КАПІ́ЕЎ (Эфендзі Мансуравіч) (13.3.1900, с. Кумух Лакскага р-на, Дагестан — 27.1.1944),

дагестанскі пісьменнік. Вучыўся ў Ленінградскім маш.-буд. ін-це (1928—31). Друкаваўся з 1931. Пісаў на рус. мове. Складальнік зб-каў «Дагестанскія паэты» (1932), «Дагестанская анталогія» (1934), кніг горскага фальклору «Песні горцаў» (1939), «Разьба па камені» (1940). Аўтар цыкла навел «Паэт» (1944) і «Запісныя кніжкі» (выд. 1956). У кн. «Франтавыя нарысы» (1944) героіка ўсенар. барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. М., 1979.

Літ.:

Чудакова М. Эффенди Капиев. М., 1970.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПАЧО́Ў (Эдуард Маркавіч) (н 27.1.1937, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1960). Друкуецца з 1954. Піша для дзяцей на бел. і рус. мовах. Яго творчай манеры ўласціва вобразнае і паэт. ўспрыняцце жыцця, псіхал. распрацоўка характараў Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Флот на веснавым двары» (1962), «Бацькі не вярнуліся з вайны» (1964), «Вежа камандора» (1965), «Горкі дым» (1970), «Двое на пероне» (1973), «Конны патруль» (1975), «Пашана гімнасцёрцы» (1979), «Чарада ўспамінаў (1984), «Зоркавы калодзеж» (1987), «Мост праз яр» (1989) і інш. Перакладае творы бел. празаікаў на рус. мову.

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРО́Ў (Ярміл Іванавіч) (1755, с. Сінягор’е Кіраўскай вобл., Расія — 20.12.1796),

рускі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Вяцкай семінарыі, з 1775 — у Славяна-грэка-лац. акадэміі, скончыў Маскоўскі ун-т (1779). З 1782 служыў у Маскве. Друкаваць вершы пачаў у 1773. Пад уплывам М.​В.​Ламаносава пісаў оды ў духу класіцызму. Перакладаў паэму «Тактыка» Вальтэра, раман «Метамарфозы» («Залаты асёл»; 1780—81) Апулея, «Песні Асіяна» (1792, з франц.), упершыню шасцістопным ямбам «Іліяду» Гамера (песні 1—6, 1787; песні 7—9, выд. 1811). Асобныя творы К. на бел. мову перакладаў Э.​Валасевіч.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГРЫЎ ((Congreve) Уільям) (10.2. 1670, Бардсі, каля г. Лідс, Вялікабрытанія — 19.1.1729),

англійскі камедыёграф, паэт. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Дубліне і Оксфардзе. Дэбютаваў раманам «Інкогніта» (1692). Аўтар узорных класіцыстычных камедый «Стары халасцяк», «Двайная гульня» (абедзве 1693), «Каханне за каханне» (1695), «Так робяць у свеце» (1700), якім уласцівы мяккая сатыра, дасціпны дыялог, гумар, бездакорны густ і лаканізм. Пісаў оды, паэмы («Нараджэнне музы», «Пасланне да віконта Кабхэма»), літ. памфлеты. Перакладаў Гамера, Авідзія, Мальера і інш. Паўплываў на творчасць Вальтэра, Дж.​Свіфта, А.​Поўпа.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1977.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЛЬ ((Kráľ) Янка) (24.4.1822, г. Ліптаўскі-Мікулаш, Славакія — 23.5.1876),

славацкі паэт-рамантык. Па адукацыі юрыст. Удзельнік нац.-вызв. руху 1840-х г. Прыхільнік ідэі яднання слав. народаў. Аўтар антыфеад. («Выпадкі з Яношыкам», 1843—44), філас.-лірычнага («Драма свету», 1844—45) цыклаў вершаў, рамант. паэмы «Сын стэпу» (1846—47), шэрагу балад, дум, перайманняў нар. песень. Паэзія К. адметная выкарыстаннем рамант. гіпербалы, алегорыі, сімвалаў. Большасць яго твораў апублікавана ў 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Моя песня. М., 1957;

У кн.: Словацкая поэзия XIX—XX вв. М., 1964.

