СКАРЫ́НКІН Уладзімір Максімавіч (н. 7.6.1939, г. Віцебск),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Рыжскі ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1961). З 1961 працаваў у Мінскім аэрапорце, з 1970 у Бел. упраўленні грамадз. авіяцыі, у 1982—87 і 1992—99 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1955. Першы зб. вершаў «Буслы над аэрадромам» (1969). Аўтар вянка санетаў «Вачэй тваіх паляны» (1980), паэм «Дарога ў неба» (1970), «Насустрач веку» (1971), «Сляпы дождж» (1974), «Высокае сонца» (1976), «Узнясенне» (1983), «Астральны знак Скарыны» (1986). Асн. тэмы яго твораў — маленства, апаленае вайной, любоў да роднай зямлі, яе гісторыі, роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, пытанні духоўнасці. Піша для дзяцей (кнігі вершаў, скорагаворак і казак «Канікулярная ангіна», 1991; «Падарожжа ў Крайшарад», 1997; фантаст.-прыгодніцкія апавяданні «У карэце па белым свеце», 2000). На бел. мову пераклаў зб-кі вершаў М.Рубцова «Рускі агеньчык» (1986), М.Вінграноўскага «Украінскі прэлюд» (1999), паэму Дантэ «Боская камедыя» (1997, Нац. прэмія Італіі 1998; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 2000), паэму Дж.Байрана «Прароцтва Дантэ».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯНІ́ЗМ, стараславянізм, царкоўнаславянізм,
1) слова, запазычанае са стараславянскай мовы або царкоўнаславянскай мовы. Вызначаецца кніжна-пісьмовай ці ўзвышанай стылістычнай афарбоўкай.
С. пранікалі ў старажытнарускую мову, калі стараслав. мова ці яе звод (варыянты) шырока выкарыстоўваліся на Русі. Шмат С. у старабеларускай мове («блаженства», «бранити», «отвещати»). Фанетычныя прыкметы С.: няпоўнагалоссе (спалучэнні «ра», «ла», «рэ», «ле» паміж зычнымі, якія суадносяцца з усх.-слав. поўнагалоснымі «оро», «оло», «ере», «еле» ў адпаведных каранях: «храбры» — «харобры»; спалучэнні «жд», «шч» у адпаведнасці з усх.-слав. «ж» («дж»), «ч» («отвещати» — «отвечати»).
У сучаснай бел. мове (у адрозненне ад рус. і ўкр. моў) колькасць С. вельмі абмежаваная, а іх стылістычная афарбоўка нейтралізавалася («благаславіць», «уваскрасаць», «храм», «шлем»). У асобных маст. творах сустракаюцца стылістычна афарбаваныя аказіяналізмы («брація», «падзвіжнік» у Я.Коласа). Да С. набліжаецца кніжная фразеалогія царкоўнаслав. паходжання, якая ўжываецца пераважна ў публіцыстыцы («святая святых», «плоць ад плоці»), У гутарковай мове стылістычна афарбаваныя С. могуць мець іранічнае адценне. Катэгорыя С. для сучаснай літ.бел. мовы мала характэрная.
2) Слова, запазычанае неслав. мовай з якой-н. слав. мовы. Напр., фінскае kuontalo з усх.-слав. *kodelь, рум. bob з паўд.-слав.* bоbъ.
