікім цяжарам. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куро́дым і курады́м, ‑у, м.

Густы едкі дым пры тленні, гарэнні без полымя. Дол на грудку штогод засеян шышкамі. Іх хапае будачніку, каб па вясне капціць кумпякі, а ў чэрвеньскія вечары бараніцца ад камароў, заедзі куродымам. Навуменка. Ён мог сказаць, якім агнём гарыць дрэва: сіняватым — алешына, спачатку чырвоным з курадымам, а потым медным — бяроза, светлым і лёгкім — елка. Карпаў. // Асадак ад дыму; копаць, сажа. Агонь наш ужо нават не дыміўся. Пасярэдзіне вуголля стаяла чорная ад куродыму каструля. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Раскусваць, разгрызаць, есці з трэскам, хрустам (гарбузікі, сланечнік і пад.). Дзяўчаты лускаюць сланечнік, шэпчуцца, перамаўляюцца, як заўсёды. Лупсякоў.

2. Распаўсюджваць кароткі, сухі гук пры ламанні, лопанні чаго‑н. сухога; патрэскваць. Лускае запалка, ломіцца ў пальцах, але ўспыхвае і гарыць. Пташнікаў. Трымаючыся за голле, Язэп сяк-так дабраўся да ручая. Пайшоў па лузе, які зрэдку лускаў пад ботамі. Асіпенка. / Пра зімовае надвор’е. Мароз бярэцца, націскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лячы́ць, лячу, лечыш, лечыць; незак., каго-што.

Імкнуцца паправіць, вярнуць здароўе пры дапамозе лекаў і іншых медыцынскіх сродкаў. Лячыць хворага. □ Цэлы год лечаць .. [Сасакі] дактары і ніяк не могуць вылечыць, не могуць перамагчы лютай, няўмольнай хваробы. Арабей. // Прымяняць лекі і іншыя медыцынскія сродкі для вылечвання якога‑н. хворага органа. Лячыць сэрца. Лячыць лёгкія. // Прымаць захады для спынення якой‑н. хваробы. Лячыць грып. // перан. Разм. Адбудоўваць, аднаўляць. Край ажывае, Лечыць свае раны, Будуе дбайна Свой шчаслівы лёс. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капці́ць, капчу, копціш, копціць; незак.

1. Выдзяляць копаць, сажу пры гарэнні; куродымець. Дзве вісячыя лямпы задыхаліся ўгары ад сціснутага паветра, міргалі і капцілі. Васілевіч.

2. што. Пакрываць копаццю, сажай. Хутка газавыя лямпы пакінуць капціць столі калгасных дамоў. Шахавец.

3. што. Разм. Абкурваць дымам, вэндзіць (мяса, рыбу і інш.). [Шышак] хапае будачніку, каб па вясне капціць кумпякі, а ў чэрвеньскія вечары бараніцца ад камароў, заедзі куродымам. Навуменка.

•••

Капціць неба — жыць без мэты, без справы, не прыносячы карысці грамадству.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)