А.​У.​Вострыкава.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТКА (Іван Антонавіч) (14.6.1935, б. маёнтак Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 23.8.1999),

бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1967). З 1954 жыў у Маскве. Друкаваўся з 1957. Паэтызацыя працы як крыніцы чалавечага хараства — лейтматыў яго творчасці. Лірыцы Л. характэрна абвостранае, эмацыянальнае ўспрыняцце прыроды. Яркая метафарычнасць спалучана з рэаліст. канкрэтнасцю назіранняў. У паэме «Каліноўцы» (1974) стварыў вобразы сялян — паўстанцаў 1863—64.

Тв.:

Тры крокі ад сонца. Мн., 1967;

Тры верасні. Мн., 1970;

Грамы на зімоўцы. Мн., 1974;

Агні ў пралётах. Мн., 1991.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́БІК (Лявон Сцяпанавіч) (1871, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.сак. 1918),

бел. паэт і публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 сасланы на 3 гады ў Краснаярскі край. Пасля жыў у Пінску, потым на радзіме. З 1910 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (вершы, нататкі). Аўтар вершаваных апавяданняў «Залом у жыце» (1911), «Лекар-вядзьмар» і «Калядны вечар» (1912), якія вызначаюцца вострай сац. накіраванасцю, крытычным пафасам.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАНСВА́ЛЬДАЎ ((Hofmannswaldau) Крысціян Гофман фон) (25.12.1616, г. Брэслаў, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 18.4.1679),

нямецкі паэт, адзін з буйных прадстаўнікоў барока; стваральнік т.зв. другой сілезскай школы паэтаў, блізкай да марынізму. Скончыў Лейдэнскі ун-т (Нідэрланды). Дэбютаваў перакладамі з італьян. паэзіі. Дыяпазон лірыкі Гофмансвальдаў (надрукавана пасмяротна) вельмі шырокі: ад галантнай любоўнай паэзіі (эратычныя оды, мадрыгалы, рандо) да трагічнай філас. лірыкі, эпітафій і эпіграм, дзе геданістычныя матывы спалучаюцца з адчуваннем марнасці, тленнасці быцця. Вядомасць Гофмансвальдаў прынеслі «Гераічныя лісты» (1679), узорам для якіх паслужылі «Гераіды» Авідзія.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА ПРА́ЎДУ»,

газета. Выдавалася 24.2—29.6.1944 у Навагрудку на бел. мове пры падтрымцы і пад кантролем герм. улад у перыяд акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах 2-й сусв. вайны, распараджэнні акупац. улад, пастановы Бел. цэнтр. рады, прамовы лідэраў бел. арг-цый, пісала пра дзейнасць Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі, барацьбу супраць партызан. Сярод публікацый — нарысы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, паэт. і празаічныя творы А.​Каханоўскай, Т.​Лебяды, А.​Чэмера, Я.​Шыпшыны і інш. Выйшла 37 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЛО́ЦКАЯ (Людміла Васілеўна) (н. 27.12.1949, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1974). Працавала ў выд-ве «БелСЭ» (1974—84), на Бел. тэлебачанні, нам. гал. рэдактара час. «Пралеска» (1991—95), у выд-ве «Полымя», з 1996 у час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуецца з 1967. Аўтар зб-каў вершаў «Сакавік» (1974), «Радаводны васілёк» (1981), «Святло палыну» (1989), «Струны памяці» (1991). Асн. тэма творчасці — жаночая доля, каханне і пошукі жыццёвай гармоніі. Паэтэса чулая да маст. слова, настойлівая ў пошуку сродкаў узбагачэння паэт. тэматыкі. Пераклала на бел. мову раман В.​Скота «Айвенга» (1997).

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)