Літ.:
Шахматов А.А. Очерк современного русского литературного языка. 4 изд. М., 1941. С. 70—90;
Замкова В.В. Славянизм как стилистическая категория в русском литературном языке XVIII в. Л., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, ротавыя залозы,
экзакрынныя залозы, якія адкрываюцца ў ротавую поласць і выпрацоўваюць сліну. У млекакормячых і чалавека акрамя шматлікіх дробных залоз, размешчаных у слізістай абалонцы, у ротавую поласць адкрываюцца пратокі 3 пар буйных С.з. (калявушная, падсківічная і пад’язычная). За суткі чалавек выдзяляе 1,5—2 л сліны, буйныя с.-г. жывёлы — 40—120. л. Сліна мае ў сабе да 99,5% вады, арган. і неарган. злучэнні, аказвае бактэрыцыднае ўздзеянне. Асн.яе функцыя — змочванне ежы для аблягчэння працэсаў жавання і праходжання праз стрававальны канал. Кансістэнцыя і хім. састаў ежы, асаблівасці жыццядзейнасці вызначаюць састаў сліны і характар слінавыдзялення. Напр., сліна змей мае ядавітыя рэчывы і выкарыстоўваецца як сродак аховы і нападзення, сліна некат. птушак багатая на злучэнні, неабходныя пры пабудове гнязда, сліна жывёл-крывасмокаў (камары, кляшчы, п’яўкі) звычайна мае антыкаагулянты, якія прадухіляюць згусальнасць крыві. Слінавыдзяленне ўзнікае рэфлекторна пад уплывам безумоўных (напр., знаходжанне ежы ў ротавай поласці) і ўмоўных (напр., надыход часу прыёму ежы) раздражняльнікаў; у чалавека ўмоўным раздражняльнікам можа быць і слова. На сакрэцыю сліны ўплываюць таксама гармоны гіпофіза, падстраўнікавай, шчытападобнай і палавых залоз. С.з. здольныя выконваць эндакрынныя функцыі (напр., у падсківічнай залозе грызуноў знойдзены фактар росту нерваў, які рэгулюе развіццё сімпатычнай нерв. сістэмы ў арганізме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1440,
выступленне жыхароў Смаленска супраць улады ВКЛ і за аднаўленне самастойнага Смаленскага княства. Пачалося вясной 1440, калі смаленскі ваявода А.Саковіч пачаў прыводзіць смалян да прысягі на вернасць новаму вял.кн.ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку. У горадзе актывізавалася групоўка баяр і «чорных людзей», якая абапіралася на падтрымку ўшчэмленых у паліт. правах правасл. феадалаў усх. рэгіёнаў ВКЛ Карыстаючыся тым, што значная частка па-пралітоўску настроеных баяр выехала ў Вільню на выбранне новага вял. князя, частка жыхароў горада ўзняла паўстанне. Пасля перамогі над паўстанцамі Саковіч выехаў з горада, але смаляне не скарыліся і запрасілі да сябе ваяводам дарагабужскага кн. Андрэя Дзмітрыевіча, а потым «к собе оспадарем» мсціслаўскага кн. Юрыя Лугвенавіча (гл. ў арт.Мсціслаўскія). Ен вырашыў не падначальвацца Казіміру, арыштаваў у Смаленску баяр, што ездзілі да Казіміра, канфіскаваў іх маёмасць і раздаў яе сваім прыхільнікам. Як і ў 1432 (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), ВКЛ зноў апынулася на мяжы расколу на 2 дзяржавы. Казімір вырашыў задушыць мяцеж. Але пасланыя ім войскі прастаялі пад Смаленскам 3 тыдні, не наважыліся на штурм і вярнуліся назад. У ліст. 1440 сам Казімір з войскам пайшоў на Смаленск. Юрый, не маючы дастаткова сіл, уцёк у Маскву, а адтуль у Вял. Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКІ КРЭМЛЬ,
помнік абарончага дойлідства 16—17 ст. у г. Смаленск (Расія). Размешчаны ў старой ч. горада на Саборнай гары. Меў стратэг. значэнне на зах. рубяжах Расіі. Крапасныя сцены С.к. (1596—1602, дойлід Ф.Конь) — адно з найбуйнейшых рас.ваен.-абарончых збудаванняў (даўж. каля 6,5 км, выш. каля 10—12 м, таўшч. да 6 м), завершаны каменнымі баявымі і глухімі зубцамі, мелі 38 прамавугольных, шматгранных і круглых вежаў (захаваліся часткова). Крэпасць была абсталявана байніцамі для шмат’яруснай сістэмы агню; у спалучэнні з рэльефам мясцовасці з’яўлялася магутным заслонам для непрыяцеля. У яе афармленні выкарыстаны разнастайныя прыёмы, якія ствараюць непаўторны арх. ансамбль. Звонку сцены былі пабелены, на асобных участках пафарбаваны пад цэглу, з тыльнага боку — вял. арачныя нішы. У сярэдзіне паўн. і паўд. сцен Дняпроўская (Фролаўская) і Молахаўская гал. брамы. На тэр. крамля ўзведзены барочны 5-купальны Успенскі сабор (1677—79, арх. А.Каралькоў, перабудаваны ў 1732—40 арх. А.Шэдэлем; драўляны іканастас 1730—40, маст. С.Трусіцкі і інш.) са званіцай (1767—72), белакаменнай саборнай лесвіцай (1766—67, перабудавана ў 1784 арх. М.Сляпнёвым) і агароджай (1767), надбрамны Богаяўленскі сабор (1784, арх. Сляпнёў), будынак кансісторыі (1790, класіцызм). Абарончыя збудаванні С.к. ў стане рэстаўрацыі. Іл.гл. таксама да арт.Смаленск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПО́ВЕДЗЬ, пакаянне,
