УВО́ДУ-ВЫ́ВАДУ ПРЫЛА́ДЫ ў ЭВМ,

клас тэхн. сродкаў для ўводу даных у ЭВМ, а таксама для іх вываду з ЭВМ у зручнай для карыстальніка форме.

Прылады ўводу інфармацыі: клавіятура з літарна-лічбавымі, функцыянальнымі, службовымі, прэфікснымі і інш. клавішамі, каардынатныя (маніпулятарныя) прылады тыпу «мыш», «джойсцік», «трэкбол», «светлавое пяро» і інш., графічныя планшэты, дыгітайзеры, інтэлектуальныя дошкі (выконваюць функцыі класнай дошкі, паверхня якой уяўляе сабой рэзістыўную матрыцу), сенсарныя экраны (па дотыку пальца, алоўка ці інш. да пэўнага пункта экрана ажыццяўляецца выбар элемента даных, пункта меню, каманды і інш.), сканеры, прылады магн., эл., аптычнага счытвання інфармацыі, маўленчага (галасавога) уводу і інш. Прылады вываду інфармацыі: на цвёрды носьбіт (напр., графапабудавальнікі, прынтэры), візуальнага адлюстравання (дысплеі, маніторы з электронна-прамянёвымі, вадкакрышталічнымі і інш. экранамі), праектары, сінтэзатары вуснай мовы і інш.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМЕ́ЖАНЫЯ І АКРЭ́СЛЕНЫЯ ФІГУ́РЫ ў элементарнай геаметрыі.

Многавугольнік наз. ўмежаным у выпуклую крывую, калі ўсе яго вяршыні належаць гэтай крывой, і акрэсленым,

калі ўсе яго стораны — датычныя прамыя да яе; крывая адпаведна наз. акрэсленай ці ўмежанай. У трохвугольнік можна ўмежыць, а вакол яго акрэсліць адзіную акружнасць; цэнтр акрэсленай акружнасці супадае з пунктам перасячэння перпендыкуляраў да старон трохвугольніка, праведзеных праз іх сярэдзіны, а цэнтр умежанай — з пунктам перасячэння бісектрыс трохвугольніка. Для чатырохвугольніка ўмежаная (акрэсленая) акружнасць існуе, калі выконваецца ўмова: AB+CD=AD+BC (α+β=180°). Такія фігуры разглядаюць і ў прасторы. Гл. таксама Паскаля тэарэма.

А.​А.​Гусак.

Да арт. Умежаныя і акрэсленыя фігуры: 1 — трапецыя, умежаная ў парабалу; 2 — чатырохвугольнік, акрэслены вакол акружнасці; 3 — паралелепіпед, умежаны ў сферу; 4 — сфера, умежаная ў конус.

т. 16, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІТА́РНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

форма тэрытарыяльнай будовы дзяржавы, пры якой яе тэрыторыя падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі — вобласці, раёны, акругі. Ад федэрацыі адрозніваецца адсутнасцю федэратыўных адзінак — штатаў, зямель. У складзе У.дз. могуць быць асобныя аўт. нац.-дзярж. ўтварэнні, якія маюць атрыбуты ўласнай дзяржаўнасці (напр., у складзе унітарнай Украіны знаходзіцца Рэспубліка Крым). Ва У.дз. адна канстытуцыя, адно грамадзянства, адна сістэма органаў дзярж. улады. Адм.-тэр. адзінкі кіруюцца законамі, што прымаюцца цэнтр. органамі; іх тэрыторыя можа быць зменена агульнадзярж. законам без згоды мясц. органаў і мясц. насельніцтва. Існуюць У.дз. дэцэнтралізаваныя (рэгіянальныя органы фарміруюцца незалежна ад цэнтр. органаў, узаемаадносіны паміж імі будуюцца на пачатках дэцэнтралізацыі; Вялікабрытанія, Новая Зеландыя, Іспанія, Італія, Японія) і цэнтралізаваныя (падначаленне рэгіянальных органаў цэнтру ажыццяўляецца праз службовых асоб, якія назначаюцца цэнтр. уладай; Беларусь, Казахстан, Узбекістан).

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЎНЕ́ННІ МАТЭМАТЫ́ЧНАЙ ФІ́ЗІКІ,

дыферэнцыяльныя, інтэгральныя і інш. ўраўненні, што апісваюць матэм. мадэлі фіз. з’яў; састаўная частка матэматычнай фізікі. Найб. важныя з іх Лапласа ўраўненне; хвалевае ўраўненне; цеплаправоднасці ўраўненне.

