АМІРАБА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў эпохі позняй бронзы (9—8 ст. да н.э.), што жылі на тэр. Стараж. Харэзма (нізоўе р. Амудар’я). Назва ад стаянак у раёне канала Амірабад (Каракалпакія). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло на паселішчах з 15—20 прамавугольных паўзямлянак. Для іх керамікі характэрна плоскае дно і акруглая форма тулава. На паселішчы Яке-Парсан-2 знойдзены бронзавыя наканечнікі стрэл, сярпы і формы для іх адліўкі.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНАЯ ПА́РТЫЯ (АП),

палітычная партыя на Беларусі. Утворана ў 1992 як Аб’яднаная аграрна-дэмакр. партыя Беларусі, на II з’ездзе (28.1.1994) перайменавана ў АП. Выступае за рэфармаванне грамадства на прынцыпах дэмакр. сацыялізму, перабудову эканомікі на аснове прыватнай і дзярж. уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. і на зямлю. У сельскай гаспадарцы прызнае формы: вытв. кааператыў, акц. т-ва, калгас і саўгас, сялянская гаспадарка і малое прадпрыемства.

А.​А.​Дзмітрук.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРЫ́НА (італьян. ocarina літар. гусяня),

музычны інструмент класа аэрафонаў віду глабулярных флейтаў. Мае гліняны корпус авальнай формы, свістковае прыстасаванне, 8—10 ігравых адтулін. Створана ў 1860 італьян. майстрам Дж.​Данацы, хутка пашырылася ў краінах Еўропы, у т. л. на Беларусі (нар. назвы «карына», «конік»). У адпаведнасці з бел. традыцыяй набыла цыліндрычную форму. Вырабляецца найчасцей уручную, пакрываецца палівай. Выкарыстоўваецца пастухамі для ігры сола, музыкантамі-аматарамі для суправаджэння спеваў.

І.​Дз.​Назіна.

Акарыны.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІПРАЛІ́Н, 4-аксіпіралідзін-2-карбонавая кіслата,

гэтэрацыклічная амінакіслата. Упершыню выдзелены ням. хімікам-арганікам Э.​Фішэрам (1902). Мае 4 аптычна актыўныя формы: L-, D-, ала-L-, ала-D-А. Прыродны L-А. — спецыфічная састаўная ч. бялкоў жывёл (калагену і эластыну) і раслін. У жывых клетках L-А. утвараецца гідраксіліраваннем звязанага ў бялках праліну. Ала-L-А. выяўлены ў свабодным стане ў кветках сандалавага дрэва, уваходзіць у склад таксічных пептыдаў бледнай паганкі.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ прадпрыемстваў,

добраахвотнае аб’яднанне самастойных прадпрыемстваў дзеля сумеснага ажыццяўлення некаторых функцый гасп. дзейнасці і сац. развіцця на аснове аб’яднання сваіх сродкаў. Членамі асацыяцыі могуць быць прадпрыемствы розных формаў уласнасці. Яны захоўваюць гасп. самастойнасць, права юрыд. асобы і не мяняюць формы ўласнасці. Для кіравання асацыяцыяй ствараюцца выканаўчыя органы і апарат. Звычайна асацыяцыя не з’яўляецца вышэйстаячым органам да прадпрыемстваў-членаў, а выконвае тыя функцыі і паўнамоцтвы, якія ёй перадаюць гэтыя прадпрыемствы.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БІТУС, хабітус (ад лац. habitus выгляд),

вонкавы выгляд жывёльнага або расліннага арганізма, крышталя, мінералу. У чалавека і жывёл вызначаецца сукупнасцю вонкавых прыкмет, што характарызуюць целасклад, паставу, тэмперамент і канстытуцыю. У заатэхніі габітус с.-г. жывёл разглядаюць у сувязі з канстытуцыянальнымі асаблівасцямі і прадукцыйнасцю. У раслін габітус уваходзіць у характарыстыку жыццёвай формы (біяморфы). Габітус змяняецца на працягу антагенезу, залежыць ад узросту і ўмоў існавання; мае значэнне для прац па інтрадукцыі.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ІДНЫЯ (Hydrozoa),

клас беспазваночных тыпу жыгучых. 2 падкласы, каля 2800 відаў. Пераважна марскія жывёлы, існуюць таксама прэснаводныя формы (каля 20 відаў). На Беларусі з гідроідных трапляюцца гідры. Выкапнёвыя існавалі ў ардовіку — дэвоне.

Цела цыліндрычнае, з 2 слаёў клетак. У большасці гідроідных чаргуюцца бясполае пакаленне (сядзячы паліп) і палавое (плаваючая медуза). У некат. гіброідных паліпы пры пачкаванні ўтвараюць вял. калоніі. Палавыя пакаленні (медузы) раздзельнаполыя, свабодна плаваюць у вадзе. Драпежнікі, жывяцца дробнымі жывёламі.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫБ,

хвалі на паверхні акіянаў і мораў, якія ўтвараюцца з ветравых хваль пасля поўнага спынення ветру ці ў выніку выхаду апошніх з раёна іх узнікнення ў вобласць, дзе ветру няма. Хвалі З. звычайна даўжэйшыя за ветравыя (даўж. да 300—400 м, выш. да 10—15 м, перыяд да 17—20 с) і больш рэгулярныя (правільныя). З. пры бязветранасці з хвалямі правільнай формы і малой стромкасці называюць мёртвым З.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРВО́ТА, ванітаванне,

мімавольнае выкідванне змесціва са стрававальнага тракту, пераважна са страўніка, праз рот. У фізіял. адносінах — ахоўная рэакцыя, якая ўзнікае пры раздражненні рэцэптараў кораня языка, глоткі, слізістай абалонкі страўніка, кішэчніка, брушыны, вестыбулярнага апарату. Можа быць абумоўлена нюхальнымі і смакавымі раздражненнямі, якія выклікаюць гадлівасць. Паталаг. формы І. звязаны з захворваннямі органаў стрававання, галаўнога мозга ці яго абалонак, як праяўленне істэрыі. Неўтаймаваная І. назіраецца пры цяжкіх інфекцыях, атручэннях, таксікозе цяжарнасці.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫЛЮ́К (Лідзія Уладзіміраўна) (н. 25.9.1926, г. Гродна),

бел. педагог. Канд. пед. н. (1969), праф. (1991). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1952). З 1955 у Гродзенскім ун-це (у 1971—82 прарэктар, заг. кафедры, у 1982—91 дэкан). Даследуе тэарэт. праблемы геаметрыі, формы і метады арг-цыі прафес.-пед. падрыхтоўкі настаўнікаў матэматыкі.

Тв.:

Аффинные преобразования. Гродно, 1992 (у сааўт.);

Аналітычная геаметрыя: Дапаможнік для студэнтаў. Ч. 1—2. Гродна, 1998.

т. 8, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)