ВІР, водаварот,

кругавы лейкападобны рух вады ў паверхневым слоі на асобных участках вадаёмаў або рэк. Узнікае пры зліцці плыняў вады, пры абцяканні выступаў берага або пры рэзкім расшырэнні рэчышча. Можа быць пастаянным або часовым. Марскія віры ўтвараюцца ў месцах сутыкнення прыліўна-адліўных хваль з цячэннямі. Вір — небяспечнае месца; на тэр. Беларусі вада ў віры доўга не замярзае.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРО́ГРАФ (ад гігра... + ...граф),

прылада для бесперапыннага аўтам. запісу ваганняў адноснай вільготнасці паветра. Найб. пашыраны гігрограф на аснове валасянога гігрометра (яго адчувальным элементам служаць абястлушчаныя чалавечыя валасы або арган. плёнка). Паказчыкі вільготнасці запісваюцца на разлінаванай стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам. У залежнасці ад часу, за які абарачаецца барабан, гігрографы бываюць сутачныя і тыднёвыя.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ВІС (ад лац. gravis цяжкі),

1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.

2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.

3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРО́ЙНАЯ МАШЫ́НА, раскройная машына,

машына для выразання дэталей швейных вырабаў са слаёў (насцілу) палотнаў тканіны, трыкатажу або інш. матэрыялаў. Вышыня насцілу — да 30 см. Рэжучы інструмент у перасоўных З.м. — стальны пласціністы нож, які робіць верт. зваротна-паступальны рух, або вярчальны дыск; у стацыянарных — бясконцая стальная стужка-нож, нацягнутая на шківы. Укараняюцца лазерныя З.м.

Перасоўная закройная машына з вертыкальным нажом.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГААБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

рух капіталу праз сферы вытв-сці і абарачэння, што забяспечвае вытв-сць прыбавачнай вартасці і ўзнаўленне капіталу. У гэтым працэсе капітал паслядоўна праходзіць праз 3 формы — грашовы капітал, таварны капітал, вытворчы, якія ўяўляюць сабой формы (часткі) прамысловага капіталу; кожная з іх мае свой кругаабарот і выконвае пэўныя эканам. функцыі. Бесперапыннае паўтарэнне К.к. ўтварае абарот капіталу.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМІНА́РНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

упарадкаванае цячэнне вадкасці (або газу), пры якім яе рух адбываецца слаямі, паралельнымі напрамку цячэння. Назіраецца ў вязкіх вадкасцях, пры малых скарасцях цячэння, пры абцяканні цел малых памераў. З павелічэннем скорасці ў пэўны момант пераходзіць у неўпарадкаванае турбулентнае цячэнне. Тэарэтычна Л.ц. вывучаюцца з дапамогай ураўненняў Наўе—Стокса. Вязкае Л.ц. вадкасці ў трубе вызначаецца Пуазёйля законам.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕТРААХАЛАДЖА́ЛЬНІК,

цеплаабменны апарат для зніжэння т-ры паветра, якое падаецца ў памяшканне. Рух паветра ў ім забяспечваецца вентылятарам (убудаваным ці ўстаноўленым асобна). «Сухія» П. маюць рабрыстыя або гладкія трубы, дзе выпараецца холадагент, у «мокрых» П. паветра ахаладжаецца за кошт арашэння, напр., вадой.

Паветраахаладжальнік з арашальнай насадкай: 1 — насадка; 2 — кроплеўлоўнік; 3 — размеркавальнік вады; 4 — паддон з выпаральнікам; 5 — помпа.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІСТАЯ́ННІ ПЛАНЕ́Т,

становішчы планет, у якіх яны відаць з Зямлі ў напрамках, процілеглых Сонцу. Маюць месца толькі для т.зв. верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, — Марса, Юпітэра і інш. Пры П.п. назіраецца адваротны рух планет з прычыны іх меншай, чым у Зямлі, вуглавой скорасці ў адносінах да Сонца. Гл. таксама Канфігурацыі планет, Вялікае процістаянне Марса.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХУ́НКІ БУХГА́ЛТАРСКАГА ЎЛІ́КУ,

сістэматычны рэгістр, дзе адлюстроўваюцца і кантралююцца стан і рух сродкаў, рэсурсаў і гасп. працэсаў прадпрыемства. Вядзецца ў выглядзе журнала, табліцы і інш. Адрозніваюць сінт. (галоўныя) і аналіт. (дапаможныя) Р.б.ў., паводле прызначэння і структуры — асн., рэгуляцыйныя, аперацыйныя і пазабалансавыя; паводле эканам. зместу — гасп. сродкаў, крыніц гасп. сродкаў і гасп. працэсаў. Гл. таксама Бухгалтарскі ўлік.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯЧЭ́ННЕ МО́РА, біялюмінесцэнцыя,

свячэнне паверхневага слоя акіяна (мора) «халодным» святлом пры механічным уздзеянні на ваду (рух вады ў месцах сыходжання цячэнняў, пры хваляванні, ад ходу судна і інш.). Святло прадуцыруецца некат. дробнымі марскімі арганізмамі (розныя рачкі і інш.) і параўнальна буйнымі жывёламі (медузы, грэбнікі і інш.). Назіраецца паўсюдна ў акіянах і морах, акрамя раёнаў з моцна апрэсненымі водамі.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)