Многія з’явы фізікі і механікі (гідра- і газадынамікі, пругкасці. электрадынамікі, оптыкі, тэорыі пераносу, фізікі плазмы, квантавай фізікі, тэорыі гравітацыі і інш.) апісваюцца краявымі задачамі для дыферэнцыяльных ураўненняў. Для поўнага апісання эвалюцыі фіз. працэсаў задаюцца таксама краявыя ўмовы: карціна працэсу ў пэўны момант часу (пачатковыя ўмовы), а таксама рэжым на мяжы асяроддзя, дзе працякае зададзены працэс (гранічныя ўмовы). Краявая задача з зададзенымі пачатковымі і гранічнымі ўмовамі наз. змешанай задачай, толькі з пачатковымі ўмовамі — Кашы задачай, толькі з гранічнымі — гранічнай задачай. Краявыя задачы, што апісваюць рэальныя фіз. працэсы, могуць быць надзвычай складанымі, напр., уключаць сістэмы ўраўненняў вышэйшых парадкаў, нелінейныя ўраўненні і інш.

С.​І.​Гайдук.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМІ́Н Сяргей Уладзіміравіч (29.4.1906, в. Пепелеўка Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.12.1941),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1925), БДУ (1930). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам Горацкай с.г. акадэміі (1930—34). 4.1.1935 рэпрэсіраваны. Прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Комі АССР. Паўторна арыштаваны ў 1941. Расстраляны. Друкаваўся з 1924. Вершы змяшчаў у час. «Маладняк», «Полымя», «Малады араты», «Маладняк Барысаўшчыны», «Беларусь калгасная» і інш., у газетах. У іх шчырая любоў да Беларусі, услаўленне новых з’яў рэчаіснасці, тэмы сяброўства, дружбы, кахання, роднай гісторыі. Захапляўся творчасцю С.​Ясеніна. Аўтар паэм «Балота» (1927), «За новыя дні» (1929). На бел. мову перакладаў творы У.​Сасюры.

Тв.:

Дымнае жыта: Вершы. Паэмы. Пераклады. Мн., 1991.

Літ.:

Скрыган Я. Сергей Фомин и еще некто // Нёман. 1981. №12.

І.​У.​Саламевіч.

С.У.Фамін.

т. 16, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́РБЫ,

аднародныя суспензіі мінер. або арган. пігментаў ці іх сумесей з напаўняльнікамі ў сувязных — плёнкаўтваральных рэчывах; від лакафарбавых матэрыялаў. Многія Ф. маюць таксама растваральнікі, сікатывы, пластыфікатары, стабілізатары і інш. Пасля высыхання Ф. ўтвараюць трывалыя непразрыстыя пакрыцці (гл. Лакафарбавыя пакрыцці).

Паводле віду сувязнага адрозніваюць алейныя фарбы (сувязнае — пакосты), эмалевыя фарбы (лакі), сілікатныя фарбы (вадкае шкло), клеявыя фарбы (водныя растворы расл. і жывёльных кляёў), эмульсійныя фарбы (водныя эмульсіі высыхальных алеяў або алкідных смол, водныя дысперсіі сінт. палімераў). Асобны від Ф. — парашковыя фарбы (аэрадысперсіі). Падзяляюць таксама паводле галін выкарыстання, напр., Ф. аўтамаб., буд., паліграф., маст. (гл. Фарбы мастацкія). Выкарыстоўваюць для ахоўнай і дэкаратыўнай афарбоўкі металу, дрэва, бетону, пластмас і інш. матэрыялаў, а таксама Ф. спец. прызначэння — люмінесцэнтныя, тэрмаадчувальныя, антыкаразійныя і інш. Гл. таксама Лакафарбавая прамысловасць.

А.​І.​Валожын.

т. 16, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЦЭ́ЦЫЯ (ад лац. facetia жарт, досціп),

кароткае апавяданне, блізкае да анекдота, пра смешны і павучальны выпадак з жыцця; від апавядальнай гарадской л-ры эпохі Адраджэння. Вызначаецца займальнасцю сюжэта, распрацоўкай сямейнай тэмы, выкрыццём сац. і агульначалавечых заганаў і г.д.

Узнікла ў зах.-еўрап. л-ры ў 12—13 ст. Заснавальнікам лічыцца італьянец Поджа Брачаліні (15 ст.), яго зб. «Фацэцыі» на лац. мове выклікаў шматлікія перайманні. У сярэдневяковай л-ры Ф. змяшчалі ў зб-ках побач з інш. навеламі («Гісторыя пра сем мудрацоў», «Вялікае зярцала», «Рымскія дзяянні»). Праз іх трапілі на Беларусь.