адно з 7 хрысціянскіх таінстваў, якое заключаецца ў прызнанні вернікам сваіх грахоў перад святаром, які дазвольнымі (магічнымі) словамі ад імя Ісуса Хрыста адпускае грахі хрысціяніну, што шчыра пакаяўся. У 2—3 ст. у хрысц. абшчынах склалася дэталёвая рэгламентацыя пакаяння за розныя катэгорыі праграшэнняў (смяротныя, прабачальныя) перад абшчынай (публічная С.). Звычай публічнай С. існаваў да 7 ст., пазней пачала пераважаць індывід. тайная С. перад святаром. Формула абавязковай тайнай С., прадпісаная IV Латэранскім саборам (1215) і зацверджаная Трыдэнцкім саборам (1545—63), прадугледжвала неабходнасць пакаяння для ўсіх католікаў «разумнага ўзросту» не радзей як адзін раз на год. У рус. праваслаўі тайная С. узаконена ў 17 ст. Захаванне тайны С. ўстанаўлялася ў якасці абавязковага патрабавання дэкрэтамі пап Клімента VIII і Інакенція XI, аднак некаторыя тэолагі абгрунтоўвалі магчымасць яе парушэнняў у надзвычайных выпадках. У Расіі ў 1722 царскі ўказ абавязваў святароў даносіць пра выяўленыя на С. замахі супраць дзярж. і царк. улад. С. звязана з гал.хрысц. таінствам — прычасцем (еўхарыстыяй), якому яна, як правіла, папярэднічае. Сярэдневяковыя ератычныя рухі і пратэстанты рашуча адвяргалі права святароў адпускаць грахі на С., назначаць адкупныя пакаранні, выдаваць індульгенцыі. Пратэстантызм захаваў С. толькі як традыц.царк. абрад, які выяўляе пакаянне і шкадаванне хрысціяніна пра ўчыненыя ім грахі, пазбавіўшы яго характару таінства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАШЭ́ЎСКІ Аляксандр Восіпавіч (Сташэўскі-Стасевіч; 24.3.1889, в. Думічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.12.1938),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Мінскі Бел.пед.ін-т (1920). У 1911—14 выкладаў у Рэчыцкім прыходскім вучылішчы. З 1916 у рас. арміі. З 1918 удзельнік бел.нац. руху, чл. арг-цыі «Маладая Беларусь». Удзельнік антыпольскага падп. і партыз. руху на Міншчыне, у студз. 1920 адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай камуністычнай арганізацыі, чл.яеЦК. У жн. 1920 кааптаваны ў склад КП(б)Б. У 1921 абраны сакратаром ЦВК і СНКБССР. З 1924 старшыня Полацкага акр. выканкома, спрыяў правядзенню палітыкі беларусізацыі. З 1926 нарком унутр. спраў БССР, з 1928 нарком юстыцыі і пракурор БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—31 і яго Прэзідыума ў 1921—24 і 1927—31. Чл.Рэвіз. камісіі КП(б)Б у 1924—25, чл.ЦКККП(б)Б у 1929—31. 28.1.1931 абвінавачаны ва ўдзеле ў «антыпартыйнай групе Ігнатоўскага—Жылуновіча», зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкома, 18.2.1931 выведзены са складу ЦКККП(б)Б. З восені 1931 заг. рабфака БДУ, са снеж. 1931 дырэктар Гомельскага с.-г.пед. ін-та. 27.4.1937 арыштаваны, 29.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЦВЯРДЖА́ЛЬНІКІ НО́ВАГА МАСТА́ЦТВА»
(«Утвердители нового искусства», УНОВИС),
суполка мастакоў-наватараў, утвораная 14.2.1920 у Віцебскай маст. школе пад кіраўніцтвам К.Малевіча і Л.Лісіцкага. У яе ўваходзілі педагогі і навучэнцы В.Ермалаева, М.Коган, І.Чашнік, М.Суэцін, Л.Хідэкель. Сваёй праграмай творчай дзейнасці ставілі радыкальную перамену свету рэчаў па прынцыпах супрэматызму. Праграма суполкі абгрунтавана ў маніфесце, надрукаваным у газ. «Известия Витебского губернского Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов» (17.3.1920). Філіялы УНОВИС былі арганізаваны ў Смаленску, Маскве, Самары, Саратаве, Адэсе і інш. У Віцебску была пастаўлена футурыстычная опера «Перамога над сонцам» (1920), праводзілася супрэматычнае афармленне горада да свят, канферэнцый, сходаў, выконваліся рэкламнае афармленне трамваяў, шматлікія праекты прыкладной графікі, сцэнаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктурных праектаў, літаграфскім спосабам выдаваліся тэарэт. матэрыялы. У 1922 Малевіч з найб. актыўнымі членамі суполкі ад’ехалі ў Петраград, і суполка распалася. Асобныя палажэнні праграмы выкладзены у «Супрэматысцкім маніфесце Уновіса» (1924, Ленінград). Прынцыпы УНОВИС паўплывалі на кніжную і прыкладную графіку, афармленне выставак на Беларусі; на першых Усебел. выстаўках дэманстраваліся творы супрэматычнага кірунку. З 1994 перыядычна праводзіцца міжнар. пленэр «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць».
