РО́ЗАНАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (29.9.1894, Масква — 9.1.1957),
рускі пісьменнік, рэжысёр, педагог. Займаўся тэорыяй і практыкай маст. выхавання дзяцей (кн. «Тэатр для дзяцей», 1925, з Н.Сац, і інш.). Аўтар п’ес «Будзь гатоў» (паст. 1924), «Негрыцяня і малпа» (паст. 1927, з Сац), аповесцей «Прыгоды Траўкі» (1928), «Неспакойны характар» і «Ізумрудныя берагі» (1942) і інш. У 1928—30 маст. кіраўнік БДТ-2 і педагог студыі пры т-ры. Зрабіў значны ўплыў на развіццё т-ра ў перыяд яго станаўлення, паставіў спектаклі: «Разлом» Б.Лаўранёва (1928), «Рэйкі гудуць» (1929, з Саннікавым), «Горад вятроў» (1930, з М.Міцкевічам), «Цудоўны сплаў» (1934) У.Кіршона, а таксама «Авангард» В.Катаева (1930, з Саннікавым), «Гонар» А.Траецкага і Р. (1934); у БДТ-3 — «Рыкашэт» У.Галубка (1935).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя, медыцынскія, кармавыя і тэхнічныя прадукты перапрацоўкі рыбы. Найб. важны харч. прадукт — мяса рыб (складае 35—69% ад масы рыбы), якое мае шмат паўнацэнных бялкоў (16—20%), поліненасычаных тлушчаў, вітамінаў E і групы B, мінер. рэчываў. У залежнасці ад колькасці тлушчаў у мясе рыба падзяляецца на катэгорыі: посная (тлушчаў да 2%), сярэдняй тлустасці (2—5%), тлустая (больш за 5%). Асн. віды прамысл. перапрацоўкі — замарожванне, вэнджанне, вяленне і кансерваванне. Да харч.Р.п. належаць таксама ганады (ікра, малокі), печань. Сыравіна для атрымання мед.Р.п. (тлушчы, вітамінныя прэпараты) — печань рыб сям. трасковых і інш. Кармавыя і тэхн.Р.п. (рыбная мука, рыбны клей, гуанін, жамчужны пат) атрымліваюць з адходаў перапрацоўкі рыбы (галовы, плаўнікі, луска, вантробы) і малакаштоўнай рыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВЕРБЕРА́ЦЫЯ (позналац. reverberatio адбіццё ад лац. reverbere адкідваю),
з’ява паступовага затухання гуку ў закрытых памяшканнях пасля спынення дзеяння крыніцы гуку. Р. наз.таксама паслягучанне, якое назіраецца на моры ў выніку адбіцця і рассеяння зыходнага гуку ад дна (донная Р.), усхваляванай паверхні (паверхневая Р.) і неаднароднасцей воднага асяроддзя, рыб і інш. (аб’ёмная Р.).
Абумоўлена прыходам у дадзены пункт адбітых (рэха) і рассеяных гукавых хваль Працягласць Р. — час, за які інтэнсіўнасць гуку змяншаецца ў 106 разоў, а яго ўзровень — на 60 дБ. Р. ўплывае на чутнасць і разборлівасць мовы і музыкі ў памяшканнях: празмерная Р. вядзе да непрыемнай гучнасці гуку, недастатковая — да рэзка перарывістага ці глухога гучання. З’ява Р. вывучаецца ў акустыцы архітэктурнай, улічваецца пры буд-ве памяшканняў з павышанымі акустычнымі якасцямі (тэатры, канцэртныя залы, храмы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖА, тэхнічны вуглярод,
высокадысперсны прадукт няпоўнага згарання або тэрмічнага раскладання вуглевадародаў прыроднага і прамысл. газаў, а таксама нафтавага і кам.-вуг. масел.
Парашок чорнага колеру з сярэднім дыяметрам часцінак 10—50 нм, шчыльн. 1760—1950 кг/м³. Асн. кампанент — вуглярод (не менш за 90%). Атрымліваюць спальваннем прыроднага газу або яго сумесей з нафтавым маслам у спец. печах (пячныя С.) і камерах (канальныя, ці дыфузійныя С.), тэрмічным раскладаннем прыроднага газу ў генератарах без доступу паветра (тэрмічная С). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік гумы (больш за 80% вырабляемай С.) і пластмас, пігмент для друкарскіх фарбаў, капіравальнай паперы і інш., у вытв-сці некаторых сплаваў, спец. гатункаў паперы, гальванічных элементаў і інш.