Ф. выкарыстоўвалі ў сваіх творах М.​Рэй, Я.​Каханоўскі, У.​Сыракомля. Традыцыі Ф. прасочваюцца ў бел. л-ры 20 ст. (зб. «Здубавецця» Р.​Барадуліна, 1996; «Анталогія беларускага народнага анекдота і жарта», 2001).

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРЫМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,

рэзкае павелічэнне паглынання энергіі эл.магн. поля ферымагнетыкам пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.

Наяўнасць у ферымагнетыках некалькіх магн. падрашотак (гл. Ферымагнетызм) прыводзіць да існавання некалькіх галін Ф.р. Кожная галіна адпавядае пэўнаму тыпу рэзанансных ваганняў вектараў намагнічанасці падрашотак адносна адзін аднаго і адносна вектара напружанасці знешняга магн. поля. Пры Ф.р. ў нізкачастотнай вобласці антыпаралельнасць вектараў намагнічанасці падрашотак захоўваецца; гэты від Ф.р. падобны да ферамагнітнага рэзанансу. Высокачастотныя галіны Ф.р. адпавядаюць такім відам прэцэсіі вектараў намагнічанасці падрашотак, пры якіх іх антыпаралельнасць парушаецца. Ф.р. у ферымагнетыках з некалінеярнымі вектарамі намагнічанасці падрашотак, а таксама паблізу пунктаў кампенсацыі больш складаны. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы ЗВЧ для стварэння прылад, якія пераналаджваюцца магн. полем.

Літ.:

Гуревич А.Г. Магнитный резонанс в ферритах и антиферромагнетиках М., 1973.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАГЕНЕ́З (ад грэч. phylē племя, род, від + ...генез), філагенія,

працэс гіст. развіцця асобных відаў, сістэм. груп жывой прыроды, усяго арган. свету. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866). Працэс Ф. і яго заканамернасці вывучае філагенетыка.

Асн. задача Ф. — рэканструкцыя эвалюц. ператварэнняў жывёл, раслін, мікраарганізмаў, выяўленне іх паходжання і роднасных сувязей паміж таксонамі. Гекель прапанаваў метад «трайнога паралелізму», што дазваляе шляхам супастаўлення даных палеанталогіі, параўнальнай анатоміі і эмбрыялогіі аднавіць ход гіст. развіцця сістэм. групы, якая вывучаецца. У філагенетыцы выкарыстоўваюцца даныя біягеаграфіі, біяхіміі, генетыкі, малекулярнай біялогіі, паразіталогіі, фізіялогіі, эталогіі. Графічная выява Ф. — радаслоўнае дрэва жыцця. Гал. законы Ф.: адаптацыі, монафіліі, карэляцыі, біягенетычны закон, дыферэнцыяцыі і інтэграцыі, неабарачальнасці эвалюцыі. Гл. таксама Эвалюцыйнае вучэнне.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;

Рауп Д., Стэнли С. Основы палеонтологии: Пер. с англ. М., 1974.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАТАВО́ДЗЕЦ,

ваенна-марскі дзеяч, военачальнік, які паспяхова ажыццяўляе кіраўніцтва ВМФ (ВМС) дзяржавы або іх значнай часткай (звычайна флотам) у час вайны. Валодае якасцямі палкаводца, а таксама майстэрствам падрыхтоўкі і кіраўніцтва сіламі флоту пры вырашэнні стратэг. або аператыўна-стратэг. задач.

У часы грабнога флоту як Ф. праславіліся Фемістокл і Перыкл (Стараж. Грэцыя), Дуілій (Стараж. Рым). У эпоху паруснага флоту прызнанымі Ф. былі Лі Сунсін (Карэя), М.​Ройтэр (Галандыя), Ф.Дрэйк і Г.Нельсан (Вялікабрытанія), Ф.Ф.Ушакоў і П.С.Нахімаў (Расія) і інш. Сярод Ф. эпохі паравога флоту С.В.Макараў (Расія), Х.​Тога (Японія) і інш. Важкі ўклад у развіццё ваен.-марскога майстэрства ў гады 2-й сусв. вайны зрабілі сав. Ф. С.Г.Гаршкоў, І.С.Ісакаў, М.Г.Кузняцоў, В.П.Дрозд і інш., а таксама Ф. і палкаводцы саюзнікаў Д.Макартур, Ч.​Німіц (ЗША), Д.​Тові (Вялікабрытанія) і інш.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)