Літ.:
Великая утопия: Рус. и сов. авангард, 1915—1932: [Каталог]. Берн. М., 1993;
Наливайко Л.Д. К истории художественной жизни Витебска (1918—1922 гг.). Витебск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕ́ЙНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэматычнае мэтанакіраванае ўздзеянне на дзіця дарослых членаў сям’і і сямейнага ладу жыцця. Гал. задача С.в. — падрыхтоўка дзіцяці да жыцця ў пэўных сац. умовах. С.в. звычайна будуецца на аснове ідэалогіі, маралі і сістэмы ўзаемаадносін таго сац. пласта, да якога належыць сям’я. Фарміраванне асобы дзіцяці адбываецца ў выніку непасрэднага ўплыву аб’ектыўных умоў яго жыцця ў сям’і (сямейных адносін, структуры сям’і і колькасці яе членаў, прыкладу бацькоў і інш.) і ўздзеяння мэтанакіраванага выхавання дарослымі. Свядомая выхаваўчая дзейнасць дарослых становіцца эфектыўнай, калі праводзіцца не адасоблена ад рэальнага жыцця бацькоў, а пацвярджаецца ім. На С.в. істотна ўплывае духоўная культура бацькоў, іх вопыт сац.зносін, сямейныя традыцыі. Асобая роля належыць пед. культуры бацькоў, якая дае магчымасць звузіць элемент стыхійнасці, які найбольш уласцівы С.в. Маральнае ўздзеянне сям’і як выхаваўчага ін-та чалавек адчувае на працягу ўсяго жыцця. Аднак уплыў С.в. на розных этапах развіцця дзіцяці неаднолькавы. З паступленнем дзіцяці ў навуч. ўстановы сям’я пачынае падзяляць сваю выхаваўчую функцыю з інш.сац. ін-тамі; чым мацнейшая ўзаемасувязь і пераемнасць паміж С.в. і выхаваннем грамадскім, тым больш значны вынік выхавання як адзінага мэтанакіраванага працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУСЕ́ВІЧ Станіслаў Станіслававіч (псеўд.Залеўскі Казімір; 1870, в. Вераскава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 25.8.1918),
дзеяч рэв. руху на Беларусі, у Польшчы і Літве, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскім вет. ін-це (у 1889 выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях). У 1891—92 вёў прапаганду сярод настаўнікаў і сялян Навагрудскага, Лідскага, Слуцкага пав. Сасланы пад нагляд паліцыі ў Мінск, дзе ў 1894 пад яго кіраўніцтвам створана Мінская с.-д.арг-цыя. Адзін з заснавальнікаў Рабочага саюза Літвы, Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы, у 1900—01 чл.яеГал. праўлення. За рэв. дзейнасць неаднойчы арыштаваны і сасланы. З 1906 у эміграцыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. У 1917—18 заг. аддзела газ. «Известия ВЦИК», рэдактар час. «Вестник жизни». Друкаваўся ў «Правде». У зб. «Грамадскі рух у Расіі ў пачатку XX ст.» (кн. 7, т. 4, ч. 2, 1911) змясціў арт. «Нацыянальны рух», у якім прыводзіў звесткі па гісторыі бел. культуры, мовы і л-ры, вітаў творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Коласа, Я.Купалы. Аўтар брашуры «Мастацтва і пралетарыят» (1918), артыкулаў, у якіх з марксісцкіх пазіцый асвятляў ролю інтэлігенцыі ў развіцці пралет. руху. Пісаў пра творчасць паэта Э.Верхарна, скульптара К.Э.Менье, жывапісца Рафаэля і інш.