Літ.:
Зуев В.П., Михайлов В.В. Производство сажи. 3 изд. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КА ((Sacco) Джузепе) (Юзаф; 1735, г. Верона, Італія — 22.12.1798),
архітэктар, прадстаўнік архітэктуры барока і класіцызму. Працаваў на Беларусі. З 1773 у Гродне, прыдворны архітэктар графа А.Тызенгаўза (1774), гал. архітэктар па буд-ве каралеўскіх мануфактур ВКЛ. Кіраваў буд. школай на Гарадніцы ў Гродне. У Гродне пабудаваў Аўгустоўскую сядзібу (1770-я г.), удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў і рэканструкцыі Гродзенскага палаца Тызенгаўза (з арх. Ю.Мёзерам), Гродзенскага Новага замка, езуіцкага касцёла (1773), ратушы (1775, з арх. Фрэйліхам). Сярод інш. пабудоў: Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, палац Станіславоўскай сядзібы, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс (з арх. К.Спампані). Працаваў таксама ў г. Паставы Віцебскай вобл. (1770-я г.), вёсках Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. (1776), Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1781). Стварыў праект ратушы ў Вільні (1784, не ажыццёўлены).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́ЦКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў у Белым м., пры ўваходзе ў Анежскую губу, у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 347 км². Складзены з 6 а-воў: Салавецкі, Анзерскі, Вял. і Мал. Муксалма, Вял. і Мал. Заяцкія. Берагавыя лініі моцна зрэзаныя. Складзены з гранітаў, гнейсаў. Рэльеф узгорысты, выш. да 107 м (г. Галгофа на в-ве Анзерскі). Каля 500 азёр, частка якіх злучана каналамі. Хваёвыя лясы, часткова забалочаныя. На Салавецкім в-ве размешчаны ансамбль Салавецкага манастыра (засн. ў 15 ст.). Каля яго, а таксама на інш. астравах размешчаны былыя скіты, культавыя, жылыя і гасп. пабудовы 16—19 ст. У 1923—39 на С.а. размяшчаліся Салавецкія лагеры асобага прызначэння (у 1937 перайменаваны ў Салавецкую турму асобага прызначэння). Гіст.-культ. і прыродны ансамбль С.а. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДКАЯ ГАРЭ́ЛКА,
у беларусаў і некат. інш. народаў вясельнае абрадавае пітво, якім частавалі сваякоў і бацькоў маладой за захаванне ёй цнатлівасці, маральнай чысціні. Наз.таксама «чырвоная гарэлка», «калінкі», «рожкі». Пасля шлюбнай ночы малады з дружкамі ехалі з бутэлькай С.г. да бацькоў маладой «на падзяку». С.г. рыхтавалі з падсалоджанай мёдам або цукрам і падфарбаванай чырвонымі ягадамі гарэлкі. На Пн Беларусі і ў Латгаліі С.г. варылі адмысловым спосабам у гліняным гаршку з рознымі духмянымі каранямі, кменам, мёдам або цукрам на прыпечку. Бутэльку з С.г. затыкалі галінкамі каліны і сцяблінкамі аўса, абвязвалі каляровым поясам або чырв. стужкай і загортвалі ў вышыты ручнік. Цешча, атрымаўшы яе, частавала маладога яешняй, а сваіх родных — С.г. У некат. рэгіёнах С.г. бралі з сабой бацькі маладой, калі ехалі на пярэзвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАІНДУ́КЦЫЯ,
з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы індукцыі ў праводным контуры пры зменах сілы току ў ім; асобны выпадак электрамагнітнай індукцыі. Напрамак эрс С. вызначаецца Ленца правілам, г.зн. пры павелічэнні сілы току ў ланцугу эрс С. перашкаджае яго нарастанню, а пры змяншэнні сілы току — яго спаданню.
Эрс С. прапарцыянальная скорасці змены сілы току: ε = -Ldi/dt, дзе L — індуктыўнасць контуру. З С. вынікае, што пры далучэнні контуру да крыніцы пастаяннага току найб. значэнне сілы току ўстанаўліваецца праз некаторы час, а пры адключэнні — эрс, якая ўзнікла, можа ў шмат разоў перавысіць эрс крыніцы току. У ланцугах пераменнага току ў выніку С. сіла току ў ланцугу з індуктыўнасцю адстае па фазе ад напружання на канцах шпулі на π/2. З’ява С. важная ў электра- і радыётэхніцы. Гл.таксамаВагальны контур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НГХА (санскр.літар. грамадства),
будыйская абшчына, членамі якой з’яўляюцца манахі (біккху) ці манашкі (біккхуні; гл.Будызм). С. ўзніклі ў 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Індыі. Існуюць мужчынскія (найб. пашыраны) і жаночыя. Членам С. можа стаць кожная асоба па дасягненні 20-гадовага ўзросту незалежна ад расы, нацыянальнасці, касты, сац. становішча; выключэнне складаюць ваеннаслужачыя, даўжнікі, заразныя ці псіхічна хворыя. Тэрмін знаходжання ў С. вызначаецца асобай, якая жадае манастваваць (звычайна не менш як месяц). Манахі С. не з’яўляюцца свяшчэннаслужыцелямі; свой час прысвячаюць чытанню і літар. запамінанню свяшчэнных тэкстаў, вывучэнню санскрыту, медытацыі, размовам з вернікамі. Члены С. падпарадкоўваюцца адзіным правілам (Віная-пітакі), але кожнаму будыйскаму рэгіёну ўласцівы асаблівасці ў практыцы і ладзе жыцця С. Тэрмінам «С.» таксама абазначаюць усіх будыйскіх манахаў свету ці пэўнай будыйскай школы, краіны, манастыра, храма.